фалангі́ст, ‑а, М ‑сце, м.

1. Воін фалангі ​1 (у 1 знач.).

2. Член фалангі ​1 (у 3 знач.). Ніхто не ведаў, што Вежа патаемна выпісваў усе тыя кнігі, якія чытаў унук у Пецярбургу. Маладых дражнілі фалангістамі — дзед чытаў Фур’е. Караткевіч.

3. Член фалангі ​1 (у 4 знач.). Ва ўсім свеце быў непакой: з Іспаніі ішлі весткі, што фалангісты перамагаюць рэспубліканцаў. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ша́бельны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да шаблі. Шабельныя ножны. □ І дзеля яго [будаўніка] тут сабраліся тыя, Што некалі ў гэткім узросце, як ён, Ляцелі з Будзённым на схілы крутыя, На пікі густыя, пад шабельны звон. Гілевіч. // Узброены шабляй (шаблямі). Нехта знаёмы, знаёмы здалёк ідзе: Ці дожджыку кропля над заваддзю сіняй, Ці звонкае вяселле на высокім покуце... Ці шабельная ў мыльнай пене конніца. Куляшоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шпіёніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; незак.

Займацца шпіёнствам, шпіянажам. Прысутныя сыходзіліся на адной думцы, што хату-чытальню падпалілі тыя ліхаімцы з-за ракі, з тых фальваркаў, дзе хаваюцца кантрабандысты, якія засланы да нас з-за мяжы, каб шпіёніць і наводзіць жах на насельніцтва. Хведаровіч. // Разм. Падпільноўваць каго‑н. Асташонак рэзка ўзняў галаву: — А — аа, дык гэта ты за мной шпіёніш? Ваданосаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Арце́ль. З рус. артель, дыял. артиль < цюрк. Неверагодна думка Равінскага–Корта, а потым Фасмера, 1, 89, пра італьянскую крыніцу рускага слова. Слова артельный засведчана ў помніках сярэдзіны XVII ст. (Порахава, Лексика Сиб. летописей, 163, аднак даціроўка Порахавай з XVI ст. не падмацавана). Няяснай застаецца цюркская крыніца слова. Малаверагодна думка Міклашыча, Türk. El., 2, 137, які звязваў слова з цюрк. ортак ’агульны’, орталык ’таварыства’ і іншымі аднакаранёвымі. Дзмітрыеў, а за ім Трубачоў бачаць крыніцу ў тат.-башк. артил ’рэзерв’ (Дзмітрыеў, Строй, 563; Трубачоў, Дополн., 1, 89). Трэба ўлічыць яшчэ і магчымасць сувязі рус. артель з цюрк. дзеяслоўным коранем ерт‑, ӓрт‑ ’весці за сабой’ (Радлаў, Опыт, 1, 790), пашыраным станавым суфіксам ‑іл: артіл ’быць вядзеннем’, ці ’тыя, хто за кімсь ідзе, світа, суправаджаючыя’. З рускай запазычана слова артель у іншыя славянскія мовы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

асцяро́га, ‑і, ДМ ‑розе, ж.

1. Асцярожныя, далікатныя адносіны да каго‑, чаго‑н., выкліканыя бояззю пашкодзіць, патурбаваць. Я трымаў яе [Іру] у абдымках, пяшчотна, з асцярогай, як злоўленую маладую птушку. Пташнікаў. Падсунуўшыся блізка да Зосі, яна [Тэкля] з асцярогаю кранулася яе рукі. Гартны.

2. Ахоўныя меры, якія выкліканы неабходнасцю папярэдзіць непрыемную нечаканасць. Не палілі агнёў, нават цыгаркі і тыя з асцярогай хавалі ў рукаў. Шахавец.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гам 1, ‑у, м.

Тое, што і галас. Скрозь мітусню і гам Дзмітрый прабіўся на перон. Беразняк. Ну, а чайкі, дык тыя ўсюды адчуваюць сябе, як дома, усюды падымаюць шум і гам. Маўр.

гам 2, выкл. (часта ўжываецца з паўтарэннем «гам-гам!»).

Разм. Гукапераймальнае слова, якое мае значэнне есці.

•••

Сам не гам і другому не дам — сам не карыстаецца чым‑н. і другім не дазваляе.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дзіч, ‑ы, ж.

1. Тое, што і дзічына (у 1 знач.). Хоць дзядзька наш не паляўнічы, Ды меў ахвоту і да дзічы. Колас.

2. Разм. Глухое месца, глуш. У другое месца перабраўся — Яму уважыў пан ляснічы, І сеў Міхал у страшнай дзічы, Дзе лес адзін, хмызняк ды поле Ды ветру посвісты па волі. Колас. Я і сягоння адшукаць бы мог Сцяжынкі тыя ў дзічы дрыгвістай. Гілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

куламе́са, ‑ы, ж.

Разм.

1. Гразь, змешаная са снегам. // Мяцеліца, мокры снег. Мы крочым, не зважаючы на лужыны і снежную куламесу, не адчуваючы, што прамоклі па пояс, што нашы пінжакі і кашулі расхрысталіся. Кухараў.

2. перан. Неразбярыха, беспарадак. [Кунц:] І, ведаеце, калі я і забываюся часам на гэтую крывавую куламесу, якую мы называем вайной, то толькі ў тыя мінуты, калі гляджу на фота сваіх малых. Губарэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

манда́т, ‑а, М ‑даце, м.

1. Дакумент, які пацвярджае тыя або іншыя правы і паўнамоцтвы прад’яўніка. Дэпутацкі мандат. □ [Мілоўскі] заявіў, што ён хоча быць у ліку мабілізаваных [на харчразвёрстку], на што і атрымаў згоду. Як нарада скончылася, Мілоўскі ўзяў мандат і пайшоў дадому. Галавач.

2. Права кіраваць былой калоніяй Германіі або некаторай часткай тэрыторыі былой Асманскай імперыі, якое давалася Лігай нацый пасля першай сусветнай вайны краінам-пераможцам.

[Лац. mandatum — даручэнне.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пакалаці́ць, ‑лачу, ‑лоціш, ‑лоціць; зак., каго-што.

1. Калаціць, трэсці некаторы час.

2. Выкалаціць, акалаціць усё, многае. Пакалаціць снапы.

3. Разм. Зрабіць вобыск, шукаючы чаго‑н.; патрэсці. [Алімпа:] — Адкуль у мяне... тыя дакументы? — Давядзецца затрымаць, пакалаціць, — сказаў адзін з паліцаяў. Сабаленка.

4. Разм. Панесці ўдары, пабіць. Як бы.. [Сярожу] ні пакалацілі ў гульнях,.. маці і брат ні разу не пачулі ад яго скаргу ці стогн. Новікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)