рэгістра́тар, ‑а, м.

1. Службовая асоба ва ўстанове, якая праводзіць рэгістрацыю каго‑, чаго‑н. «Кінь, дачушка, — кажа [маці], — галаву скруціш. Лепш ідзі да нас у бальніцу за рэгістратара». Грахоўскі. // Той, хто рэгіструе каго‑н., адзначае яўку каго‑н. Адзначыцца ў рэгістратара.

2. перан. Той, хто адзначае, канстатуе бягучыя з’явы, падзеі. Наш друк, радыё і тэлебачанне не павінны быць толькі рэгістратарамі новых станоўчых з’яў жыцця. «Звязда».

•••

Калежскі рэгістратар — першы, ніжэйшы цывільны чын у дарэвалюцыйнай Расіі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

службі́ст, ‑а, М ‑сце, м.

Разм. Той, хто старанна, рупліва адносіцца да сваіх службовых абавязкаў. Самі [дзед і бацька] былі акуратныя службісты, узнагароджаны медалямі і ордэнамі. Алешка. // Служачы. Ішоў, відаць, кандуктар або хто іншы з службістаў. Пестрак. // Разм. неадабр. Той, хто на выгляд стараецца, а на справе фармальна выконвае службовыя абавязкі. [Далін:] Узяць — хоць ротны наш: Муштроўшчык, ну смех чысты. Дзе трэба — ляжа лістам, Прыходзіць проста ў раж І чыніць ералаш, Каб спраўныя быць службістам. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спаку́снік, ‑а, м.

Той, хто спакушае каго‑н. на што‑н. дрэннае; звадыяш. Усе елі дзічкі. Данька, гарэзуючы, даваў Яньцы адну за адной. Дзічак было многа, яны не змяшчаліся ўжо ў дзіцячых далоньках, а пастух, такі спакуснік, даваў яшчэ і яшчэ. Караткевіч. // Той, хто ўступае ў інтымную сувязь, зводзіць жанчын і дзяўчат. Маючы на ўвазе, відавочна, яго колішнюю нясмеласць з Зосяй, аўтар чамусьці схільны лічыць свайго героя хутчэй скромнікам, святошам, чым спакуснікам. Перкін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

фавары́т, ‑а, М ‑рыце, м.

1. Любімец важнай уплывовай асобы, пратэкцыю якой ён выкарыстоўвае для сваёй выгады. Адсекшы галаву каралеўскаму фаварыту і інтрыгану, паўстанцы пасадзілі яе на піку і паехалі па ваколіцах Гродні, Слоніма, Мінска вербаваць аднадумцаў. «Полымя». // Уст. Любоўнік знатнай жанчыны. // Той, каму аддаюць перавагу, кім цікавяцца больш за іншых; улюбёнец каго‑н. Фаварыт публікі.

2. У спорце — той, хто мае найбольшыя шансы на першынство (звычайна пра коней). Рысак-фаварыт атрымаў першы прыз.

[Іт. favorito ад лац. favor — прыхільнасць.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ашаламані́ць, ‑маню, ‑моніш, ‑моніць; зак., каго.

Абл. Тое, што і ашаламіць. Трапятун са скуры лузаецца, каб ашаламаніць вас патокам слоў і ў той жа час не выказаць ніводнай свае думкі. Вітка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

белабіле́тнік, ‑а. м.

Разм. Той, хто мае белы білет; вызвалены ад вайсковай службы. Бацька быў белабілетнік, не прыгодны да воінскай павіннасць па стану здароўя, таму яго вызвалілі ад салдацкай службы. Астрэйка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

варухлі́вы, ‑ая, ‑ае.

Разм. Які рухаецца, варушыцца; трапяткі. Па той бок ракі чорнай варухлівай плямай то распаўзаліся, то зноў збіраліся ў чародку шпакі. Асіпенка. У варухлівым святле акрэсліўся кружок цыферблата. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

во́зчык, ‑а, м.

1. Той, хто займаецца перавозам грузаў на конях. Дарога па першым сняжку, працёртая возчыкамі дроў, аж блішчала пад сонцам. Якімовіч.

2. Тое, што і вознік (у 1 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ану́чнік, ‑а, м.

Той, хто збірае анучы (у 1 і 2 знач.) або скуплівае іх у абмен на якія‑н. тавары. Праходзілі праз Пасадзец розныя людзі: дзегцяры, анучнікі, карабейнікі-пешаходы. Бядуля.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

абнядо́лены, ‑ая, ‑ае.

1. Тое, што і абяздолены.

2. у знач. наз. абнядо́лены, ‑ага, м.; абнядо́леная, ‑ай, ж. Той, хто пазбаўлены долі; няшчасны. Сагрэць трэ было Беспрытоннага, Слёзы высушыць Абнядоленым. Купала.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)