пуд 1, ‑а, м.
Руская мера вагі, роўная 40 фунтам, па метрычнай сістэме — каля 16,3 кг. Я вывернуў мех і падаў Зусю. Ён насыпаў мукі і, зважыўшы яе на шалях, сказаў мне: — Глядзі, які пуд, яшчэ з паходам. Сабаленка. Паспрачаўшыся, хлопцы пагадзіліся на тым, што сазан Вано мае вагу ў пяць пудоў. Самуйлёнак.
•••
З’есці пуд жалезнага бобу гл. з’есці.
Пуд солі з’есці з кім гл. з’есці.
пуд 2, ‑у, м.
Разм. Страх, перапуд. [Галіна:] — Хадзілі, гутарылі, палохалі самі сябе, а тут яшчэ паперка гэтая пуду паддала, дык і разышліся... Галавач. Выскачыўшы з сянец, Алесь з пуду падаўся быў на гароды, але.. убачыў каля суседскага свірка постаць чырвонаармейца. Крапіва. // Тое, што выклікае страх, перапуд, сполах. Таня думае, што толькі адна яе кабыла баіцца пуду. Пташнікаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
разваро́т, ‑у, М ‑роце, м.
1. Дзеянне і стан паводле дзеясл. развярнуць (у 4 знач.) і развярнуцца (у 2 знач.).
2. Паварот з мэтай змяніць напрамак руху. Падляцеўшы да рачулкі, .. [самалёт] крыху знізіўся і зрабіў разварот. Даніленка. Нечакана перад самым ровам танк зрабіў разварот на дзевяноста градусаў. М. Ткачоў. // Выгіб, паварот, які ўтвараецца чым‑н. (дарогай, вуліцай і пад.). Трамвайныя лініі рабілі разварот і перасякалі асфальт вуліцы ў двух месцах. Пташнікаў.
3. Дзве сумежныя старонкі разгорнутай кнігі, часопіса, сшытка і пад. Разварот газеты. □ Гэта была карта — карта на ўвесь разварот часопіса. Ракітны.
4. Разм. Шырыня, размах у развіцці, у праяўленні чаго‑н. Разварот падзей. // Магчымасць разгарнуцца, праявіць сябе, паказаць сябе. [Баравы:] — Вось і мая такая думка: трэба не даваць .. [варажбітцы] тут ніякага развароту. Краўчанка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
разве́даць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.
1. а таксама пра каго-што, аб кім-чым і з дадан. сказам. Распытваючы, назіраючы, дазнацца пра што‑н. — Я адзін пайду, — ціхім голасам сказаў Грышка, — я як бачыш аб усім разведаю... Чарот. Гаспадару кватэры даручылі разведаць, калі будзе аперацыя. Чорны. // Здабыць звесткі аб праціўніку і занятай ім мясцовасці. Чарговым заданнем, якое даў Далідовічу камандзір атрада, было разведаць гарнізон у вёсцы Гаць. Шахавец. Між тым праціўнік дакладна разведаў абаронныя лініі падраздзяленняў і ўвёў у бой мінамёты. Кулакоўскі.
2. Зрабіць абследаванне чаго‑н. са спецыяльнай мэтай. Разведаць дарогу. □ [Вадзім:] — Слухай, Мікола, паехалі сёння ноччу рыбу паловім. Я вазьму маторку, заеду да цябе. Я тут разведаў добрыя мясціны. Гаўрылкін. // Знайсці, адшукаць (залежы, радовішча чаго‑н.) у выніку спецыяльнага даследавання. Разведаць запасы калійнай солі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
расхо́д, ‑у, М ‑дзе, м.
1. Дзеянне паводле дзеясл. разыходзіцца — разысціся (у 9 знач.).
2. Трата, расходаванне чаго‑н. Расход электраэнергіі. Расход вады. Расход гаручых матэрыялаў.
3. звычайна мн. (расхо́ды, ‑аў). Сума зрасходаваных грошай; выдаткі. І бацька тут, як на паперу, Стаў вылічаць расходы, страту І кончыў тым: лепш к сабе ў хату — Не трэба й кланяцца Яхіму — Наняць дарэктара на зіму. Колас. Пры ўсёй яе рэўнасці жонка рэдка кантралявала яго [Яраша] расходы. Шамякін.
4. Графа, раздзел у бухгалтарскіх кнігах для запісу выдаткаў.
•••
Кішэнныя расходы — дробныя, асабістым расходы.
У расход (вывесці, пусціць, спісаць) — знішчыць, расстраляць.
У расходзе — у карыстанні, не на месцы (быць, знаходзіцца). Людзі на заданнях, у расходзе, і Бондар, які апошнія дні, пасля таго, як разбілі баржу на Прыпяці, прыхворваў, змяніў сам паставога. Навуменка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
рэ́пліка, ‑і, ДМ ‑ліцы, ж.
1. Кароткі адказ, заўвага аднаго субяседніка на словы другога. Рабочыя працавалі моўчкі, зрэдку перакідваючыся скупымі рэплікамі. Лынькоў. // Заўвага, пярэчанне, выкрык з месца на сходзе і пад. Сышліся тут розныя групы настаўнікаў. Старэйшыя вялі рэй, а маладыя толькі прыслухоўваліся ды надавалі рэплікі. Колас. — Вы лепей пра кароў скажыце, — кінула рэпліку Вера. Асіпенка. За рэплікі ў бяссільнай злосці старшыня суда загадваў двойчы вывесці Тарашкевіча з судовай залы. Ліс.
2. Элемент сцэнічнага дыялога — адказ дзеючай асобы на словы партнёра, а таксама канец фразы, апошнія словы аднаго персанажа, пасля якіх гаворыць другі. [Настачка], успомніўшы якую-небудзь рэпліку ці жэст артыста, ціха смяялася. Ракітны.
3. Пярэчанне стараны на судовым працэсе. Права апошняй рэплікі заўсёды належыць адказчыку і яго прадстаўніку. Грамадзянскі працэсуальны кодэкс БССР.
[Фр. réplique.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
скарыста́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.
Выкарыстаць каго‑, што‑н. для якой‑н. справы; знайсці прымяненне каму‑, чаму‑н. [Мірон:] — А колькі часу прайшло, пакуль .. [першабытны чалавек] надумаўся скарыстаць камень? Маўр. Трэба скарыстаць вопыт іншых заводаў, пераняць у іх лепшае. Карпаў. — Старую хату [Алесь] скарыстаў пад варыўню. Скрыпка. Доўга меркавалі, нарэшце вырашылі скарыстаць узрывальнікі ад гранаты Ф–1 ці ад снарадаў — якраз для міны зацяжнога дзеяння. Новікаў. [Максім:] — [Сяргею] з яго фігурай .. вельмі цяжка ўнікаць шпікоў у камандзіроўках. А камандзіроўкі нашы, лічы, нелегальныя. Дык ты лепш скарыстай яго тут на якой-небудзь працы. Машара. // Выкарыстаць каго‑, што‑н. у сваіх інтарэсах, для сябе. Аднойчы вечарам бязносай не было ў хаце, і Казік вырашыў скарыстаць яе адсутнасць. Чарнышэвіч. // Ужыць у сваёй працы. Скарыстаць у сваім артыкуле рукапісныя матэрыялы.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сма́жыцца, ‑жуся, ‑жышся, ‑жыцца; незак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Пад уздзеяннем тэмпературы, агню рабіцца гатовым да ўжывання як ежа. Пакуль смажыліся скваркі, Турсевіч падгатаваў стол да вячэры. Колас. Там на вясёлым полымі даўно ўжо смажыліся грыбы ў смятане і яечня з вяндлінай, а на моцным дубовым стале чакалі нас сыр, агуркі, мёд, духмяны хлеб з кменам і вялікі збан кіслага малака. В. Вольскі.
2. перан. Разм. Пячыся па сонцы; знаходзіцца ў гарачым месцы. — Нашы людзі пылу не баяцца, — уставіла сваё мачыха. — Нашы людзі на сонцы смажацца, на дажджы купаюцца і пылам прычашчаюцца, дык ім нічога не абыходзіць. Сабаленка. А Віктар, бачыш ты,.. прымусіў сядзець тут і смажыцца на сонцы. Гамолка.
3. Зал. да смажыць (у 1 знач.).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
снег, ‑у, М снезе; мн. снягі, ‑оў; м.
Атмасферныя ападкі ў выглядзе белых камячкоў, якія складаюцца з крышталікаў, падобных на зорачкі. Падаў першы снег, весела мітусіліся ўвішныя сняжынкі, усцілалі перад .. [Васілём і Лідай] шлях. Мележ. Засвістаў і загуў у камінах зімовы вецер; камякамі пухкімі, мокрымі снег паваліў. Мурашка. // Суцэльная маса такіх ападкаў, што пакрывае якую‑н. прастору. Як толькі згоніць снег,.. [Самабыль] зараз жа выходзіць у свой гародчык, дзе ста[я]ць сліва, ігруша і дзве яблыні, і тут распачынае работу. Колас. Ногі коўзаліся па сухім спрасаваным снезе. Шамякін. Зімой суровыя завеі намяталі высокія гурбы снегу. В. Вольскі.
•••
Зімой снегу не дастаць гл. дастаць.
Снег саломаю тушыць гл. тушыць.
Як леташні снег (патрэбен) — зусім не патрэбен.
Як снег на галаву — зусім нечакана, раптоўна (з’явіцца, прыбыць і пад.).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
спе́рці 1, сапру, сапрэш, сапрэ; сапром, сапраце; пр. спёр, сперла; заг. сапры; зак., каго-што.
Разм.
1. Знесці, ссунуць з месца што‑н. [Сёмка:] — Зрабі ты найлепшую грэблю, а выльецца вясною вада і сапрэ яе. Колас.
2. перан. Прагнаць з пасады, службы. [Вальдамар:] — Ну, ад жонкі адаб’ешся... Але цяпер не сапрэш Купчына з брыгадзірства. Мыслівец.
3. Украсці. Круціўся хітрым лісам ён [Мікіхвер], Хапаў — І гэта факт! Сапрэ. — і тут жа спісана — І, калі ласка, акт! «Вожык».
спе́рці 2, сапрэ; безас. зак.
Разм. (звычайна ў пр. сперла). Сціснуць, здушыць. У Андрэя сперла ў грудзях, здрадніцкі горкі камяк падпёр пад горла. Асіпенка. Ад хвалявання і крыўды ў Змітрака нешта сперла ў горле. Ваданосаў. Лёнька загрузаў па пахі ў снезе, але бег і бег, пакуль у грудзях не сперла дых. Капыловіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
спячы́ся, спякуся, спячэшся, спячэцца; спячомся, спечацеся, спякуцца; пр. спёкся, спяклася, ‑лося, зак.
1. Стаць выпечаным, быць прыдатным, гатовым для яды. Бульба спяклася. □ — Я думаю, што пірагі .. не спякуцца да таго часу, а хутчэй — і ў печ не пападуць. — Камісар пазнаў іранічны басок Шашуры. Мележ.
2. Быць прыгатаваным смажаннем; сасмажыцца. Яечня спяклася.
3. Стаць абпаленым сонцам; абгарэць.
4. Загусцець, засохнуць (пра кроў); запячыся. Па патыліцы яшчэ цяклі павольна рагі густой і ліпкай крыві. Згусткі яе спякліся ў скарэлых валасах. Крапіва.
5. Спец. Злучыцца ў адно цвёрдае цэлае ў выніку спякання. Руда спяклася.
6. перан. Разм. Пацярпець няўдачу ў чым‑н.; пагарэць, быць пакараным. А нядаўна ж было... крамзанеш на каго без прынукі — Ды ў канверт! І гатова! І спёкся! Тут быў — і няма! Гілевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)