вы́лучыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак., каго-што.

1. Адабраўшы, адасобіць ад агульнай масы; выдзеліць. Вылучыць кваліфікаваных рабочых у асобную брыгаду. □ На ахову параненых вылучылі невялічкую групу. Брыль. Цяпер трэба было вылучыць з усяго ўбачанага і пачутага галоўнае і перадаць яго таварышу Ігнату. Мікуліч. // Адзначыць якім‑н. чынам. Яго вылучылі як лепшага вучня. Вылучыць твор на атрыманне прэміі.

2. Прапанаваць, выставіць для абмеркавання, паставіць на больш адказную работу. Вылучыць кандыдатаў у дэпутаты. Вылучыць на партыйную работу.

3. Аддаць каму‑н. на карыстанне. На будаўніцтва вылучылі сродкі і тэхніку.

4. Выбраць, падабраць, знайсці. Вылучыўшы зручную хвіліну, Андрэй падзякаваў, папрасіў прабачэння і выйшаў з-за стала. Колас.

5. Выпусціць, выдзеліць. Вылучыць пах.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

замаро́зіць, ‑рожу, ‑розіш, ‑розіць; зак., каго-што.

1. Моцна ахаладзіўшы, давесці да замярзання. Снежаньскі мароз, ступіўшы на гэтую зямлю, замарозіў не толькі жывыя стварэнні, але і гукі зямлі. Мікуліч.

2. Разм. Прымусіць азябнуць. — Прабачце мне, — вінавата сказаў Раман, папраўляючы шапку і збіраючыся ісці. — І праўда — замарозіў вас. Арабей. // Не ўберагчы ад холаду, даць азябнуць. Лыжнік замарозіў вушы.

3. перан. Спыніць жывое праяўленне чаго‑н., пазбавіць натуральнасці; скаваць. У голасе.. [начальніка] адчулася столькі афіцыйнага халадку, што яго хапіла б, каб замарозіць дзесяткі кліентаў. Лынькоў.

4. перан. Спыніць выкарыстанне або дзейнасць чаго‑н.; закансерваваць (у 2 знач.). Замарозіць сродкі. Замарозіць будаўніцтва.

5. Разм. Абязболіць які‑н. участак цела спецыяльнымі сродкамі. Замарозіць зуб.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спо́саб, ‑у, м.

1. Прыём, метад ажыццяўлення, дасягнення чаго‑н. Прамысловыя спосабы здабычы торфу. Капіталістычны спосаб вытворчасці. Весці будаўніцтва эксперыментальным спосабам. Спосабы яравізацыі азімай пшаніцы. □ [Лютынскі:] Мы ж павінны паказваць больш культурныя і рацыянальныя спосабы карыстання зямлёй. Крапіва. І кожны з іх [хлопцаў] мае па плану свой спосаб рашэння задачы. Колас. Тут былі парады, як распальваць агонь у лесе: па-сібірску, паляўнічым і іншым спосабамі. Паслядовіч.

2. чаго. Парадак, характар, склад. Спосаб праўлення. Спосаб дзеянняў.

3. Рэальныя ўмовы, сродак, магчымасць ажыццяўлення чаго‑н. У пошуках спосабу жыць гэтая сям’я на некалькі год трапіла на Далёкі Усход, пасля зноў вярнулася ў Беларусь. Чорны. Па некалькі разоў у дзень Васіль перадумваў спосабы сустрэчы. Гартны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уклада́нне 1, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле дзеясл. укладаць ​1 — укласці ​1 (у 1–6 знач.).

2. Тое, што ўкладзена, змешчана ўнутр. Бандэроль з укладаннем.

3. Грашовая сума, укладзеная ў якую‑н. справу, якое‑н. прадпрыемства. Велізарныя ўкладанні іншаземнага капіталу ў рускую прамысловасць і вялікі рост дзяржаўнага доўгу іншаземнай буржуазіі ставілі царскую Расію ў залежнае становішча. «Полымя».

•••

Капітальныя ўкладанні — сродкі, якія дзяржава прызначае на капітальнае будаўніцтва.

уклада́нне 2, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. укладаць ​2 — укласці ​2.

2. Разм. Сачыненне. Укладанне [Веранікі] па рускай літаратуры зачытвалі перад усім класам. Навуменка. З кіпы сшыткаў [Мар’я Іванаўна] выцягнула Нінін сшытак і зачытала ўрыўкі з яе ўкладання. Сапрыка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

флаг, ‑а, м.

Прымацаваны да дрэўка або да шнура кавалак матэрыялу адпаведная формы і колеру (звычайна з якой‑н. эмблемай). Дзяржаўны флаг. □ У першы дзень работ на новым рубяжы будаўніцтва быў узняты чырвона-зялёны флаг нашай рэспублікі. Грахоўскі. // Сімвал дзяржавы, нацыі. На рэйдзе многа вялікіх суднаў пад рознымі флагамі. В. Вольскі.

•••

Застацца за флагам — а) у конна-спартыўных спаборніцтвах — не паспець прайсці дыстанцыю, адзначаную флажком, ва ўстаноўлены час; б) перан. адстаць у чым‑н. ад іншых, не дасягнуць мэты, не быць дапушчаным куды‑н.

Пад флагам якім або чаго — а) пад якім‑н. лозунгам, у імя чаго‑н.; б) прыкрываючы чым‑н. свае сапраўдныя намеры.

[Гал. vlag.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

закла́сці, -ладу́, -ладзе́ш, -ладзе́; -ладзём, -ладзяце́, -ладу́ць; -ла́ў, -ла́ла; -ладзі́; -ла́дзены; зак., што.

1. Пакласці што-н. за што-н. або змясціць куды-н. з пэўнай мэтай.

З. рукі за спіну.

З. набой у стрэльбу.

2. Заняць, запоўніць прастору чым-н.

З. стол кнігамі.

З. прабоіну ў сцяне цэглай.

3. Паклаўшы аснову, пачаць будаўніцтва чаго-н.

З. фундамент дома.

З. сад.

З. асновы выхавання дзіцяці (перан.).

4. Пакласці, змясціць для захавання (спец.).

З. дзесяць ям сіласу на зіму.

5. Уставіць што-н. паміж чым-н. (або ў што-н.), каб адзначыць.

З. патрэбнае месца ў кнізе закладкай.

6. Аддаць у заклад (у 1 знач.).

З. гадзіннік.

7. безас. Пра хваравітае адчуванне цяжару ў грудзях, носе, вушах (разм.).

Заклала вушы.

Грудзі заклала.

|| незак. заклада́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е і закла́дваць, -аю, -аеш, -ае.

|| наз. заклада́нне, -я, н., закла́дванне, -я, н. і закла́дка, -і, ДМ -дцы, ж. (да 3—5 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

гара́чка, ‑і, ДМ ‑чцы, ж.

Разм.

1. Хвароба, пры якой у хворага бывае высокая тэмпература; ліхаманка. Два дні Марынка не выходзіла з кватэры бацькоў — ляжала ў пасцелі, перамагаючы гарачку і трызненне ў паўсне. Хадкевіч.

2. перан.; чаго або якая. Моцнае ўзрушэнне, захапленне, азарт. Гарачка нажывы. Карцёжная гарачка. □ Усіх [вяскоўцаў] ахапіла гарачка будаўніцтва, і кожны лез са скуры, каб зрабіць дах большы і лепшы. Шамякін. // Спешка ў якой‑н. рабоце. А пад хваінаю на грудзе Вакол стажка аж кішаць людзі, Гарачка ўсіх бярэ такая, Што пот ім вочы залівае, Бо хмара сіваю градою Ужо звісла нізка над зямлёю. Колас.

•••

Белая гарачка — захворванне, якое ўзнікае ў выніку алкагалізму і суправаджаецца трызненнем і галюцынацыямі.

Пароць гарачку гл. пароць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

блок 1, ‑а, м.

Прасцейшае прыстасаванне для падняцця грузаў у выглядзе кола з жолабам, цераз якое перакінуты вяроўка, канат або ланцуг.

[Англ. block.]

блок 2, ‑а, м.

Аб’яднанне дзяржаў, палітычных партый, груповак для сумесных дзеянняў. Ваенны блок. Блок камуністаў і беспартыйных.

блок 3, ‑а, м.

1. Частка якой‑н. пабудовы, прылады, машыны і пад., якая сама складаецца з дэталей, элементаў. Блок цыліндраў. Блок матора. □ [Максім:] — Сам жа [Косця] прасіў паказаць будаўніцтва суцэльнымі блокамі. Грамовіч.

2. Штучна зроблены з бетоннай сумесі будаўнічы камень у выглядзе вялікай цагліны. Пустацелы блок. Шлакабетонны блок.

3. Комплекс будынкаў, якія маюць аднолькавае прызначэнне. Блок цэхаў жалезабетонных вырабаў. Хірургічны блок. Лагерны блок. □ Блокамі называюць баракі. Іх дзесяткаў чатыры, усе выходзяць тарцамі на адзіную вуліцу. Карпюк.

[Фр. bloc — аб’яднанне.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

самадзе́йнасць, ‑і, ж.

1. Праяўленне асабістага пачыну, ініцыятывы ў якой‑н. справе; актыўная самастойная дзейнасць. Сваю шматгранную культурна-асветную работу прафсаюзныя арганізацыі фабрык і заводаў рэспублікі наладжвалі на аснове самадзейнасці і актыўнасці шырокіх працоўных мас. «Весці». // Творчыя адносіны, самастойны падыход да справы. У адпаведнасці з мэтамі камуністычнага будаўніцтва грамадзяне СССР маюць права аб’ядноўвацца ў грамадскія арганізацыі, якія садзейнічаюць развіццю палітычнай актыўнасці і самадзейнасці, задавальненню іх разнастайных інтарэсаў. Канстытуцыя СССР. // Разм. іран. Самаініцыятыва, якая не ўвязваецца з арганізаванымі мерапрыемствамі. [Андрыюк:] — [Медыкаменты] я маю магчымасць даставаць... Але трэба грошы і сталая сувязь. Прадуманая арганізацыя, а не самадзейнасць. Навуменка.

2. Творчасць (музычна-харавая, тэатральная, харэаграфічная) народных мас, для якіх мастацтва не з’яўляецца прафесіяй. Мастацкая самадзейнасць. // Разм. Удзельнікі самадзейнага мастацтва. Прыехала самадзейнасць. Спяваць будзе самадзейнасць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Пла́ст ’спрасаванае граблямі бярэмя сена’, ’шчыльны слой чаго-небудзь’, ’гарызантальны слой пароды’ (ТСБМ, Др.-Падб., Сцяшк. Сл., Яруш., Шат., Сл. ПЗБ, ТС, Бяльк.; сміл., арш., Стан.; ЛА, 2), віл. пласто́к ’бярэмя, ахапак’ (Жыв. сл.), ’плоскі слой гліны’ (Вярэн.; Жыв. НС), ’лён, што застаецца на шчотцы пры часанні кужалю’ (міёр., Шатал.), ’пачаскі’ (воран., Сл. ПЗБ), пла́сцік ’кавалачак парэзанай бульбы’ (Вешт.), пласце́нь ’пласт мёду, сена’ (Нас.), пласт ’укладванне палатна ў час бялення — гармонікам’ (в.-дзв., Сл. ПЗБ), ’сувой палатна’ (барыс., ЛА, 4), пла́стам ’выцягнуўшыся’ (Нас.). Укр. пласт, пластівʼя ’слой’, ’галіна хвойнага дрэва’, ’складзеная капа сена’, пласцʼе́нка ’абярэмак сена’, пластє́ ’жардзіны, прызначаныя для будаўніцтва’, рус. пласт ’валок скошанай травы’, ’бярэмя сена, якое бярэцца віламі’, польск., в.-луж. płast ’соты’, чэш. plást і plástev, славац. plást ’тс’, ’сотавы мёд’, славен. plȃst, plȃstje, plȃstovje ’слой’, ’малы стог’, серб.-харв. пла̑ст ’капіца, стажок, тарпа’, ’слой’, макед. пласт, балг. пласт ’пласт’. Прасл. *plastъ з мяркуемым першасным значэннем ’шырокі і тонкі слой, пласт’ (Махэк₂, 455) ці ’мата, від пляцёнкі, падобнай да тканіны’, якое з і.-е. *plōt‑t‑u‑s: ст.-інд. práthati ’пашырае’, ’раскладаецца (пра труп)’, літ. išplė́sti, išplė̃sti ’пашырацца, распаўсюджвацца’, лат. plats ’шырокі, прасторны’, ст.-інд. pr̥thú‑ ’шырокі’, с.-в.-ням. fletze ’слой пароды’, італ. fiadone ’пласт мёду’. Буга (РФВ, 73, 336) звязвае прасл. *plastъ з літ. plãštaka, plaštakà ’далоня’, Траўтман (223) і Мацэнаўэр (LF, 12, 349) — са ст.-в.-ням. flah ’плоскі’, гл. плоскі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)