страля́ць, -я́ю, -я́еш, -я́е; незак.

1. Рабіць выстралы.

Навучыцца с.

С. па мішэні.

С. з вінтоўкі.

2. перан. Утвараць прарэзлівыя адрывістыя гукі.

Яловыя дровы страляюць у печы.

3. каго (што). Забіваць з агнястрэльнай зброі.

С. дзічыну.

4. безас. Балець, калоць (пра адчуванне вострага болю; разм.).

У вушах страляе.

5. Імкліва адскокваць, уцякаць (разм.).

Конікі страляюць з-пад ног.

6. перан., што. Выпрошваць што-н. у каго-н. (разм.).

С. цыгарэты.

Страляць вачамі (разм.) —

1) хутка кідаць позіркі і адразу адводзіць вочы;

2) какетліва паглядзець на каго-н.

|| зак. стрэ́ліць, -лю, -ліш, -ліць.

|| аднакр. стрэ́льнуць, -ну, -неш, -не; -ні.

|| наз. стральба́, -ы́, ж. (да 1 знач.), страляні́на, -ы, ж. (да 1, 2, 4 знач.) і страля́нне, -я, н. (да 1, 2 і 5 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

уда́рнік 1, ‑а, м.

Перадавы работнік сацыялістычнай вытворчасці, які перавыконвае нормы. Ударнікі калгасных палёў. □ Ударнік.., як на барыкаду, Вядзе на штурм прарываў Ударную брыгаду. Купала. Ударнік той, хто заўсёды і пры ўсякіх умовах паказвае іншым прыклад у рабоце, сам ідучы наперадзе. Арабей. // Пра перадавое прадпрыемства. Калійны камбінат з’яўляецца ўдарнікам будоўлі сямігодкі. «Звязда».

уда́рнік 2, ‑а, м.

1. Частка затвора агнястрэльнай зброі, прызначаная для ўдару па капсулі патрона.

2. Дэталь, прыстасаванне ў якім‑н. механізме, інструменце для атрымання гуку ўдарамі.

3. Разм. Музыкант, які іграе на ўдарных інструментах. Джазавы ўдарнік. □ [Яругіна] цягнула ў рэстараны, дзе джазавыя ўдарнікі выбівалі модныя рытмы. Карамазаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Запа́с ’прыгатаванае на будучае’. Рус., укр. запа́с, польск. zapas ’тс’. Ст.-рус. запасъ ’запас’ (XV ст.). Параўн. польск. zapas, чэш., славац. zápas ’спаборніцтва’, серб.-харв. за̀пас ’тое, што ахапляецца адным закідам мярэжы’. Балг., макед. запас ’рэзерв’ (ваен.) < рус., БЕР, 1, 601. Серб.-харв. ад за̀пасати ’змяшчаць нешта вакол пояса’ (гл. пас1 ’пояс’), ’абкружаць’. Такога ж паходжання (ад ’брацца за пояс, пас’) чэш., славац., польск. Махэк₂, 709, Брукнер, 645. Рус. запас Праабражэнскі (1, 242; 2, 22), як і спасать, опасный, звязвае з пасти (гл. пасвіць), таксама Фасмер, 2, 78. Шанскі (2, З, 52) удакладняе: ад пасти ’берагчы, захоўваць’. Гэта магчыма. Аднак нельга выключаць і паходжання ўсх.-слав. і польск. слоў ад таго ж кораня пас ’пояс’: ’вогненны запас для агнястрэльнай зброі’ (адно са старажытных значэнняў), як і прыпас ’тое, што знаходзіцца за поясам’ з далейшым развіццём значэння. У карысць гэтага, між іншым рус. запас ’улоў з рыбалоўнай снасці’ (Даль).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ловы, лоў ’лоўля, паляванне без агнястрэльнай і халоднай зброі’ (ТСБМ, Гарэц., Др.-Падб., Бяльк.; навагр., віл., Сл. ПЗБ), ст.-бел. ловы ’рыбалоўныя месцы’, ’паляванне (месца)’. Укр. лов, лови, рус. лов, ловы, польск. łowy, ст.-польск. łów, каш. łȯw, н.- і в.-луж. low, чэш. lov, славац. lov, lovу, славен. lòv, серб.-харв. ло̏в, макед. лов, lof, lófuvi, балг. лов, ловът, ст.-слав. ловъ. Прасл. lovъ ’лаўленне, хапанне, лоўля звяроў, птушак, рыб’, роднаснае з літ. lãvynti ’развіваць, практыкаваць’, lavùs ’лоўкі, спрытны, кемлівы’, ст.-грэч. атычн. λεία ’здабыча’ (*λᾱϜιᾱ), дарычн. λᾱία, ληίς ’тс’, лац. lucrum ’выйгрыш’, ст.-ірл. lōg, lūag, lūach ’плата, узнагарода’, гоц., ст.-ісл. laun ’тс’, ірл. fo‑lad ’багацце’. І.‑е. *lau‑ ’лавіць, атрымліваць здабычу’ (Бернекер, 1, 735; Покарны, 655; Траўтман, 153; Фасмер, 2, 508; Слаўскі, 5, 238; Скок, 2, 320–321). Інакш Махэк₂, 342, які выводзіць слова lovъ з polovъ, якое з polovati (параўн. славац. poľovati, бел. палява́ць, а таксама ст.-грэч. παλεύω ’завабліваю птушак у сетку’. Непераканаўча.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Му́ха, муха́, му́шка ’двухкрылае насякомае, Musca’ (ТСБМ, Яруш., Бес., Касп., Бяльк., Сл. ПЗБ, ТС); шальч., круп. ’пчала, Apis mellifera’ (Сл. ПЗБ), ’крапінка’, ’частка прыцэльнага прыстасавання агнястрэльнай зброі’ (ТСБМ). Укр., рус. му́ха, польск., н.-, в.-луж. mucha, чэш. moucha, славац. múcha, славен. múha, серб.-харв. му̀ха, му̀ва, му̏шица, макед. мува, мувичка, балг. муха́, ст.-слав. моуха, мъшица. Прасл. mucha чаргаваннем галоснай звязана з mъšъka > мошка (гл.). І.‑е. адпаведнікі літ. mùsė, лат. mũsa, muša, лац. musca, ст.-грэч. μυῖα (< mus‑ja), алб. mizë, myzë, арм. mun (< mus‑no). Да і.-е. *mū‑/*mūs‑ ’муха’ (Міклашыч, 206; Траўтман, 191; Мюленбах-Эндзелін, 2, 673; Фасмер, 3, 19; Махэк₂, 376; Покарны, 752; Бязлай, 2, 205). Сюды ж: мухаві́к ’полаг ад мух’, му́шнік ’папера-ліпучка’, му́шына ’адна з мноства мух’ (Касп.), мухабойка (паст., Сл. ПЗБ). Значэнне ’пчала’ ёсць у чэш., польск., серб.-харв. мовах, як і ў франц. (mouche à miel) — табу. Параўн. аналагічна паўд.-усх. муха свята ’пчала’ (КЭС).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

бо́ўтацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

Разм.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Плюхацца з аднаго боку ў другі, вагацца (пра вадкасць у пасудзіне). Чутно было, як боўталася з бляшаным адзвонам вадкасць у бітонах. Дуброўскі. // Матляцца, целяпацца. Да зброі Антось меў нястрыманую цягу, ён ухітраўся разабраць і пачысціць вялізны рэвальвер, які звычайна боўтаўся ў драўлянай кабуры пры баку ў дзядзькі Міхала. Хадкевіч. На рамяні [у камандзіра] кольт боўтаецца. Лынькоў.

2. Рухацца ў вадзе ў розных напрамках; плюхацца. Мы ўсю ноч напралёт боўталіся ў рэчцы. Гурскі.

3. Шукаць што‑н. у якой‑н. вадкасці, страве лыжкай ці чым‑н. іншым. Джвучка боўтаецца лыжкай у халадніку — ловіць агуркі, сёрбае праз зубы жыжку. Пташнікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кама́ндаваць, ‑дую, ‑дуеш, ‑дуе; незак.

1. Вымаўляць словы каманды, аддаваць каманду. — Да зброі! — ціха камандуе .. [Рыжы]. Колас.

2. Быць камандзірам чаго‑н. Камандаваць боем. Камандаваць парадам. □ Калі капітан апускаўся ўніз, тады камандаваў яго памочнік. Лынькоў. Кірыла быў унтэр-афіцэрам і камандаваў сапёрным узводам. Паслядовіч. За час адыходу ад заходняй граніцы [Саўчанка] не мог не заўважыць шматлікіх выпадкаў, калі радавы баец або сержант камандаваў батальёнам або ротай. Лупсякоў.

3. перан.; кім-чым, над кім-чым і без дап. Разм. Аддаваць распараджэнне, загадваць. Дзве жанчыны адцягвалі к сцяне лішнюю мэблю, і ўсім гэтым камандавала Валя. Чорны. — Алёша, — камандавала Юлька. — Зараз жа, хоць з-пад зямлі, дастань мне чырвонай фарбы. Даніленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рызыкава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; незак.

1. Ісці, адважвацца на рызыку, рабіць рызыкоўны ўчынак. Рызыкаваць хлопцам не хацелася: у іх жа вунь колькі зброі, і яны павінны канешне знайсці партызан... Якімовіч.

2. кім-чым. Ставіць пад пагрозу, падвяргаць небяспецы. Ёсць у Сашы такія сябры, якія гатовы рызыкаваць сваім жыццём, каб выратаваць таварыша. Новікаў.

3. з інф. Ісці на ўчынак, звязаны з магчымымі непрыемнасцямі, непажаданымі вынікамі. Рызыкаваць заблудзіцца ў лесе. □ Я здабыў .. [беркута], хоць мне прыйшлося спусціцца ў цясніну, дзе было гняздо, на вяроўцы, і я рызыкаваў стаць кульгавым і на другую нагу. Васілевіч.

4. Абл. Ганарыцца, фанабэрыцца. Гэты чалавек [Жывіцкі] ніколі не вытыкаецца наперад, не хваліцца, не рызыкуе сваімі талентамі і поспехамі. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

страчы́ць, страчу, строчыш, строчыць; незак., што.

1. Шыць, вышываць суцэльным швом. Страчыць рукаў. Страчыць сукенку. // і без дап. Разм. Шыць на швейнай машыне. Шкуркі белыя дастаў, Ніткі і машыну: Шые, строчыць... Хутка стаў І краўцом хлапчына. Бялевіч.

2. перан.; і без дап. Разм. Хутка, паспешна пісаць. Пытаюць анкеты: калі я і дзе нарадзіўся? Калі я вучыўся? І з кім і калі ажаніўся?.. І строчым адказы... Старанна!.. Кірэенка. // Хутка гаварыць. Жанчына трухае побач, строчыць несупынна, звягліва. Савіцкі.

3. без дап. Страляць (пра частую стрэльбу з аўтаматычнай зброі). Бесперапынна сакаталі два ручныя партызанскія кулямёты, страчылі аўтаматы. Васілеўская. Каля чыгуначнага моста .. чуваць рэдкія чэргі. Гэта на правым флангу .. строчыць Яша Шакурка. Місько.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ро́зны, ‑ая, ‑ае.

1. Неаднолькавы, непадобны. [Тацяна:] — Вы такія розныя, ані не падобныя адна на адну. Васілёнак.

2. Другі, іншы, не той самы. Трэба будзе ехаць рознымі дарогамі, каб, барані божа, ніхто не заўважыў. Скрыган.

3. Разнастайны. Сялянскія фурманкі партызанскіх абозаў развозілі па ўсіх кутках пушчы розныя віды зброі. Брыль. Пакуль Марыся ўпраўлялася на кухні, Іваноў гасцінна ўсаджваў Пятра і Міколу, гаварыў пра розныя дробязі. Новікаў. / у знач. наз. ро́знае, ‑ага, н. Лезе ў галаву рознае: вайна, незасеяны агарод, які не прыдумаць чым сеяць, і Глёкава Каця стаіць у вачах. Сяркоў.

•••

Апынуцца (быць) на розных берагах гл. апынуцца.

Гаварыць на розных мовах гл. гаварыць.

На розныя лады гл. лад ​1.

Розных масцей гл. масць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)