ры́са, ‑ы, ж.

1. Вузкая палоска, лінія. Правесці рысу.

2. Лінія (існуючая ці ўяўная), якая раздзяляе што‑н.; рубеж. Рыса пад’ёму ўзроўню вады. □ Сцяпан яшчэ раз з усмешкай зірнуў на мяне і прыцішыў ход: мы праязджалі гарадскую рысу, і наперадзе былі ўжо добра відаць прыгожыя дамы Зялёнага Луга. Ляўданскі.

3. звычайна мн. (ры́сы, рыс). Сукупнасць частак, ліній, якая стварае характэрнае аблічча (звычайна ў спалучэнні: рысы твару). Гэта быў каўказскага тыпу чалавек з рэзкімі рысамі твару. Новікаў. Здараецца, што бывае цяжка ўявіць дарагія рысы блізкага чалавека, калі вельмі хочаш гэта зрабіць. Шамякін.

4. перан. Прыкмета, асаблівасці якасць. Рысы характару. Рысы новага чалавека. □ Неабходна адзначыць такую важную рысу ў характарах герояў Кузьмы Чорнага, як жыццярадаснасць, аптымізм, захапленне жыццём. Кудраўцаў.

•••

Падвесці рысу гл. падвесці.

У агульных рысах — без падрабязнасцей.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паўкру́г, ‑а, м.

1. Палавіна круга. Чырвоны паўкруг сонца ўзнімаўся дзесьці там далёка-далёка, дзе відаць самы край небасхілу. Кавалёў.

2. Паўзамкнутая дугападобная лінія; тое, што мае форму такой лініі, размешчана па такой лініі; паўкола. Другім сваім паўкругам Гнілое балота ўпіралася ў Сухія груды. Колас. Калі левая гусеніца апісала паўкруг, Дзмітрый мімаволі прыціснуўся да спінкі сядзення. Беразняк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ланцуго́вы в разн. знач. цепно́й;

~вая перада́ча — цепна́я переда́ча;

л. мост — цепно́й мост;

~выя кара́лы — цепны́е кора́ллы;

~вая лі́нія — цепна́я ли́ния;

~вая рэа́кцыя — цепна́я реа́кция;

л. дробмат. цепна́я дробь

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

уя́ўны

1. (не существующий в действительности) мни́мый, вообража́емый; при́зрачный;

~ная небяспе́ка — мни́мая (вообража́емая, при́зрачная) опа́сность;

2. (представляемый теоретически) вообража́емый;

~ная лі́нія — вообража́емая ли́ния;

3. мат. мни́мый;

~ныя лі́кі — мни́мые чи́сла

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

*Ла́дачка, лун. падонка ’складка ў спадніцы, сукенцы’ (Шатал.), ладанкі ’зборкі’ (Мат. Гом.), ладка, латка ’тс’ (капыл., Сл. паўн.-зах.). Роднаснае з рус. наўг. лады ’клёпкі ў бочцы’, астрах, ’лінія сутыку дзвюх дошак у даўжыню; паз паміж імі’, рус. лад ’клавішы’, ’папярочныя парожкі на шыйцы балалайкі, бандуры, гітары і інш.’ Да лад (гл.). У выніку кантамінацыі з лексемай складка ў лад змяніўся род і канчатак.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Смуга́, дыял. сму́га́ ‘дымка, туман’ (ТСБМ; смарг., воран., Сл. ПЗБ), ‘ціна’, ‘нізкае месца; гразкае балота’ (віл., смарг., карэліц., гродз., іўеў., Сл. ПЗБ), ‘нанос пасля таяння снегу’ (віл., ашм., лаг., Сл. ПЗБ; Сцяшк. Сл.), ‘туман’; ‘копаць ад тытуню ў цыбуку’ (Шат.), ‘чорная плесня’ (Касп.), ‘самагон’ (Жд. 2), сму́га ‘імгла, туман; раса, шкодная збожжу’ (Байк. і Некр.), ‘паласа туману’ (стол., Нар. лекс.), ‘цёмная або светлая палоска на небе, пахмурнасць’ (ТС), ‘брудны налёт, паласа пены на вадзе’ (Жыв. сл.), ‘рудая вада на балоце’ (ЛА, 2), ‘смутак’, ‘вяршкі’ (Мат. Гом.), ‘брудная паласа на адзенні, на целе’, ‘мокрая вузкая нізіна’ (ТС), ‘непраходнае балота’, ‘няўдобіца на балоце’ (палес., падрабязна гл. Талстой, Геогр., 192 і наст.), смуг ‘паласа’ (ТС), ‘стаячая вада, забруджаная тванню’ (Сцяшк.), ‘гразь на траве пасля раставання снегу’ (Шатал.), ‘вузкая палоска зямлі’ (слонім., З нар. сл.), ‘паласа сенажаці’ (Тур.), ‘багністая пратока’ (лельч., Нар. лекс.), смужа́віна, смуга́віна ‘палоска на небе; пахмурнасць’ (ТС), сму́жнік ‘зараслі маладога лесу’ (ТС), смужня́к ‘гразкае балота’ (люб., Сл. ПЗБ), ‘невялікі хваёвы лес, які расце астраўкамі на балоцістых месцах’ (ваўк., Сл. ПЗБ), смужэ́ ‘багна, балота’ (Сцяшк. Сл.); ст.-бел. смуга, смугъ ‘вузкая і доўгая паласа зямлі; цясніна’ (Ст.-бел. лексікон), укр. сму́га ‘рыса; штрых; паласа’, рус. паўд. сму́га ‘пляма (напр., ад праса) у выглядзе паласы’, польск. smug, smuga ‘паласа; паласа поля, луга’, дыял. ‘балота’, каш. smug ‘вузкі вільготны лужок’, ‘стаячая вада; невялікая сажалка’, в.-луж. smuha ‘паласа, лінія’, н.-луж. smuga ‘тс’, чэш. šmouha ‘брудная паласа’, дыял. smuha ‘сухая паша’, ‘тс’, славац. smuha, šmuha ‘прадаўгаватая пляма’, славен. smúgaлінія, паласа’, серб.-харв. сму́га ‘від глебы; рачны нанос’, балг. дыял. сму́га ‘сцежка, след праз сенажаць або поле’. Прасл. *smuga/*smugъ ‘паласа, штрых, лінія’, ‘цёмная паласа на светлым фоне’ (Борысь, Etymologie, 219) роднаснае лат. smaugs ‘тонкі, стройны’, літ. sùsmauga ‘звужэнне’, ст.-ісл. smuga ‘паглыбленне, пралаз’, с.-в.-ням. sich smougen ‘туліцца’; гл. Фасмер, 3, 693 з літ-рай. Махэк₂ (562) ставіць пытанне аб магчымым раздзяленні значэнняў ‘паласа, лінія’ і ‘чорная пляма, паласа, бруд’. Шустар-Шэўц (1324–1325) аб’ядноўвае гэтыя значэнні і адносіць да і.-е. базы *(s)meu̯gh‑ ‘курыць’, зыходным пунктам для спецыялізацыі значэнняў было б ‘паласа, лінія, пляма, якая ўзнікла пад уздзеяннем цяпла, сонечнага свету і г. д.’. Борысь (563) узводзіць таксама да і.-е. *(s)meu̯g​h, але без дэфініцыі першаснага значэння праславянскага слова. Тады сюды ж і сму́глы (гл.), рус. сму́глый, укр. сму́глий, якія Фасмер (там жа) следам за Покарным (971) аддзяляе ад *smuga. Бярнар (Бълг. изсл., 341–342) узводзіць да кораня і.-е. *smeug‑/*(s)meuk‑, прадстаўленага ў ст.-слав. смъкати сѧ, што ад мъкнѫти ‘цягнуць, валачы’. Гл. таксама шмыгаць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

перадавы́, ‑ая, ‑ое.

1. Які ідзе, знаходзіцца наперадзе астатніх. Перадавая пазіцыя. Перадавая лінія. □ [Аляксей і Барыс] удала адолелі нічыйную паласу, мінулі перадавы заслон немцаў і, адпачыўшы трохі, рушылі далей. Васілёнак.

2. перан. Які стаіць вышэй за іншых па ўзроўню развіцця. Перадавыя метады працы. Перадавая тэхніка. Перадавая навука. // Які дасягнуў найлепшых паказчыкаў, поспехаў у працы. Перадавыя калгасы. □ Першыя дні работы паказалі, што ў бліжэйшы час брыгада будзе ў ліку перадавых. Грахоўскі. // Прагрэсіўны. Перадавыя ідэі. Перадавая літаратура. Перадавы друк. // Найбольш свядомы, ініцыятыўны. Перадавая моладзь вёскі.

3. у знач. наз. перадава́я, ‑ой, ж. Разм. Пярэдняя лінія абароны перад фронтам праціўніка; раён баявых дзеянняў. Падрыўнікі, раней чым з’явіцца ў штаб і далажыць аб выкананы задання, вырашылі завітаць па дарозе на перадавую. Шахавец. Чарняхоўскі разам з камдывам накіраваўся ў бок перадавой. Мележ.

•••

Перадавы артыкул гл. артыкул.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рубе́ж, рубяжа, м.

1. Граніца паміж чым‑н., мяжа чаго‑н. Станьце ж вы, хмаркі, над рубяжамі Нашых палеткаў, шнуроў. Колас. Вакол вёскі акопы, дзоты, драты. Ад усходу, звыш гэтага — вадзяны рубеж — спакойная, але глыбокая рэчка Вуша. Брыль. // перан. Грань, якая аддзяляе што‑н. адно ад другога. Той памятны вечар з’явіўся як бы нейкім рубяжом у жыцці Наташы. Краўчанка. На рубяжы лета і восені кароткая яшчэ ноч. Каваль. // перан. Вышэйшая, крайняя ступень чаго‑н.; мяжа. На загрузку самазвала патрабавалася паўмінуты. Гэта добра і многія лічылі гэта рубяжом. Лукша.

2. Дзяржаўная граніца. Савецкія Узброеныя Сілы зорка ахоўваюць свяшчэнныя рубяжы нашай Радзімы, стваральную працу будаўнікоў камунізма. «Звязда».

3. У вайсковай справе — лінія абаронных збудаванняў. Абаронны рубеж. □ Да вечара было адваявана паўгорада, уступлены рубеж быў вернуты, падпалкоўнік паспакайнеў. Мележ. // Лінія размяшчэння агнявых кропак. Агнявы рубеж.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Край1 ’канечная лінія, вобласць, мясцовасць’ (ТСБМ, Нас., Шат., Касп., Яруш., ТС, Кліх, Сл. паўн.-зах., Мал., Ян.), ’бераг’ (Федар.), ’кавалак’ (Грыг.). Укр. край, рус. край, ст.-слав. краи, балг. край, серб.-харв. кра̑ј, славен. kràj, польск. kraj, чэш. kraj, в.-луж. kraj, прасл. krajь, якое генетычна суадносіцца з krojiti (гл. кроіць) (Бернекер, 1, 605; Траўтман, 141).

Край2 ’вельмі’ (Мат. Маг., Яўс., Сцяшк., Юрч.). Гл. край1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тра́салінія на карце ці на зямлі, якая намячае кірунак’, ‘дарога, якая злучае два аб’екты, населеныя пункты’, ‘след трасіруючай кулі, снарада’ (ТСБМ). Праз польскую (trasa) ці рускую (трасса) мовы з нованям. Trásse ‘траса’, якое з франц. tracé ‘тс’ < tracer ‘намячаць, пазначаць калочкамі дарогу’, ‘пракладваць лыжню’, якое ўзыходзіць да нар.-лац. tractiare < tractare < лац. trahere ‘цягнуць’ (Чарных, 2, 258; Голуб-Ліер, 487; SWO, 1980, 772; ЕСУМ, 5, 623; Арол, 4, 96).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)