папе́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.
1. Памянш. да папера (у 1 знач.); кавалак паперы. Багата чаго застаецца на пуцях ад пасажырскіх цягнікоў — тут і паперкі ад цукерак, папяросныя каробкі. Лынькоў. Слова «там».. [Лёня] падкрэсліў дзвюма рыскамі, склаў паперку квадрацікам і перадаў Лідзе. Ваданосаў.
2. Разм. Памянш. да папера (у 2 знач.). У праўленне прыйшла паперка, што ў калгас прыедзе меліяратар. Кулакоўскі.
3. Памянш. да папера (у 3 знач.). Трэці [мужчына], доўгі, худы і пануры з зямлістым колерам твару, сядзеў над нейкаю паперкаю, углыбіўшыся ў чытанне, і рабіў сяды-тады ў ёй палеткі. Колас.
4. Разм. Асігнацыя. Дагэтуль Зося насіла ўвесь свой капітал у хустачцы, туга заціснуўшы вузлом і медзякі і паперкі. Брыль. Асташонак узяў у руку пяць сторублёвых паперак, нібы ўзважыў іх. Ваданосаў.
•••
Лакмусавая паперка — тое, што і лакмусавая папера (гл. папера).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыда́тны, ‑ая, ‑ае.
Такі, які мае патрэбныя для чаго‑н. якасці; прыгодны. Прыдатны для яды. Прыдатная для апрацоўкі зямля. □ Па яго [дзеда] выходзіла, што кожнае дрэва прыдатнае на што-небудзь адно: вось з гэта[й] сасны вокны б сухія былі. Мыслівец. Іван Маслуда сярдзіта накінуўся на Ігната: — А табе нечага пад’язджаць. Не да усякай справы прыдатны твае жарты. Лынькоў. // Які падыходзіць для каго‑, чаго‑н., адпаведны. Прыдатная кандыдатура. Прыдатны для работы час. □ Каб я зусім не заглух у вёсцы, сябры пачалі клікаць мяне ў Мінск, абяцаючы падшукаць прыдатную работу. Крапіва. Месяцы са два я не вылазіў з дому. Стукацеў на машынцы, кідаўся з кутка ў куток па пакоі, шукаючы прыдатнага слова. Сабаленка. // Здольны, здатны да чаго‑н., на што‑н. Дзед Сёмка маленькі, вяртлявы, Бародка як моху касмык, Прыдатны на смешныя справы. Вядомы дзівак-жартаўнік. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
чэ́рствы, ‑ая, ‑ае.
1. Які страціў свежасць, мяккасць, стаў цвёрдым, сухім. Чэрствая булка. □ Калі акраец хлеба браў ты Рукой шурпатай са стала, Скарынка чэрствая, як праўда, Тваім пасведчаннем была... Грахоўскі. На покуць, На шчаслівы стол Няхай пачэсна завітае Хлеб чорны Чэрствы, як падзол, І соль, Як ветразя світанне. Барадулін. // Закарузлы, зацвярдзелы; жорсткі. З громам і маланкай ходзяць хмары, І грукоча дождж па чэрствай глебе. Хведаровіч. У вятрах, у клубах пылу, у громе страпянецца чэрствая зямля. Вялюгін.
2. перан. Нячулы, бяздушны. Чэрствы чалавек. □ Жах агарнуў.. [Клаву]. «Чаму ніхто не ратуе.. [хворага Паўлоўскага], што гэта за чэрствыя людзі! Я памагла б ім ратаваць яго». Чорны. [Настачка] не хацела паказаць.. [слёз] сваёй чэрствай сястры. Ракітны. // Які сведчыць пра нячуласць, бяздушнасць. Чэрствае слова. Чэрствы позірк. □ І пэўна не скажа патомкам Радзіма, Што з чэрствай душою прыйшоў я на свет. Гілевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Лімянто́вы ’добры’ (Юрч. Фраз. 2). Не зусім яснае слова./Відаць, яго можна звязаць са ст.-бел. ляментацыя ’плач, элегія’ (з XVII ст.), ляменть ’лямант’, вылучыўшы для прыметніка значэнне ’спачувальны, спагадлівы’, якое змянілася ў ’добры’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Віхта́ ’вага ў студні з жураўлём’ (ДАБМ, 270). Няясна. Верагодна, аддзеяслоўнае ўтварэнне ад *віхтаць ’хістацца, качацца’, якое да віхаць з т устаўным у выніку экспрэсіўнага характару слова. Параўн. маг. віхто́вы ’скоры, рашучы, актыўны, энергічны’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Гапашы́ць ’трапаць лён’ (Сцяшк. МГ). Няяснае слова. Магчыма, звязана з дзеясловам *pachati. Параўн. вельмі шырокі дыяпазон значэнняў, напр., у рус. паха́ть (гл. у Даля), уключаючы ’рэзаць, крышыць і да т. п.’ (пахать хлеб, мясо).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ге́незіс ’генезіс’ (БРС). Рус. ге́незис, укр. ге́незис. Першакрыніца — грэч. γένεσις ’тс’. У рус. мове слова запазычана непасрэдна з англ. або ням. мовы. Бел. і ўкр. лексемы, відавочна, з рус. Параўн. Шанскі, 1, Г, 50.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Глабузда́ ’дурань, ненармальны чалавек’ (Сл. паўн.-зах.). Сл. паўн.-зах. параўноўвае гэта слова з літ. grabũzdas ’няўклюдны’. Але можна таксама меркаваць, што глабузда́ роднаснае слову гламазда́ ’няўмека, бесталковы чалавек і да т. п.’ (гл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Го́жы ’прыдатны’, ’прыгожы’, ’варты’ (БРС, Касп., Нас.). Усх.-слав. слова (параўн. рус. го́жий ’тс’, укр. го́жий ’тс’). Агляд матэрыялу гл. у Трубачова, Эт. сл., 6, 190 (праформа *godjьjь; вытворнае ад дзеяслова *goditi; параўн. гадзіць).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Няве́га ’няветлівы чалавек’ (круп., Макар.). Зыходнай магла быць форма тыпу рус. невежа ’цёмны, неадукаваны чалавек’ (< *ne‑vedja, гл. ведаць), тады канец слова перароблены ў выніку экспрэсіўнай дэпалаталізацыі з мэтай «агрублення», параўн. Сярога і Сярожа.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)