сысці́, сыду́, сы́дзеш, сы́дзе; пр. сышо́ў, ‑шла́, ‑шло́; заг. сыдзі́; зак.

1. Ідучы, спусціцца ўніз. Па сходах [Рыгор і Пятрусь] сышлі моўчкі. Гартны. Комлік злосна махнуў рукою і сышоў з ганка. Карпаў. // Пакінуўшы сваё месца дзе‑н. наверсе, на ўзвышэнні, спусціцца на зямлю; злезці. Даям’ян сышоў на першы паверх, у капцёрку, пераапрануўся ва ўсё вайсковае, зірнуў у люстэрка і не пазнаў сябе. Лупсякоў. Ён [камбайнер] сышоў з свайго камбайна рады, Прывітаў з дажынкамі дзяўчат. Смагаровіч.

2. перан. Наступіць, распаўсюдзіцца, нібы спусціўшыся зверху (пра ноч, імглу і пад.). Дым наніз сышоў і лёг. Калачынскі. Калі сонца паднялося вышэй, на зямлю зноў сышла гарачыня. Мележ. // Кніжн. Авалодаць кім‑н., апанаваць, ахапіць каго‑н. (пра пачуцці і пад.). На яго сышоў спакой. □ Колькі ўспамінаў раптам сышло на .. [Алеся]. Броўка.

3. Выйсці, высадзіцца (пра пасажыраў). Сысці з трамвая. Сысці з поезда. □ [Лук’янскі] ўбіўся ў напханы салдатамі вагон і, стоячы, праехаў шмат станцый, сам не ведаючы, на якой з іх сысці. Чорны. Дзядзька развітаўся і сышоў на Завальнай вуліцы. На наступным прыпынку пакінуў аўтобус і я. В. Вольскі. Вялікая небяспека падпільноўвала Білі таксама і ў порце Стакгольма, дзе ён павінен быў сысці на бераг. Гамолка. [Бабейка] папрасіў Зараніка сысці разам з ім на ўскраіне вёскі, а брычку адправіў з Вольнай. Хадкевіч.

4. Пакінуць сваё месца, пераходзячы на іншае; звярнуць убок, адхіляючыся ад ранейшага шляху. Прыглядзеўся [Юзік] — нікога нідзе наўкол. Тады сышоў з месца і каля вішняку асцярожнымі крокамі пачаў ісці. Баранавых. Першы заўважыў атрад Дрозд. Ён скамандаваў усім сысці з дарогі ў лес. Хомчанка. У Андрэя аж замлелі ногі — доўга стаяў на адным месцы, выцягнуўшы ўгару рукі, — і ён сышоў з бруку. Пташнікаў. // Саскочыць, ссунуцца пры руху, не ўтрымаўшыся на чым‑н. Вагон сышоў з рэек.

5. Быць вырабленым, выйсці з вытворчасці. Тут людзі пракладваюць тракты Праз далі палёў і лясоў, А недзе мільённы ўжо трактар З канвеера ў поле сышоў. Прыходзька. Маторы працавалі без перабояў, нібы толькі што сышлі з канвеера. Шахавец.

6. Пайсці куды‑н. (звычайна на некаторы час). [Крамер:] — Як на ліха, няма дома жонкі, сышла да знаёмай. Навуменка. [Оля] адразу павяла Георгія за паварот, непакоячыся толькі пра адно, каб як мага шпарчэй сысці з калідора, дзе іх можа ўбачыць стары. Мележ. Ложкі ля сцяны былі пустыя. Значыцца, гэта ўжо не рана, калі Пляшкевіч і Мятліцкі сышлі некуды. Савіцкі. // Пакінуць месца жыхарства, работы. Так і не бачылі з таго часу дзеда. Сышоў у ноч і знік. Лынькоў. Восенню Даўгавус сышоў на заработкі і працаваў шэсць год. Лупсякоў. // Падацца куды‑н. у другое месца (пра жывёл і пад.). [Міхась:] — [Акуні], брат, сышлі цяпер на глыбейшыя месцы. Якімовіч.

7. перан. Разм. Памерці. [Маці:] Каторую ночку ты [Гэля] курчышся вось так на гэтай канапцы. Так жа і сысці можна. Губарэвіч.

8. Перастаць ставіцца ў тэатры, дэманстравацца ў кіно. У свой час па .. паэме [А. Александровіча «Напор»] калектыў тэатра імя Якуба Коласа ставіў спектакль, але ён вельмі хутка сышоў са сцэны, бо не атрымаў у гледача прызнання. «Полымя»,

9. Перастаць пакрываць якую‑н. паверхню, растаўшы, адпаўшы і пад. З сукенкі сышлі плямы. □ На дварэ яшчэ было холадна, хоць ужо снег сышоў і набліжаўся час палявых работ. Дуброўскі. Мора сышло, адступіла з тэрыторыі Беларусі далёка на ўсход і толькі ў раёне Прыпяцкага прагібу яно не здавала сваіх пазіцый. Чаркасаў. У лесе зноў трохі пасвятлела — хмары сышлі. Навуменка. // Знікнуць з паверхні, з твару і пад. Здзіўлена гляджу на рукі, з якіх сышлі мазалі. Караткевіч. / Пра загар, румянец і пад. За два дні [Севіна] шчака перастала балець, аблегла, але сінявата-жоўты колер не сышоў. Карпаў. Вірчэўскі ссутуліўся, нахіліўшы наперад галаву, чырвань з твару сышла, вочы моргалі. Хадкевіч. / Пра які‑н. выраз твару, усмешку і пад. Але ў хаце бацькаў голас памякчэў, з твару сышла пахмурнасць. Сабаленка. // перан. Быць сказаным, вымаўленым (пра словы). Адам зноў пачаў кідацца, і з .. языка яго некалькі разоў сышло імя Марыны. Чорны. // перан. Знікнуць, перастаць непакоіць (пра які‑н. фізічны стан, перажыванні і пад.). Тая горыч, што асталася на сэрцы пасля размовы з Хведаравай маці, амаль зусім ужо сышла і больш не трывожыла, не вярэдзіла сэрца. Савіцкі.

10. Разм. Прайсці, закончыцца, завяршыцца. Няма граніц, няма паноў — Сышло іх панаванне. Колас. І калі сышла вайна, у школу вярнуўся [Трахім] неахвотна. Мележ.

11. Разм. Ажыццявіцца, закончыцца паспяхова, шчасліва (пра справу, здарэнне і пад.). Экзамен сышоў добра. □ Апошні [сват] .. ўгаварыў спачатку Фёкліну маці, а затым і дачку прыручыў да маладога — мусіць, гладка сказаў, калі сышло ладам. Мыслівец. // Прайсці для каго‑н. бяскарна (пра ўчынкі, правіннасці і пад.). Першым чынам Пугача Запрашу, вядома. І Сыча і Крумкача Папампую дома. Бо калі б не ласка іх, Подпіс і пячатка — І паловы спраў маіх [Вераб’іных] Не сышло б так гладка! Гілевіч.

12. Разм. Аказацца прыгодным, дапушчальным і пад. Вядома, летам і пракарміцца лягчэй, і адзежына любая сыдзе. Калачынскі.

13. Разм. Быць прынятым за каго‑, што‑н. або прызнаным раўнацэнным каму‑, чаму‑н. Рэдка тады дзе было радыё ў вёсках, а спецыялістаў яшчэ менш. І таму Алесь сышоў, як ён казаў, за інжынера, ганарыўся гэтым. Ваданосаў. [Амелька] проста мог сысці за меншага Валінага брата. Якімовіч.

14. Выцечы, зліцца (пра вадкасць); выйсці (пра газ, пару і пад.). [Іван Іванавіч] адкручваў кран — чакаў, пакуль сыдзе з труб цеплаватая вада. Даніленка. Пшыкнула гармонь, духам сышла, над парванымі мяхамі клубы пылу ўзняліся. Лынькоў. // Знемагчы ад страты чаго‑н.; заліцца чым‑н. Падыходжу: Алеся!.. З лесу, раненая, прыпаўзла да сяла, Да сваіх... Тут памерла, крывёю сышла. Куляшоў. Дзяўчыне Лена паклала лубок .. Здавалася, трэба раўней і тужэй. Покуль зрабіла, аж потам сышла. Броўка.

15. Скончыцца, прайсці (пра тэрмін, час). Тэрміны ранняй сяўбы сышлі. □ Дзед Купрыян лічыць, што час Аўгініных прочак сышоў. Колас.

•••

Каб мне з гэтага месца не сысці — бажба. [Васіль:] — Няўжо вы [хлопцы] думаеце, што я хацеў, каб .. [Павел] .. [Даніка] ударыў? І не думаў, каб мне вось з гэтага месца не сысці! Брыль.

Сысці з вачэй — пайсці, знікнуць з поля зроку.

Сысці з дыстанцыі — у спорце — адмовіцца ад далейшага ўдзелу ў спаборніцтвах па бегу, гонках і пад.

Сысці з памяці — забыцца.

Сысці з рук — прайсці беспакарана, без непрыемнасцей.

Сысці на нішто — а) прапасці, знікнуць зусім, да канца. Гордая пастава .. [Лямэнта] сышла на нішто. Чорны; б) перан. страціць сваё значэнне.

Сысці са сцэны — перастаць існаваць, дзейнічаць.

Сысці ў магілу — памерці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

той, таго́, м.; та́я, той, ж.; то́е, таго́, н.; мн. ты́я, тых; займ. указальны.

1. Паказвае на асобу ці прадмет, якія знаходзяцца не перад вачамі, не побач, а аддалены ў прасторы і часе, як падобныя ім; проціл. гэты (у 1 знач.). На той бок вуліцы. □ З таго боку Прыпяці шыбуе човен. Колас. // Паказвае на адрэзак часу, які непасрэдна папярэднічаў гэтаму моманту або непасрэдна прымыкае да яго. Скуратовіча ў той дзень дома не было: апошнімі днямі ён нават часам і не начаваў дома. Чорны. Родная хата здавалася чужою. Часам цягнула паглядзець на яе, але гаспадар заўсёды бурчаў: — Што ты там забыў? На тым тыдні сходзіш. Асіпенка. // Паказвае на адрэзак часу, у які адбываецца што‑н. У тыя дні, мае сябры, Цямнелі грозна далі. Глебка. // Паказвае на адначасовасць якога‑н. дзеяння з іншым дзеяннем, пра якое гаворыцца ў сказе. І сапраўды: як мог знікнуць малы ў той час, калі ён натрапіў на пэўны след старэйшага брата, якога ён, відаць, шукаў? Якімовіч.

2. Паказвае на прадмет ці асобу, што вылучаецца з ліку іншых. Не спалі толькі тыя раненыя, у якіх балелі раны. Шамякін. Той вулачкі, дзе мы некалі жылі з мамай, ужо няма. Шыловіч. / у знач. наз. той, таго́, м.; та́я, той, ж.; то́е, таго́. [Рыгор] пацішэў крыху. Раней жа праз увесь век свой усё судзіўся то з гэтым, то з тым. Чорны. // Паказвае на адзін прадмет, асобу з двух або некалькіх падобных пры іх пералічэнні або супастаўленні (са словамі «гэты», «іншы» і пад.). Тым або іншым спосабам. З таго ці другога боку. □ [Палянцаў] думаў пра Таню, не пра гэту, што засталася пад дажджом на вуліцы гарадка з невыказным позіркам, а пра тую — далёкую, юную, якая каханнем сваім асвяціла, напэўна, усё яго жыццё... Ракітны. / у знач. наз. той, таго́, м.; та́я, той, ж., то́е, таго́, н. [Міхал:] — Хіба ён [пан] літасць, сэрца мае? Ўжо двух у службу запрагае: Адзін на рыбу — той у адборку... Колас.

3. Паказвае на які‑н. прадмет, асобу, пра якія гаварылася раней. — Мінск... — задумліва і задушэўна, як імя таварыша, вымавіў Сонцаў. — Хацеў бы я паглядзець, які той Мінск цяпер. Мележ. — Ці не знойдзецца ў вас сена прадаць хоць пудоў колькі? — запыталася .. [незнаёмая] .. — Дзе тое ў нас сена, — адказала Вера Мікалаеўна. Крапіва. / у знач. наз. той, таго́, м.; та́я, той, ж., то́е, таго́, н. (звычайна ў спалучэнні з узмацняльнай часціцай «і»). Ночка цёмная глядзела Ды цямнейшай стала, Адна зорка мігацела, І тая прапала. Купала. Падняўшыся на насочкі,.. [Таццяна] ўбачыла на адным возе Любу. Тая сядзела каля кулямёта і аб нечым паціху гаварыла з маладым партызанам. Шамякін. // Выкарыстоўваецца для ўказання на асобу, прадмет, якія прыводзяцца як прыклад да сказанага раней. Узяць хоць бы таго ж бацьку ці маці, якія ўвесь час раілі паступаць вучыцца.

4. у знач. наз. той, таго́, м. Паказвае на якія‑н. акалічнасці, падзеі, дзеянні і пад., пра якія ўжо ішла размова. Бацькі займаліся гаспадаркай, мяне нічога не прымушалі рабіць, а я таму і рада была.

5. Паказвае на вядомую ўжо асобу ці прадмет. Добрая дзяўчына тая Волька. □ [Нявідны] ведае і верыць у праўду новага ладу жыцця, таго ладу, за ідэалы якога змагаецца партыя камуністаў. Колас. Колькі таго дня было, а ўжо неўзабаве і вечар: падыходзіць тая невясёлая, але па-свойму адметная пара самых малых, зімовых дзён. Кулакоўскі.

6. Іменна ён, не іншы, гэты ж самы (звычайна ў спалучэннях «той жа», «той самы», «той жа самы»). Цераз тое ж сухое балота атрад Паўленкі адышоў у лес. Шамякін. Той самы завод з высокім чорным комінам глянуў на іх знаёмымі абрысамі. Тыя самыя дамы, тыя самыя баракі. Пестрак. Формы вышэйшай ступені параўнанняў прыметнікаў паказваюць, што данаму прадмету якасць ўласціва ў большай ці меншай ступені, чым іншаму прадмету, або таму ж самаму прадмету, але пры іншых абставінах ці ў іншы час. Граматыка.

7. Уваходзіць у састаў: а) складаных злучнікаў: «дзякуючы таму што», «з прычыны таго што», «да таго што», «да тых пор пакуль», «за тое што», «у той час як», «нягледзячы на тое што», «пасля таго калі» і інш.; б) словазлучэнняў, звычайна пабочнага характару, якія звязваюць розныя часткі выказвання: «апрача таго», «акрамя таго», «разам з тым», «між тым» і інш.

8. то́е, нескл., н. Выкарыстоўваецца як указальнае слова на мяжы двух сказаў, з якіх другі з’яўляецца тлумачэннем першага. — Вы да мяне? — адразу запытаў Галаўня. Сцяпан .. адказаў: — Да вас. Прыйшоў падзякаваць за тое, што падвезлі. Гроднеў. Віно мы залатое п’ём за тое, Каб і жыццё было век залатое. Панчанка.

•••

Больш таго гл. больш.

Гнаць на той свет гл. гнаць.

Загнаць (увагнаць, звесці) на той свет гл. загнаць.

За што купіў, за тое і прадаю гл. купіць.

І без таго — і так, і так ужо. Пачарнела і рака. Шточасна поўнячыся новымі водамі з палёў і лугоў, яна быстраю плынню падточвала і без таго кволы лёд. Краўчанка.

Ісці на той свет гл. ісці.

І ў той бок не глядзець гл. глядзець.

Калі на тое пайшло гл. пайсці.

Мала таго гл. мала.

На той час гл. час.

На тым самым месцы сесці гл. сесці.

Не без таго — бывае і так.

Не бываць таму гл. бываць.

Не з таго канца гл. канец.

Не з той оперы гл. опера.

Не на таго напаў (натрапіў, нарваўся) гл. напасці.

Не ў той бок глядзець (пазіраць) гл. глядзець.

Ні з таго ні з сяго — без яўнай прычыны.

Ні тое ні другое; ні тое ні сёе — пра каго‑, што‑н. няпэўнае, што не мае ярка выражаных уласцівасцей, асаблівасцей. Сапраўдны мужчына — заўсёды рыбак і паляўнічы. А ён, Андрэй, ні тое ні другое. Мехаў.

Няма таго, каб (з інф.) гл. няма.

Самы той! (іран.) гл. самы.

Тое-сёе; той-сёй; тое ды сёе — выкарыстоўваецца замест пераліку розных прадметаў, акалічнасцей і пад. На .. [Пятра] той-сёй паглядваў ужо з загадкавай усмешкай. Ракітны.

Той свет гл. свет.

Той ці іншы — хто-небудзь, які-небудзь.

Устаць не з той нагі гл. устаць.

У тым выпадку, калі... гл. выпадак.

Што будзе, тое будзе гл. быць.

Як на тое ліха гл. ліха ​1.

Як той казаў гл. казаць ​1.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)