ГАРЭ́ЦКІ Пятро Ігнатавіч

(26.6.1919, в. Максімільянаўцы Данецкай вобл., Украіна — 17.3.1997),

украінскі паэт. Скончыў Ужгарадскі ун-т (1956). Друкуецца з 1937. Аўтар зб-каў вершаў «Дружба» (1948), «Мая любоў» (1957), «Вечнае цяпло» (1973), «Асеннія пракосы» (1979), «З дарог жыцця» (1982), «Зачараванне» (1986), у якіх паэтызаваў будні новай сав. рэчаіснасці, прыгажосць і шматграннасць роднай прыроды. Пераклаў на ўкр. мову асобныя творы Я.Купалы, Я.Коласа, А.Астрэйкі, П.Броўкі, А.Бялевіча, П.Глебкі, П.Прыходзькі, М.Танка і інш. На бел. мову творы Гарэцкага пераклалі Р.Барадулін, А.Вярцінскі, Х.Жычка, М.Калачынскі, У.Паўлаў, П.Прыходзька, А.Пысін, Ю.Свірка, Я.Семяжон і інш.

Тв.:

Бел. пер. — З дняпроўскіх круч. Мн., 1969.

В.А.Чабаненка.

т. 5, с. 81

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРЭ́ЦКІ Фадзей Антонавіч

(5.5.1825, в. Дусяняты Віленскага пав., Літва — 31.1.1868),

жывапісец. Вучыўся ў Вільні ў В.Ваньковіча, у Пецярбургскай АМ (1841—50) у К.Брулова. У 1843—47 дапамагаў Брулову ў выкананні размалёвак Ісакіеўскага сабора ў Пецярбургу (альфрэска). У 1848—49 і 1855 жыў на Віцебшчыне. У 1850—54 пенсіянер АМ за мяжой (Італія, Іспанія, Галандыя), выконваў копіі класічных карцін. Пасля 1856 жыў пераважна ў Парыжы, у 1867 прыязджаў у Вільню і Пецярбург. Аўтар карцін: «Унутраны перспектыўны від Лютэранскай царквы св. Пятра» (1842), «Сляпы жабрак з павадыром» (1843), «Споведзь маладой дзяўчыны ў ксяндза» (1845), «Хрыстос благаслаўляе дзяцей» (1848), «Перспектыўны від Альгамбры», «Пілігрымы», «Апошняе прычашчэнне» (усе 1850-я г.; за апошнія тры ў 1854 атрымаў званне акадэміка), партрэтаў Л.Гарэцкага (1843), А.Міцкевіча (1847), адваката Палаўскага (1848), архіепіскапа Дмахоўскага (канец 1840-х г.), П.Клота (1850), аўтапартрэта і інш.

т. 5, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРЭ́ЦКІ Максім Іванавіч

(18.2.1893, в. Багацькаўка Мсціслаўскага р-на Магілёўскай вобл. — 10.2.1938),

бел. пісьменнік, літаратуразнавец, публіцыст, фалькларыст, грамадскі дзеяч. Адзін з пачынальнікаў нац. маст. прозы. Зрабіў вял. ўклад у развіццё бел. культуры, у фарміраванне нац. свядомасці. Брат Г.І.Гарэцкага. Скончыў Горацкае каморніцка-агранамічнае (1913), Паўлаўскае ваен. (Петраград, 1916) вучылішчы. У 1913—14 працаваў на Віленшчыне, у 1914—17 на фронце, быў цяжка паранены. З канца 1917 у Смаленску, супрацоўнічаў у «Известиях Смоленского Совета рабочих, солдатских и крестьянских депутатов», у газ. «Звезда» (1918), з рэдакцыяй якой пераехаў у Мінск, на пач. 1919 — у Вільню. У выніку захопу горада польскімі войскамі апынуўся на акупіраванай тэрыторыі. Выкладаў на бел. настаўніцкіх курсах і ў Віленскай беларускай гімназіі. Рэдактар газ. «Наша думка» (снеж. 1920 — ліп. 1921), з вер. 1921 выдавец і рэдактар газ. «Беларускія ведамасці». У студз. 1922 арыштаваны і зняволены ў Лукішскую турму. Яму было прад’яўлена абвінавачванне «ў прыналежнасці да партыі камуністаў, у арганізацыі тайных баявых дружын з мэтаю замаху на дзяржаўную ўладу, у друкаванай і вуснай прапагандзе». За гэта пагражала смяротная кара або катарга. Дзякуючы пратэсту грамадскасці суд не адбыўся. Паводле слоў пісьменніка, ён «без суда, са здзекам, быў выкінуты з Вільні ў нейтральны пас паміж польскім і літоўскім фронтам». У кастр. 1923 пераехаў у Мінск. Выкладаў беларусазнаўства на рабфаку БДУ, бел. мову і л-ру ў Камуністычным ун-це Беларусі. Працаваў у Інбелкульце (з 1925 правадз. член), у Горацкай с.-г. акадэміі (люты 1926 — жн. 1928), у АН Беларусі. 18.7.1930 арыштаваны на падставе сфабрыкаванага органамі АДПУ абвінавачання ў прыналежнасці да «Саюза вызвалення Беларусі». 10.4.1931 асуджаны да 5 гадоў высылкі ў Вятку. З 1935 выкладаў рус. мову і л-ру ў школе ў пас. Пясочня Смаленскай вобл. (цяпер г. Кіраў Калужскай вобл.). 4.11.1937 зноў арыштаваны, 5.1.1938 прыгавораны да расстрэлу (расстраляны ў Вязьме). Рэабілітаваны ў 1957.

Літ. дзейнасць пачаў з газетных нататак і карэспандэнцый. Першае апавяданне «У лазні» апубл. ў 1913. Дамінуючая тэма яго творчасці — лёс бел. сялянства, працоўнай вёскі на гіст. зломе эпох, народ і інтэлігенцыя, пошукі ёю шляхоў сац. і нац. вызвалення. Зборнікам апавяданняў «Рунь» (1914), драматызаванай аповесцю «Антон» (1914, апубл. 1919) і інш. творамі пашырыў тэматычныя і жанрава-стылёвыя межы бел. прозы, увёў новага героя — вясковага інтэлігента («Роднае карэнне» і інш.) і форму лірыка-экспрэсіўнага спасціжэння рэчаіснасці («Патаёмнае», «Страхаццё»). Да гэтага перыяду адносіцца паспяховая спроба маст. асваення гіст. тэмы («Лірныя спевы») і жанру філас., інтэлектуальнай прозы (цыкл апавяданняў «За што?»). Гарэцкі прайшоў шлях складанага ідэйна-творчага і светапогляднага развіцця. Значныя карэктывы ў асветніцкае ўспрыманне рэчаіснасці, што ўласціва ранняму перыяду яго творчасці, унесла вайна і рэвалюцыя. Паглыбіўся гістарызм пісьменніцкага мыслення, узмацніўся аналітычны пачатак у творчасці, іншай стала філас. канцэпцыя чалавека як істоты складанай, супярэчлівай, падуладнай уздзеянню разнастайных фактараў і ўплываў («Маці», «Хадзяка»). Апавяданні ваеннай тэматыкі («Літоўскі хутарок», «Генерал», «Рускі») прасякнуты антымілітарысцкім пафасам, пратэстам супраць разбурэння маральных асноў быцця. У публіцыстыцы смаленскага перыяду (кастр. 1917 — люты 1919) выказваў спадзяванне на перамогу сацыяліст. рэвалюцыі (арт. «Новая буржуазія»), падтрымліваў асобныя палажэнні бальшавіцкай праграмы (арт. «Няхай жыве камуністычная Беларусь!»); творчая і грамадская дзейнасць віленскага перыяду (люты 1919 — кастр. 1923) прасякнута асуджэннем тэрору і непрыманнем новай улады (аповесць «Дзве душы», 1919, апавяданні «Апостал», «Усебеларускі з’езд 1917-га года»). Абноўленая нац.-адраджэнская праграма, скіраваная на выхаванне сац. і нац. свядомасці, духоўнае ўзвышэнне чалавека, пераадоленне ім прыгонніцкай спадчыны, выявілася ў апавяданнях «Панская сучка», «Смачны заяц» (зб. «Досвіткі», 1926). У творчасці 1930-х г. адзначаецца далейшае паглыбленне эпічных асноў, больш грунтоўная распрацоўка тэм інтэлігенцыя і народ, будучыня Беларусі. Своеасаблівыя этапы духоўнай біяграфіі вясковай моладзі адлюстраваны ў аповесцях «У чым яго крыўда?» (1926), «Меланхолія» (нап. ў 1920-я г.), дакументальна-маст. дзённіку «На імперыялістычнай вайне» (1926). Творы Гарэцкага засведчылі новы падыход у адлюстраванні падзей вайны і зараджэнне традыцыі «акопнай праўды» як літ.-эстэт. з’явы. У рамане-хроніцы «Віленскія камунары» (1931—32, апубл. 1963) паказаў герояў, якія лічылі рэв. барацьбу універсальным сродкам вырашэння сацыяльных праблем. Панарама жыцця бел. народа ад часоў прыгоннага права да 1930-х г. створана ў аповесці «Камароўская хроніка» (незаконч., апубл. ў 1966). Дакументальна-маст. сродкамі ў ёй адлюстраваны сац. супярэчнасці эпохі, побыт, праца, норавы, звычаі бел. вёскі і інш. пластоў грамадства, раскрыты рысы характару беларуса. У творах Гарэцкага арганічна спалучаюцца сац. аспекты з маст. даследаваннем духоўнай сферы, выяўляецца глыбіня і змястоўнасць філас. канцэпцыі жыцця як няспыннага працэсу выпрацоўкі і перадачы ад пакалення да пакалення сац. і маральна-этычнага вопыту, духоўных каштоўнасцей. Незакончаныя творы «Лявоніус Задумекус» (1931—32), «Скарбы жыцця» (1932—35, 1937?), «Кіпарысы» (апрацоўка запісаў 1928) разам з асобнымі раздзеламі «Камароўскай хронікі» раскрываюць трагізм становішча рэпрэсіраванага мастака, з’яўляюцца пачаткам эстэт. асваення бел. літ. тэмы ГУЛАГа. Гарэцкі — аўтар «Гісторыі беларускае літаратуры» (1920, факс. выд. 1992), «Хрэстаматыі беларускае літаратуры: XI век — 1905 г.» (1922), слоўнікаў «Невялічкі беларуска-маскоўскі слоўнік» (1919), «Практычны расійска-беларускі слоўнік» (1924, разам з М.Байковым), зб. «Народныя песні з мелодыямі» (1928, з А.Ягоравым) і інш. Пераклаў на бел. мову раман А.Фадзеева «Разгром», аповесці Ю.Лібядзінскага «Тыдзень», «Камісары», асобныя апавяданні М.Горкага («Зброднік», «Канавалаў», «Чалкаш»), а таксама артыкулы і дадаткі да 3-га тома Зб. тв. У.І.Леніна (выд. 1929). Рукапісная спадчына Гарэцкага захоўваецца ў аддзеле рэдкай кнігі і рукапісаў Цэнтральнай навук. б-кі імя Я.Коласа Нац. АН Беларусі. Творы пісьменніка перакл. на рус., укр., балг., лат., літ., ням., польск. мовы. На радзіме пісьменніка створаны музей, пастаўлены помнікі ў Мінску, Вязьме, імем Гарэцкага названы вуліцы ў Мінску, Мсціславе, Горках. У 1997 створаны Міжнар. фонд братоў Гарэцкіх.

Тв.:

Выбр. тв. Т. 1—2. Мн., 1973;

Зб. тв. Т. 1—4. Мн., 1984—1986;

Творы. Мн., 1990.

Літ.:

Максім Гарэцкі: Успаміны, артыкулы, дакументы. Мн., 1984;

Адамовіч А. «Браму скарбаў сваіх адчыняю...» Мн., 1980;

Бугаёў Дз. Максім Гарэцкі. Мн., 1968;

Дасаева Т.М. Летапіс жыцця і творчасці Максіма Гарэцкага. Мн., 1993;

Гарэцкі Р. Расстрэл Максіма Гарэцкага // ЛІМ. 1992. 9 і 16 кастр.;

Першыя Гарэцкія чытанні: (Тэз. дакл. і паведамл.). Горкі, 1992;

Гарэцкія чытанні: Тэз. дакл. і паведамл. Горкі, 1993;

Гарэцкія чытанні: Матэрыялы дакл. і паведамл. Горкі, 1994, 1996.

М.І.Мушынскі.

т. 5, с. 81

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРЭ́ЦКІ Радзім Гаўрылавіч

(н. 7.12.1928, Мінск),

бел. геолаг, грамадскі дзеяч; заснавальнік бел. школы тэктаністаў. Акад. АН Беларусі (1977, чл.-кар. 1972), д-р геолага-мінералагічных н. (1969), праф. (1980). Засл. дз. нав. Беларусі (1978). Замежны чл. Расійскай АН (1994). Чл. Амер. геафіз. саюза (1993). Сын Г.І.Гарэцкага. Скончыў Маскоўскую акадэмію нафты і газу (1952). Працаваў у геал. ін-це АН СССР (Масква). З 1971 у Ін-це геал. навук АН Беларусі: заг. лабараторыі, у 1972—93 дырэктар, з 1995 ганаровы дырэктар. У 1992—97 віцэ-прэзідэнт АН Беларусі. З 1995 заг. кафедры БДУ. Навук. працы па тэктоніцы маладых і стараж. платформаў Еўразіі, геадынаміцы, стратыграфіі, палеагеаграфіі, геафізіцы, геалогіі нафтагазаносных басейнаў і інш. тэр. Казахстана, Сярэдняй Азіі, Беларусі, Прыбалтыкі, Зах. Еўропы. Адкрыў Базайскае радовішча газу ў Зах. Казахстане. Адзін са стваральнікаў тэктанічных картаў Еўразіі (1966), Беларусі (1976), міжнар. Паўд.-Зах. краю Усх.-Еўрап. платформы (1986). Прэзідэнт згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына». Старшыня Бел. геал. т-ва. Гал. рэдактар часопіса «Літасфера». Дзярж. прэмія СССР 1969. Дзярж. прэмія Беларусі 1978. Яго імем названы некалькі відаў выкапнёвых арганізмаў.

Тв.:

Тектоника Туранской плиты. М., 1966 (у сааўт);

Тектоника Евразии. М., 1966 (у сааўт.);

Тектоника молодых платформ Евразии. М., 1972 (у сааўт.);

Тектоника Белоруссии. Мн., 1976 (у сааўт.);

Тектоника запада Восточно-Европейской платформы. Мн., 1990 (у сааўт.).

Літ.:

Р.Г.Гарецкий: Биобиблиогр. указ. Мн., 1988.

Т.В.Якубоўская.

т. 5, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРЭ́ЦКІ Гаўрыла Іванавіч

(10.4.1900, в. Багацькаўка Мсціслаўскага р-на Магілёўскай вобл. — 20.11.1988),

бел. геолаг, географ, эканаміст, грамадскі дзеяч; заснавальнік сав. школы палеапатамалогіі і бел. школы даследчыкаў антрапагену. Акад. АН Беларусі (1928), д-р геолага-мінералагічных н. (1946). Засл. дз. нав. Беларусі (1972). Брат М.І.Гарэцкага, бацька Р.Г.Гарэцкага. Скончыў Пятроўскую (Ціміразеўскую) акадэмію (1924). У 1922 арыштаваны органамі АДПУ. З 1924 выкладчык Камуніст. ун-та нац. меншасцей Захаду (Масква). З 1925 дацэнт, заг. кафедры Бел. с.-г. акадэміі. З 1927 дырэктар арганізаванага ім Бел. НДІ сельскай і лясной гаспадаркі. У 1925—28 правадз. член, з 1927 член прэзідыума Інбелкульта. У канцы 1930 арыштаваны, у 1931 асуджаны па справе Працоўнай сял. партыі на высылку за межы Беларусі. З 1931 у інж.-геал. экспедыцыях Беламорбуда і Туломбуда НКУС. У 1934 вызвалены. У 1937 і 1938 зноў арыштаваны. У Вял. Айч. вайну гал. геолаг Галоўабаронбуда пад Масквой і Ленінградам. З 1944 у Гідрапраекце СССР. У 1958 рэабілітаваны, у 1965 адноўлены ў званні акадэміка АН Беларусі. З 1968 на Беларусі, стварыў і ўзначаліў (да 1985) аддзел (з 1977 лабараторыя) геалогіі і палеапатамалогіі антрапагену Ін-та геахіміі і геафізікі АН Беларусі (цяпер Ін-т геал. навук АН), з 1985 навук. кансультант. Навук. працы па геалогіі антрапагену і інж. геалогіі. Праводзіў геал. даследаванні пры праектаванні і буд-ве гідратэхн. збудаванняў (Беламорска-Балтыйскі, Волга-Данскі і Сальскі каналы, Ніжне- і Верхнетуломская, Горкаўская, Цымлянская, Кіеўская, Кахоўская і інш. ГЭС, Сарпінская абвадняльная і арашальная сістэма, Рыбінскі і Салікамскі гідравузлы і інш.). Вывучаў геалогію Карэліі, Кольскага п-ва, басейнаў Волгі, Дона, Дняпра і Нёмана, даследаваў стараж. рэкі і археал. стаянкі, распрацоўваў вучэнне аб фацыях алювію, краявых ледавіковых утварэнняў і ледавіковых лагчын, лёсавых і паводкава-ледавіковых адкладаў. Аўтар прац па эканоміцы, рус.-бел. (1918) і маскоўска-бел. (1921) слоўнікаў (разам з М.Гарэцкім), успамінаў пра М.Гарэцкага, Я.Купалу, Я.Коласа, М.Горкага, Інбелкульт. Дзярж. прэмія СССР 1971. Дзярж. прэмія БССР 1986. Яго імем названы многія віды выкапнёвых раслін і жывёл.

Тв.:

Народны прыбытак Беларусі. Мн., 1926;

Аллювий великих антропогеновых прарек Русской равнины. Прареки Камского бассейна. М., 1964. Формирование долины р. Волги в раннем и среднем антропогене. Аллювий Пра-Волги. М., 1966;

Аллювиальная летопись великого Пра-Днепра. М., 1970;

Асноўныя вынікі вывучэння антрапагену Беларусі ў Акадэміі навук БССР // Даследаванні антрапагену Беларусі. Мн., 1978;

Особенности палеопотамологии ледниковых областей (на примере Белорусского Понеманья). Мн., 1980;

Палеопотамологические эскизы Палео-Дона и Пра-Дона. Мн., 1982.

Літ.:

Бібліяграфія навуковых прац акадэміка АН БССР Г.І.Гарэцкага. Мн., 1980.

Т.В.Якубоўская.

т. 5, с. 80

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГМЫРА́К Лявон

(сапр. Бабровіч Мечыслаў; 18.4.1891, в. Параф’янава Докшыцкага р-на Віцебскай вобл. — 13.7.1915),

бел. крытык, публіцыст і празаік. Вучыўся ў 1-й Віленскай гімназіі. Скончыў прыватную тэхнічна-прамысл. школу ў Варшаве (1912). Працаваў у Вільні, фальварках Віленскай губ. У 1914 прызваны ў армію, загінуў на фронце. Супрацоўнічаў з газ. «Наша ніва». Аўтар апавядання «Васілёва вяселле» (1913), нарыса па гісторыі нац.-культ. руху «Беларускае нацыянальнае адраджэнне» (1914), артыкулаў па гісторыі бел. культуры, актуальных праблемах сац.-паліт. жыцця, арт. «Тарас Шаўчэнка» (1914) і інш. Выступаў за культурна-нац. аўтаномію Беларусі ў саюзе з дэмакр. сіламі Расіі.

Тв.:

Творы: Проза. Крытыка. Публіцыстыка. Мн., 1992.

Літ.:

Гарэцкі М. Лявон Гмырак (1891—1915) // Гарэцкі М. Творы. Мн., 1990;

Александровіч С.Х. Пуцявіны роднага слова. Мн., 1971. С. 217—219.

У.М.Конан.

т. 5, с. 312

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ГУ́ТАРКА КУЗЬМЫ́ З АПАНА́САМ»,

ананімны вершаваны твор бел. л-ры 19 ст. Упершыню апубл. І.Насовічам у «Записках имп. Рус. геогр. о-ва по отд. этнографии» (т. 5. СПб., 1873). Сюжэтную аснову «Гутаркі...» складае спрэчка паміж сялянамі пра тое, што прынесла бел. вёсцы скасаванне паншчыны. Ёсць у творы і быт. замалёўкі.

Публ.:

Гарэцкі М. Хрэстаматыя беларускае літаратуры. XI век — 1905 год. Вільня, 1922.

т. 5, с. 549

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДАМО́ВІЧ Антон

(н. 26.6.1909, Мінск),

гісторык і літаратуразнавец. З 1928 вучыўся ў БДУ. У 1930 арыштаваны па надуманай справе «Саюза вызвалення Беларусі» і высланы ў Расію. У 1938 вызвалены; вярнуўся ў Мінск, скончыў БДУ. У час 2-й сусв. вайны чл. Цэнтр. рады Бел. нар. самапомачы, прэзідыума Бел. навук. т-ва, рэферэнт па справах прапаганды і прэсы пры Ген. камісарыяце Беларусі, супрацоўнік рэдакцыі «Менскай газэты» («Беларускай газэты»). Пасля вайны ў Зах. Германіі рэдагаваў бел. эмігранцкія газеты і часопісы. Адзін са стваральнікаў Мюнхенскага ін-та па вывучэнні СССР, кіраўнікоў бел. рэдакцыі радыёстанцыі «Свабода». З 1960 у ЗША. Аўтар прац па гісторыі, эканоміцы і культуры Беларусі: «Бальшавізм на шляхах устанаўлення кантролю над Беларуссю» (1954); «Бальшавізм у рэвалюцыйным руху на Беларусі» (1956); «Як дух змагання Беларусі (да 100-х угодкаў нараджэння Івана Луцкевіча)» (1983). Пісаў пра бел. л-ру («Максім Гарэцкі», 1928; «Якуб Колас у супраціве саветызацыі», 1955; «Супраціўленне саветызацыі ў беларускай літаратуры», 1958, на англ. мове). Аўтар тэндэнцыйных уступных арт. да эмігранцкіх выданняў твораў Н.Арсенневай, М.Багдановіча, А.Гаруна, У.Жылкі, Л.Калюгі, А.Мрыя, А.Салаўя, публікацый пра бел. паэтаў, якія былі рэпрэсіраваны (У.Дубоўка, Я.Пушча і інш.).

т. 1, с. 92

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕАМАРФАЛО́ГІЯ

(ад геа... + марфалогія),

навука, якая вывучае вонкавую будову, паходжанне, гісторыю развіцця рэльефу зямной паверхні, а таксама рэльеф паверхні Месяца і планет Сонечнай сістэмы. Падзяляецца на агульную (разглядае агульныя заканамернасці геамарфалагічных працэсаў), рэгіянальную (вывучае рэльеф асобных участкаў), планетарную (даследуе рэльеф Зямлі ў цэлым ці найб. вял. яго формы, а таксама паверхні планет зямной групы), прыкладную (кірункі выкарыстання геамарфалагічных даных у розных галінах гасп. дзейнасці). У агульных раздзелах геамарфалогіі вылучаюць больш вузкія яе кірункі: геамарфалогія сушы і марскую (знешні выгляд рэльефу сушы і марскога дна), структурную (асаблівасці ў рэльефе структуры зямной кары і формаў рэльефу, што ўтвораны тэктанічнымі рухамі), кліматычную (даследуе рэльеф, які ўтварыўся ў выніку дзейнасці экзагенных фактараў); палеагеамарфалогію (вывучае будову зямной паверхні ў асобныя этапы геал. мінулага); марфалогію і марфаметрыю, гляцыянальную, дэнудацыйную, антрапагенную (тэхнагенную), інжынерную і інш. Выкарыстоўвае геамарфалагічныя, геал., геагр., геафіз., біял. і матэм. метады даследавання, матэрыялы дыстанцыйных здымак.

Геамарфалогія як навука ўзнікла ў канцы 19 — пач. 20 ст. Яе асновы заклалі У. М.Дэйвіс (ЗША), Ф.Рыхтгофен, А.Пенк, В.Пенк (Германія), П.А.Крапоткін, І.В.Мушкетаў (Расія).

На Беларусі навук. даследаванні пачаліся ў 1-й пал. 19 ст. Агульнагеагр. і геал. даследаванні, апісанне асобных раёнаў, характарыстыку рачных далін зрабілі В.М.Севяргін, Е.П.Зяблоўскі, Р.П.Гельмерсен і інш. У 2-й пал. 19 ст.пач. 20 ст. новыя даныя па генезісе і эвалюцыі рэльефу атрымалі Я.У.Апокаў, А.Э.Гедройц, В.В.Дакучаеў і інш. Значны ўклад у пазнанне асаблівасцей будовы зямной паверхні зрабілі работы па асушэнні балот пад кіраўніцтвам І.І.Жылінскага. Новы этап пачаўся з утварэннем Геал. ін-та ў складзе Ін-та бел. культуры, пазней — у АН. У пасляваенны час на базе геал.-здымачных работ складаліся геамарфалагічныя карты, абгрунтаваны шэраг стратыграфічных схем антрапагену і дэталізаваны палеагеамарфалагічныя тэр. Беларусі (Ф.Ю.Велічкевіч, Л.М.Вазнячук, Г.І.Гарэцкі, Б.М.Гурскі, Э.А.Ляўкоў, А.В.Мацвееў, Н.Л.Махнач, М.М.Цапенка і інш.), створаны новы кірунак — вучэнне аб стараж. рачных далінах і ледавіковых лагчынах (палеапатамалогія; Гарэцкі), удакладнены генезіс і гісторыя развіцця многіх тыпаў рэльефу (В.К.Лукашоў, В.П.Якушка і інш). Шырокае развіццё атрымалі структурна-геамарфалагічныя даследаванні і вывучэнне колькасных характарыстык рэльефу (З.А.Гарэлік, В.М.Губін, Ляўкоў і інш.), створана новая генетычная класіфікацыя рэльефу і схемы геамарфалагічнага раянавання (В.А.Дзяменцьеў, Вазнячук, Мацвееў і інш.), складзены і выдадзены серыі геамарфалагічных картаў. Даследаванні рэльефу Беларусі з 1979 каардынуе Геамарфалагічная камісія АН Беларусі.

Літ.:

Матвеев А.В. История формирования рельефа Белоруссии. Мн., 1990;

Энцыклапедыя прыроды Беларусі. Т. 1—5. Мн., 1983—86.

А.В.Мацвееў.

т. 5, с. 119

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЯХНО́ВІЧ Францішак Каролевіч

(псеўд. Ю.Монвід і інш.; 9.3.1883, Вільня — 3.3.1944),

бел. драматург і тэатр. дзеяч, публіцыст, празаік. Скончыў драм. школу пры Муз. т-ве ў Варшаве (1907). З 1908 у Вільні, рэпарцёр газет, выдаваў польскі гумарыстычны тыднёвік «Perkunas» («Пяркунас»). Удзельнічаў у арганізацыі 1-й бел. вечарынкі ў Вільні, паставіў з драм. гуртком «Па рэвізіі» М.Крапіўніцкага, дзе выступаў і як акцёр. За арт. у «Пяркунасе» трапіў пад суд, хаваўся ў Кракаве, у Галіцыі, дзе быў акцёрам польск. правінц. труп. Пасля амністыі 1913 вярнуўся ў Вільню, але быў зняволены ў Лукішскую турму. У 1916 арганізаваў у Вільні тэатр. гурток, з якім паставіў напісаную ў турме ў 1914—15 сваю першую п’есу «На Антокалі» і інш. У 1917 настаўнік у дзіцячым прытулку, супрацоўнік бел. газ. «Гоман». З чэрв. 1918 у Мінску, акцёр і рэжысёр Першага беларускага таварыства драмы і камедыі, Беларускага савецкага тэатра. З сак. 1919 у Вільні, выдаваў час. «Беларускае жыццё», спрабаваў арганізаваць тэатр. З восені 1919 дырэктар і рэжысёр Бел. нар. т-ра ў Мінску, дзе ставіў свае п’есы. З ліп. 1920 у Вільні, у 1921—23 рэдагаваў газ. «Беларускі звон». У ліст. 1926 прыехаў у Мінск на акад. канферэнцыю і адкрыццё БДТ-2 у Віцебск. У 1927 арыштаваны органамі АДПУ і прыгавораны да 10 гадоў высылкі на Салаўкі. У выніку абмену на вязня польскай турмы Б.Тарашкевіча ў вер. 1933 вярнуўся ў Вільню, супрацоўнічаў у газ. «Słowo» («Слова»). У 1940—41 на нелегальным становішчы. У 1942—44 у Вільні, рэдагаваў газ. «Беларускі голас». Забіты ў сваёй кватэры. Вядомы 18 п’ес Аляхновіча: «На вёсцы», «Бутрым Няміра» (абедзве нап. 1916), «Манька» (нап. 1917, 2-я рэд. «Дрыгва», 1925), «Базылішк» (нап. 1917), «Чорт і баба», «Страхі жыцця» (абедзве нап. 1918), «Дзядзька Якуб», «Цені» (нап. 1919), «Птушка шчасця», «Няскончаная драма» (абедзве нап. 1920), «Заручыны Паўлінкі» (1921), «Шчаслівы муж», «Пан міністр» (нап. 1922), «Круці не круці — трэба памярці» (1943) і інш. Яны адметныя сцэнічнасцю, фалькл. паэтыкай, напружанасцю і дынамізмам дзеяння, займальнай інтрыгаю, разнастайнасцю характараў, меладраматызмам. Гэта яркае тэатр. відовішча з музыкай, танцамі, песнямі. Некаторыя створаны па літ. творах («Бутрым Няміра» паводле легенды В.Ластоўскага «Каменная труна», «Лес шуміць» паводле аднайм. палескай легенды У.Караленкі, «Птушка шчасця» паводле камедыі К.Марашэўскага, «Заручыны Паўлінкі» створаны як заканчэнне купалаўскай «Паўлінкі»). Яго п’есы жанрава разнастайныя: сац. і бытавая драма, сатыр. і быт. камедыя, меладрама, фарс. У многіх адлюстравана мяшчанскае асяроддзе і яго трагедыя. У драме «Цені» — творы бел. дэкадансу — філас. канцэпцыя пра бездапаможнасць чалавека перад лёсам. Цэнтр. месца ў творчасці Аляхновіча займае «Няскончаная драма» (у многім аўтабіяграфічная, падзеі адбываюцца ў Вільні ў час акупацыі герм. войскам). У ёй аўтар супрацьпастаўляе два погляды на бел. ідэю, бел. адраджэнскі рух. У камедыі «Пан міністр» стварыў вобразы псеўдабеларускага дзеяча, кар’ерыста Філімона Пупкіна і настаўніка-адраджэнца Міколы Светляка. П’еса «Круці не круці — трэба памярці» — сцэнічны гратэск з вобразам смерці, алегорыяй тэрору ў часы сталінізму. Пісаў таксама аповесці, апавяданні, абразкі, вершы. У дакумент. аповесці-ўспамінах «У капцюрох ГПУ» (1937, пер. на 7 моў) упершыню ў бел. л-ры паказаў антычалавечую сутнасць сав. канцлагернай сістэмы. Аповесць «Страшны год» (1944) узнаўляе перажытае аўтарам у 1940—41. Кн. «Беларускі тэатр» (1924) пра гісторыю нац. сцэнічнага мастацтва ад старажытнасці да пач. 20 ст. П’есы Аляхновіча шырока ставіліся ў Зах. Беларусі, трупай У.Галубка. З 1994 зноў з’явіліся на бел. сцэне.

Тв.:

Калісь. Вільня, 1919;

Страхі жыцця. Вільня, 1919;

Цені. Мн., 1920;

Птушка шчасця. Вільня, 1922;

Шчаслівы муж. Вільня, 1922;

У лясным гушчары. Рыга, 1932;

Няскончаная драма // Полымя. 1992. № 5;

Пан міністар // Беларуская драматургія. Мн., 1994. Вып. 1;

У капцюрох ГПУ. Мн., 1994;

Круці не круці — трэба памярці // Тэатр. Беларусь. 1995. № 4.

Літ.:

Карский Е.Ф. Белорусы. Пг., 1922. Т. 3, вып. 3. С. 366—371;

Гарэцкі М. Гісторыя беларускае літаратуры. Мн., 1992. С. 358—364;

Крывіцкі Л. Францішак Аляхновіч // Ніва. 1990. № 2—3;

Сабалеўскі А. Адметны след // Спадчына. 1990. № 3;

Яго ж. На адраджэнцкай хвалі // Полымя. 1992. № 5;

Бяляцкі А.«Як я памру...» // Маладосць. 1990. № 10;

Глыбінны У. Тэатр у гады нямецкай акупацыі // Тэатр. Беларусь. 1994. № 4;

Ковель У.А. Наватарскія тэндэнцыі ў беларускай драматургіі пачатку XX ст. (на прыкладзе п’есы Ф.Аляхновіча «Страхі жыцця») // Весці АН Беларусі. Сер. гуманіт. навук. 1994. № 4;

Яго ж. Жыцця няскончаная драма // Тэатр. Беларусь. 1995. № 4.

Г.В.Кажамякін.

т. 1, с. 301

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)