шматгало́ссе, ‑я, н.

1. Адначасовае гучанне, спалучэнне ў вакальным ці інструментальным творы некалькіх галасоў; поліфанія. Купалу найбольш вабіла жывая традыцыя народнай паэтыкі з яе фальклорна-рамантычнай ідэалізацыяй, прыцягвалі шматгалоссе, музыка, мелодыка, асацыятыўна-вобразны лад песні, легенды, паэтычнага падання. Навуменка.

2. Разм. Бязладны шум, які ствараецца многімі галасамі, гукамі, што гучаць адначасова. Сярод кірмашовага шматгалосся чуліся песні сляпых жабракоў. Хомчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Кадры́ля ’танец з некалькіх фігур з цотным лікам пар, а таксама музыка да гэтага танца’ (БРС, ТСБМ; іўеў., Сцяшк.; Янк. 3.), кадрыль ’тс’ (беш., Касп.), кадры ’тс’ (Сцяц.), кадраль ’тс’ (Жд. 3), кадрель ’тс’ (Бяльк.), кадрэля ’тс’ (Шат.). Запазычана з рус. кадриль ’танец у чатыры пары’, відаць, праз гарадское асяроддзе, адносна распаўсюджання слова ў суседніх гаворках даных няма, ва ўкр. мове адзначана ў Лявіцкага. Рус. кадриль з франц. quadrille ’танец у чатыры пары’, рус. слова сустракаецца (у значэнні дзве пары ў танцы) у сярэдзіне XVIII ст. і запазычана, відаць, прыблізна ў гэты ж час.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лі́ра ’даўнейшы народны беларускі струнны музычны інструмент з клавішамі і корбай’ (ТСБМ, Маш., Яруш.), ле́ра, ле́рэя ’тс’ (ТС, Сцяшк., Бяльк.), рэля (БелСЭ, 6). Паводле Слаўскага (4, 276), запазычана з польск. мовы, у якой lira паходзіць з лац. lyra < ст.-грэч. λύρα ’ліра, лютня’. Формы ле́ра, ле́рэя, відавочна, звязаны з ням. Leier; яны маглі ўзнікнуць на польскай тэрыторыі (параўн. польск. lejer), а пасля ўступіць у кантамінацыю з ліра. Сюды ж лірнік ’вандроўны беларускі музыка-пясняр, які акампаніруе сабе на ліры’ (ТСБМ), ’цымбаліст’ (Яруш., Інстр. I), лірніцкія (песні) ’жабрацкія’ (светлаг., Мат. Гом.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

вясёлы, ‑ая, ‑ае.

1. Поўны радасці; жыццярадасны. Вясёлы настрой. Вясёлы характар. □ [Лейтэнант:] — Выключны быў таварыш, вясёлы хлопец, жартаўнік... Васілевіч. // Які перадае весялосць. Вясёлы твар. Вясёлыя вочы.

2. Які выклікае, нараджае весялосць, жыццярадаснасць. Вясёлы спектакль. Вясёлыя песні. □ Хутка песні і вясёлая музыка паланілі атрад. Лынькоў. // Светлы, яркі. Вясёлы ранак. □ Поезд хаваўся то пад кронай свежай яркай зелені, то імчаўся паміж вясёлых пералескаў. Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

расшавялі́ць, ‑вялю, ‑веліш, ‑валіць; зак., каго-што.

1. Шавелячы, змяніць становішча чаго‑н.; разварушыць. Расшавяліць вуголле ў печы. // Шавелячы, штурхаючы, вывесці са стану спакою; разбудзіць. Расшавяліць соннага.

2. перан. Абудзіць да дзейнасці, вывесці са стану вяласці, абыякавасці да навакольнага. Узварухнулі, расшавялілі, ускалыхнулі калгасны сход разумныя дакументы партыі. Бялевіч. — Бачу, прападае чалавек. Кругом музыка, а ён кісне. Думаю, пайду, расшавялю... Кудравец.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

самаву́чка, ‑і, ДМ ‑у, Т ‑ам, м.; ДМ ‑чцы, Т ‑ай (‑аю), ж.

Той (тая), хто навучыўся чаму‑н. самастойна, без сістэматычнага павучання, без кіраўніка. Бяляўскі быў здольны музыка і таленавіты кампазітар-самавучка, які як сведчыць аўтар кнігі, па-свойму выконваў славутыя паланезы. С. Александровіч. Дзядзька Нічыпар тым часам яшчэ з большым азартам паказваў свае здольнасці мясцовага самавучкі. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

танцава́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да танца (танцаў). Танцавальнае мастацтва. □ З рэпрадуктара лілася вясёлая танцавальная музыка. Шыцік. Хор праспяваў .. некалькі народных песень, а потым танцавалі «Лявоніху», «Крыжачок». Большасць было танцавальных нумароў. Сабаленка. // Прызначаны для танцаў. Разгалісты платан купчастым голлем прыкрываў усю танцавальную пляцоўку. Хомчанка.

2. Які мае адносіны да танцора (танцораў), звязаны з навучаннем танцораў. Танцавальная група. Танцавальны ансамбль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Тараба́н1 ’кош, сплецены з дранкі’ (Сл. Брэс.). Магчыма, ад тарабаніць2, гл.

Тараба́н2 ’барабан’ (Байк. і Некр.). Укр. тараба́н ’барабан; бразготка на шыю скаціне, што пасецца без дагляду’, рус. дыял. тараба́н ’барабан’, польск. taraban ’вялікі турэцкі барабан’. З тат. дараба́н ’барабан’ шляхам аглушэння пачатковага зычнага ў выніку дыстантнай асіміляцыі ўтворана бараба́н (Фасмер, 4, 20; ЕСУМ, 5, 517). Сюды ж тараба́н ’балбатун’ (Сцяшк. Сл.) як метафара або адваротны дэрыват ад тарабаніць1, гл.

Тараба́н3 ’музычны інструмент з 24 струнамі, які вісеў на грудзях; музыка надзяваў на пальцы адмысловыя кіпці і перабіраў струны’ (Варл.). Гл. тарбан.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

дынамі́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да дынамікі (у 1 знач.); звязаны з рухам, з дзеяннем сілы. Дынамічная тэорыя.

2. Багаты рухам, дзеяннем, унутранай сілай. Дынамічная музыка. Дынамічны вобраз. □ Наша партыя выходзіць з таго, што развіццё і ўзаемаўзбагачэнне культур народаў СССР, памнажэнне іх духоўных багаццяў — працэс дынамічны і няспынны. Машэраў.

•••

Дынамічная геалогія — раздзел геалогіі, які вывучае працэсы, што бесперапынна змяняюць састаў і будову зямной кары.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ляка́рства, ‑а, н.

Рэчыва, прэпарат для лячэння ці папярэджання хваробы. Лякарства ад прастуды. □ [Доктар:] — Паправіцеся, нічога страшнага няма. Я выпішу лякарства. Асіпенка. // перан. Тое, што памагае перажыць якое‑н. няшчасце, забыць што‑н. непрыемнае і пад. І хоць .. спагада была выказана без асаблівай ласкі, для дзядзькі Харытона яна — самае неабходнае і пажаданае лякарства. Бажко. Шырокая музыка лесу, дарог, самалётаў — ад стомы, сумненняў заўжды для мяне як лякарства. Рудкоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)