Мех, міх, міех, мяшок, мішок, машок ’мех — мера, роўная 3–5 пудам’, ’сярэдняя частка невада’, ’сяннік’, ’кавальскі мех’, ’лічынка мурашкі’, ’непаваротлівы, нязграбны чалавек’ (ТСБМ, Нас., Булг., Грыг., Шат., Касп., Бяльк., ТС, Сл. ПЗБ, Тарн., Яруш., Бес., Сцяц.), мяшочак ’плавальны пузыр’ (нараўл., З нар. сл.). Укр. міх, рус. мех, польск. miech, палаб. mech, н.-, в.-луж., чэш. měch, славац. mech славен. mȇh, серб.-харв. ми̏јех, ме̑х, макед. мев, балг. мях, ст.-слав. мѣхъ. Прасл. měxъ ’аўчына’ > ’мех’. І.‑е. адпаведнікі: літ. maĩšas, лат. màiss ’мех’, літ. máisė ’раптух’, ст.-прус. moasis ’кавальскі мех’, магчыма, таксама ст.-інд. mēšá‑ ’баран, шкура’, mēšī́ ’авечкі’, авест. maēša ’авечка’, ст.-ісл. meiss ’кошык’, нарв. meis ’тс’, ст.-в.-ням. meisa ’прыстасаванне для ношы на спіне’, і.-е. *moisos (Бернекер, 2, 46; Брукнер, 311; Траўтман, 165; Фасмер, 2, 612; Махэк₂, 356; Скок, 2, 421; Бязлай, 2, 176; Шустар-Шэўц, 12, 896). Аб развіцці семантыкі гл. Аткупшчыкоў, Из истории, 201. Абаеў (Этимология, 1984, 13) выводзіць і.-е. *meiso.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Мі́лы, мі́лый, мэ́лы ’які выклікае прыемнае ўражанне’, ’абаяльны’, ’дарагі, любімы’, ’каханы’, мі́ленькі, мілю́сенькі, мілёхенькі, мілю́тэнькі, мілюхны́ ’тс’ (ТСБМ, Нас., Шат., Бяльк., Кліх, ТС, Сл. ПЗБ, Нар. Гом.), ст.-бел. милъ, милый ’любы, любімы, дарагі, вельмі блізкі, прыемны, паважаны’ (Булахаў, Гіст., 132). Укр. милий, рус. милый, мил, польск., н.-, в.-луж. miły, чэш., славац. milý, славен. mȋł, míla, серб.-харв. ми̏о/ми̏ла, ми̏ло, мак., балг. мил, ст.-слав. милъ. Прасл. milъ. Утворана пры дапамозе суфікса ‑lo‑ ад і.-е. *mei̯- ’сябраваць’ (як і mirъ). І.‑е. адпаведнікі: літ. míelas, mýlas ’мілы, шаноўны’, méilė ’каханне’, mylė́ty ’кахаць’, лат. mīļš ’мілы’, ст.-прус. mijls ’любы’, ст.-інд. máyas‑ ’радасць’, ст.-грэч. μείλιον ’прыемны падарунак’ (Бернекер, 2, 58; Мее, 413, 421; Траўтман, 174; Фасмер, 2, 622). Махэк₂ (363) услед за Р. Раскам выводзіць прасл. milъ са ст.-грэч. φίλος (< *bhilos) — неверагодна. Сюды ж мі́ласць, мі́лысьць ’велікадушнасць’, ’ахвяраванне, дар’, ’пачцівы зварот’, ’дабрадзейства для бедных і няшчасных’ (ТСБМ, Др.-Падб., Бяльк., Яруш.; КЭС, лаг.), брасл. мі́лосць ’ласкавасць’ (Сл. ПЗБ).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лік1 ’колькасць чаго-небудзь, паняцце колькасці’, ’лічба’, ’вынік гульні’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Янк. БП, Бяльк., Касп., Шат., ТС), маг. ’гандлёвая адзінка для верхаводкі, якая складаецца з 25 рыбак’ (Дэмб.). Укр. лік, рус. алан., смал., кур. лик ’лічба, колькасць’, Комі АССР ’многа’, ст.-рус. ликъ ’шмат’, ’хор’, польск. (з 1603 г.) lik ’лічба, лічэнне, колькасць’. Паўн.-слав. архаізм likъ утвораны ад дзеяслова ličiti > лічыць (гл.).

Лік2 ’твар, абрысы твару’ (Нас., ТСБМ), укр. лик, рус. лик ’твар, выява, ікона, адлюстраванне’, ст.-рус. ликъ ’тс’, славен. lȋk, серб.-харв. ли̑к, макед., балг. лик ’адлюстраванне, выява, вобраз, воблік, фігура’. Прасл. likъзах. і ўсх.-слав. мовах пазней яно замянілася ў lice ’твар, аблічча, шчокі’). Звычайна прасл. likъ параўноўваецца з ірл. lecco, н.-ірл. leaca, ст.-прус. laygnan (< *laiknan ’шчака’) — гл. Фасмер, 2, 495–496. Мартынаў (Лекс. взаим., 213–217) гаворыць аб пранікненні лексемы з прасл. у прагерм. у выглядзе lika, што Слаўскі (4, 224–225) дапускае малаімаверным.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пало́ва1 ’адна з дзвюх роўных частак чаго-н.; сярэдзіна якой-н. адлегласці, прамежку часу і пад.; асобная частка жылога памяшкання’, палаві́на ’тс’. Рус. поло́ва, полови́на, укр. полови́на, ст.-рус. половина. Палова ад прасл. polъ (аснова на й), дзе ‑ов‑ з ускосных склонаў з далейшым расшырэннем суфіксам ‑ін‑ (гл. Фасмер, 3, 312).

Пало́ва2 ’рэшткі, якія застаюцца пры абмалоце збожжа і ачыстцы зерня; мякіна’ (ТСБМ, Бяльк., Інстр. I), поло́ва (Выг., Бяссон.). Агульнаслав.: рус. поло́ва, укр. поло́ва, ст.-слав. плѣвы, польск. plewa, в.-луж. pluwa, н.-луж. plowa, чэш. pléva, pleva, славац. pleva, серб.-харв. пље̏ва, славен. pléva ’палова’, балг. пля́ва ’салома; назва Млечнага Шляху’. Прасл. pelva і peleva (рус. пелёва). Роднасныя ст.-прус. pelwo ’палова’, ст.-літ. pẽlus ’тс’, лат. pęlus, pęlavas, pęlęvas, pę̀lvas ’тс’, ст.-інд. palā́vās мн. ’палова’, лац. palea < *palēva ’тс’ (гл. Траўтман, 213; Мейе–Эндзелін, 3, 198; Фасмер, 3, 312, у яго ж гл. і інш. літ-py; Махэк, 459, Выгонная, Лекс. Палесся, 80 і наст.). Далей гл. палоць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пе́на ’лёгкая пузырыстая маса на паверхні вадкасцей; маса, утвораная растворам мыла’ (ТСБМ, Шат., ТС, Сл. ПЗБ), ’пена на мыльнай вадзе’ (паўн.-усх., ЛА, 3), ’пот у каня’ (Сл. ПЗБ), ’плесня’ (арш., ЛА, 4). Сюды ж пе́нка ’пенка на малацэ’ (там жа), пе́нкі ’прыгаркі (бульба); ’лупіны (ад бульбы)’ (там жа), пе́няць ’пеніцца, пакрывацца пенай’ (Сл. ПЗБ). Укр. пі́на, рус. пе́на ’пена, сліна’, польск. piana, н.-луж. pěnki ’пена’, в.-луж. pěna ’накіп’; ’сліна ля рота’, чэш. pěna ’пена, накіп’, славац. pena ’тс’, славен. pẹ́na, ст.-славен. pejna, серб.-харв. пје̏на, харв. spjȅna, макед. пена, балг. пя́на, ст.-слав. пѣны ’пена, пена ля рота’. Прасл. *pěna, роднаснымі да якога будуць літ. spáinė ’смуга пены’, ст.-прус. spoayno ’пена піва, якое бродзіць’, лац. spūma ’пена, пырскі’, pūmex ’пемза’, ст.-в.-ням. veim, ст.-інд. phḗnas (м. р.), асец. fink ’пена, накіп’ < і.-е. *(s)poi̯ + *‑mn‑o/*‑mn‑ā (Фасмер, 3, 231. з літ-рай; Аткупшчыкоў, Из истории, 233 і 235).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ві́ка, выка ’гарошак пасяўны, Vicia sativa L.’ (гом., гродз., маг., мін., БРС, Кіс., Сцяшк. МГ), ві́ґа ’тс’ (Сцяшк. МГ), віка ’люцэрна пасяўная, Medicago sativa L.’ (Бейл.). Укр. вика ’віка, гарошак’, рус. вика ’мышыны гарошак, Vida crassa L.’; ’гарошак пасяўны, Vicia sativa L.’; ’боб, Vicia faba L.’, наўг. вика ’сачавіца’, польск. wyka ’гарошак, Vicia L.’, в.-луж. woka ’тс’, чэш. vika, vikev ’тс’, славац. vika, серб.-харв. вика, літ. vìkis, vikė ’гарошак’, лат. vīki, ст.-прус. wictis, ст.-в.-ням. wicchia, н.-в.-ням. Wicke, лац. vicia, грэч. βικία, βικίον. Да і.-е. асновы *u̯ei‑ (Шанскі, 1, В, 96; Голуб, 330), да якой адносіцца і віць (гл.) (КЭСРЯ, 81). Большасць этымолагаў схіляецца да думкі пра запазычанне славянамі гэтай лексемы са ст.-в.-ням. wicchia < лац. vicia (Міклашыч, 397; Мацэнаўэр, 368; Брукнер, 638; Голуб-Копечны, 416; Фасмер, 1, 313; Праабражэнскі, 1, 83; Трубачоў, ВЯ, 5, 1961, 132; Махэк₂, 680). Адсутнічае ў славен. і балг. мовах.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Во́трыны, вотрана ’адходы пры ачыстцы зерня’ (Яруш., Касп., Бяльк., Мядзв., Шн., Жд., 1, Шатал.), во́трына ’пустыя каласы і дробная салома, якія застаюцца пасля малацьбы’ (Нік., Оч., 102), Рус. во́тря, во́трина ’тс’, укр. три́ни ’перацёртая салома’, польск. trzyny ’апілкі’, чэш. oteřiný, tříny (sena) ’дробныя рэшткі сена, якія рассыпаліся’, славац. oteriny ’апілкі’, серб.-харв. три̏не ’мякіна’, славен. trica ’адходы пры ачыстцы льну’, балг. три́ци ’мякіна’. Прасл. trina, trini (параўн. літ. trinù, trìnti ’праціраць, пілаваць, зношваць адзежу’, лат. trinu, trît ’тс’. Да terti (гл. цярэць) (Праабражэнскі, 2, 167; Фасмер, 3, 172; Брукнер, 579; Махэк₂, 658 і наст.). Семантыка і словаўтварэнне іншаславянскіх адпаведнікаў сведчаць супраць гіпотэзы Тапарова (Прус., 174) аб магчымасці аднясення рус. і бел. слоў да кораня *vě(ja)ti (г. зн. вотрыны ’тое, што адвеяна’; параўн. рус. отве́й, отве́в ’дробнае шалупінне, якое атрымліваецца пры веянні’) і выдзялення тут суф. ‑tr‑. Да кораня ter‑, як мяркуе Кошалеў, адносіцца рус. трын-трава (ЕіЛ, 19, 4, 105). Адносна форм без ‑ін‑ гл. атора.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вуж1 (БРС, Нас., КТС, Шат., Касп., Грыг.). Рус. уж, ужа́, укр. вуж, ст.-рус. вужь, польск. wąż, węża, чэш., славац. užovka, н.-луж. huž ’змяя, чарвяк’, славен. vȏž. Прасл. *ǫžь. Роднаснымі з’яўляюцца літ. angìs, він. скл. añgì ’ядавітая змяя’, лат. ùodzs, uôdze ’гадзюка’, ст.-прус. angis ’змяя’, лац. anguis ’змяя’, ст.-в.-ням. unc ’змяя’, ірл. esc‑ung ’вугар’ (г. зн. вадзяная змяя). Звязана з вугор1 (гл.) (Траўтман, 8; Фрэнкель, 10; Фасмер, 4, 150 і наст.).

Вуж2 ’прывязка, якой прымацоўваецца біч да цапільна’ (ДАБМ, 829, 138); ’тоўстая вяроўка’ (Хрэст. дыял., 333); ’частка хамута, гуж’ (Сцяц.). Гл. вужышча. У формах вужва, ужва (ДАБМ, к. 259) ‑ва нельга вытлумачыць іначай, як з гужва (гл.); параўн. прасл. *gǫžьvь, дзе яно заканамернае. Верагоднай з’яўляецца і роднасць *gǫžь і *ǫza (Бернекер, 1, 343; Брукнер, 137; Праабражэнскі, 1, 167), асабліва калі тлумачыць г як пратэзу (Якабсон, Word, 8, 1952, 388); параўн. вугнявіць‑гугнявіць, укр. вуж‑гуж і г. д. Інакш гл. Фасмер, 1, 471.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жы́ла ’крывяносны сасуд’, ’частка зямной кары, запоўненая пародай або вадой’, ’асобны провад кабелю’. Рус., укр., балг., макед. жила, польск. żyła, в.-луж. žila, н.-луж. žyła, чэш. žila, славац. žila, славен. žíła ’жыла’, серб.-харв. жи̏ла ’галінка кораня, жыла, бізун’. Ст.-слав. жила ’крывяносны сасуд’, ст.-рус., ст.-бел. (Скарына) жила ’тс’. Літ. gýsla, ст.-прус. ‑gislo (у складаным слове pettegislo), лат. dzīsla ’жыла’, арм. ǰil ’жыла’, лац. fīlum ’нітка, валакно, ткань; сухажылле’. І.‑е. *g​hīslo‑, адкуль балт., слав., а таксама арм. і лац. Покарны, 1, 489; Фасмер, 2, 54–55; Мейе, Études, 420; БЕР, 1, 545; Скок, 3, 680; Тапароў, E–H, 250–251; Траўтман, 87, 90; Ачаран₂, 4, 127; Вальдэ-Гофман, 497; Эрну-Мейе, 235. Таго ж кораня жычка (гл. Брукнер, 669 і наст.). Махэк₂ (727), як і некаторыя іншыя, спрабуе пашырыць кола і.-е. роднасных слоў герм., у прыватнасці ням. Geissel ’бізун’, што, аднак, выклікае сумненні. Шанскі (1; Д, Е, Ж) не выключае (спасылаючыся на Пагодзіна, Следы, 276) магчымасці сувязі жыла з жыць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жэ́рабя ’ўмоўны знак пры вызначэнні парадку, чарговасці і да т. п.’ Балг. жрѐбие ’тс’. Параўн. рус. жребий (< ст.-сл.), дыял. же́ребей, же́ребий, укр. же́реб ’тс’, жеребій ’пэўная частка поля’ (Жэлях.), славац. žreb ’жэрабя’, ’латарэйны білет’, славен. žrêb ’жэрабя’, серб.-харв. жре̑б, жри̏јеб, ждре̑б ’тс’, макед. ждре̂б ’тс’. Ст.-слав. жрѣбъ, жрѣбии ’жэрабя’. Ст.-рус. жеребей ’жэрабя, доля, частка; карцечны шрот’. Ст.-прус. girbin ’лік’; параўн. літ. ger̃bti ’шанаваць’ (Параўн. прасл. *čьtǫ ’шаную’ і ’лічу’), ням. kerben ’рабіць зарубкі’, грэч. γράφω ’пішу’. Першапачаткова жэрабя ’кавалак дрэва з зарубкай (надпісам, лікам)’, ці ’адрэзак зямлі’. Бел. форма з суфіксам ‑я (< *‑ę < *‑ent) адлюстроўвае, відаць, невялікі памер гэтага кавалка шляхам аднясення да групы малых істот (і прадметаў). Зыходнае прасл. *žerb‑ < і.-е. *gerbh‑ ’рабіць рысы і г. д.’ Покарны, 1, 392; Фасмер, 47–48; Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 297; Скок, 3, 672–673; БЕР, 1, 554; Траўтман, 87; Тапароў, E–H, 242; Хэмп, Этимология, 1981, 37.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)