карка́с, ‑а, м.
1. Унутраная апорная частка збудавання, канструкцыі, на якой трымаюцца астатнія часткі. Рабочыя паставілі каркас, абшылі яго плітамі, накрылі дах, і праз пяць дзён на будаўнічай пляцоўцы ўжо ўзвышаўся новы прыгожы дом. «Звязда». [Антон Цярэнцевіч] зняў шкурку з забітай чаплі, потым зрабіў з дроту каркас, абкруціў яго ватай і цяпер нацягвае на каркас шкурку. В. Вольскі. // Астаткі якога‑н. прадмета, што захоўваюць яго першапачатковыя абрысы. Там і сям на полі дыміліся шкілеты разбітых аўтамашын, каркасы абгарэлых танкаў. Дудо.
2. Паўднёвае дрэва сямейства ільмовых з вельмі цвёрдай драўнінай, якая ідзе на выраб духавых інструментаў; каменнае дрэва.
[Іт. carcassa.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ляно́та, ‑ы, ДМ ‑ноце, ж.
1. Адсутнасць жадання працаваць, рабіць што‑н., займацца чым‑н. Пра бацьку ў вёсцы казалі, што праз ляноту сваю ён жыў у недагледжанай хаце. М. Стральцоў. // Стан вяласці, санлівасці. Лёнька аж прыжмурыў вочы: прыемна грэла ў спіну, цяпло расходзілася па целе і на ўсяго яго стала нагортвацца такая млявасць і нейкая лянота, што хоць пальцам не варушы. Капыловіч.
2. у знач. вык., каму з інф. Разм. Не хочацца, няма ахвоты. [Бондар:] — Ты далікатны! Так і выкіроўваеш, каб на баку паляжаць. Да таго ж лянота думаць... Гурскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ме́дны, ‑ая, ‑ае.
1. Зроблены з медзі. Уліта Антонаўна падала на стол стары медны самавар і талерку, напоўненую свежым бурштынавым мёдам. Шамякін.
2. Які мае адносіны да медзі; звязаны з апрацоўкай медзі. Меднае ліццё. // У склад якога ўваходзіць медзь. Медная ру да.
3. Які характарызуецца паяўленнем прылад працы, зброі і ўпрыгожанняў з медзі. Медны век.
4. Уласцівы медзі; такі, як у медзі.
5. Падобны колерам на медзь; чырвона-жоўты. Спадае медны ліст каштанаў На жоўты стоптаны мурог. Танк.
•••
Медны лоб гл. лоб.
Прайсці (праз) агонь, ваду і медныя трубы гл. прайсці.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
паве́ць, ‑і, ж.
1. Пляцоўка пад страхой на слупах, прызначаная для хавання чаго‑н. ад дажджу, непагоды. І застукалі дзве сякеры — двое [салдат] калолі, а трое насілі дровы пад павець. Хомчанка. Пад павець пачалі насіць мяхі з цэментам, згружаць цэглу. Лупсякоў.
2. Памяшканне, дзе звычайна складаюць дровы; дрывотнік. Ралан, даючы ключ, загадаў Станіку і Чэсю прынесці дроў з павеці і распаліць стаяк. Грамовіч.
3. перан. Тое, што навісае, утвараючы падабенства павеці. Узняла парасоны дрэў Фергана, над асфальтам навісла павець прысад. Русецкі. Над галавой — дубоў павець, Віднеюць неба, горы, поле Праз лісцяў сець. Багдановіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
павыця́гваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.
1. Выцягнуць адкуль‑н. усё, многае або ўсіх, многіх. Павыцягваць калы з плота. Павыцягваць шуфляды са стала. □ У казачым стане заварушыліся, некаторыя павыцягвалі з ножан шашкі і памкнуліся на кулямёт. Лобан. Пахілка сам ледзь не згарэў, а дзяцей з полымя павыцягваў... Савіцкі.
2. Выцягнуць уперад, працягнуць — пра ўсіх, многіх. Многія мужчыны павыцягвалі шыі, баючыся што-небудзь прапусціць. Броўка.
3. перан. Разм. Выбавіць, дапамагчы выйсці з цяжкага становішча ўсім, многім. Павыцягваць людзей з бяды.
4. Разм. Выкрасці ўсё, многае. [Пранцісь:] Злодзей, злодзей! Вузлы з хаты праз акно павыцягваў. Купала.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
падваро́тня, ‑і, ж.
1. Шчыліна паміж варотамі (радзей дзвярамі) і зямлёй. Грымеў ланцугом па дроце ад свірна да хлява здаравенны рыжы сабака, які да гэтага ляжаў у хляве, зашыўшыся туды праз падваротню. Дамашэвіч.
2. Дошка, якой закрываюць гэтую шчыліну; падваротніца. Мы асцярожна выцягнулі падваротню, паўзком пралезлі ў дзірку. Жычка.
3. Праём у доме або паміж дамамі для праезду, праходу ў двор (звычайна ў шматпавярховых будынках). Забегчы ў падваротню. □ Дзіцяняты, як вераб’і, кінуліся гарохам па дварах, падваротнях. Лынькоў. Натоўп разбегся. Аставаліся купкі загнаных у падваротні, прыціснутых да зачыненых пад’ездаў людзей. Караткевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
падво́дны 1, ‑ая, ‑ае.
1. Які знаходзіцца пад вадой, ніжэй паверхні вады. Падводныя скалы. □ Бабёр заўсёды здолее своечасова выбрацца праз падводны ход і адплысці куды-небудзь далей. В. Вольскі. // Які жыве, расце пад вадой. Падводная расліннасць.
2. Які прызначаны для дзеяння пад вадой. Падводнай лодкі перыскоп На ўсходзе з-пад хваляў вынырнуў і знік назад. Аўрамчык. // Які праводзіцца, адбываецца пад вадой. Падводныя работы. Падводныя здымкі. Падводнае плаванне. // Які што‑н. робіць пад вадой. Падводны плывец.
•••
Падводная плынь гл. плынь.
Падводныя камяні гл. камень.
падво́дны 2, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да падводы.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
па́дла, ‑ы, ж.
1. Труп жывёліны; мярцвячына. Калі звер галодны дарвецца да падлы — да яго падыходзяць бліжэй: не чуе, заняўшыся. Пташнікаў. Гэтыя агідныя звяры [гіены] кормяцца больш усялякай падлаю і рэдка нападаюць на людзей. Маўр.
2. Разм. зневаж. Аб кім‑, чым‑н. вельмі дрэнным. [Антон:] — Яшчэ гэтага толькі нам не хапала, каб псаваць сваё здароўе праз кожную падлу. Машара. Ды перабраў тут дзядзька меру: На слуп узбіўся, на халеру, Ды так аб падлу штурхануўся, Што свет яму перавярнуўся. Колас. // Лаянка, грубы зварот. — Пятрусь, уставай! — гукнула старая на печ. — Уставай, падла ты, тры гадзіны! Брыль.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пакруці́ць, ‑кручу, ‑круціш, ‑круціць; зак., што.
1. Прывесці ў кругавы рух; крутнуць. Пакруціць махавое кола. Пакруціць тачыла.
2. Кругавым рухам змяніць становішча чаго‑н. Пакруціць выключальнік. □ Канстанцін Міхайлавіч пакруціў рычажок прыёмніка, пашукаў іншае станцыі. Лужанін.
3. Разм. Туга звіць адно з другім.
4. Зламаўшы, паскручваць канцы паміж сабой, зблытаць усё, многае. Пакруціла бура пшаніцу ў полі.
5. і чым. Круціць некаторы час. Віктар Сяргеевіч пакруціў у руках бітон, потым зірнуў праз адчыненыя дзверы кухні некуды ў прастору і ўсміхнуўся. Гамолка. Палкоўнік прыжмурыўся.., пакруціў галавою. — Ты, Віктар, як заўсёды, гаворыш ісціну! Ваданосаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
наскро́зь, прысл.
1. Праз усю таўшчыню чаго‑н. Прарэзаць наскрозь. Прамокнуць наскрозь. □ Удары перуноў раз-поразу, здавалася, наскрозь прабівалі зямлю. Самуйлёнак. // Ад аднаго краю да другога, з канца ў канец. Прайсці лес наскрозь.
2. перан. Поўнасцю, цалкам. У гэту ноч туманы парк наскрозь Малочнымі заліт быў літарамі. Панчанка. Вось яны: землякі, беларускія людзі, Закаханыя ў працу, зямныя наскрозь. Звонак.
3. Разм. Без перапынку на працягу якога‑н. часу. І наскрозь — да відна, усю ноч Вартавога напружаны вочы, Бо гатова сцяжынка і корч Варушыцца, з гранатамі крочыць. Астрэйка.
•••
Бачыць наскрозь гл. бачыць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)