насто́йка, ‑і, ДМ ‑стойцы; Р мн. ‑стоек; ж.
1. Спіртны напітак, настоены на ягадах або травах. Паставіць настойку. Вішнёвая настойка. □ Перакуліўшы добры келіх .. настойкі і смачна закусіўшы грыбамі, Сабастыян быў цяпер у тым добрым настроі, калі хочацца чалавеку марыць. Сабаленка.
2. Тое, што і настой (у 1 знач.). Ёдная настойка. Валяр’янавая настойка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
недабі́ткі, ‑аў; адз. недабітак, ‑тка, м.
Разм. Рэшткі чаго‑н. (часцей за ўсё — арміі, банды, групоўкі і пад.). Недабіткі фашысцкай аховы адыходзяць пад напорам сілы. Брыль. Слухайце вы, Недабіткі пыхлівыя, Вось мой рахунак, Бязмерная крыўды цана: Тысячы добрых сяброў маіх выйшлі б на нівы, Калі б не вы і не ваша вайна. Кірэенка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
недарава́льна, прысл.
1. Прысл. да недаравальны. Касцянок балюча перажываў.. прастой у такі час, калі калгасы зоны зноў, як і ў мінулым годзе, недаравальна зацягвалі сяўбу жыта. Шамякін.
2. у знач. вык. Не заслугоўвае прабачэння. [Чарняхоўскі:] — Вам даверылі важнейшую справу — разведку, лёс тысяч людзей, а вы, відаць, дастаткова не цэніце гэта... Разведчыку гэта недаравальна... Мележ.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
наго́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.
Прычына, выпадак. [Зімін:] З якой нагоды апладысменты? Губарэвіч. Я падзякаваў Рынальда і пажартаваў, што абавязкова выкарыстаю яго запрашэнне, калі ў мяне здарыцца нагода пабываць у Рыме. Краўчанка. Да вечара далёка, а тут выдалася такая нагода, што можна прайсціся па полі, пабыць на адзіноце са сваімі думкамі. Асіпенка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
плед, ‑а, М ‑дзе, м.
Прамавугольны кавалак грубай шарсцяной або паўшарсцяной тканіны, якая служыць пакрывалам. Ён, стары лорд, проста вось цешыцца скупымі ласкамі сонца, цеплынёй шатландскага пледа і гэтай утульнай і такой прыстойнай цішынёй галерэі. Лынькоў. Калі ж імжыла З нізкіх хмар, — Сялянскім простым пледам Захутваў плечы качагар Батрачцы з-пад Таледа. Багун.
[Англ. plaid.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
по́свіст, ‑у, М ‑свісце, м.
Асобая манера свісту; свіст. Ты чуеш посвіст? Гэта клічуць сябры нас. Машара. Рэдка калі пачуеш тут дапытлівы цокат вавёркі, вясёлы посвіст сініцы. Паслядовіч. // Пра свісцячыя гукі, якія суправаджаюць хуткі рух чаго‑н. У паветры не сціхаў посвіст куль, а неўзабаве пачулася яшчэ і выццё мін. М. Ткачоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
лайда́к, ‑а, м.
Разм. неадабр. Бяздзейны, варты пагарды чалавек; лодар, гультай. — Лёс .. [Гузоўскай] склаўся не зусім удала: муж — п’яніца, лайдак і дармаед. Скрыган. [Кустрэй:] — Ты глядзі, лайдак, калі яшчэ пусціш быка ў мой авёс, то я з цябе юху спушчу! Колас. — Ах ты, лайдак! Ах, вуж печаны! — на ўсю загарадзь грозіць баба Алімпа. Васілевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
лубя́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
Ручны кораб з дубу, бяросты для захоўвання, пераноскі, упакоўкі чаго‑н. Дзень за днём Марына змірылася з тым, што Мацвей хоча ехаць. І калі настаў той дзень, яна сабрала лубянку, перавязала яе раменьчыкам, каб вечка не адвальвалася, запрэгла каня і пад’ехала пад Некрашы. Лобан.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
про́цьма, ‑ы, ж.
1. Вялікае мноства, безліч. Пад добры год у глінішчы была процьма рыжыкаў. Васілевіч. На ўзмор’і народу — калі ні прыедзеш — процьма, кішмя кішыць. Гартны. З процьмы думак — Не вытканых кроснаў — Мне запомніўся узор — дзераза... Іверс.
2. Уст. Бездань, прорва. Цёмна ў вачах зрабілася, як бы ў бяздонную процьму [Юлька] паляцела. Бядуля.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыгрэ́бнік, ‑а, м.
Прыбудоўка перад уваходам у пограб, склеп. Тут былі такія будынкі: хаты з чырвонымі комінамі, клуні, хлевушкі, свіронкі і прыгрэбнікі з нізенькімі, да самае зямлі, стрэхамі. Колас. Чарнушка ўнёс з прыгрэбніка мех бульбы, уладаваў у задку. Мележ. А калі нарэшце [Валодзя] расплюшчыў вочы, дык убачыў над сабой трухлявую страху прыгрэбніка. Хомчанка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)