арасі́цца, аросіцца; зак.

Пакрыцца расой, кроплямі чаго‑н.: увільготніцца. Па пасцелі.. [Ермалай Трыфанавіч] здагадаўся, што госць зусім не спаў і пайшоў ад яго ноччу ж, бо і прымятая яго нагамі мурава зноў паспела ранкам, арасіцца і падняцца ад зямлі. Галавач.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Паня́ць ’тое ж, што і зразумець’ (ТСБМ), ’абучыцца добра якому-н. рамяству; заліваць вадою; уступіць у шлюб’ (Нас.), ’заліць вадою; зразумець’ (Бяльк., Юрч.), ’зразумець, злавіць, знайсці’ (Сл. ПЗБ), поня́ць ’злавіць’ (ТС), поня́цца ’узяцца; набрацца, пакрыцца, праявіцца’ (ТС). Дэрыват з прыстаўкай po‑ ад прасл. jęti з устаўным н. Гл. узяць. Значэнне ’зразумець’ — семантычнае запазычанне з рус. понять ’тс’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скаўрэ́лы ‘закарэлы, заскарузлы’ (Касп.). Як відаць з ілюстрацыі не купляй скаўрэлага парасёнка, гутарка, відавочна, ідзе не толькі аб закарэлым, але і аб худым, хілым парасяці. У такім выпадку тут, магчыма, кантамінацыя карэлы (гл.) і чаўрэ́ць ‘станавіцца хілым, вянуць, сохнуць’ (гл.), што дае *скаўрэць, якое ўтворана з прыст. с‑ ад кара́ (гл.) г. зн. ‘пакрыцца карой’, перан. ‘захірэць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

прыбра́цца, -бяру́ся, -бярэ́шся, -бярэ́цца; -бяро́мся, -бераце́ся, -бяру́цца; -бра́ўся, -ра́лася; -бяры́ся; зак.

1. Адзецца прыгожа, лепш, чым звычайна.

П. як на вяселле.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.), перан., у што і без дап. Пакрыцца чым-н., упрыго́жыцца.

Горад прыбраўся к святу.

3. Прывесці ў парадак што-н., зрабіць уборку чаго-н. або давесці да ладу што-н. (разм.).

|| незак. прыбіра́цца, -а́юся, -а́ешся, -а́ецца.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

замы́ліцца, ‑ліцца; зак.

Стаміцца, змучыцца, пакрыцца пенай (пра каня). Араць бы яшчэ нішто, каб конь сталы, а то .. бяжыць-бяжыць, што не справіцца за плугам ісці, засапецца, замыліцца, стане. Крапіва.

замылі́цца, ‑лю́ся, ‑лі́шся, ‑лі́цца; зак.

Разм. Падтуліць, сцяць вусны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паабраста́ць, ‑ае; ‑аем, ‑аеце, ‑аюць; зак.

Пакрыцца валасамі, шэрсцю і пад. — пра ўсіх, многіх. Некаторыя [партызаны] страшэнна паабрасталі бародамі. Чорны. // (1 і 2 ас. мн. не ўжыв.). Абрасці якой‑н. расліннасцю з усіх бакоў. Дрэвы паабрасталі былі мохам і высыхалі. Пальчэўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

абледзяне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

Пакрыцца лёдам. Дарогі абледзянелі. □ За ноч зямля падшэрхла, дубцы прырэчных кустоў абледзянелі і шаргацелі, як драцяныя. Грахоўскі. — Бывала, прасячэш палонку, загаціш ад глыбокага, лазіш, лазіш рукамі па вадзе, абледзянееш увесь, ды ніводнай рыбіны не зловіш. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

акры́цца, акрыюся, акрыешся, акрыецца; зак.

1. Накрыцца, ахінуцца чым‑н. Акрыцца посцілкай. □ Агонь прыграваў яго збоку, воўчая [ш]кура, якою акрыўся дзед, зверху. Колас.

2. перан. Пакрыцца; ахутацца, завалачыся. Быццам хусцінай вясельнаю, вішанька цветам акрылася. Бураўкін. [Зосін] твар.. збялеў, смуткам акрыліся вочы. Гартны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

абрасці́, ‑сту, ‑сцеш, ‑сце; ‑сцём, ‑сцяце, ‑стуць; пр. аброс, ‑расла, ‑расло; зак.

1. Пакрыцца, зарасці якой‑н. расліннасцю. Пень аброс маладымі парасткамі. Камень аброс мохам. Берагі ручая абраслі асакой. // Пакрыцца валасамі, шэрсцю. Да таго чалавек высах за лета, да таго аброс барадою, што сустрэнь яго хто ў лесе ці на могілках, то мог бы памерці ад перапалоху. Кулакоўскі.

2. перан. Набыць чаго‑н. у вялікай колькасці, абзавесціся чым‑н. Абрасці гаспадаркай. Абрасці кнігамі. □ І ўсё, здаецца, так і было, — Хіба што толькі падрасла малеча, Старым гады папрыгіналі плечы Ды абрасло антэнамі жытло. Бураўкін. // Аказацца ў акружэнні каго‑, чаго‑н. Навучальны корпус аброс жыллёвымі будынкамі. // Расшырыць кола абавязкаў. Набываў [Пракапенка] у парткоме і ў рэдакцыі завадской шматтыражкі; хутка аброс усялякімі грамадскімі нагрузкамі і жыў з імі ў вялікай згодзе. Кулакоўскі.

3. Пакрыцца слоем чаго‑н. Абрасці граззю.

•••

Абрасці карою — стаць неахайным, брудным.

Абрасці мохам — апусціцца, адстаць ад жыцця, адзічэць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пазасыпа́цца, ‑аецца; зак.

1. Засыпацца куды‑н. — пра ўсё, многае. Пясок пазасыпаўся ў чаравікі.

2. Пакрыцца або напоўніцца чым‑н. сыпкім — пра ўсё, многае. [Раман:] — Ямы ад бульбы былі, помніце, тады ў сасн[я]ку, з прыходу. Цяпер, калі дарога на ўчастак пайшла, пазасыпаліся. Пташнікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)