нарысава́ць, ‑сую, ‑суеш, ‑суе; зак., каго-што.

1. Рысуючы, адлюстраваць каго‑, што‑н. на якой‑н. плоскасці. Нарысаваць фігуры людзей. Нарысаваць на дошцы дыяграму.

2. перан. Перадаць у вобразах. Пісьменнік нарысаваў у творы перадавых людзей нашага часу. // Уявіць у думках. Заплюшчыўшы вочы, льга было ўявіць сабе сялянку ў горы. Уяўленне ўжо нарысавала Кастусю Прыбыткоўскаму поўны яе вобраз. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

наслу́хацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

1. Пачуць, паслухаць многа чаго‑н. Наслухацца пра даўнейшае. Наслухацца казак. □ А расказваць было што: ходзячы вечна па людзях, усяго наслухаешся. Чорны. Шмат чаго мы наслухаліся ад дзеда пра войны. Якімовіч.

2. Атрымаць задавальненне, слухаючы (часта з адмоўем «не» або дзеясл. «магчы»). Наслухацца музыкі. □ Слухае не наслухацца [Пастух] Салаўя-спевака, птаху чароўную. Сіняўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

насцяро́жлівы, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і насцярожаны (у 2 знач.). У паставе, у чуйным нахіле галавы, у насцярожлівым чаканні, што, відаць было, ахапіла яе, угадвалася жанчына, якая ўжо ведала, хто яна ёсць. Карпаў. Раней.. [Максім] заўсёды думаў, што падобны на маці. А цяпер, як у бацькі, выпукліліся надброўі.. І прабіўся ў вачах сухі, насцярожлівы бляск. М. Стральцоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

па́рна 1,

Прысл. да парны ​1 (у 1 знач.); парамі. Парна размешчаныя лісты.

па́рна 2, безас. у знач. вык.

Аб вільготным, душным паветры. Ноччу была навальніца з ліўнем, але свежасці не прынесла. У вільготным паветры па-ранейшаму парна. В. Вольскі. Ружова і роўна свяціла сонца, было цёпла і парна, а за арэшнікам шумеў і булькаў ручай. М. Стральцоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пасы́лка, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.

1. Дзеянне паводле дзеясл. пасылаць — паслаць ​1 (у 1–2 знач.).

2. Запакаваная рэч, якая перасылаецца куды‑н. ці прысланая адкуль‑н. Люся чакала пісьма з Маркоўскага, але ні пісьма, ні пасылкі пакуль што не было. Даніленка.

3. У філасофіі, логіцы — суджэнне, якое служыць асновай для вываду.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

патанцава́ць, ‑цую, ‑цуеш, ‑цуе; зак., што і без дап.

Танцаваць некаторы час; пратанцаваць. [Астапчык:] Што ж вы сядзіце тут? Пайшлі б патанцавалі, і дзяўчатам вашым было б весялей з вамі. Машара. У рэстаране граў духавы аркестр. Алена запрасіла Сашку патанцаваць. Гроднеў. Раніцай .. [Чыжык] зноў расклаў агонь. Патанцаваў каля яго, каб сагрэцца, паснедаў і зноў выйшаў на бераг. Няхай.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паўзмро́к, ‑у, м.

Няпоўны змрок; вельмі слабае асвятленне. У хаце паўзмрок, ужо вечар, і чалавек не можа разглядзець, ёсць хто ў хаце ці не. Галавач. У зямлянцы было адно акенца, і, як заўсёды ў хмурны дзень, тут стаяў паўзмрок. Сіняўскі. Праз шыбы з тоўстым напластаваннем інею працэджвалася дзённае святло, і ў хаце быў нейкі прыемна ўрачысты паўзморк. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

незадаво́лены, ‑ая, ‑ае.

1. Які не атрымаў задавальнення. Незадаволенае жаданне.

2. Які адчувае незадаволенасць чым‑н. Надзя заўважыла, што муж вярнуўся дадому нечым незадаволены, сярдзіты. Чарнышэвіч. Надзьмутыя і незадаволеныя, паліцэйскія падаліся на двор. М. Ткачоў. // Які выражае незадаволенасць. [Скрыпач] іграў, хоць скрыпкі амаль зусім не чуваць было за вулічным гоманам, і кідаў на пешаходаў незадаволеныя, зласлівыя погляды. Галавач.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

непаваро́тлівы, ‑ая, ‑ае.

Павольны, марудны, няспрытны ў рухах. Прыехаў я ў Мінск як самы сапраўдны правінцыял: нясмелы, непаваротлівы, сарамяжы. Скрыган. Над галавою.. з натужным р[о]вам, ад якога стагнала зямля, сунуліся непаваротлівыя бамбардзіроўшчыкі. Мележ. // перан. Някемлівы, нерухавы (у справе). Як не даваў.. [Гарачун] спуску пустазеллю і агрэхам, так і не было ад яго спакою і некаторым непаваротлівым брыгадзірам. Шахавец.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

непазна́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Такі, які яшчэ не вывучаны. Непазнаныя законы прыроды. / у знач. наз. непазна́нае, ‑ага, н. [Прафесар] непрыкметна кантралюе думкі, накіроўваючы іх туды, дзе пачынаецца яшчэ непазнанае ім, дзе блукае ён штодня са сваімі шуканнямі. Галавач.

2. Такі, якога не пазналі, не апазналі. Разумней за ўсё было б .. [Алесю] кінуць гэтую вёску і непазнаным паехаць назад. Караткевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)