пралі́цца, ‑льецца і ‑ліецца; зак.
1. Пацячы, паліцца. Выпадае мокры снег ці пральецца дождж-абліваха, і стане зорка [на абеліску] чырвоная, такая, якой і павінна быць. Шашкоў. Густыя асеннія хмары, што вось-вось гатовы праліцца дробным нудным дажджом, нізка плылі над лесам. Няхай. Там, дзе пралілася кроў прыгажуні Аліі і смелага юнака Касыма, выраслі яркія пунсовыя макі. Даніленка. Горкіх матчыных слёз праліецца нямала, Бо сыноўняя кроў на пялёсткі упала. Бачыла.
2. перан. Распаўсюдзіцца, разнесціся (пра святло, пах і пад.). Павеяла з мора азёрным цяплом, І водар паўднёвы праліўся... Глебка. — Жыве! — пралілося гарачай радасцю па ўсім целе. Кулакоўскі. // перан. Паэт. Раздацца, пранесціся (пра гукі). Дзесьці песня пральецца, — Маці чуецца голас знаёмы. Кірэенка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сма́гнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; незак.
1. Знемагаць, мучыцца ад смагі, гарачыні. Ён [Рыгор] трызніў, смаг, прасіў ён піць, А смерць ужо шаптала: — Табе не ўстаць, Табе не жыць. Бялевіч.
2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Перасыхаць, сохнуць (пра губы, горла, рот). Губы смагнуць. / у безас. ужыв. У горле смагла, але піць не хацелася. Гартны. // Сохнуць, перасыхаць ад недахопу вільгаці і ад празмернага сонца (пра траву і пад.). Далонь падставіў кожны ліст, Ды сціхла ўраз стыхія. І смаглі ўнізе на галлі Лісты зусім сухія. Кляўко.
3. перан. Прагнуць, моцна хацець чаго‑н. Разгінаючы дужыя рукі, Працавітыя людзі ў лясах Смаглі гэтага звону і груку, Сумавалі аб ім па начах. Глебка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
спець 1, спяю, спяеш, спяе; спяём, спеяце; зак., што і без дап.
Зак. да пець (у 1, 3 і 4 знач.) і спяваць (у 1, 2 знач.).
спець 2, спее; незак.
1. Рабіцца спелым, выспяваць (пра гародніну, злакі і пад.). На дубах спелі жалуды. Чорны. Пшаніца спее, пад сонцам яна як вылітая з медзі. Пестрак. Направа ад дарогі рос Авёс, Налева — памідоры спелі. Корбан.
2. перан. Развівацца, фарміравацца, складвацца. Спеюць Настроі і думкі. Глебка. Я іду паўз бераг Нарачы, Спее песня ў душы. А. Вольскі. Ганя бачыла, што ў Косці, як яна казала, спеюць вялікія здольнасці (ён мог ужо чытаць, лічыць), пераканала ў гэтым Максіма. Грамовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
цвялі́ць, цвялю, цвеліш, цвеліць; незак., каго-што.
1. Дражніць, раздражняць. [Ілья Ільіч:] — Дзеці бегаюць па вуліцы, сабак цвеляць. Кулакоўскі. — Ой, сціхні хоць ты, Сяргей, не цвялі душу, — замахаў на Церахава Павел Кукушкін. Місько. // Выклікаць зайздрасць. [Мацвей] з першага разу адолеў араць і ўжо Андрушку паказваў, што ён ледзь не адной рукой можа трымаць плуг. А Андрушку гэта цвяліла. Лобан. // Хваляваць, расчульваць каго‑н. Частушкі аб каханні Мішка сабраў у папуры і так цвяліў імі хлопцаў і дзяўчат, так расчульваў, што рабіліся яны, як ліповыя — гні куды хочаш. Ермаловіч.
2. Выклікаць якія‑н. пачуцці, надзеі, жаданні. Мае сябры, Надзея цвеліць, Што не рассыплецца краса — Яна дажджом пялёсткаў белых Аквеціць новы зорны сад. Глебка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
штора́з, прысл.
Кожны раз. Колькі светлых пачуццяў падымаецца ў душы, калі чытаеш.. творы [Чорнага], штораз адкрываючы ў іх усё новыя скарбы. Вітка. [Міколка] ласкава гладзіў шурпатыя шчокі ў маршчынах і, штораз цалуючы, гаварыў, гаварыў: — Які ж ты, дзед, слаўны чалавек... Лынькоў. // З кожным разам, раз ад разу. — Ты толькі, Міхась, не накідайся адразу на яду, — асцерагаў Міхася Пятрусь: — бо мама штораз будзе даваць смачнейшую страву. Колас. Чорны дым над полымем уздымаецца штораз вышэй. Брыль. // Вельмі часта; вельмі хутка. [Доктар] пацепваў высокімі пляч[а]мі, штораз папраўляў на носе акуляры. М. Стральцоў. Толькі сілы слабеюць штораз, Штохвіліны цяжэй усё дыша [конь]. Гэтак блізка жаданы папас, Але смерць за папас яшчэ бліжай. Глебка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
бу́рны, ‑ая, ‑ае.
1. З бурамі; навальнічны. Расшумеліся цымбалы, Быццам Нарач бурным днём. Танк. З поўначы — холаду, сіверу бурнага Гусі на поўдзень ляцяць. Колас.
2. Які бушуе, бурліць. [Сярго:] На Каўказе ў нас, Там рэкі бурныя. Грымяць і выюць, Укрытыя пушыстай белай пенай, Аж рэха скрозь ідзе... Глебка. // Багаты падзеямі, неспакойны, хвалюючы. Пачалося ўсё ў той бурны трыццаты год, калі ў Навасёлках загаварылі аб калгасе. Шчарбатаў. // Які вельмі моцна праяўляецца, палкі, гарачы. Тапурыя чамусьці не падзяляў бурнай радасці Іліко. Самуйлёнак. Бурная была тая размова бацькі з сынам. Жычка.
3. Які імкліва праходзіць або развіваецца. Бурныя тэмпы развіцця прамысловасць □ Нарэшце і да нас на Чукотку прыйшла кароткая бурная вясна, а за ёй адразу ж і лета. Бяганская.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
апраўда́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.
1. Даказаць чыю‑н. невінаватасць. [Шашы] хацелася апраўдаць Максіма. Шамякін. // Вынесці прыгавор, які заключае прызнанне падсуднага невінаватым.
2. Даказаць магчымасць чаго‑н. [Лабановіч:] — Калі за прыродаю пайсці, то можна апраўдаць рознае глупства, асабліва, калі пры гэтым пачнеш яшчэ патураць сабе. Колас. // Паслужыць асновай для апраўдання чаго‑н. Памог выпадак, які паклаў канец ваганням Веры Антонаўны і крыху апраўдаў яе ў вачах Васіля Пятровіча. Карпаў.
3. Праявіць сябе вартым чаго‑н. Умей адважна, друг, змагацца І ворагаў перамагаць, Каб добры гонар сына працы Жыццём і смерцю апраўдаць. Глебка.
4. Кампенсаваць, акупіць. [Осіпава:] — Больш, хоць забі, не дам. А то і ягад сваіх не апраўдаю. Пятніцкі.
5. Афіцыйна пасведчыць дакументамі зробленым выдаткі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
самкну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак., што.
1. Звесці, шчыльна злучыць адно з другім. Самкнуць ножкі цыркуля.
2. перан. Злучыць у адно цэлае. Самкнулі шарэнгі Чырвонагвардзейцы. Глебка. // Акружыць, узяць у клешчы. Калі чужынцы свой самкнулі круг, Падняў з гранатаю руку мой друг, Магутны выбух страсянуў наўколле... А. Астапенка. Затое не забывалася тая цёмная ноч у сярэдзіне лета, калі вярталіся з бежанцаў: непадалёку ад Клінцоў немцы самкнулі клешчы, і ў акружэнні, разам з вайсковымі часцямі, апынуліся бежанская абозы. Чыгрынаў.
3. Заплюшчыць, стуліць (вочы, губы і пад.). А па ранку, ледзь самкнула Вочы стомлена дзяўчынка, Хтось устаў над ёй — пачула — З ціхім шэптам: — Сірацінка... Кірэенка.
•••
Не самкнуць вачэй — не спаць зусім.
Самкнуць рады — згуртавацца, аб’яднацца.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
уце́ха, ‑і, ДМ уцесе, ж.
1. Радасць, забава. Уцехі лепшай не згадаць малому: Кусалі яблыкі на дзве шчакі, Тапталі залацістую салому, Гарохавыя лушчылі стручкі. Гаўрусёў. // Задавальненне. Абудзіўшыся ўранку ад штуршка, Васіль убачыў над сабою Яўхіма Карча, які, мусіць, вяртаўся з начной уцехі. Мележ. [Усцін Тарасавіч:] Не таіся, было, што ты балюча крыўдзіў жанчын, браў ад іх толькі кароткія ўцехі. Марціновіч. // Той, хто (або тое, што) з’яўляецца крыніцай, прадметам задавальнення, радасці. Гэта, у школу праводзячы сына, Ад глыбінь усяго пачуцця Шэпча маці ўцесе адзінай: — Мір табе, дарагое дзіця! Глебка. — Сад быў яго [Захарыя] уцехай, крыніцай ягоных радасцей, месцам адпачынку. Самуйлёнак.
2. Той, хто (або тое, што) прыносіць радасць, задавальненне. [Жанчына:] — Толькі ў працы і знаходзіш уцеху. Шамякін. Вышамірскаму асталася адна ўцеха — успаміны. Бядуля.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ядна́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Злучацца, збліжацца, утвараючы адзінае цэлае. Мы гаварылі, і наша мінулае ажывала, ядналася з нашым сучасным. Вышынскі. Стаіць.. [вёска] на лясной паляне, што толькі з аднаго боку яднаецца з яшчэ большай, узгорыстай палянай. Навуменка. І смутак, і радасць ядналіся разам. Чорны.
2. Аб’ядноўвацца, згуртоўвацца для дружных агульных дзеянняў. Сучасны сусветны рэвалюцыйны працэс развіваецца пад лозунгам: «Пралетарыі ўсіх краін, яднайцеся!» «Звязда». Паэт сваім перакладам [«Слова аб палку Ігаравым»] быццам сцвярджаў, што ворагаў рэвалюцыі можна перамагчы толькі тады, калі народы былой царскай Расіі будуць яднацца ў сваіх баявых і працоўных намаганнях. Палітыка.
3. Уступаць у блізкія, сяброўскія адносіны, падтрымліваць сувязь з кім‑н. Сусед яднаецца з суседам, Каб даць прастор сваім палям. Глебка.
4. Зал. да яднаць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)