чарада́, ы́, ДМ ‑дзе́; мн. чаро́ды (з ліч. 2, 3, 4 чарады́), чаро́д; ж.

1. Рад аднародных прадметаў ці жывых істот, якія размяшчаюцца або рухаюцца адно за адным. У канцы бетаніраванай шашы стаяла чарада аўтобусаў. Хадкевіч. Чыгунку пераразала дарога, і па ёй, здавалася, бясконцай чарадой цягнуліся калёсы, пешаходы, прывязаныя да вазоў каровы. Мікуліч. Чароды навальнічных хмар Паўзлі наўпрост ад акіяна. Зарыцкі. / у перан. ужыв. Думак бясследна плыве чарада. Танк. І дзяцінства чарадой гадоў Праляцела воблакам стракатым. Аўрамчык.

2. Статак, гурт свойскай або дзікай жывёлы. Па вуліцы ў хмары рудога пылу ішла з пашы чарада кароў. Грахоўскі. Немцы прыгналі.. у мястэчка статак кароў, дзве чарады свіней і авечак. Навуменка. А то часам, утоптваючы снег, пройдзе цёмнай лютаўскай ноччу чарада галодных ваўкоў. Ігнаценка. // Група жывёл, птушак, рыб аднаго віду, якія трымаюцца разам. Людзі пачалі махаць птушкам рукамі, падняўся крык, што аж з асін зляцела чарада спалоханых галак. Карпюк. Ад чарады кнігавак зноў адлучыліся дзве, залёталі над імі, закружылі. Місько. Такія мясціны [водмелі] чароды акунёў часта наведваюць у пошуках корму. Матрунёнак. // Разм. Натоўп, гурт (людзей). У хату ўваходзіць Батура з гармонікам, за ім чарада хлапцоў і дзяўчат. Крапіва. Цэлая чарада дзяцей сустрэла.. [Хвядзька] на дарозе яшчэ далёка за Некрашамі. Лобан.

3. Чарга. На мех кабета села, Чакае чарады [у млын]. Калачынскі. Доўгія чароды жанчын стаялі ля донарскіх пунктаў. «Звязда».

4. у знач. прысл. чарадой (‑ою). Адзін за другім; бесперапынна. Касцы ідуць то грамадою, То шнурам цягнуць, чарадою, То паасобку, то па пары. Колас. Плывуць па Дзвіне чарадою плыты, Мінаючы ўзгоркі, лясы, балаты. А. Александровіч. Дні міналіся за днямі, Адплывалі чарадой. Броўка.

•••

Сваёй чарадой — незалежна ад каго‑, чаго‑н., як звычайна (ісці, разгортвацца).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тапі́ць 1, таплю, топіш, топіць; незак.

1. каго-што. Сілай апускаючы ў ваду, прымушаць ісці на дно; затапляць. Тапіць сеткі. // Губіць, сілай пагружаючы ў ваду. У сям’і павага ў нас мужчынам: Дзед тапіў дзянікінцаў у Доне, Бацька ўзводзіў горад на Амуры, Брат старэйшы штурмаваў Берлін. Гілевіч. Вятры,.. замятайце варожых салдат, Ім вочы сляпіце, ім кроў ледзяніце, Гасіце агонь іх праклятых гармат, Эскадры Макартура ў моры тапіце!.. Танк.

2. Пагружаць у сябе што‑н. Раз’езджаная дарога тапіла калёсы. Гартны. // перан. Ахутваць, пакрываць што‑н. З поўначы вецер, палярны і быстры, Топіць у сцюдзёнай імгле Пецярбург... Танк.

3. перан.; каго. Разм. Губіць, выдаючы, абгаворваючы і пад. каго‑н. — А ты будзеш на паноў старацца ды людзей тапіць? — не сцярпела Аўгіня. Колас. [Вера:] Я павінна стаяць убаку і спакойна глядзець, як чэснага савецкага чалавека гоняць нягоднікі. Не, выбачайце! Крапіва. Тут на полі людзі расказалі Кірылу пра Віткоўскага, як ён немцам лізаў боты і, каб выслужыцца, тапіў сваіх людзей. Гурскі.

4. перан.; што. Заглушаць пры дапамозе чаго‑н. (пачуцці, думкі). Бацька папер падсвінкаў на падворак, сагнаў на іх злосць і пачаў тапіць сваю крыўду ў працы. Карпюк.

•••

Тапіць у крыві — жорстка распраўляцца з кім‑, чым‑н.

Тапіць у лыжцы вады — ставіць каго‑н. у безвыходнае становішча.

тапі́ць 2, таплю, топіш, топіць; незак., што.

Награваючы, рабіць мяккім, вадкім; расплаўляць (пра рэчывы, якія лёгка плакацца). Тапіць воск. Тапіць волава. // Вытопліваць або ператопліваць (масла, сала і пад.). Тапіць здор.

тапі́ць 2, таплю, топіш, топіць; незак., што.

1. Выкарыстоўваць якое‑н. паліва, каб прывесці паравоз у рух. І паравозы тут топяць не вуголлем, а др[о]вамі. Сабаленка.

2. Разм. Тое, што і паліць ​1 (у 2 знач.). — Тапі печ, — загадаў Птах гаспадыні. — Грэй ваду... Навуменка. [Ульяна] тапіла грубку, глядзела, як развальваецца торф на гарачы прысак. Гаўрылкін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шэ́рань, ‑і, ж.

1. Белыя рыхлыя крышталікі, формай падобныя на сняжынкі, якія нарастаюць пры значным марозе і тумане на галінах дрэў, дроце і пад. Ляжыць зямля ў адзенні белым, І дрэвы ў шэрані стаяць. Колас. За акном — пабеленае шэранню голле яблыняў. Рылько. У шэрані былі гарадскія скверы, тэлеграфныя слупы, правады. Бялевіч. // Тонкі слой крышталяў лёду, якія ўтвараюцца на паверхні зямлі і прадметах на ёй пры рэзкім пахаладанні. У тыя дні, пасля ласкавага веснавога сонца, раптам пекануў мароз і ўкрыў шэранню траву, што пачала была весела зелянецца на грудах. Лецка. Зямля пакрылася шэранню, пасівела і чакала, калі сонца паднімецца вышэй і кіне промні на палі, лугі, дарогі. Федасеенка. // Ападкі ў выглядзе снегу. Уперадзе была ўсё тая ж снежная шэрань; не сціхаў вецер. Кандрусевіч. Калі ўжо сталі падкошвацца ногі і хлопец спалохаўся, што ўпадзе, побач з снегавой мітуслівай шэрані выплыў нейкі чорны скальны абломак. Быкаў. // Туман з халодным дробным, у выглядзе пылу, дажджом; імжа. У мокрай шэрані ледзь-ледзь вырысоўваліся будынкі Старыцы. Хадкевіч. [Сцяпан] убачыў сцірту, асеўшую, але яшчэ ладную і падобную на аграмадны хлебны бохан, бярозы ў жоўтым восеньскім убранні, якое скрозь шэрань дажджу выдавала рудаватым. Савіцкі. // Смуга выпарэнняў у халодную сырую пагоду. У маразы.. [неба] часцей цямнее, лілавее, пакрываецца шэранню. Карпаў. Над балотамі мяккай нерухомай шэранню рассцілаўся туман. Пестрак.

2. перан. Сівізна. Змізарнеў [Гаруноў], твар выцягнуўся, на скронях прабілася шэрань. Дуброўскі.

3. Змрок, цемра. Пасярод двара, насупраць студні, над якой у перадранішняй шэрані чарнее высокі журавель, стаяць калёсы. Навуменка. Пад сховаю начной шэрані брыгада хутка набліжалася да фронту. Мележ. Жаўтавата-белы сноп святла ад фары разразаў лёгкую шэрань ліпеньскай ночы, выхопліваў з яе прысады. Асіпенка.

4. Шэрая афарбоўка чаго‑н.; шэрасць. Сонца не відно, недзе заблыталася ў аднастайнай шэрані хмар. Гамолка. Вунь сярод саламянай шэрані стрэх вылучаецца бляха школы. Сабаленка. / у перан. ужыв. Толькі на ростані ўявілася яму [Ігнасю] цалкам уся шэрань будзёншчыны, з усімі сваімі цяжкасцямі і горам. Мурашка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ту́паць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Разм. Стукаць, біць нагой (нагамі) аб зямлю, падлогу і пад. У вагон тым часам заходзілі людзі, гулка тупалі ў парозе, аббіваючы снег, вешалі на кручкі сеткі з абаранкамі, батонамі. Адамчык. Жанчыны тупаюць на месцы, угінаюць галовы, каб схавацца ад ветру. Асіпенка. — Не сядзі вельмі, а тупай, пакуль можна, — ціха параіў .. [бацька] мне, — каб ногі адразу не настылі. Кулакоўскі. // Ствараць тупат, стукат чым‑н. Гулка тупаюць падбітыя тоўстымі цвікамі падэшвы. Грахоўскі. // Учыняць тупат, стукат, выяўляючы пачуцці злосці, нязгоды, нездавальнення і пад. [Юзя:] — Тупае [Антось] на .. [Авяліну] ботамі, злуе і ўсё-такі гладзіць па галаве. Бажко. Настаўнік доўга тупаў, крычаў, гарачыўся. Якімовіч.

2. Разм. Хадзіць. — Садзіся, сынок, садзіся, — прасіла .. [маці] і ўсё тупала і тупала па хаце, ні па міг амаль не спыняючыся. Савіцкі. Баба Васіліса тупае ад загнетка, дзе яна налівала настой, да палка, да малога крыкуна. Паўлаў. Свякруха, крэкчучы і вохкаючы, марудна злазіць з печы, доўга ў прыцемках каля ложка шукае чаравікі, запальвае лямпу і, нарэшце, тупае ў сенцы. Мележ. З таго дня, як .. [Толік] пазнаў смак прастору і сонца — вочы хочуць смяяцца, а ножкі — тупаць і тупаць. Брыль.

3. Біць капытамі аб зямлю (пра каня і пад.). Тупае нагою конь буланы, — Стаяць не хоча. Чарот. Глуха тупае капытамі конь. .. Ляскочуць калёсы. Сачанка. На падворку яшчэ тупаюць коні. Гарэцкі.

4. Разм. Танцаваць, скакаць. Самы спрытны і фарсісты Выйшаў, тупае з прысвістам Ля красуні маладой. Ляпёшкін. У хаце яшчэ тупалі дружкі і сваты, на вуліцы гаманілі і спявалі. Мікуліч.

5. Даглядаць каго‑, што‑н., займацца кім‑, чым‑н. Ад непрывычкі .. [маці] моцна стамлялася: не так яно і проста — тупаць цалюткі дзень ля гарачых катлоў. Даніленка. Генадзь Кузьміч тупаў у невялікім калідорчыку каля пліты. Паўлаў. Гэты фурманшчык больш, як усе, тупаў каля свайго каня, як прыехалі ў карчму. Чорны. // Увіхацца каля каго‑н. з якой‑н. мэтай, дагаджаць. Ды, відаць, каля яе [Агаты] Тупаў я няўмела, Пайсці замуж за мяне Яна не схацела. А. Александровіч. Кастусь усё тупаў ля Ладымера Стальмаховіча: яму занадта хацелася, каб гэты стары чалавек пажыў яшчэ ў калгасе. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

трэ́сціся, трасуся, трасешся, трасецца; трасёмся, трасяцеся; пр. тросся, трэслася; незак.

1. Часта рухацца туды і назад; хістацца, калаціцца. Лісце шумела і трэслася па ветры. Чорны. Дрэвы паміраюць, як салдаты, Што бароняць зоры ад свінца: Не трасуцца пад пілой зубатай, А стаяць, прамыя, да канца. Цвірка. Асіны трэсліся і, як пляткаркі, шапацелі. Дзяргай. Цяжкія вілы зноў пачынаюць трэсціся над шэрай раллёй, і сябра мой, Жарпак, гудзе — прыдумвае найлепшыя пажаданні ўсім панам, праз якіх мы тут апынуліся. Брыль. // Адчуваць дрыжыкі (ад холаду, ліхаманкі, страху і пад.). Танк быў такі цяжкі, што зямля дрыжала пад ім, і Ганначка па плоце трэслася, як верабей на галінцы. Хомчанка. // Часта, сутаргава ўздрыгваць, калаціцца (пра рукі, ногі, цела і пад.). Валодзя заўважыў, што Анатоль змяніўся з твару і яго рукі нервова трасуцца. Федасеенка.

2. Моцна дрыжаць, калаціцца, хістацца. Выбух!.. Гулка трасуцца абшары. Калачынскі. Затое, калі пераставаў гусці трактар і трэсціся малатарня, Юрка мог адзін адваліцца на салому на малатарні, спакойна ляжаць, не кратаючыся, і глядзець у неба. Пташнікаў.

3. Разм. Сварыцца, калаціцца. Яны [вада, агонь і вецер] ўступілі трое У спрэчку між сабою, Крычаць, шумяць, трасуцца Ды за чубы бяруцца. Дзеружынскі.

4. Хістацца, падскокваць, едучы па няроўнай дарозе. Ехалі, трэсліся па каляіністай дарозе доўга. Навуменка. Буйвалы павольна ішлі наперад, арба трэслася і скрыпела. Самуйлёнак. Калёсы трасуцца па камяністай дарозе, барабаняць. Скрыган. // Ехаць неахвотна, без жадання куды‑н., далёка куды‑н. Сёння мы павінны .. трэсціся на гэтую нараду дваццаць кіламетраў на грузавой машыне. Васілевіч. Зноў будзеш мокнуць пад дажджом, трэсціся ў кузавах спадарожных машын, дрыжаць ад начнога холаду, засынаючы дзе-небудзь у полі, на абярэмку саломы, якую толькі што адкінулі ад малатарні. Шашкоў.

5. перан. Хвалявацца за каго‑, што‑н. [Яўхім:] — Не памірае і не памрэ. І няма чаго тут трэсціся ды кідацца на ўсіх!.. Мележ. // Берагчы што‑н., ашчадна расходаваць. Страх перад голадам, нястачаю прымушаў .. [Андрэя] трэсціся над кожнай бульбінай, над кожным сухаром. Капусцін. Жывуць Раманюкі ў дастатку, але над кожнай капейкай трасуцца. Савіцкі.

6. Разм. Няўмела або абы-як танцаваць. Злавалася .. [Марфа] і за тое, што Ромацка толькі тросся.., а хораша ісці танец не хацеў, ды, мабыць, і не ўмеў. Кулакоўскі.

•••

Паджылкі трасуцца гл. паджылкі.

Трэсціся за сваю шкуру — баяцца за сваё жыццё, дабрабыт і пад.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падня́ць, падніму, паднімеш, падніме і падыму, падымеш, падыме; пр. падняў, ‑няла, ‑няло; заг. паднімі і падымі; зак., каго-што.

1. Узяць, падабраць што‑н. з зямлі, падлогі і пад. Некалькі баравікоў упала з кошыка. [Міколка] падняў іх, старанна абцёр ад пылу, палажыў назад. Лынькоў. [Пніцкі] падняў некалькі камянёў і вынес іх з-пад бараны на дарогу. Чорны.

2. Змагчы ўтрымаць каго‑, што‑н. цяжкае, аддзяліўшы ад зямлі, падлогі і пад. Падняць гіру. Падняць штангу. □ Раман Аўсейчык, Цішка Гулак, Сцёпка і Мікіта паднялі зруб [калодзежа] і панеслі. Колас. // перан. Асіліць, справіцца з чым‑н. [Сцяпан Гаўрылавіч:] — Аднак буйнага маштабнага твора ніхто яшчэ не стварыў. От я і ўзяўся. Трэба падняць гэты некрануты цалік. Васілёнак.

3. Перамясціць знізу ўверх. Узяў [госць] дзіця на рукі, прытуліў да сябе, падняў яго высока на руках, пачаў усміхацца, забаўляць. Чорны. Хлопчыкі паднялі ўгору свечкі і ўважліва агледзелі тупік. Арабей. // Перамясціць уверх, адкрываючы доступ для каго‑, чаго‑н. Падняць заслону сцэны. // Загнуць уверх край таго, што можа апусціцца. Другі [незнаёмы] падняў крысо світкі, выняў кашалёк. Чарнышэвіч.

4. Перавесці ў вертыкальнае становішча, адкрываючы або закрываючы што‑н. Падняць капот аўтамашыны. □ Хлопец падняў каўнер, затуліў твар казытлівай цыгейкай. Кандрусевіч. // Падаць стаячае становішча таму, што ўпала на бок, перакулілася. У адным месцы сыпаў воз трапіў у глыбокую выбоіну і перакуліўся.. Паднялі [сын з бацькам] воз і паехалі далей. Якімовіч. // Перавесці з нахільнага становішча ўверх (пра галаву, вочы і пад.). Перамагаючы страх, пані Свідэрская падняла галаву. Паслядовіч. Моцны вецер кінуў у шыбы прыгаршчы дажджу, шкло тоненька зазвінела, і Алаіза падняла вочы ад газеты, глянула ў акно. Арабей.

5. Прымусіць устаць, зрушыць з месца. Праціўнік не здолеў зноў падняць сваіх салдат у атаку і пачаў адступаць. Гурскі. [Салдат] закурыў і сцішыўся.. Нарэшце нецярплівасць падняла яго з месца. Ён пайшоў у адну з бліжэйшых хат. Чорны. // Прымусіць устаць з пасцелі, разбудзіць. [Апанас Фаміч:] — Вячэраць і — спаць, сябры! А то заўтра мяне і стрэлам не паднімеце. Ракітны. // Успудзіўшы, выгнаць адкуль‑н. На адной палянцы [сабака] падняў зайца. Ваданосаў. // Прымусіць узняцца. Падняць пыл. // перан. Натхняючы, схіліць да якога‑н. актыўнага дзеяння. [Лясніцкі:] — Бачыў, як людзі рвуцца ў бой?.. Наша справа падняць іх, ускалыхнуць, арганізаваць на барацьбу... Шамякін. [Атаманавіч:] — Народ у нас харошы, толькі спяваць нешта развучыўся. Дык ты моладзь, моладзь падымі. Паўлаў.

6. Пачаць якое‑н. дзеянне (у спалучэнні з назоўнікамі, якія выражаюць дзеянне або вынік дзеяння). Падняць крык. Падняць смех. □ Такі стук паднялі [салдаты], што народ пачаў збягацца. Лынькоў. Становішча было вельмі вострае — адзін неасцярожны крок, і паліцэйскі падніме трывогу. Новікаў. // Узняць, узбудзіць (пытанне, справу і пад.). Я не падняў і не вырашыў ніякага пытання і нічым тут не крану чалавечай душы. Скрыган.

7. Зрабіць вышэйшым. Падняць падмурак. Падняць узровень вады. // перан. Выгадаваць, выхаваць, паставіць на ногі. Як бы там ні было, а Чэслічыха дзяўчынку падняла. І трэба сказаць, што яшчэ і не кожная ў нас кабета за родным так глядзіць, як старая за гэтай дзяўчынаю. Савіцкі. // перан. Зрабіць больш значным у чыіх‑н. вачах і пад. Пан Зыгмусь стараецца падняць свой аўтарытэт.., і гэта яму лёгка ўдаецца. Колас. — Добра, Сяргей, гаворыш, — сказаў .. [дзед]. — Калгасніца трэба ўсюды высока падняць. Брыль.

8. Павялічыць, павысіць. Падняць ураджай. Падняць цану. // перан. Зрабіць больш бадзёрым (настрой, дух і пад.). Гэты ліст надта ўзрадаваў Алёнку, ажывіў, падняў яе настрой, выклікаў цэлы рад новых пытанняў у сувязі з грамадскаю работаю. Колас.

9. Наладзіць, палепшыць што‑н. запушчанае, заняпалае. Падняць гаспадарку. □ Перажылі мы гора-ліхалецце, З руін паднялі вёскі, гарады, Найлепшы лад будуем на планеце. Жычка.

10. Узараць (папар, цаліну і пад.). [Адам:] — Купіў каня, калёсы, а плуга і бараны няма! Конь ёсць, дык няма чым зямлю падняць. Нікановіч.

11. перан. Разм. Перагледзець, шукаючы чаго‑н. [Смаляк:] — Які шафёр прывозіў [жыта]? [Кіран:] — Чужы, не ведаю. «Трэба будзе накладныя ў бухгалтэрыі падняць, — падумаў Смаляк, — і па накладных устанавіць». Ермаловіч.

•••

Падняць (узняць) вочы — глянуць на каго‑, што‑н. [Дзяўчына] ператасавала тоўстую калоду пісем, падняла на яго вочы і развяла рукамі. Адамчык.

Падняць (узняць) галаву — стаць бадзёрым, смелым, упэўненым. Як прыйшлі былі палякі, Скуратовіч падняў галаву. Чорны.

Падняць (узняць) голас — рашуча выказаць сваю думку.

Падняць (узняць) меч — пачаць вайну, пайсці супроць каго‑н. За адвечную крыўду і слёзы меч паднялі і бацька, і сын... Кляшторны.

Падняць (узняць) на ногі — а) прымусіць устаць з пасцелі, ложка і пад.; б) выгадаваць, давесці да самастойнасці. [Агапа:] — Пакуль выгадавала.. [дзяцей], падняла на ногі, цяжка было. Чарнышэвіч; в) усхваляваць, прымусіць трывожыцца, непакоіцца. Гарэлка падыме на ногі ўсіх трэстаўскіх багоў. Ён ўчыніць ім такое пекла, якога сам Люцыпар не зазнаў. Вышынскі.

Падняць на смех каго-што — высмеяць каго‑, што‑н. Кожны хацеў бы адпачыць, але было няёмка прызнацца ў гэтым. Яшчэ падымуць на смех. Асіпенка.

Падняць (узняць) на штыкі — закалоць, забіць штыком.

Падняць (узняць) руку на каго-што — зрабіць замах на каго‑, што‑н.

Падняць (узняць) сцяг — пачаць барацьбу за што‑н., у імя чаго‑н.

Як падняць — пра што‑н. цяжкае, важнае. І кнігі ўсё былі тоўстыя, вялікія, як падняць. Дамашэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

стаць, стану, станеш, стане; зак.

1. Ступіўшы на якое‑н. месца або куды‑н., спыніцца; размясціцца ў вертыкальным становішчы. Стаць на прыступку. □ Данік не пайшоў да студні. Ён толькі стаў каля плота і пазіраў на Міколу — ужо з захапленнем у заплаканых вачах. Брыль. / З азначальнымі словамі, якія падкрэсліваюць асаблівасці гэтага дзеяння. Стаць прама. □ Не паспеў камандзір абвесці вачыма строй, як усе матросы сталі да яго бліжэй на два крокі — плячо ў плячо, дужыя, абветраныя, суровыя. Б. Стральцоў.

2. Падняцца на ногі, устаць. Дапамагчы хвораму стаць на ногі. □ Расце дзіцятка неўзаметку. На ногі пробуе сам стаць. Колас. / Са словамі, якія называюць частку цела, што з’яўляецца апорай пры такім становішчы. Стаць на рукі. Стаць на пальчыкі. □ З гэтага дня мы пачалі з нецярплівасцю чакаць, калі шчаня расплюшчыць вочы і цвёрда стане на ножкі. Бяганская. О, мядзведзь сваю ролю ведае, ролю смешную ў камедыі — стаць пацешна на заднія лапы, па-старэчаму станцаваць. Рудкоўскі. // Падняцца, задрацца ўверх (пра валасы, шэрсць). Валасы сталі тырчка на галаве ў Куляша. Шамякін.

3. Узяцца за якую‑н. работу, распачаць якую‑н. дзейнасць, звязаную са знаходжаннем на нагах. Стаць за станок. □ Мароз выйшаў павольна, стаў за трыбуну, узяўся абедзвюма рукамі за яе краі і зірнуў на заднія рады. Лобан. // Наогул пачаць працаваць. «Дык ты ўжо ста-аў на работу ці не?» — спагадліва пыталася гаспадыня. Кулакоўскі.

4. Запыніцца, спыніць рух (пра чалавека, жывёлу, калёсы і пад.). Міхал Тварыцкі стаў на адным месцы. Чорны. Ды раптам стаў на месцы конь. Смагаровіч. Калі дарога пачала падымацца ўгору, гняды стаў. Чарнышэвіч. Падводы сталі — уперадзе была рэчка. Капыловіч.

5. Перастаць працаваць, дзейнічаць (пра механізмы, заводы, фабрыкі і пад.). Сівец цяпер за сталом ля сцяны даставаў галавой аж да ходзікаў. Андрэй убачыў, што ходзікі сталі. Пташнікаў. [Здэховіч:] Я вам [сялянам] выпасу не дам — ваша скаціна падохне, вы не дасце бульбы — мой бровар стане. Вітка. // перан. Перастаць развівацца, рухацца наперад; спыніцца. Увесь базар сабраўся, і гандаль усякі стаў. Тарашкевіч доўга расказваў, праўду рэзаў. Янкоўскі. На дзень станеш — на два адстанеш. Прыказка. / у паэт. ужыв. Наша сэрца — не стане — шматмільённа яно. Кляшторны.

6. Замерзнуць (пра раку). Назаўтра мароз хоць і памацнеў крыху, але яго моцы яшчэ не хапала на тое, каб надзейна стала рака. Кулакоўскі. Сож стаў летась позна, а снег лёг яшчэ пазней: нешта ажно на Новы год. Карамазаў.

7. З’явіцца, падняцца над зямлёй, гарызонтам. Туман стаў над рэчкай. □ У поўдзень, як стане сонца над самай галавой, рэйкі награюцца так, што па іх боязна ступіць босай нагой. Навуменка. / Пра хмары. Ой вы, хмары, што вы сталі? Што вы неба нам заслалі? Колас. // Пастаць, наступіць (звычайна пра пагоду, поры года). — Адліга стала на дварэ, цёпла, — сказаў Астап, падаючы старому руку. Чорны.

8. Часова размясціцца дзе‑н. (на адпачынак, пастой, стаянку). Наехалі уланы-палякі Да сталі на пастой... Чарот. [Афіцэр:] — Што ж, ёсць вада і паша, Дык станем на папас. Лужанін. // Зняць кватэру, пакой у каго‑н. Валя зразумела гэтую недарэчнасць адразу і хацела стаць на кватэру там, у Сябровічах, але дырэктар МТС і старшыня калгаса запратэставалі. Шамякін. Стаў на кватэры ў старэнькім ашаляваным доміку, у пажылых гаспадароў-пенсіянераў... Далідовіч.

9. перан. Падняцца для барацьбы з кім‑н., на абарону чаго‑н. Я не знаю большай чэсці, Як святы доўг чэсна несці — Стаць на абарону. Колас.

10. перан. Заняць якую‑н. пазіцыю ў адносінах да каго‑, чаго‑н., прытрымлівацца якіх‑н. поглядаў, ацэнак. Перад панам тым з Канева Смела дзеўка стала. Купала. Сцёпка стаў на грунт крытыкі, каб хоць гэтым насаліць «комплексам». Колас. У канцы месяца лютага Зосю выклікалі ў суд стаць за сведку. Чорны.

11. Памясціцца, размясціцца на якім‑н. месцы (пра прадметы). Шафа тут не стане.

12. Узнікнуць, з’явіцца. Дзе была адна пустыня — Елкі ды бярозкі, — Поле будзе, пушча згіне, Стануць хаты, вёскі. Купала. // Напаткацца, паявіцца перад вачыма і пад. Але вось вялікі шэры будынак пошты стаў на рагу і засланіў сонца. У яго цяні адразу адчуўся непрыемны зімовы халадок. Каршукоў.

13. Адбыцца, здарыцца, зрабіцца. Матуля выпраўляла Нас да бацькоў сваіх: — Каб тут чаго не стала, Пабудзьце ля старых. Гілевіч. Як гэта стала з табою, мой дружа, як гэта стала, Як адбылося, што сёння не ўспомніў ты, дружа, Дзе цябе маці з хаты ў свет выпраўляла. Кірэенка. // перан. Ператварыцца, набыць новыя якасці. Ён і яна не агледзеліся, Як дарога сцежкаю стала. Куляшоў. Хто кажа, што мы пастарэлі? Мы сталымі сталі, мы проста душой падабрэлі. Панчанка. Двор, ціхенькі даволі, Бязлюдны ў час такі, Люднеў, люднеў паволі І стаў як вір ракі. Калачынскі. / у безас. ужыв. Яна [Марына] ўсе выплакала слёзы, Але не стала ёй лягчэй. Колас. Нідзе стала добра на душы, яна хадзіла з дзяўчатамі і многа-многа балбатала. Лобан. Шуру стала сумна, нечым цяжкім сцяло грудзі. Ставер.

14. Заступіцца за каго‑н. [Спорык:] — Я за таварыша стану заўсёды! Брыль.

15. Замяніць каго‑н. у чым‑н. Ну а за бацьку стаў дзядзька Чужы мне І свой, бо да цёткі прыйшоў прымаком. Прыходзька.

16. безас., каго-чаго (толькі з адмоўем). Перастаць існаваць, памерці. Пяць год мінула, Як цябе [Я. Купалы] не стала. Астрэйка. Жыў чалавек па свеце, пайшоў не па той дарозе, заблытаўся, і не стала яго. Ваданосаў. // Знікнуць. Калі вады не стала, паспрабаваў дастаць са студні, як гэта рабіла маці, але не змог. Няхай. Калі бомба забіла цёцю Веру, тады не стала і школы. Лынькоў. Путаў няволі не стала, — Скінуў працоўны народ. А. Александровіч.

17. безас. Хапіць. Я чытаў новы рукапіс маладога аўтара. Цікавы. І вельмі баяўся: стане яму матэрыялу на чарговую рэч? Лужанін. Гэта здарэнне, гэты агнявы пацалунак панны Ядвісі напоўніў .. [Лабановіча] шчасцем, і яму здавалася, што гэтага шчасця стане надоўга. Колас.

18. Ужываецца ў саставе выказніка ў значэнне зрабіцца кім‑, чым‑н. Стаць матэматыкам. □ І чаму не стаў я лесніком, Лес мой, брат мой... Быў бы я тваім замком І тваёю брамай. Пысін. Я гляджу, і здаецца; расплачуся я: Вось якой прыгажуняй ты [настаўніца] стала! Гілевіч.

19. Выкарыстоўваецца ў саставе дзеяслоўнага выказніка ў значэнні дзеяслова «пачаць». Тут жа ля воза [Васіль] уткнуў кассё ў мяккую зямлю, трымаючыся моцна рукой за тупы край касы, стаў мянташыць. Мележ. Міколка стаў наразаць хлеб на стол. Лынькоў.

•••

Валасы сталі дыбарам (дыбам) гл. волас.

Ні стаць ні сесці — так цесна, што няма дзе павярнуцца.

Стаць валам — выступіць дружна, усёй грамадой.

Стаць ва ўладзе (на чале ўлады) — атрымаць уладу, пачаць кіраваць дзяржавай, узначаліць.

Стаць (перайсці) на бок каго — далучыцца да чыёй‑н. думкі, заступіцца за каго‑н.

Стаць на вахту — пачаць самааддана працаваць у гонар чаго‑н.

Стаць (стаяць) на дарозе чыёй, у каго (на шляху чыім, у каго); стаць (стаяць) папярок дарогі каму — перашкодзіць (перашкаджаць) каму‑н. у чым‑н. (звычайна ў дасягненні якой‑н. мэты).

Стаць на дыбкі — рэзка запярэчыць. [Андрэй:] — Старшыня калгаса стаў на дыбкі, як дачуўся. «Вазьміце, кажа, двух другіх за яго аднаго». Цэніць, бачыш, цябе. Пальчэўскі.

Стаць на калені — пакарыцца, падпарадкавацца каму‑н.

Стаць на лыжы — пачаць хадзіць на лыжах.

Стаць на (сваё) месца — прыйсці ў парадак.

Стаць на ногі — а) зрабіцца самастойным; узмужнець; заняць нейкае месца ў грамадстве і пад. — Нам палягчэе жыць, старым: Кандрат наш стаў на ногі. Смагаровіч; б) паправіць свае справы. — Дадзім каня, сусед! Дадзім! А Абмяркуем. На ногі станеш спакваля... Бялевіч. [Кірыла:] — Гэта нялёгка дасца, але мы ў сілах хутка стаць на ногі. Гурскі; в) паправіцца пасля хваробы. Неўзабаве .. [партызанка] стала на ногі і пачала рыхтавацца да звароту ў партызанскі атрад, у родную Беларусь. Дудо.

Стаць на свой хлеб — пачаць самастойнае жыццё.

Стаць на ўлік — зарэгістравацца ў спісах якой‑н. арганізацыі.

Стаць на чаргу — уключыць сябе ў спіс асоб, якія атрымліваюць што‑н. у парадку чарговасці.

Стаць на шлях чаго, які — пачаць дзейнічаць або развівацца ў пэўным кірунку.

Стаць на якар — тое, што і кінуць якар (гл. кінуць).

Стаць слупам — здранцвець ад нечаканасці; спыніцца ў нерухомасці.

Стаць сцяною — выступіць дружна, усе як адзін.

Стаць у позу — знарок заняць неапраўданую пазіцыю (у спрэчцы, вырашэнні якога‑н. пытання і пад.).

Стаць у строй — зрабіцца працаздольным.

Стаць у тупік — трапіць у безвыходнае становішча; збянтэжыцца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ста́віць, стаўлю, ставіш, ставіць; незак., каго-што.

1. Прымушаць або памагаць каму‑н. устаць, заняць дзе‑н. месца стоячы. [Маці] часта мяне ставіць на зямлю і рукавом выцірае свой твар. Бядуля.

2. Размяшчаць, умацоўваць што‑н. вертыкальна. Ставіць кнігі ў шафу. Ставіць лесвіцу да сцяны. □ Скіба .. садзіцца на прызбу і ставіць каля сябе вінтоўку. Крапіва. // Падстаўляць што‑н. Пад .. [галіну] звычайна Апанаска ставіў аж тры рагулі — падпоркі. Даніленка.

3. Прызначаць на якую‑н. работу, прапаноўваць рабіць што‑н. [Шэмет:] — Трэба старых ставіць на буртоўку. Яны ўмеюць. Лобан. Калі .. [Тварыцкага] пачалі ставіць кіраваць якой-небудзь работай, ён у першыя часы чуў сябе нядобра. Чорны. — Вы ж .. самі, памятаеце, казалі, што самых лепшых жанчын, камсамолак трэба ставіць на вырошчванне лёну. Сабаленка. // Назначаць на якую‑н. пасаду, месца. [Міхал:] — Пра ўсё гэта, што ты [Акцызнік] балбочаш тут, каму трэба — ведаюць. Райком ведае. І калі на старшыню мяне ставіў — ведаў. Пташнікаў.

4. Размяшчаць на якой‑н. пазіцыі (для абароны, нагляду і пад.). На векавой сасне .. ставілі наглядчыкаў па чарзе. Лынькоў. // Раскватароўваць дзе‑н., у каго‑н. Хадзіць у школу штодня за дзесяць кіламетраў далёка .. І таму ўсіх дубровенскіх вучняў бацькі ставяць на кватэры. Васілевіч.

5. перан. Ствараць для каго‑н. якія‑н. абставіны; прыводзіць у якое‑н. становішча. [Сухадольскі:] І нашто ты ставіш мяне ў няёмкае становішча? Крапіва. Пісьменнік ставіць герояў у вельмі складаныя абставіны. «Маладосць». // Рызыкаваць кім‑н. Але тым часам .. [Кравец] думаў пра тое, ці варта ставіць амаль усю сям’ю пад небяспеку і ці варта адразу ж усё гаварыць пра заданне. Кавалёў.

6. перан. (пераважна ў спалучэнні са словамі «высока», «нізка», «нараўне» і пад.). Адносіцца да каго‑, чаго‑н. якім‑н. чынам, лічыць, расцэньваць каго‑, што‑н. якім‑н. чынам. Панам Длугошыцу, Дэмбіцкаму і іншым панам не дужа спадабалася, што Галініч ставіць на адну роўніцу польскі народ з беларускім. Колас. А яшчэ .. [Тадора] ненавідзіць Юзікавы кнігі, што праз гэта ён вунь як нясе сябе; разумнейшым за яе сябе ставіць. Крапіва. Нават сам пан ляснічы Канстанты Сянкевіч ставіць .. [дзеда Юрку] высока як паляўнічага і рыбака. С. Александровіч.

7. Устанаўліваць што‑н. для абслугі, для якога‑н. дзеяння. Ставіць тэлефон. □ Мы ходзім з ім [Алесем] да рэчкі І ставім перамёты ў вір. Куляшоў. На дарогах рабілі завалы, капалі равы, ставілі міны. Ваданосаў. // Перасоўваць стрэлкі на пэўны час. Ставіць гадзіннік на сем. // Прыкладваць, накладваць і пад. да якой‑н. часткі цела з лячэбніца мэтай. Ставіць гарчычнікі. Ставіць тэрмометр. Ставіць банькі. □ Зуб сам ужо і не баліць, але ўрач кажа, што пломбу ставіць яшчэ рана. Хадановіч.

8. Расстаўляць па пэўнае месца, у пэўным парадку. Ставіць посуд на стол. Ставіць машыну ў гараж. □ Магутныя пад’ёмныя краны даставалі вялізныя скрыні з карабельных трумаў і ставілі іх на чыгуначныя платформы. Шамякін. // Накрываць на стол, падаваць для яды. Параска адразу ж пачала ставіць на стол снеданне. М. Ткачоў. [Дзед Сымон:] — Стаў вячэру нам, Агата! Абышлі мы ўсе сады. Бялевіч. // Гатаваць чай у самавары. Ставіць самавар. // Разм. Частаваць (звычайна спіртным). — Некалі я вам ставіў, а цяпер вы мне павінны паднесці, — як дзеля адчэпкі кінуў бабам Зазыба. Чыгрынаў.

9. Размяшчаць якім‑н. чынам, надаваць чаму‑н. патрэбную, пэўную позу. Салдаты .. пачалі ставіць людзей у вялікую чаргу, падводзіць іх да століка. Лынькоў. [Бабулі] балюча было бачыць, як нехта другі рабіў усё тое, што гадамі рабіў яе сын — мазаў колы, ставіў у аглоблі неслухмянага каня ці засупоньваў хамут. Ракітны. Богут ставіць вус угору І растае ад той хвалы. Колас. // Прызначаць для пэўнай мэты. Ставіць кабана на адкорм.

10. Рабіць метку, знак і пад. на паверхні чаго‑н. Калі прыходзіла машына з поўным кузавам, дзяўчына ставіла ў сшытак кропку насупраць яе нумара. Кавалёў. / у перан. ужыв. Мы [моладзь] другія ставім вехі: Камунізм гудзе нам рэхам І паказвае шляхі. Колас. // Рабіць адбітак па чым‑н., дзе‑н., пісаць, рысаваць, падпісваць што‑н. Ставіць пачатку. Ставіць дату. □ Маша прыносіць газету і гаворыць: — Во навіна якая! Мы будзем ставіць подпісы пад Адозвай за мір. Шамякін. Аддаўшы Палуяну-солтысу падатак,.. [мама] ставіць на паперцы тры крыжыкі, ды і то нейкія крывыя. Брыль. // Выстаўляць (адзнакі вучням). Ставіць пяцёрку ў дзённік.

11. Арганізоўваць, наладжваць. Тэхніка цяпер у нас ёсць, кадры спецыялістаў таксама ёсць — па навуковы грунт ставім справу. «ЛіМ». // Праводзіць, рабіць. Выраз «плавае, як корак» не заўсёды правільны. Гэта можа пацвердзіць любы акіянолаг, якому даводзілася ставіць розныя вопыты. Матрунёнак.

12. Будаваць, майстраваць. [Бацька] быў добры стальмах і цясляр, рабіў калёсы і сані, падушкі і ночвы, ставіў хаты і крыў стрэхі. Бялевіч. Некалькі цесляроў ставілі кроквы на той закончаны зруб, што яшчэ ўчора заўважыў Мікола, і адразу ж клалі папярэчыны. Краўчанка. // Устанаўліваць. Ставіць палаткі. □ Сонца яшчэ не зайшло, як камандзіры батарэяў гарматных разлікаў пачалі ставіць гарматы і тэлефаністы пацягнулі тэлефонныя правады. Чорны. Дзяўчаты і жанчыны капалі ямы, хлопцы ставілі слупы. Шамякін. // перан. Услаўляць, усхваляць. За братоў маіх Заходняй Беларусі стаўлю ў песні помнік Ладзімеру Шаху. Дубоўка.

13. Ажыццяўляць пастаноўку на сцэне. Ставіць оперу. □ Разам з рэжысёрам Лойтэрам я .. ставіў тры скетчы — «Рыбачка з узбярэжжа», «Сувязны», у якім удзельнічаў і як акцёр, і «Чароўны пірог». «ЛіМ». // Паказваць, дэманстраваць перад кім‑н. [Драздовіч:] — У даным выпадку гумар павінен быць вострым і даходлівым. Тым больш, што п’еса сацыяльна сатырычнага напрамку. Досыць таго, што яе ахвотна ставяць на вясковай сцэне. Машара. На заставу з Лонвы не ўсіх пускалі, але затое кожную суботу пагранічнікі прывозілі ў вёску гукавое кіно і ставілі дарма. Пташнікаў.

14. і без дап. У азартных гульнях — уносіць якую‑н. стаўку ў банк; рабіць стаўку на што‑н. [Чалавек:] — Дзівак. [Жыццё] — гульня ў ачко на вялікую стаўку. Ставіш на туза, а табе валет. Асіпенка. // Уносіць, прапаноўваў у якасці закладу (у час спрэчкі). — Расступіся! Пляц! — загаманілі госці, даючы месца для паядынку. А нехта выгукнуў: — Стаўлю на Лявона... Чвэрць! Ну, хто? На руках! Б. Стральцоў.

15. Вучыць правільнаму валоданню (голасам, дыханнем і пад.). Ставіць дыханне. Ставіць голас.

16. Высоўваць, выстаўляць, прапаноўваць (для разгляду, выканання і пад.). Прадаваў [Юзік] нават на ячэйцы гэта пытанне ставіць, каб мабілізаваць камсамольцаў [на стварэнне машыннага таварыства]. Крапіва. Апошняе пытанне ставіў на галасаванне Леапольд Гушка. Чорны.

17. У спалучэнні з некаторымі назоўнікамі абазначае: лічыць чым‑н., разглядаць як‑н. што‑н. Ставіць сваёй задачай. Ставіць у віну.

18. Нарыхтоўваць, складаючы якім‑н. чынам. Мы туды [у чарналессе] з бацькам ездзілі ўлетку ставіць шуркі дроў, і я трохі ведаў гэты лес. Сабаленка. І Ганьцы .. [Андрэй] можа прывезці сена, толькі яна ніколі не ставіць копы, а нясе траву ў пасцілцы і сушыць на двары. Пташнікаў. А на полі жніво... Залатыя снапы Людзі роўненька ставяць у мэндлі. Глебка.

•••

Ставіць дыягназ — вызначаць, устанаўліваць хваробу, характар захворвання.

Банькі ставіць — адцягнуўшы на жываце скуру, біць па ёй рабром далоні.

(Ні) у грош (капейку) не ставіць — не надаваць ніякага значэння каму‑н. або чаму‑н., адносіцца з пагардай, не лічыцца з кім‑н. або з чым‑н.

Ставіць да сцяны (сценкі) каго — расстрэльваць.

Ставіць знак роўнасці паміж кім-чым — лічыць зусім аднолькавымі, раўнацэннымі, падобнымі.

Ставіць (паставіць) кропкі (кропку) над «і» — а) удакладняць (удакладніць) усе дэталі, не пакідаць (не пакінуць) нічога недагаворанага; б) даводзіць (давесці) да канца, рабіць (зрабіць) свае вывады.

Ставіць (паставіць) кропку — канчаць (кончыць), спыняць (спыніць) якую‑н. справу.

Ставіць крыж на кім-чым — траціць усякую надзею на каго‑, што‑н., лічыць каго‑, што‑н. беззваротна згубленым, страчаным.

Ставіць на адну дошку — параўноўваць каго‑н. з кім‑н., што‑н. з чым‑н. у якіх‑н. адносінах.

Ставіць на від каму — рабіць заўвагу каму‑н. за што‑н.

Ставіць на калені каго — прымушаць выконваць волю, жаданні каго‑н. [Дывінец:] — А ты [Васількоў] у душу яму заглянь. Хто і для чаго працуе? Гэта ты ведаеш? А на калені мяне ставіш. Асіпенка.

Ставіць на карту — рызыкаваць чым‑н., спадзеючыся на якую‑н. выгаду, выйгрыш.

Ставіць на кон — рызыкаваць сваім жыццём.

Ставіць на сваім — дамагацца здзяйснення свайго жадання.

Ставіць пад абух — ствараць для каго‑н. складаныя ўмовы; падводзіць каго‑н. пад удар.

Ставіць пад удар каго-што — ставіць у небяспечнае, крытычнае становішча.

Ставіць палкі ў колы — тое, што і устаўляць палкі ў колы (гл. устаўляць).

Ставіць пытанне рубам — заяўляць, гаварыць прама, з усёй рашучасцю.

Ставіць рэкорд — дасягаць высокіх паказчыкаў у якой‑н. галіне.

Ставіць уверх нагамі — а) мяняць карэнным чынам, рабіць зусім другім, не такім, як было; б) рабіць беспарадак у чым‑н.

Ставіць у прыклад каго каму — заахвочваць каго‑н., каб той наследаваў каму‑н.

Ставіць у тупік каго — прыводзіць да непаразумення, разгубленасці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)