зво́нкі 1, ‑ая, ‑ае.
Гучны, гулкі; проціл. глухі. Звонкі крык. Звонкая песня. □ Звонкі голас пакаціўся па люстранай роўнядзі ракі і шматразовым рэхам адгукнуўся ў лесе. Шчарбатаў. // Здольны гулка, выразна гучаць. Звонкае шкло. □ А каля масткоў на чыгунцы стаяў вясёлы гоман звонкіх кропель, сцякаючых у ажыўшыя рачулкі і ручайкі. Колас. // Здольны гучна адбіваць гукі, даваць адгалоскі. Здароў, марозны звонкі вечар! Здароў, скрыпучы мяккі снег! Багдановіч. Паветра было, як шкло, празрыстае і звонкае. Шамякін. // Які ўтвараецца з удзелам голасу (пра гукі). Звонкі зычны.
•••
Звонкая манета гл. манета.
зво́нкі 2, ‑нак; адз. звонка, ‑і, ДМ ‑нцы, ж.
Картачная масць, якая абазначаецца чырвонымі ромбікамі. — Звонкі козыры, — здаў Паўлюк карты і абцёр пот са лба. Гарэцкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыўзня́ты, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад прыўзняць.
2. у знач. прым. Злёгку падняты, узняты ўгару. Нос прыўзняты, губы прыпухлыя, над ілбом непакорліва звесіўся рыжы віхорчык. Гамолка. Чорны фрак утульна сядзеў на яго шырокіх прыўзнятых плячах. Галавач.
3. у знач. прым.; перан. Радасна-ўзбуджаны, ажыўлены. Ва ўсіх салдат быў прыўзняты настрой: нарэшце яны ў гэтай самай Германіі, вайне канец, цёплая вясна на дварэ. Карпюк. Ігнась зайшоў у хату, прыўзняты, як на крылах, і Марына заўважыла гэтую прыўзнятасць, гэтую яго радасць. Лупсякоў. // Высокі, урачысты. Тон ліста быў прыўзняты, урачысты. Гарэцкі. Вось чаму мы так лёгка адрозніваем свабодную, амаль гутарковую манеру апавядання Якуба Коласа ад крыху прыўзнятай, блізкай да кніжнай манеры З. Бядулі. Юрэвіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
стара́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Праяўляць стараннасцю руплівасць у якой‑н. справе, рабоце. Хлопцы-падлеткі прыбеглі. Паглядзелі на свежы вал, весела стала ім. Хапаюць рыдлёўкі, у роў лезуць, капаюць, стараюцца. Колас. Нездарма стараецца так Хомка: ён сёння пойдзе з гаспадаровым сынам на кірмаш. Гарэцкі.
2. з інф. Імкнуцца дасягнуць, дабіцца чаго‑н.; прыкладаць намаганні да чаго‑н., намагацца рабіць што‑н. Аднак, не хочучы быць несумленным ні перад сабой, ні перад ёю, у далейшым .. [Казанцаў] стараўся сустракацца з Аняй радзей. Васілевіч. Пасля .. [салдату] пачало здавацца, што нехта стараецца выгаварыць слова, а выходзіць усяго паўслова і ўсё шпаркім шэптам, хворым і нежывым. Чорны. Цешча была на дзіва лагоднай і старалася чым можна дагадзіць зяцю. Б. Стральцоў.
•••
Рад старацца! гл. рады.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
хаўру́с, ‑у, м.
Разм.
1. Група людзей, звязаных агульнымі мэтамі, інтарэсамі. У Малінаўцы лён церлі талакой. З даўніх часоў у засценку склалася некалькі хаўрусаў са сваякоў і суседзяў. Чарнышэвіч. Стаў Антось даваць машыну другім гэтакім малазямельным і платы за гэта не браў. Так паступова пачаў складвацца нейкі бядняцкі хаўрус па малацьбе. Кулакоўскі.
2. Саюз, садружнасць. Жыла.. [маці] цяпер з таго, што ўвайшла ў хаўрус з дворнічыхай. Гарэцкі. [Леапольд] прадае ўвесь свой набытак, уступае ў кабальны хаўрус з кулаком. Барсток. / у перан. ужыв. Гракі ў хаўрусе са шпакамі Вандруюць вывадкам усім. Калачынскі.
3. у знач. прысл. хаўру́сам. Сумесна, гуртам, усе разам. Людзі ўсе хаўрусам, талакой змуравалі мост па-над ракой. Дубоўка.
•••
У хаўрусе — сумесна, разам.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прапа́даць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
Падаць некаторы час (гл. падаць у 1 знач.).
прапада́ць, ‑а́ю, ‑а́еш, ‑а́е; незак.
1. Незак. да прапасці (у 1–4 і 6 знач.).
2. Быць, знаходзіцца дзе‑н.; праводзіць час дзе‑н. па-за домам. Малыя ўвесь дзень прападалі ў лесе, слухалі птушыныя спевы, збіралі ягады, грыбы. С. Александровіч. Булай прападаў на рабоце амаль увесь час, мог і заначаваць, калі што не ладзілася. Шыцік.
3. Маральна гінуць, апускацца, быць ні да чаго не прыгодным. — А цяпер .. [Хведар] прападае без сталай гаспадыні. Чорны. Так я прападаю, Не маючы долі, Як дуб усыхаю, Плачучы ў няволі. Купала.
4. перан. Разм. Сохнуць, пакутаваць па кім‑н. Дзяўчаты, маладушкі за .. [Новакам] прападалі. Гарэцкі.
•••
Дзе наша не прападала — выказванне рашучасці ісці на рызыку.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прычэ́пка, ‑і, ДМ ‑пцы; Р мн. ‑пак; ж.
1. Дзеянне паводле дзеясл. прычапляць — прычапіць (у 1 знач.).
2. перан. Разм. Зачэпка, прычына. Бярвенне — толькі прычэпка, галоўнае — дзяляначку новую выгаварыць. Лобан. Гарась вадзіў па хаце вачамі, хацеў знайсці яскравую прычэпку для гутаркі. Каваль.
3. перан. Разм. Несправядлівы дакор, дробязная, неістотная заўвага; прыдзірка. Брыгадзір хітра нейтралізаваў усе прычэпкі і наскокі вучня. Шамякін. Як хлопчыку даволі ўжо дысцыплінаванаму, не дужа прыкра было яму і ад прычэпак старога майстра Сеўрука. Гарэцкі. // Тое, да чаго можна прычапіцца, прыдрацца. І як ні біся, ні старайся, Хоць на кавалкі разрывайся, Прычэпку знойдзе [пан] і аблае, Яшчэ й пад носам наківае. Колас.
4. Спец. Нараст на паверхні пладоў некаторых раслін, з дапамогай якога яны чапляюцца за іншыя прадметы.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сапці́, ‑пу, ‑пеш, ‑пе; ‑пём, ‑пяце; пр. соп, сапла, ‑ло; незак.
1. Цяжка дыхаючы, пераважна носам, утвараць гукі з прысвістам. [Пракоп] моцна соп носам, аддаючыся сузіранню свайго жыцця. Колас. Ціха сапуць, сплючы, дзеці, і рэдка-рэдка ціхенька сакатне пад печчу курачка, паварушыцца там і змоўкне. Гарэцкі. Іван сапе, чырванее і, злаўчыўшыся, дае па шапцы Ваську. Лынькоў. / Разм. Пра з’явы прыроды. Рака па скалах хвалямі грукоча, Узмыленая, ярасна сапе. Панчанка. Калядная ночка ўвесь свет пакрывае, Па белай ад снегу зямельцы снуе; Мяцеліца ў полі сапе, завывае, Свіст еіхраў спакойна заснуць не дае. Купала. // перан. Працуючы, пыхкаць, утвараць гукі з прысвістам (пра машыны, механізмы і пад.). Цягнік пыхкае параю і сапе. Скрыган. Сапуць мяхі ля горна. Зарыцкі.
2. Разм. Дзьмуць у што‑н. (звычайна пра дудку, жалейку). Сапці ў дудку.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
таргану́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.
1. каго-што. Рэзкім рухам пацягнуць за што‑н., штурхануць. Машыніст Андрэй Беражкоў таргануў за прывод сігнала, пасунуў рэгулятар назад і ўключыў тармазы. Васілёнак. Старэйшы з хлопчыкаў, якога звалі Валерый і які сядзеў цяпер побач з Зінай, таргануў яе за руку і нешта ёй сказаў паціху. Кавалёў. — Не спі ты, дурань! — крыкнуў бацька і балюча таргануў: — Ці замерзнуць хочаш? Гарэцкі. / у безас. ужыв. Пры слове конь Сяргея неяк тарганула. Нікановіч.
2. чым. Рабіць рэзкі рух якой‑н. часткай цела. [Марына:] — А зямля?.. Ты ж цэлую граду адхапіў?.. Платон у адказ насмешліва таргануў плячом: чаго ад яго хоча гэтая баба? — і прысеў прымераць цвікі — ці добра яны будуць. Ракітны. / Пра рэзкі неадвольны рух. Лінкевіч усхваляваўся, заморгаў вачыма, таргануў шчакой. Дуброўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
глушы́ць, глушу, глушылі, глушыць; незак., каго-што.
1. Перашкаджаць слухаць, пазбаўляць магчымасці чуць; аглушаць. Народ таўчэцца каля копкі, Па бруку б’юць падковы звонка, Грымяць павозкі, буды, колы, Аж проста глушаць балаголы. Колас.
2. Рабіць нячутным, бясшумным; заглушаць. Кірмашовы гук і голас глушылі музыку. Гарэцкі.
3. Перашкаджаць сваім ростам росту іншых раслін, пазбаўляючы іх святла і прасторы. Пырнік глушыць збажыну. □ Флоксы напалам з травой глушылі ўсё, што было каля іх і пад імі драбнейшага. Чорны. // перан. Перашкаджаць развіццю чаго‑н. Глушыць ініцыятыву.
4. Разм. Моцным ударам па галаве пазбаўляць прытомнасці; аглушаць. Прыкладам свайго маленькага карабіна .. [Шурка] глушыць аднаго з бандытаў, у другога страляе. Мехаў. // Ударамі па лёдзе або падводнымі выбухамі даводзіць (рыбу) да стану здранцвення. Глушыць рыбу.
5. Выключаць (матор, машыну і пад.). Глушыць трактар.
6. Разм. Многа піць чаго‑н. Глушыць гарэлку.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
запа́сці, ‑паду, ‑падзеш, ‑падзе; пр. запаў, ‑ла; зак.
1. Увайсці, заскочыць унутр. Выходзячы, [Пракоп] хацеў бразнуць дзвярамі, але запаў слясак у дзвярах. Баранавых.
2. Разм. Падаючы, трапіць куды‑н. У вока запала парушынка.
3. Уваліцца, стаць запалым. У вязня і грудзі запалі і шчокі, Румянец пачаў на іх хворы гарэць. Зарыцкі. Пасля таго, як нарадзілася дзіця, Ірына схуднела. Вочы яе запалі, скулы завастрыліся. Новікаў.
4. перан. Глыбока замацавацца, захавацца (у сэрцы, памяці і пад.). Бывае ж так: скажа хто часам, без ніякага намеру, а цябе словы яго крануць за жывое, западуць глыбока ў памяць. Пальчэўскі. Асабліва мне запала ў галаву тое, што мы з дзядзькам Пракопам пойдзем у нядзелю ў Верамеевічы і ён мяне завядзе на сход камсамольскай ячэйкі. Сабаленка.
5. Разм. Аслабець, заняпасці. А ў горле ў мяне суха, і голас запаў. Гарэцкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)