акрамя́, прыназ. з Р.
1. Апрача, за выключэннем каго‑, чаго‑н., не лічачы каго‑, чаго‑н. У пакоі нікога не было, акрамя старой. Самуйлёнак. Ёсць пахвалы, якія для разумнага чалавека горш за разгром, бо ён адчувае, што аб яго працы больш нічога нельга сказаць, акрамя агульных слоў — «добра», «варта ўвагі», «крок наперад», «уклад у навуку, літаратуру». Шамякін.
2. Больш каго‑, чаго‑н., у дадатак да каго‑, чаго‑н. Акрамя «зайцавага хлеба» ў бацькавай скрынцы бывае шмат якіх цікавых рэчаў. Лынькоў.
•••
Акрамя таго (у знач. пабочн.) — да таго ж. Акрамя таго, .. [вучням] хацелася адчуваць сябе незалежнымі і сталымі, і яны не заўважылі, як зноў ператварыліся ў свавольных і смяшлівых дзяцей. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
абдзялі́ць, ‑дзялю, ‑дзеліш, ‑дзеліць; зак., каго-што.
1. Пры падзеле, размеркаванні не даць каму‑н. нічога або даць менш, чым іншым. Калі хлеба па картках сям’і неставала, рукі матчыны зналі, што трэба рабіць, — так умелі апошні кавалак дзяліць, каб усіх падзяліць, а сябе — абдзяліць. А. Вольскі. [Варвара:] — Зіма, нябось, слязу пусціў: яго брыгаду абдзялілі, дзве касілкі далі ў Варварыну брыгаду, а яму толькі адну... Васілевіч. // Надзяліць у недастатковай меры якімі‑н. якасцямі, здольнасцямі і пад. або пазбавіць якіх‑н. якасцей, здольнасцей і пад. Прырода абдзяліла яго ростам і сілай.
2. Надзяліць усіх чым‑н., аддаючы кожнаму яго долю. Абдзяліць дзяцей гасцінцамі. □ — Мая воласць вялікая, — Белым сырам не абдзеліш. З нар.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
зарасці́, ‑расту, ‑расцеш, ‑расце; ‑расцём, ‑расцяце; пр. зарос, ‑расла, ‑ло; зак.
1. чым і без дап. Пакрыцца, парасці якой‑н. расліннасцю. За апошнія гады дзялянка зарасла маладым бярэзнікам, які быў ужо вышэй рослага чалавека. Шуцько. // Пакрыцца валасамі, поўсцю і пад. Твар .. [камандзіра брыгады] асунуўся, пацямнеў, зарос за час блакады густой барадою. Шамякін. [Андрэй] амаль не падобны быў сам на сябе: твар густа зарос, скроні ўпалі і быццам бы пасівелі. Кулакоўскі.
2. Разм. Зажыць, зарубцавацца (пра рану). І ў чалавека раны зарастуць, Але рубцы навечна застануцца. Свірка.
•••
Зарасці (парасці) быллём — адысці ў нябыт, забыцца. Ліха тое сёння Адышло далёка, Зарасла быллём. Колас.
Зарасці граззю — без догляду вельмі забрудзіцца.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
зза́ду, прысл. і прыназ.
1. прысл. З тыльнага боку, з-за спіны, за спіной; проціл. спераду. — Ці не гэты самы ты кажух шыў? Ззаду ўточка з жаўцейшай аўчыны. Чорны. [Галя] адчула, як нехта раптам тузануў яе ззаду за касу. Арабей. — Надзька, ідзі, калі клічуць, — чуліся галасы ззаду. Гроднеў. // На некаторай адлегласці за кім‑, чым‑н.; услед. Я ішоў на крок ззаду за сваім бацькам. Колас.
2. прысл. У мінулым. Самыя горшыя дні засталіся ззаду... Маўр.
3. прыназ. з Р. За кім‑, чым‑н. — Рыгор, на хвілінку, — пачуў ён ззаду сябе. Гартны. Ззаду.. [дома] рос малады садок, абсаджаны кустамі парэчак, агрэсту і маліны. Чарнышэвіч.
•••
Застацца ззаду гл. застацца.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
блудзі́ць, блуджу, блудзіш, блудзіць; незак.
1. Згубіўшы арыенціроўку, хадзіць у пошуках правільнага выйсця. Хто пытае, той не блудзіць. Прыказка.
2. Хадзіць, вандраваць у пошуках чаго‑н.; блукаць. — Вось і ўсё наша жыццё, — сказаў, уздыхнуўшы, старэйшы. — Блудзім па свеце, ходзім па зямлі, ды ўсё не па сваёй. Галавач. Я з вамі, гуслі, блудзіў па свеце, Шукаў я з вамі жыццёвы вырай. Гурло. // Пераходзіць з аднаго на другое (пра вочы, позірк). [Бацька] ляжаў на лаве пры сцяне пад акном, і позірк яго блудзіў па забруджанай мухамі шыбе. Чорны.
3. Разм. Дрэнна паводзіць сябе, распуснічаць. [Кандрат:] — Ці не тая гэта маладзіца, што ўсё лета гаспадара свайго ашуквала ды з Кандратам Парамонавым блудзіла? Лобан.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
мало́ць, мялю, мелеш, меле; незак., што і без дап.
1. Раздрабняць зерне, ператвараючы ў муку, парашок; размолваць. Малоць жыта. Малоць перац. □ [Мікіта:] — Чаго толькі [паравік] не рабіў! І малоў, і малаціў, і крупы драў, і паліваў. Ракітны. // Раздрабняць што‑н., ператвараючы ў дробную аднародную масу. Малоць руду.
2. перан. Разм. Балабоніць, балбатаць, гаварыць абы-што. Болесь завёў мяне ў свой пакой .. і бясконца малоў мне пра сябе самога і пра сваіх родных. Гарэцкі. [Таня:] — Знаеш жа, што твая гутарка пустая, а ўсё мелеш. Новікаў.
•••
Ваду малоць — займацца пустаслоўем, гаварыльняй.
Малоць лухту — тое, што і вярзці лухту (гл. вярзці).
Малоць языком — тое, што і малоць (у 2 знач.).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
дзяды́ 1, ‑оў; адз. няма.
1. Людзі, якія жылі раней; продкі. Дзяды і прадзеды. □ Дзяды нашы білі драпежнікаў прускіх, Не даўшы надзець на сябе кайданы. Броўка.
2. Абрад памінання нябожчыкаў, а таксама дзень, калі выконваўся гэты абрад. Апошняе [ворыва] скончым на гэтым тыдні, і ў суботу, на дзяды, якраз можна будзе грэчку сеяць. Гартны.
дзяды́ 2, ‑оў; адз. дзед, ‑а, М ‑дзе, м.
1. Пустазелле з калючым лісцем і сцяблом, з лілавата-чырвоным суквеццем; бадзяк. Густа буялі каструбаватыя калючыя кусты дурнап’яну, дзядоў ды крапівы. Мележ.
2. Пустазелле з шырокім лісцем і ўчэпістымі суквеццямі-шышкамі; лопух. // Учэпістыя суквецці-шышкі гэтай расліны. [У Паўліка] пяты парэпаныя, шапка дзіравая, штаны ўсе ў дзядах. Грахоўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
нале́гчы, ‑лягу, ‑ляжаш, ‑ляжа; пр. налёг, ‑лягла і ‑легла, ‑лягло і ‑легла; заг. наляж; зак.
1. Наваліцца на што‑н., націснуць сваім цяжарам. Палегчы на стол. □ Вартаўнік усім целам налёг на рэйку шлагбаума. Шынклер. Чалавек з дзесятак салдат наляглі на дзверы. Лынькоў.
2. З сілай пачаць дзейнічаць якой‑н. прыладай. Надзя зноў села на карму, а я з усіх сіл налёг на вёслы. Аднак пасоўваліся мы досыць марудна. Кірэенка. Зіна налегла на палкі, вырвалася [на лыжах] наперад. Шыцік.
3. перан. Разм. Пачаць энергічна рабіць што‑н., займацца чым‑н. Налегчы на кнігі. Налегчы на замежную мову. □ [Халуста] спачатку налёг на мяса, потым падсунуў да сябе міску з капустай і вычарпаў яе да дна. Чарнышэвіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
начы́нне, ‑я, н., зб.
1. Набор прадметаў, інструментаў для выканання якой‑н. работы. Улетку цесляры вандравалі са сваім начыннем — пілкаю і сякерамі — па ўсёй ваколіцы. С. Александровіч. Начыння ў кузні было не вельмі многа: два меншыя молаты і адзін вялікі. Сабаленка.
2. Сукупнасць прадметаў хатняга, гаспадарчага, ваеннага і пад. ўжытку. Цётка Арына бразгала на кухні начыннем, нешта гаварыла напаўголас, відаць, толькі для сябе. Асіпенка. Пад нагамі розная вайсковая амуніцыя і начынне: сёдлы для кухань і кулямётаў, лапаты, кіркі і нейкія жалязякі, густа змазаныя аўтолам. С. Александровіч. Усялякія прабіркі, колбы, адным словам — шкляное начынне, патрэбнае для лабараторнай працы, дзяўчаты стаўлялі на паліцы ў кладоўцы. Дубоўка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
падзіві́цца, ‑дзіўлюся, ‑дзівішся, ‑дзівіцца; зак.
1. з каго-чаго, каму-чаму і без дап. Прыйсці ў здзіўленне, здзівіцца. Міколка падзівіўся з дзеда, з яго незвычайнай спрытнасці. Лынькоў. Косця зірнуў у той бок, дзе працавала Марынка, і падзівіўся яе смеласці. Шыцік. — А братка ж ты мой! — ціха падзівіўся нехта. Чорны.
2. на каго-што, з дадан. сказам і без дап. Паглядзець са здзіўленнем, захапленнем або з цікавасцю. Суседзі не раз прыходзілі падзівіцца на такі незвычайны ўраджай. Новікаў. Выйду я на ўзгорак, Стану, падзіўлюся, Песняю зальюся. Трус. Пры беразе тоўпілася нямала народу, былі тут дарослыя і дзеці — ведама, каму не цікава падзівіцца, як рака.. скідвае з сябе ледзяное покрыва. Хадкевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)