уладкава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; зак.

Разм.

1. што. Прывесці ў належны парадак што‑н.; наладзіць як след. Старэйшыя дзяўчынкі сталоўку падмятаюць, хлопцы асцярожна ёлку ў кут перасоўваюць. Назаўтра, да снедання, трэба ўсё ўладкаваць. Нядзведскі. Раніцаю на завод .. [Міхал] пайшоў з жаданнем як мага хутчэй вярнуцца, каб уладкаваць яшчэ што-небудзь у кватэры. Карпаў. // Давесці да канца якую‑н. справу. — Яшчэ не снедалі? — спытала Таня. [Максім:] — Снеданне потым... Перш-наперш трэба з начальствам пагутарыць, усё ўладкаваць. Машара. Каб я расказаў усю праўду гэтаму даволі прыстойнаму і добрасумленнаму чыноўніку, ён, мабыць, справу ўладкаваў бы. Карпюк. // Узгадніць, прымірыць, урэгуляваць непаразуменні, канфлікты і пад. Думаў [Азарчук] памагчы ўладкаваць .. адносіны [Змітрака] з Інай, хацеў памірыцца з Змітраком, пасябраваць, а выйшла наадварот. Ваданосаў.

2. каго-што. Стварыць неабходныя ўмовы для жыцця, існавання. Не ставала часу, каб падумаць пра самога сябе, неяк уладкаваць асабістае жыццё. Шахавец. // Прыстроіць каго‑н. куды‑н., даць месца для жылля і пад. Пусціўшы ў ход свае здольнасці, я нават уладкаваў .. [Стасю] ў гасцініцу. Навуменка. [Таня і Вера:] «Калі надыдзе пара радзіць, мы зможам уладкаваць цябе ў радзільны дом». Машара.

3. каго. Дапамагчы паступіць на работу, вучобу. Прыехаў дзядзька-рачнік, забіў аполкамі дзверы і вокны хаты і забраў з сабой Максіма ў горад, уладкаваў на параход матросам... Каршукоў. Пасля Новага года ў той жа Рызе мяне ўладкавалі добрыя людзі на прыватныя вячэрнія курсы для дарослых. Мядзёлка.

4. каго-што. Зручна размясціць, палажыць, паставіць і пад. [Іліо] дапамог байцам хутка ўладкаваць Васіля Іванова на насілкі .. і даў знак хутчэй несці цяжкапараненага камандзіра. Кавалёў. Рыбак памог .. [Сотнікаву] перабрацца на лаўку, уладкаваў на ёй параненую нагу. Быкаў. — Перадайце яму, Максімку, што будуць у яго галубы, — хрыплым голасам папрасіў .. [дзядзька Барыс]. — Я галубятню сваю дзе-небудзь паблізу ўладкую... Даніленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шчыпа́ць, шчыплю, шчыплеш, шчыпле; незак., каго-што.

1. Моцна, з сілай зашчамляць скуру цела пальцамі і пад. Злосны гусак заўсёды шыпеў на .. [хлопчыка] і шчыпаў да сінякоў за лыткі. Лужанін. Начальнік разведкі злёгку шчыпаў .. [Надзю] за шчокі, прыкладаў да лба калючы халодны снег. Бураўкін.

2. Выклікаць адчуванне рэзкага калючага болю, свербу, пякоты і пад. Усё гатова: ранцы, лыжы — Дарэмна шчыплеш ты, мароз! Нядзведскі. Труба ад печы выходзіла ў столь, і бярвенне вакол трубы пацямнела і ад дыму, і ад гарачыні. Дым шчыпаў вочы. Арабей. Каля вуглоў завывае вецер і гоніць крупінкі сухога снегу, які балюча шчыпле твар. Мыслівец. / у безас. ужыв. [Наста] пастаяла ля ганка, пачакала, захінуўшыся каўняром ад ветру і схаваўшы ў рукавы кажуха голыя, без рукавіц, рукі: шчыпала за пальцы. Пташнікаў. // перан. Прыносіць душэўны боль; абражаць. — А дзе ж гэта Кіеш? — запыталася [Люба] наўмысля, каб накіраваць на другое думкі Агапіны, бо слёзы яе і гаротнасць балюча шчыпалі за сэрца. Мурашка. Не то рэдкі туман, не то слязлівая пялёнка, не то ядавіты дым з папялішчаў закрываў Грыпіне вочы. Крыўда шчыпала сэрца. Мыслівец.

3. Церабіць, пацягваць, тузаць. Мы непрыкметна падрасталі, А іншы ўжо шчыпаў вусы, І лічыў іх гарой красы. Багдановіч.

4. Адрываць, вырываць што‑н. [Янак] адвярнуўся і пачаў шчыпаць вішні, якія, здавалася, самі прасіліся ў рот. Бажко. // Есці, з’ядаць што‑н., адрываючы пры дапамозе зубоў, губ, дзюбы і пад. А конь шчыпаў траву каля Івана. Колас. Бабка кажа: — Зайцы — вунь! Паганяйце — Шчыплюць рунь! Дзеружынскі. На зялёным лужку козы мірна шчыплюць траву. Няхай. // Вырываць пух, пер’е ў птушкі. Шчыпаць курыцу. // перан. Наносіць урон, страту; знішчаць каго‑, што‑н. [Дзед Бадыль:] Галавой яны належаць! Нашы хлопцы і самі іх [паноў] шчыплюць патроху. Крапіва.

5. Рвучы, раздзяляць што‑н. на часткі. Зося нахіляецца, зрывае рамонак, паволі шчыпле бялюткія пялёсткі. Шынклер.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

палатно́, ‑а; мн. палотны, палотнаў, палацён і палоцен; н.

1. Гладкая льняная тканіна асобага перапляцення (звычайна белая), а таксама баваўняная, шаўковая ці сінтэтычная тканіна падобнага перапляцення. Кужэльнае палатно. Зрэбнае палатно. Штапельнае палатно. □ Маці кужаль прала пры лучыне. На расе маёвай палатно бяліла. Барадулін. Вольга падала.. [Зараніку] чысты ручнік з грубаватага льнянога палатна. Хадкевіч. // Сувой такой тканіны. У сенях стаяла скрыня Матроны. У гэтай скрыні былі схаваны яе лепшыя рэчы: адзенне, палотны, абрусы, рублёў дваццаць срэбра і дзве залатыя пяцёркі. Колас.

2. Вялікі шырокі кавалак якой‑н. тканіны. Насупроць дзвярэй.. стаяў стол, накрыты чырвоным палатном. Асіпенка. // Пра вялікі ліст паперы і пад. Папяровае палатно трапляе на сушыльную частку машыны, дзе яно высыхае, разгладжваецца і накручваецца на вал. Рунец. // У жывапісе — кавалак матэрыі палатнянага перапляцення, на якім пішуцца карціны (звычайна алейнымі фарбамі). Зіна больш не працавала на пякарні. Яна ад раніцы да ночы размешвала фарбы і нацягвала палатно на падрамнікі. Нядзведскі. Мастак, чалавек ужо немалады, невысокі і лысы, вязе з сабою вялізнае палатно, нацягнутае на раму, мальберт і эцюднік з пэндзлямі і фарбамі. В. Вольскі.

3. Карціна мастака (звычайна на матэрыі асобага перапляцення). Джордж Лоўрэнс у гэты час быў даволі прыкметнай велічынёй сярод чыкагскіх мастакоў. Яго палотны мелі поспех на апошняй выстаўцы. Васілевіч. // Пра літаратурны або музычны твор, які дае шырокую карціну чаго‑н. Сцэнарый [фільма] ўяўляе сабой шырокае эпічнае палатно. Б. Стральцоў.

4. Праезная паверхня дарогі; дарожны насып. Шаша была мёртвай. Яе пакарабачаная пасля зімы палатно, здавалася, правісала між двух узгоркаў. Асіпенка. Пешаходнай сцяжынкі ля дарогі няма, ісці па палатне дарогі небяспечна — могуць забіць ці знявечыць машыны. Новікаў. // Чыгуначная лінія, насып чыгункі. Праз шкляныя дзверы балкона відаць вакзал і палатно чыгункі. Сяргейчык. Паабапал чыгуначнага палатна цягнуўся рэдкі жухлы хмызняк. Васілёнак.

5. Спец. Паласа, стужка, якая складае частку пэўнага механізма. Палатно транспарцёра.

6. Спец. Плоская тонкая частка якога‑н. інструмента, прылады. Тонка і працяжна звініць цыркулярка, самавіта шастаюць палотны піларамы. Ракітны. Перахапіў [Толік] далонню палатно касы на сярэдзіне, каб лягчэй было падтачыць, і — ужо глушэй азвалася рэха: Шах! Шах! Шах! Капыловіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

каза́ць 1, кажу, кажаш, кажа; незак.

1. што, без дап. і са злучн. «што». Выказваць у вуснай форме якія‑н. думкі, меркаванні; расказваць, гаварыць. Казаць праўду. Не казаць ні слова. Казку казаць. □ — Што сынку, што? — са слязамі ў вачах казаў.. дзядзька Кандрат. Брыль. — Сымон Чарнюк казаў, што тут скарб захаваны, — пацвердзіў Язэпка. Бядуля. Узяўся за гуж — не кажы, што не дуж. Прыказка. // перан.; каму-чаму. Выклікаць, абуджаць у каго‑н. якія‑н. пачуцці, думкі. Па адзін бок дарогі стаялі больш елкі, але такія цёмныя і панурыя, што нічога добрага не казалі майму сэрцу. Колас.

2. безас. (у форме 3 ас. мн.). Ходзяць чуткі, пагалоскі; гавораць. І кажуць, ледзь ранак расісты Абудзіць дубровы Палесся, Да сябра свайго сувязіста Той голуб ляціць з паднябесся. Нядзведскі.

3. Абавязваць, загадваць. / у перан. ужыв. Сумленне кажа рабіць так.

4. перан. Сведчыць аб чым‑н., указваць на што‑н. Усмешка гэтая выразна казала аб тым, што Аленка нічога не мела, б, каб паганяцца за Сцёпкам. Колас. Сама [Ліда] і не чула б.., што сушыла смага, што галодная; сама не чула б, дык кажуць аб гэтым грудзі. Брыль.

•••

Добра кажаш (у знач. пабочн.) — сапраўды.

І не кажы(це)! — выражае поўную згоду з гаворачым: так, безумоўна.

Казань казаць — гаварыць павучальна і дакучліва.

Не кажы гоп, пакуль не пераскочыш — загадзя не зрабіўшы, не хваліся.

Няма чаго казаць — ужываецца для выказвання згоды, салідарнасці з кім‑н.: сапраўды, на самай справе.

Што (тут і) казаць — нічога не скажаш, няма чаго гаварыць; праўда. — Ды што тут казаць, — падтрымаў Макара Аўдзеевіча млынар. М. Ткачоў.

Што (як) ні кажы — нягледзячы ні на што, як бы там ні было.

Як кажуць; як той казаў (у знач. пабочн.) — як прынята гаварыць. Пагаварылі крыху ды асталіся, як кажуць, пры сваіх інтарэсах. Бажко. На стале будзе, як той казаў, і паранае, і варанае. Васілёнак.

каза́ць 2, кажу, кажаш, кажа; незак., што і чаго.

Разм. Паказваць. Цяпер на вуліцу і носа не кажы: будуць дражніцца. Сяргейчык.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гара́, ‑ы; мн. горы, гор; ж.

1. Участак зямной паверхні, які высока ўзнімаецца над акаляючай мясцовасцю; проціл. нізіна. Гара Эльбрус. Узысці на вяршыню гары. Спусціцца к падножжу гары. Скалістыя горы. □ На многа вёрст былі відаць з гары.. палі жытоў і канюшыны. З. Астапенка. // толькі мн. (го́ры, гор). Гарыстая мясцовасць, горная краіна. Жыхары гор. Адправіцца ў горы. □ Мадам Гамрэкелі ад пачатку лета выехала з Гіо.. ў горы, на дачу, дзе не было малярыі. Самуйлёнак. // Прыроднае або штучнае ўзвышэнне для катання на санках, лыжах і пад. Ледзяная гара. Катацца з гары.

2. чаго. Награмаджэнне, вялікая колькасць чаго‑н. складзенага ў кучу, зваленага кучай. Махае даўжэзнай стралой экскаватар, Ім цэлыя горы Зямлі тут узняты. Нядзведскі. Шумейка зняў гару нейкіх папер і кніжак з крэсла. Дамашэвіч. // перан. Увогуле вялікая колькасць чаго‑н. Праўду могуць падказаць толькі дзве глыбокія маршчыны на лбе, ды яшчэ рукі, вялікія цёмныя рукі, якія перарабілі гару работы. Васілевіч.

3. Памяшканне, прастора паміж столлю і дахам на хаце; гарышча. Міхась перабраўся на гару, на хату, дзе была яго пасцель. Дамашэвіч. [Люба] палезла на гару і заўважыла, што дождж засякае ў акенца без шкла ў шчыце. Чорны.

4. (звычайна з прыназоўнікамі «у», «з», «на»). Верх, вышыня. Аконца-шчыліна ў скляпенні Так скупа шле святло з гары. Колас.

5. у знач. прысл. гаро́й. Высокай кучай; як гара. Сталы адсунулі ў куток, да ложка, на якім.. гарой узвышаліся падушкі. Шахавец.

•••

Абяцаць залатыя горы гл. абяцаць.

Гара з плячэй звалілася — пра збаўленне ад якіх‑н. вялікіх клопатаў, цяжкіх душэўных перажыванняў.

Горы варочаць гл. варочаць.

Горы вярнуць на каго гл. вярнуць.

Горы зрушыць гл. зрушыць.

Горы перавярнуць гл. перавярнуць.

Звярнуць горы гл. звярнуць.

Не за гарамі — а) пра што‑н. блізкае, што хутка наступіць, з’явіцца. Ён ідзе, камунізм! Гэта свята не за гарамі. Панчанка; б) блізка (быць, знаходзіцца і пад.). — Мы не за гарамі. Звяртайцеся, дапаможам. Асіпенка.

Стаяць гарой за каго-што гл. стаяць.

Як на каменную гару — цалкам, поўнасцю (спадзявацца, апірацца на каго‑н.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

су́нуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; заг. сунься; зак. і незак.

Разм.

1. зак. Кінуцца, палезці куды‑н. Сляпы куды ні сунецца, усё на агонь натыкаецца. Якімовіч. Сунуліся мы з Санькам у адно месца — багна; паткнуліся ў другое — грузне пад нагамі куп’ё. Сяркоў. Не зведаўшы броду, не сунься ў воду. Прыказка. // Паспрабаваць зрабіць што‑н. (цяжкае, рызыкоўнае, небяспечнае і пад.). [Цімошка:] — А калі Мурашка на рэўком паляціць? Што тады? — Ага, паляціць, — хмыкнуў Сцёпка. Няхай сунецца. Хомчанка. Спрабавалі карнікі сунуцца ў лес, але партызаны так іх паперлі назад, што больш і носа баяліся паказаць туды. Кірэйчык. — Ды я на парог яго [Ігара] не пушчу, дачушка!.. Ды я яго памыямі аб[лію], калі сюды сунецца! — горача паклялася маці. Сіняўскі.

2. зак. Звярнуцца да каго‑, чаго‑н., куды‑н. з якой‑н. мэтай. Браток .. пайшоў да старога пана. Як адважыўся сунуцца да яго Браток, застанецца назаўсёды загадкай. Асіпенка.

3. зак. Раптоўна ўпасці, паваліцца. Косця сунуўся носам на брук. Новікаў.

4. незак. Ісці, ехаць вельмі павольна. Віктар ідзе наперадзе, і я моўчкі сунуся следам, і дошкі сходкаў зыбаюцца пад нашымі нагамі. Савіцкі. Сунецца лодка па роўнай паверхні ракі, і зусім не відаць таго, хто вяслуе. Ваданосаў. // Плысці, пасоўвацца (пра хмары, туман і пад.). З лагчыны цераз пуці сунуліся шэрыя космы туману. Быкаў. Пушчай сунуўся змрок, хмарай высь завалок. Куляшоў. Ветру няма, а хмара сунецца, цёмная, страшная. Жычка. / у перан. ужыв. Так і думкі ў галаве ідуць, сунуцца неахвотна, спакваля. Шынклер.

5. незак. Перамяшчацца, перасоўвацца куды‑н. Напружваючы апошнія сілы, дырэктар зірнуў угору. Край даху паволі сунуўся ўніз. Нядзведскі. Завішнюк ціха адчыніў вароты — яны зарыпелі, аселі і сунуліся, хоць і новыя, па зямлі. Пташнікаў. Ножка [дзіцяці] была цэлая, толькі, відаць, трохі зачапіла яе колам, калі машына сунулася ў адхон. Кулакоўскі. // Адсоўвацца. Людзі пачціва сунуліся ў бакі, уступаючы .. [Баталевічу] дарогу. Васілёнак.

6. незак. Умешвацца без спросу ў што‑н., куды‑н.; імкнуцца прыняць удзел у чым‑н. Маша ўзлавалася: чаму .. [жанчыны] па-бабску сунуцца ў чужыя справы. Шамякін. [Жорка:] — А ты [Васіль] без паняцця сунешся ў такую скрыпічную тонкасць. Беразняк.

•••

Сунуцца з (сваім) носам — умяшацца (умешвацца) звычайна не ў сваю справу.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

схілі́ць, схілю, схіліш, схіліць; зак., каго-што.

1. Нахіліць, нагнуць. Схіліць сцягі. □ Спелае жыта схіліла каласы. Гарэцкі. Над флягай пажоўклы Лісточак паперы... Схілілі галовы Над ім піянеры. Нядзведскі. Паляўнічы стаяў каля алешыны і, упёршыся ў яе рукамі, дапамагаў схіліць дрэва ўбок. Гамолка. // на што. Нахіліўшы, апусціўшы, пакласці на што‑н.; прыхіліць да чаго‑н. [Аксеня] нават схіліла галаву на плячо хлопца, а Піліп нешта ўжо сардэчна нашэптваў ёй на вуха. Лупсякоў. // перан. Скарыць, перамагчы, зламаць. Нас не схіліць І не зламаць! Мы — Дзеці барацьбы! Багун. Народ палескі — гэта волат, яго і гора не схіліла. Дубоўка.

2. Узяць кірунак, павярнуць да якіх‑н. межаў (часавых або прасторавых). Сонца ўжо схіліла на поўдзень. Пестрак. Вунь ужо колькі часу прайшло, схіліла за поўнач, а яго [Пятра] няма і няма. С. Александровіч. // Падаць які‑н. кірунак (размове і пад.). — А Рая? — не дала .. [маці] схіліць гаворку на іншае. Карпаў.

3. перан. Залучыць на свой бок, выклікаць прыхільнасць да сябе. Бабка знае, чым прыбавіць, схіліць на свой бок малыша. Колас.

4. перан.; да чаго, на што і з інф. Пераканаць зрабіць што‑н., згадзіцца на што‑н. Схіліць да ўцёкаў. □ Прычынай, што схіліла Радзівіла прызначыць «прэзідэнтам» Саўку, была незвычайная Саўкава сіла. Гурскі.

•••

Схіліць галаву перад кім-чым — а) прызнаць сябе пераможаным. пакарыцца каму‑, чаму‑н. Для ворага ёсць у мяне порах. Я не схілю перад ім галавы. Вярцінскі. Шлях круты, але пройдзены прама, І ніхто не схіліў галавы. Прануза; б) аднесціся з пашанай да каго‑, чаго‑н., ушанаваць каго‑н. Было штось велізарнае, магутнае і захопліваючае ў гэтым імкненні цягніка, і мімаволі хацелася [Лабановічу] схіліць галаву перад геніем чалавечага розуму, атрымаўшага верх над бясконцымі адлегласцямі. Колас; в) апусціць галаву ў знак пашаны да памёршага. [Сярго:] Таварышы, нізка схіліце галовы Над прахам байца, камісара і сына. Глебка; г) пакланіцца каму‑н., павітацца з кім‑н. Іван Кузьміч пачціва схіліў сваю лысую галаву перад загадчыкам камунгаса. Каршукоў.

Схіліць калені перад кім-чым — пакарыцца, змірыцца, прызнаць чыю‑н. уладу над сабой. Гаварылі мы катам Грознай мовай агню: — Нам свабоду даў Ленін, Мы яе адстаім. І не схілім калені Зроду ні перад кім!.. Смагаровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

лама́ць, ламлю, ломіш, ломіць; пр. ламаў, ламала; заг. ламі; незак., каго-што.

1. Згінаючы, удараючы з сілай, аддзяляць часткі чаго‑н. або раздзяляць што‑н. на часткі; крышыць. На балоце нікнуць лозы, Вецер ломіць гай. Колас. Капельмайстар узяў з абознай фурманкі паўбулкі хлеба і ламаў яе па кавалку таварышам. Брыль. / у безас. ужыв. Ад ракі далятаў няроўны гул: ламала лёд па парогах. Савіцкі.

2. Пашкоджваць часткі цела, косці; нявечыць, калечыць. Ламаць крылы. Ламаць рэбры.

3. Здабываць, разбіваючы, разломваючы якой‑н. прыладай. Ламаць вапняк ломам.

4. Разбіваючы, разбураючы, даводзіць да непрыгоднасці, псаваць. Ламаць плот. Ламаць дзверы. // перан. Парушаць, змяняць без патрэбы. Ламаць план. □ [Начальнік:] — Будзеш ведаць, як саставы затрымліваць, графікі ламаць. Нядзведскі.

5. (ужываецца звычайна ў форме інфінітыва або прошлага часу); перан. Разбураць, знішчаць што‑н. аджыўшае, традыцыйнае, прывычнае. Гістарычны прагрэс народных мас ламаў векавыя асновы, разбураючы ўсё тое, што перашкаджала руху наперад. Пшыркоў. Старую тэхналогію нам трэба ламаць неадкладна. «Звязда». // Рэзка, крута змяняць (характар, прывычкі, паводзіны чалавека). [Карызна:] — Трэба ламаць сябе, трэба выкрышваць з сябе гэтыя закамянелыя парасці дробнабуржуазнай псіхікі. Зарэцкі. // Разбураць, змяняць у горшы бок. Ламаць сям’ю. □ [Ляшчэня:] А можа сапраўды не трэба ламаць жыццё, калі кахаеце адзін другога? Губарэвіч.

6. (1 і 2 ас. не ужыв.); перан. Выклікаць хваравітае адчуванне ламоты. Гуло, звінела ў галаве, і рэзкі, тугі боль ламаў паясніцу. Сачанка. / у безас. ужыв. Было так ціха, што ламала скроні. Мележ.

7. Разм. Запрашваць за што‑н. высокую цану. Калі якая баба і вынесе на рынак кухан або піражок.., дык ломіць за яго без .. сораму і сумлення. Мехаў.

•••

Ламаць галаву над чым — біцца над рашэннем якой‑н. задачы, якога‑н. пытання; старацца зразумець што‑н. Доўга трымаў .. [генерал] Сцяпанава на сваім камандным пункце. Ламаў галаву, што зрабіць з гэтым вісусам. Алешка. Ніколі .. [Лене] яшчэ не даводзілася так ламаць галаву над жыццёвымі пытаннямі. Няхай.

Ламаць (разыгрываць) камедыю — прыкідвацца перад кім‑н., крывадушнічаць.

Ламаць коп’і — спрачацца аб чым‑н.; з запалам адстойваць што‑н., змагацца за што‑н.

Ламаць рукі (пальцы) — аб жэсце, якім выражаецца вялікае гора, ўзрушэнне. — Што ж гэта будзе?.. — ламала сабе рукі маладзіца. Нікановіч.

Ламаць хрыбет каму — пераадольваць каго‑н. у барацьбе.

Ламаць шапку перад кім — уніжацца, ліслівіць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

лічы́ць, лічу, лічыш, лічыць; незак.

1. Называць лікі ў паслядоўным парадку. Лічыць да дзесяці. // Адмяраць такт (у музыцы, танцы, пры хадзе і пад.), называючы такты ці долі такта лікамі. «Раз-два, раз-два», — раздаваўся голас настаўніка фізкультуры.

2. Ведаць назвы і паслядоўнасць лікаў да пэўнай мяжы. Умець лічыць да ста. // Умець выконваць арыфметычныя дзеянні. Я ў школе вучуся, Я гальштук нашу, Чытаю, малюю, Лічу і пішу. Астрэйка.

3. што. Вызначаць колькасць, суму чаго‑н. Лічыць грошы. Лічыць пульс. □ Аднастайна гадзіннік Лічыць час на сцяне. Нядзведскі. // што і без дап. Рабіць якія‑н. падлікі, разліку адлікі. Ціха ён ідзе дарогай, Нібы лічыць кожны крок. Прыходзька. На стале ляжала куча срэбных рублёў. Усю ноч [дзядзька і цётка] лічылі і пералічвалі. Бядуля.

4. што і без дап. Зыходзіць у падліку з якой‑н. меры, нормы. [Калгаснікі] грошы лічаць тысячамі, а дабро — тонамі. А такіх у калгасе большасць, і за прыкладамі далёка хадзіць не трэба. Палтаран. // Прымаць што‑н. за пачатак адліку, вымярэння, вызначэння. Другое акно, калі лічыць ад вугла. □ Ад Лядцаў да Дабрадзееўкі каля чатырох кіламетраў, калі лічыць ад цэнтра да цэнтра. Шамякін.

5. каго-што. Прымаць у разлік пры вылічэнні, вызначэнні колькасці, велічыні каго‑, чаго‑н. Зарплата 100 рублёў у месяц, калі не лічыць прэміяльных. □ Аж пасля відаць — стаяць каровы! І нешта штук з пятнаццаць. Гэта калі не лічыць двух кароў Ванадысёвых. Чорны. // Прымаць пад увагу. Хто не хварэў душою за .. Савецкую ўладу? Няма такіх людзей! Няма, калі не лічыць гэтага п’яніцу і злодзея Міцьку Зайца. Шамякін.

6. каго-што. Расцэньваць якім‑н. чынам, успрымаць як‑н. Марынка разумела добрыя намеры бацькі і ўсё ж прычыну пераходу [на трактарны завод] лічыла не грунтоўнай. Хадкевіч. // Рабіць якія‑н. заключэнні; прызнаваць. Маці лічылі лепшай гаспадыняй. Гурскі. Раманенка правёў танкі праз балота, якое немцы лічылі непраходным для танкаў і гармат. Шамякін. // звычайна з дадан. сказамі. Думаць, меркаваць, мець думку наконт чаго‑н. Я лічыў, што ўвосень рыба ўжо не ловіцца. Ляўданскі. Лідзія лічыла, што тут, на выстаўцы, у гэтай цудоўнай лабараторыі чалавечага розуму, славы і вопыту, яна павінна не вучыць, а вучыцца. Дадзіёмаў.

•••

Варон лічыць — тое, што і варон страляць (гл. страляць).

Лічыць ні за што — зусім не лічыцца з кім‑н., не паважаць каго‑н., адносіцца з пагардай да каго‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сы́пацца, ‑плецца; заг. сыпся; незак.

1. Падаць (пра што‑н. сыпкае, дробнае або пра многія прадметы). Лоўка ходзіць моцны струг, Стружкі сыплюцца наўкруг. Дзеружынскі. Цяпер Ніна бачыць, што вугаль сыплецца ў паравоз з тэндэра. Арабей. Віця не паспеў апамятацца, як адчуў, што за каўнер сыплюцца валасы, а галаву прыемна казыча халаднаваты метал. Нядзведскі. // Асыпацца. Выбухі грымелі адзін за адным. Няспынна сыпалася лісце і хвоя. Шамякін. [Брыгадзір:] — Якая муха цябе ўкусіла? Сыплецца жыта, а ты [Аксіння] — дамоў. Вярцінскі.

2. Ляцець, разлятацца ва ўсе бакі (пра што‑н. сыпкае, дробнае або многія прадметы). Іскры вогненным дажджом так і сыпаліся ў .. [электразваршчыка] з-пад рук. Краўчанка. Сыпаліся разбітыя кулямі шыбы, ляцеў тынк і руды цагляны пыл. Грахоўскі. Пырскі ад нявысах[л]ай гразі і лужын градам сыпаліся навокал. Якімовіч. Сыпаліся іскры з каменя, а кнот не запальваўся. Кулакоўскі. / у перан. ужыв. Адзін момант Ядвіся памаўчала, як бы вельмі засмуціўшыся, але з яе вачэй так і сыпаліся іскры смеху. Колас. / Пра частыя, дробныя гукі. У травяністых нізоўях скрыпелі дзеркачы, у кустоў’ях сыпаўся адчайны салаўіны пошчак. Кірэйчык.

3. Ісці, выпадаць (пра часты, дробны дождж, снег і пад.). На шэрую прамёрзлую зямлю бязгучна і густа сыплецца першы снег. Брыль. Неба ноччу нізкае, чорнае, з яго сыплецца і сыплецца імжа. Пташнікаў. // Ліцца, цячы частымі, дробнымі кроплямі (пра слёзы, пот і пад.). [Ганну] ахапіў жаль, яна не мела сілы стрымаць слёз, якія сыпаліся з пачырванелых вачэй. Гурскі. Горача стала, буйныя кроплі поту сыпаліся з твару [Алёшкі]. Якімовіч.

4. перан. Ляцець, навальвацца ў вялікай колькасці на каго‑н.; паступаць у вялікай колькасці з усіх бакоў. З розных кірункаў у .. [танк] сыпаліся кулі. Мележ. Ішла калектывізацыя. Пастрэльвалі, выходзячы з лясоў, банды, сыпаліся з-за мяжы варожыя адозвы. Лужанін. // Бесперапынна або з усіх бакоў гучаць, чуцца. За .. [Янушэўскім] наўздагон сыплюцца моцныя слоўцы, смех. Якімовіч. Дзе толькі ..[Цвірка] з’яўляўся, сыпаліся жарты, чуліся смех і песні. Сяргейчык.

5. Разм. Разбурацца ў выніку выпадання нітак па абрэзаным краі (пра тканіну).

6. перан. Разм. Імкліва бегчы; ісці, ехаць і пад. у спеху. Тут нам відаць стала, як польскія коннікі пачалі высыпацца з лесу і сыпацца з узгорка ў лагчыну. Чорны. Квактуха з крыкам адступае, а за ёю сыплюцца кураняты. Брыль.

7. Зал. да сыпаць (у 1, 3 знач.).

•••

Манна з неба не сыплецца гл. манна.

Пясок сыплецца з каго гл. пясок.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)