счапле́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. счапляць — счапіць.

2. Прыстасаванне ці механізм, пры дапамозе якога счапляюць што‑н. Яшчэ хвіліна, і, бразнуўшы счапленнем, цягнік пакідае ціхі раз’езд. Карамазаў. [Уладзімір] націснуў старцёр, адпусціў счапленне, і машына, пагойдваючыся, пакацілася далей. Кавалёў.

3. Стан паводле дзеясл. счапляцца — счапіцца (у 2 знач.). Слабае счапленне асобных слаёў у крышталічнай рашотцы графіту дазваляе ўжываць яго і для вырабу змазкі. «Маладосць». На мой погляд, паэма павінна несці не проста счапленне падзей у сюжэт, а эпас пачуццяў. Лужанін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

канцэ́рт, ‑а, М ‑рце, м.

1. Публічнае выкананне інструментальных, вакальных музычных твораў, а таксама харэаграфічных, дэкламацыйных і інш. нумароў па пэўнай праграме. Сімфанічны канцэрт. Канцэрт мастацкай самадзейнасці. Эстрадны канцэрт. □ Крысціна не магла не быць у трывозе за тое, што яе няма вось на гэтым канцэрце, што яна не слухае, як спявае яе малодшая сястра. Кавалёў.

2. Буйны музычны твор для аднаго інструмента ў суправаджэнні аркестра. Канцэрт для фартэп’яна з аркестрам. Скрыпічны канцэрт.

•••

Кашэчы канцэрт — а) пра завыванне катоў; б) пра бязладныя спевы, музыку і інш.

[Фр. concert.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

непаразуме́нне, ‑я, н.

1. Няправільнае або недастатковае разуменне чаго‑н., выпадковая памылка. Усе, зразумеўшы сутнасць справы, заўсміхаліся. Непаразуменне, здавалася, было поўнасцю вырашана. Кавалёў. Чалавек змаўкаў, бялеў і тросся ўвесь, як у ліхаманцы. Гэта быў, трапіўшы сюды [у склеп] па непаразуменню, царкоўны стараста суседняга сяла. Лынькоў.

2. Адсутнасць узаемнага разумення. [Андрэй Гаўрылавіч:] — Калі бацькі ясна ведаюць, што яны хочуць ад сваіх дзяцей, а дзеці — што ад іх хочуць бацькі, то тады ніякага непаразумення між імі не будзе. Грамовіч. Непаразуменне паміж сяброўкамі, як раптоўна ўспыхнула, так раптоўна і пагасла. Машара.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паво́дзіны, ‑дзін; адз. няма.

Спосаб жыцця; сукупнасць дзеянняў. Культурным паводзіны. Этычныя нормы паводзін. □ Кожны стараўся як найпаўней абмаляваць свае паводзіны з часу разлукі. Гартны. Прад вачыма [Кірылы] паўстаў схуднелы твар маці, якая стала негаваркой і абыякавай да яго паводзін. Кавалёў. // Манера трымаць сябе, рабіць што‑н.; характар учынкаў. Мадам Гамрэкелі сказала, што ў Сімонавых паводзінах адразу відаць несамавітасць ягонага роду. Самуйлёнак. Хлопцы прамаўчалі, цікуючы за паводзінамі брыгадзіра. Якімовіч. // Выкананне правіл ўнутранага распарадку. Правілы паводзін у школе. Адзнакі па паводзінах. // Рэакцыя арганізма на якое‑н. уздзеянне. Вывучаць паводзіны жывёл.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хварту́х, ‑а, м.

Абл.

1. Рабочае адзенне ў выглядзе куска тканіны, скуры, брызенту пэўнага фасону і памеру, якое падвязваюць спераду, каб засцерагчы ад забруджвання сукенку, спадніцу, касцюм. Нявестка сабрала ў хвартух відэльцы, лыжкі, чаркі і выйшла. Кавалёў. Мама і стол заслала настольнікам, і хату разы два перамяла, і хвартух новы падвязала. Брыль. Сам Міхал ужо не працуе — працуюць яго чатыры сыны, якія стаяць пры горнах, — кожны ў скураным хвартуху... Пестрак.

2. Скураная, брызентавая, палатняная покрыўка, запона, што засцерагаюць машыны, механізмы і пад. ад пылу, бруду.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

абце́рці, абатру, абатрэш, абатрэ; абатром, абатраце, абатруць; заг. абатры; пр. абцёр, ‑церла; зак., каго-што.

1. Выціраючы, зрабіць сухім, чыстым. Узяўшы яблык, Марына абцерла яго ражком хусткі і пачала есці. Кавалёў. Стары паклаў жалеза і абцёр аб фартух рукі. Чорны. Некалькі баравікоў упала з кошыка. [Міколка] падняў іх, старанна абцёр ад пылу, палажыў назад. Лынькоў. // Выціраючы, сцерці што‑н. Яўхім абцёр рукавом пот на лбе і акінуў позіркам двор, шукаючы ценю. Пальчэўскі.

2. Зняць верхні слой чаго‑н. Аб пясок абцёр іржу з яе — І падкова нібы люстраная. Непачаловіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

звыча́йны, ‑ая, ‑ае.

1. Заўсёды ўласцівы каму‑, чаму‑н.; які заўсёды бывае; пастаянны, прывычны. Дарога пашыбавала на горку, калёсы мякка пакаціліся па жоўценькім пясочку, і лес прыняў звычайны свой выгляд. Колас. Маці — высокая, хударлявая — ішла звычайным, шырокім крокам. Сіняўскі.

2. Які не вылучаецца сярод іншых, нічым не знамянальны. Быў звычайны будзённы дзень, калі Паходню прынеслі паведамленне ад Ваўчка. Хадкевіч. Звычайная вёска стаяла, а ў вёсцы — звычайная хата, якіх і на свеце нямала, і на Беларусі багата. Дубоўка. — Які ж ты лоўкі! — з захапленнем сказала.. [Паліна]. — Звычайны, — адказаў Антон. Кавалёў.

•••

Звычайная ступень параўнання гл. ступень.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

каламу́ць, ‑і, ж.

1. Дробныя часцінкі, якія не раствараюцца ў вадкасці і робяць яе непразрыстай і мутнай; муць, каламута. У балоце ці возеры злучэнні жалеза асядаюць бурай каламуццю на дно, утвараючы руду. Штыхаў.

2. перан.; чаго або якая. Непраглядная заслона; імгла. Пукі святла на некалькі метраў прабіваюць туманную каламуць. Кавалёў. Мяце, скуголіць над платамі, над хатамі белая каламуць завірухі. Ракітны. // Пра ўсё незразумелае, заблытанае, беспарадачнае. — Усе пастулаты, ураўненні, формулы зліваюцца ў кашмарную каламуць. Шамякін.

3. перан. Зацямненне свядомасці, памяці. Далей у Мікіты Мінавіча пачыналіся нейкія правалы, туманам і прыкрай каламуццю засцілаліся ўсе падзеі. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

напалі́ць, ‑палю, ‑паліш, ‑паліць; зак.

1. што і ў чым. Нагрэць паленнем ​1 (пра печы, грубкі). Стораж Піліп, не скупячыся, напаліў печы. Колас. // Падняць тэмпературу ў памяшканні. Напаліць у хаце. □ Аддубасілі.. [мужа Амельяніхі] панскія служкі ў лесе, куды ён пайшоў назбіраць галля, каб напаліць у лазні. Кавалёў.

2. што. Нагрэць да вельмі высокай тэмпературы. Напаліць жалеза. Сонца напаліла зямлю. □ Сонца ўсё перагрэла, напаліла да апошняй мяжы, здаецца, расплавілася само. Ракітны.

3. чаго. Нагатаваць у нейкай колькасці шляхам перапальвання. Напаліць вугалю з дрэва.

4. чаго. Разм. Расходаваць у нейкай колькасці. Напаліць электрычнасці на два рублі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

памо́чнік, ‑а, м.

1. Той, хто памагае каму‑н. у чым‑н.; памагаты (у 1 знач.). [Грыша] лепш за ўсіх займаўся ў аўтамабільным гуртку, першым навучыўся вадзіць машыну і быў добрым памочнікам Сцяпану Захаравічу ў дарозе. Жычка.

2. Службовая асоба, якая дапамагаў па службе іншаму, асноўнаму работніку і з’яўляецца яго намеснікам. У воласці я застаў пісара і яго памочніка. Колас. Павел адразу пазнаў у .. [хлопчыку] малодшага брата Івана Сянчэні — Сярожу, які вучыўся на памочніка машыніста. Шахавец.

3. Разм. Тое, што і памагаты (у 2 знач.). Кірыл стаў фашысцкія памочнікам, вылюдкам, як сама Амельяніха яго называла. Кавалёў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)