мане́ра, ‑ы, ж.
1. Спосаб дзеяння, прыём. Тое, што мы завём подзвігам, — для.. [М. Багдановіча] натуральная манера мысліць і жыць. М. Стральцоў. Такая манера запытання па меншай меры сведчыла аб непавазе да асобы войта, і, па-другое, мела ў сабе як бы характар допыту. Колас. // Звычка, прывычка. — Што за манера з госцем праз зачыненыя дзверы размаўляць? Новікаў.
2. Сукупнасць прыёмаў, характэрных рыс творчасці. Пісьменнік [К. Чорны] прынёс у літаратуру свае тэмы, арыгінальную манеру пісьма. Лужанін.
3. толькі мн. (мане́ры, ‑пер). Знешнія формы паводзін, спосаб трымацца. Перада мной сядзеў сімпатычны інтэлігентны чалавек.. Непасрэдныя і сяброўскія манеры гэтага чалавека выклікалі мяне да шчырасці. Карпюк. [Язэп] чалавек спрытны, адзеты на гарадскі лад, манеры ў яго, як у пана. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ма́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.
1. Маці, мама. — Матка! А калі гэта да нас Шпак .. прыходзіў? — спытала адна маладзіца сваю свякроў, бабку Таццяну. Колас.
2. Самка жывёл і насякомых, якая выводзіць патомства. Малыя ягняты, .. адбіўшыся ад матак, на момант спыняліся. Крапіва. Пчолы-разведчыкі знаходзілі .. вуллі і пакрысе абжывалі іх, каб потым прывесці сюды матку з роем. Кулакоўскі.
3. Унутраны палавы орган жанчын і самак жывародзячых жывёл, у якім развіваецца зародак.
4. (звычайна ў прыдатку). Аб тым, што з’яўляецца самым родным і блізкім. Апранула зямля-матка Кажушок зялёны. Колас. Я тут бачыў свой край, поле, рэчку, бор, Сваю катку-зямлю — Беларусь. Купала.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
дасто́йны, ‑ая, ‑ае.
1. Які заслугоўвае чаго‑н., варты чаго‑н. Дастойны павагі. □ Сляпнёў і Каманін і Молакаў хмуры! Дастойны вы песень вялікіх паэтаў. Колас. Быць дастойным Справы камуністаў — Піянерскі І закон і звычай. Шушкевіч.
2. Які адпавядае ўсім запатрабаванням, зусім падыходзіць. Дастойная змена. □ Дзед Хрушч быў дастойны патомак свайго невядомага продка і хібы не даваў. Колас. / у знач. наз. дасто́йны, ‑ага, м.; дасто́йная, ‑ай, ж. Дэпутат... Народ вылучае на гэтую пасаду дзяржаўнага дзеяча толькі самых дастойных. «Маладосць».
3. Заслужаны, справядлівы. Дастойная кара. Дастойная ўзнагарода. Дастойная сустрэча.
4. Паважаны, заслужаны. Тапурыя быў мёртвы, ён ляжаў з прабітай галавой, гэты дастойны і смелы чалавек, роўных якому мала бывае на свеце. Самуйлёнак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прылучы́цца, ‑лучуся, ‑лучышся, ‑лучыцца; зак.
1. Далучыцца да каго‑, чаго‑н. Прылучыцца да кампаніі. □ Завод, на якім працаваў Рыгор, прылучыўся да забастоўкі трэцім. Гартны. Пакуль ураднік збіраўся, падышоў дзяк. Да іх яшчэ прылучыўся дыякан з фельчарам. Колас. // Стаць на чый‑н. бок, згадзіцца з кім‑н. Прылучыцца да прапановы.
2. Пазнаёміцца з чым‑н., уключыцца ў якую‑н. дзейнасць. Будзе працаваць [Віктар] нароўні з усімі. Зноў прылучыцца да нялёгкай, але знаёмай сялянскай працы. Паўлаў.
3. Разм. Здарыцца, стацца. [Алеся] перадумала ўсе няшчасці і здарэнні, якія маглі прылучыцца з Васілём. Колас. [Марыля:] Жалоба па бацьку яшчэ не адышла, з Зоськай такое няшчасце прылучылася, а ён — на табе! На скрыпцы выігрывае. Купала.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
саха́, ‑і, ДМ сасе; мн. сохі, сох; ж.
1. Прымітыўная драўляная сельскагаспадарчая прылада для ворыва. Тым часам з дому для падмогі, Саху забраўшы і нарогі, Антось прыехаў і на грэчку Узняў маргоў са два папару. Колас. Сохі і драўляныя бараны пайшлі ў архіў. Чорны.
2. Гіст. Адзінка падатковага абкладання ў Расіі ў 13–17 стст.
3. Слуп з развілкай на канцы, які ўжываецца пры будаўніцтве чаго‑н. як апора. Да абеду гумно абадралі: свіцілася голае — сохамі, кроквамі, рабрынамі жэрдак. Мележ. Уся.. [клуня], разам з гэтымі шуламі, сохамі, кроквамі і латамі, і ўсе гаспадарскія прылады ў ёй зроблены рукамі дзеда Баўтрука. Колас.
4. Рогі лася. І раптам — [лось] сохі выкінуў свае. Гаўрусёў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сыно́к, ‑нка, м.
1. Памянш.-ласк. да сын (у 1 знач.). Прыйшла ў каморку, а з калыскі сынок ёй [Марыне] голас падае. Колас. Знаю я: сынок мой скончыць школу, Толькі б быў на свеце мірны час. Смагаровіч.
2. Зніж. да сын (у 1, 4 знач.). [Сегень:] — А я ж думаў, што сынок гэты .. [Нахлябіча] немаведама куды адгэтуль выкруціўся. Чорны. Бацькі .. [Лаўрука] доўга адстойвалі ў кухні, пакуль сынок з’явіўся к ім. Бядуля.
3. Ласкавы зварот старога або дарослага чалавека да маладога чалавека, юнака, хлопчыка. — Сынкі мае вы! — урачыста звярнуўся дзед наш да гасцей. Колас.
•••
Мамчын сынок — а) сын, вельмі падобны на маці; б) (іран.) збалаваны, распешчаны хлапчук, малады чалавек.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
го́жы, ‑ая, ‑ае; гож, ‑а.
1. Прыгожы, слаўны. Каля пасады лесніковай Цягнуўся гожаю падковай Стары, высокі лес цяністы. Колас.
2. Прыгодны для якіх‑н. мэт. Глядзець — прыгожы, ды не гожы. Прымаўка. // Варты чаго‑н. Не той харош, хто тварам прыгож, а той харош, хто на справу гож. Прыказка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
даве́сціся, ‑вядзецца; пр. давялося; безас. зак., каму-чаму з інф.
Стаць непазбежным, здарыцца ў сувязі з якімі‑н. абставінамі. Адлегласць доўгую да перамогі Гадамі давялося вымяраць. Аўрамчык. Быў такі выпадак, калі Сцёпку прыйшлося на справе паказаць, які ён ужо быў вучоны чалавек: сакратаром давялося раз быць яму. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
баламу́т, ‑а, М ‑муце, м.
Разм.
1. Чалавек, які ўносіць беспарадак, разлад. Хлопца брала крыўда за бацьку, злосць на Чыкілевіча, як галоўнага звадыяша і баламута. Колас.
2. Прайдоха, інтрыган, спакуснік. [Волька:] — Звязалася з баламутам гэтым, трэба ж, гарадскога хлеба захацелася. У вёсцы, можа, за настаўніка выйшла б... М. Стральцоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
бая́н, ‑а. м.
1. Вялікі гармонік з складанай сістэмай ладоў. А тут невялічкі, хударлявы Валерый Фралоў, углядаючыся ў зорнае неба, перабірае лады на баяне і ціха спявае «Школьны вальс». Грахоўскі.
2. Гіст. Паэт, пясняр. Песні для народа Тварыў баян Купала. Аўрамчык. Для вечнасці, спетай баянам сурова, Жыве Руставелі. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)