адчу́ць, ‑чую, ‑чуеш, ‑чуе; зак., што.
1. Пазнаць органамі пачуццяў; пачуць. З вінтоўкаю кінуўся Палазок на афіцэра, але ў гэты ж момант адчуў гарачы боль у левым плячы. Колас. Метраў за трыста ад берага хлопцы адчулі пад нагамі зямлю. Маўр.
2. Зведаць, перажыць што‑н. Васіль зразумеў, што пытанне непрыемна кальнула дзеда, і адчуў сябе ніякавата, пачырванеў. Кулакоўскі. // Усвядоміць, зразумець. Аляксей паглядзеў у сінія Юльчыны вочы і раптам адчуў, што, вядома, Юлька вернецца. Даніленка. У першыя дні.. [Раман] адчуў сябе шчаслівым. Цешча і жонка чым маглі дагаджалі яму. Чарнышэвіч.
•••
Адчуць глебу пад нагамі — знайсці, адчуць чыю‑н. падтрымку.
Даць сябе адчуць гл. даць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
махну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.
1. Аднакр. да махаць (у 1 знач.). Хацяноўскі махнуў пугай, і коні весела пабеглі па прыгожай лясной дарозе. Чарнышэвіч.
2. Разм. Адправіцца, паехаць куды‑н. Васіль, пераапрануўшыся ў легіянерскую форму, з пакетам махнуў у тыл. Нікановіч.
3. Разм. Кінуцца. Не чакаючы новага нападу і адчуўшы, што справа абарочваецца ў нядобры бок, стралою махнуў дзед Талаш у густы хмызняк і знік з вачэй у момант вока. Колас.
4. (з прыназ. «у» у В). Разм. Стаць, зрабіцца кім‑н. Махнуць з токараў у свідравальшчыкі.
•••
Махнуць рукой на каго-што — перастаць звяртаць увагу на каго‑, што‑н.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сто́йла, ‑а, н.
1. Адгароджанае месца для каровы ў хляве або для каня ў канюшні. Цялушка ўпіралася, не хацела пакідаць цёплага стойла ў хляве. Якімовіч. У канюшні было цёмна, як ноччу. [Даніла] трохі пастаяў у варотах, каб вочы прывыклі да цемені, і рушыў да стойла. Капыловіч.
2. Тое, што і стойбішча (у 3 знач.). На паляне, па ўсім відаць, было даўней стойла. Сачанка. Было гэта, калі яны [пастухі] гналі статак на стойла. Гамолка.
3. Спец. Секцыя ў чыгуначныя дэпо, прызначаная для рамонту аднаго паравоза. Калі Петрык з дзедам прыйшлі ў дэпо, Васіль акурат ставіў машыны ў стойла. Шынклер.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
тэндэнцы́йны, ‑ая, ‑ае.
1. Які праводзіць пэўную тэндэнцыю (у 2 знач.); ідэйна накіраваны, ідэйны. Для Маякоўскага сапраўдным паэтычным тварам з’яўляецца твор .. глыбока тэндэнцыйны, мэтанакіраваны і востры. «Беларусь». // Які стварае мэтанакіраваныя і ідэйна насычаны творы. Пісьменнік сацыяльна тэндэнцыйны і эстэтычна ўзброены, Васіль Вітка дзейнічае, аднак, не лозунгам, не дэкларацыяй, не аголеныя правілам маралі, а імкнецца яскравым вобразам разварушыць свядомасць чытача. Юрэвіч.
2. Які заключае тэндэнцыю (у 4 знач.), прадузятую ідэю, якая не вынікае са зместу, а навязваецца. // Прадузяты, неаб’ектыўны. Тэндэнцыйнае асвятленне падзей. Тэндэнцыйны падыход да тэмы. □ [Мароз:] — Я, я, вось пагэтаму я і хачу сказаць, што гэта абвінавачанне тэндэнцыйнае, няправільнае. Лобан.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ваява́ць, ваюю, ваюеш, ваюе; незак.
1. Весці вайну супроць каго‑н. Ваяваць да перамогі. // Прымаць удзел у вайне. У імперыялістычную вайну Васіль Хамутоўскі ваяваў з Грыбоўскім у адной часці, жыў у адным акопе. Курто. Брэсцкая зямля ашаламіла разбэшчаных захопнікаў: ваявалі жывыя і мёртвыя, руіны стралялі ва ўпор. «Звязда».
2. перан.; з кім-чым. Змагацца, імкнуцца пераадолець што‑н.; дамагацца ажыццяўлення чаго‑н. З першых жа дзён Максіму прыйшлося ваяваць з сялянскаю кансерватыўнасцю, з неарганізаванасцю клінкоўскіх хлопцаў. Колас. Здалося, што машына пайшла трошкі лягчэй: некалькі кіламетраў можна праехаць, а там зноў прыйдзецца ваяваць са снегам. Кулакоўскі. Ваяваць за якасць работы з механізатарамі .. Ўладзіміру Верамейчыку давялося ўсё лета. Дуброўскі.
3. Разм. Сварыцца; варагаваць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пазні́цца, пазнюся, познішся, позніцца; незак.
1. З’яўляцца пазней вызначанага часу. Пазніцца на заняткі. □ [Ядзя:] — Заўтра новы дом пачынаем будаваць. Вось ранічкай і прыходзь сюды. Ды глядзі не пазніся. Асіпенка. Была ўжо глыбокая восень, але снег па нейкіх прычынах пазніўся. Ігнаценка.
2. Выконваць што‑н. пазней, чым трэба, чым прызначана. Пазніцца з выкананнем плана. Пазніцца з сяўбой. □ Васіль меў намер прайсці яшчэ раз папярэдзіць брыгадзіраў, каб яны не пазніліся з выездам брыгад на працу. Шамякін.
3. Затрымлівацца дзе‑н. — Толькі ты не пазніся там вельмі. Сам ведаеш — ваенны час, ноччу і з горада могуць не прапусціць, — папярэдзіў .. [Роўду] Бондар. Машара. — Збегай, — згадзіўся Міканор, — толькі не пазніся, завідна прыходзь. Кулакоўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ненажэ́рны, ‑ая, ‑ае.
Разм.
1. Такі, якога цяжка накарміць; пражэрлівы. [Валя:] — А дзе Пятро Аляксеевіч? [Марына:] — П’юць, чэрці ненажэрныя, трэці дзень без просыпу. Шамякін. Недзе ляпеча асіна, густа шамаціць чарот на возеры. Адтуль нясуцца цяжкія ўсплёскі — не даюць падрамаць рыбам ненажэрныя шчупакі. Місько. // перан. Здольны паглынуць, перапрацаваць, знішчыць і г. д. у вялікай колькасці. Васіль Малюк зноў адчыніў топку і з нейкай упартай метадычнасцю пачаў кідаць у яе ненажэрнае чэрава паліва. Васілёнак. Сухія смалістыя сцены ўвачавідкі злізваліся ненажэрным агнём. Пальчэўскі.
2. перан. Які не можа здаволіцца тым, што мае; прагны. Што ні зробяць.. [працавітыя] людзі — багатыя ўсё сабе заграбуць і яшчэ паглядаюць, ці не засталося што. Да таго ненажэрныя — страх адзін. Пальчэўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
няста́ча, ‑ы, ж.
1. Адсутнасць каго‑, чаго‑н. у неабходнай колькасці, недахоп. Нястача рабочых. Нястача грошай. □ Баец пачаў задыхацца. Грудзі распірала ад нястачы паветра, — здавалася, вось-вось хрусне горла. Быкаў. Шмат гора давялося перажыць.. [Анастасіі Фамінічне] у першыя гады замужжа. Зямлі мелі мала, і заўсёды ў чым-небудзь была нястача. Сіняўскі.
2. Недастача грошай, тавараў, выяўленая пры праверцы магазіна, установы і пад. Калі ў краме ёсць нястача, Дык «усушка» там няйначай. Крапіва. Правяраючы касу, Зіна выявіла нястачу. Васілёнак.
3. Адсутнасць дастатковых сродкаў для існавання; беднасць. Васіль .. чакаў, што Аўгіня, прыціснутая нястачаю, засмуткуе па куску хлеба і прыйдзе да яго. Колас. Мой край па царскаму закону Быў краем гора і нястач. Астрэйка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
зме́раць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае і зме́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; зак., каго-што.
1. Вызначыць якой‑н. мерай велічыню чаго‑н. Змераць тэмпературу. □ Вадзік узяў вясло, на ўсякі выпадак змераў глыбіню возера. Гамолка. Дарогі, цёмныя дарогі! Вы так маўклівы, вы так строгі! Хто вас аблічыць? Хто вас змерыць? Колас. Думак народных сягоння не змераць, Шчырых пачуццяў нічым не абняць. Глебка.
2. (у спалучэнні з назоўнікамі «поглядам», «позіркам», «вокам» і пад.). Прыкінуць, вызначыць на вока велічыню, памеры чаго‑н. Вокам змералі салдаты, Ці далёка да сяла. Калачынскі. // Агледзець з галавы да ног, вызначаючы што‑н. ці выяўляючы якое‑н. пачуццё (звычайна пагарду, гнеў, абурэнне). Васіль змераў Дразда халодным позіркам і адвярнуўся. Шашкоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пот, ‑у, М поце; мн. паты, ‑оў; м.
1. Празрыстая вадкасць, якая выдзяляецца асобымі падскурнымі залозамі. Васіль выціраў рукой твар, па якому, нібы гарошыны, даганялі адна другую кроплі поту. Васілевіч. // Выдзяленне гэтай вадкасці. Працаваць да поту.
2. Разм. Вільготны налёт на паверхні прадметаў, які ўтвараецца ад сутыкнення іх з цёплым паветрам. Туманіліся пылам і потам агромністыя пішы вокан. Гартны.
•••
Абліцца (халодным, сцюдзёным) потам гл. абліцца.
Да крывавага поту — да поўнага знясілення (працаваць, мучыцца і пад.).
Да сёмага (дзесятага) поту — да поўнай знямогі, стомы.
Заліцца потам гл. заліцца.
Ліць пот гл. ліць.
Потам і кроўю — з вялікімі намаганнямі, з вялікімі цяжкасцямі (здабываць, заваёўваць і пад.).
Сагнаць сем патоў з каго гл. сагнаць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)