сартава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; незак., каго-што.
Размяркоўваць, адбіраць па сартах (у залежнасці ад якасці, памераў і пад.). Пасля абеду.. [Валі] захацелася схадзіць у дальнюю брыгаду — на пасёлак Вадапой, праверыць, як там сартуюць насенне льну. Шамякін. // Размяркоўваць што‑н. па якіх‑н. падобных прыкметах. Сартаваць пісьмы. □ [Маргарыта] праглядае і сартуе сукенкі. Скрыган. Тамара ўзялася сартаваць іх. Яна ўбачыла, што кніжкі трэба працерці ад пылу, і стала праціраць. Ермаловіч. // перан. Разм. Дзяліць па разрадах, прыводзіць у сістэму. Сартаваць успаміны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ска́лка, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.
1. Вельмі цвёрды камень, які выкарыстоўваюць для выкрэсвання агню; крэмень. [Сымон] па скалцы крэсівам чок! чок! і іскру ў губцы раздзімае. Колас. У часе свайго дзяцінства я бадай што не бачыў, каб хто распальваў агонь запалкамі. Усе мелі пры сабе скалку, крэмень, крэсіва і цэру. Дубоўка.
2. Тлушчавая кропля на вадзе, у страве. На паверхні [малака] — жоўтыя скалкі, як маленькія сонцы. Ермаловіч. А тлустая ж.. [капуста], з баранінай. Скалкі плаваюць наверсе. Калюга.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
хрыпата́, ‑ы, ДМ ‑паце, ж.
1. Сіпласць, адсутнасць чыстаты голасу. Толькі недалёка ціха булькала крынічка і да хрыпаты надрываўся недзе драч. Ваданосаў. У крыклівым голасе заўжды хрыпата будзе, ён не чысты. Сапраўдны паэт не крычыць. Галавач.
2. Хрыпенне, хрып. Спыняўся [сабака] на момант, каб набраць паветра ў лёгкія і ўцягваў яго з хрыпатою. Крапіва. Тут жа прабіў Шклянкаў насценны гадзіннік шэсць, без хрыпаты, чыста, быццам разумеючы, што на дварэ канец лютага і на парозе вясна. Ермаловіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
карэ́нне, ‑я, н., зб.
1. Карані (у 1–3 знач.). Улетку [людзі] збіралі грыбы і ягады, капалі карэнне і запасілі на зіму. Якімовіч. [У Альбіны] тут няма ні роду ні заводу, яе ўсё карэнне там, па той бок мяжы з паласатымі слупамі. Сабаленка.
2. Падземныя часткі некаторых раслін (пятрушкі, сельдэрэю і інш.), якія ідуць у ежу як прыправа.
3. Курыва, прыгатаванае са сцяблоў тытуню. — Насадзіць [бацька] тытуню, гарод увесь. .. А тады .. таўчы яму тое карэнне, пыл есць вочы і горла забівае. Ермаловіч.
•••
Пусціць карэнне гл. пусціць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пля́жыць, ‑жу, ‑жыш, ‑жыць; незак.
Разм.
1. што. Секчы; нішчыць. Пляжылі векавыя дубы, хвоі, ясені, бярозы, грузілі іх на машыны, падводы, тралявалі да чыгункі. Сачанка.
2. Біць. Пляжылі некалі молатамі ў кузні і бацька Шведзікаў і брат, ды мала ад таго было карысці. Даніленка. — Мяне толькі бацька пляжыў дубцом па лытках, калі часам у чужы сад заблуджуся, — прызнаўся Грэчка. Няхай.
3. што. Нішчыць, глуміць. — Не будзе больш жыта машынай пляжыць. Зара[чэцца] і дзесятаму закажа. Як далі на партыйным сходзе вымову... Ермаловіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
глуш, ‑ы, ж.
1. Густа зарослы ўчастак лесу. Перасяляюцца штодня з глушы Лясной К нам ліпы ў мінскія алеі. Астрэйка. Пайшоў мядзведзь па лесе, Далёка ў глуш залез.. Журба.
2. Аддаленае ад паселішчаў пустыннае месца. А раней тут была глуш. Шэсцьдзесят кіламетраў трэба было ехаць на балаголы, каб трапіць на адну з бліжэйшых чыгунак. Ермаловіч. // Аддалены ад культурных цэнтраў населены пункт; захалусце. Дзяцінства і юнацтва Змітрака Бядулі прайшлі ў вясковай глушы. Каваленка.
3. Позняя, глухая пара; цішыня. Глуш начы разлеглася шматвёрстая, Не чуваць гамонкі анідзе. Панчанка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
упа́рыцца, ‑руся, ‑рышся, ‑рыцца; зак.
1. Дайсці да гатоўнасці ў выніку парання. Буракі добра ўпарыліся. □ Выме [баба] чыгунок цёплай вады з печы, укіне пучок травы, пакрые чыгунок зверху скавародкай, каб лепш упарылася тое зелле. Паўлаў.
2. Спацець ад напружанай дзейнасці, цяжкай працы; вельмі стаміцца. Пакуль выкінулі гной з кароўніка ды пакідалі вазы, — упарыліся. Ермаловіч. — А няхай ты скісні! Замарыў мяне, аж лабаціна ўпарылася, — гаворыць Янка і выцірае хустачкаю лоб. Колас. [Ігнат Пятровіч:] — Не крой душы, Вася.. Дапамажы перанесці ў машыну рэчы. Упарыўся адзін... Шашкоў. // Узмыліцца. Упарыліся коні ад шпаркага бегу.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
дакла́д 1, ‑а, М ‑дзе, м.
1. Публічнае паведамленне на пэўную тэму. Справаздачны даклад. Даклад на міжнародную тэму. Чытаць лекцыі і даклады. □ Увечары ў клубе, пасля даклада, была мастацкая частка. Ермаловіч.
2. Вуснае ці пісьмовае афіцыйнае паведамленне кіраўніку, начальніку і пад. Маёр Раманенка хутка выскачыў яму насустрач з дакладам: — Таварыш палкоўнік!.. Палкоўнік махнуў рукою: «Не трэба». Шамякін.
3. Паведамленне аб прыходзе наведвальніка. — Прашу мяне не турбаваць і без даклада не ўваходзіць. Дубоўка.
дакла́д 2, ‑у, М ‑дзе, м.
Дадатковы матэрыял (падкладка, гузікі і пад.) для шыцця адзення, абутку.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
дыктава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; незак., што.
1. Вымаўляць, зачытваць што‑н. уголас з тым, каб слухачы (слухач) запісвалі. Дыктаваць тэкст пісьма машыністцы. □ — Я не хутка дыктую, вы паспяваеце запісваць? Краўчанка.
2. Загадваць, прадпісваць што‑н. для безагаворачнага выканання. Дыктаваць сваю волю. □ Укалола .. [Ельскага] графская пыха, што не можа дыктаваць .. ён, афіцэр, пан, шляхціц. Пестрак. // перан. Падказваць, пераконваць. Сам розум дыктаваў даць гэту паркалёвую хустку Марылі: ёй не прыйшлося мануфактуры, а хустка гэтая аставалася. Чорны. Ехаў Юрка дамоў з намерам правесці канікулы на беразе рэчкі. Аднак нейкая маўклівая праца розуму, унутранае пачуццё дыктавала зусім іншае. Ермаловіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
жы́лісты, ‑ая, ‑ае.
1. З выпнутымі жыламі, венамі. Выцяг[нуў]шы з каўняра абавераную жылістую шыю, Карпенка азірнуўся на пераезд. Быкаў. [Сцепаніда] села на крэсле, злажыўшы свае смуглыя жылістыя рукі на грудзях. Ермаловіч. // З вялікай колькасцю сухажылля (пра мяса).
2. Сухарлявы, мускулісты (пра чалавека, часткі яго цела). Кузня працавала амаль круглы год. У ёй жылісты і сухі, як яловы корч, Апанас Шведзік.. гахаў молатам. Даніленка.
3. Разм. Моцны, дужы, вынослівы. — Трэба будзе працы прыкласці, каб вярнуць зямлі даваенную сілу, урадлівасць. Палітая крывёю, яна высмакча і поту нямала... Але нічога, мы народ жылісты. Выцягнем. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)