мі́сія, ‑і, ж.

1. Адказная роля, высокае прызначэнне каго‑н. Наша партыя высока нясе рэвалюцыйны сцяг марксізма-ленінізма і пралетарскага інтэрнацыяналізму, з гонарам ажыццяўляе сваю гістарычную місію, нястомна змагаецца за перамогу камуністычных ідэалаў. Брэжнеў. Літаратура і мастацтва выконваюць у савецкім грамадстве пачэсную місію. Шкраба.

2. Заданне, даручэнне. Найбольш адказная місія — спыніць дзяўчынку, не спалохаўшы, і наладзіць з ёй сувязь, была даручана мне. Брыль. Анэтка павінна памятаць, што на яе ўскладаецца важная місія — быць аховаю сям’і і гэтага хутарка. Колас.

3. Пастаяннае дыпламатычнае прадстаўніцтва пры якой‑н. дзяржаве звычайна на чале з пасланнікам, а таксама памяшканне, якое займае такое прадстаўніцтва.

4. Прадстаўнікі адной дзяржавы, якія пасылаюцца ў другую са спецыяльнай мэтай. Ваенная місія.

5. Місіянерская арганізацыя.

[Ад лац. missio — адпраўленне, пасылка.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ме́ра, ‑ы, ж.

1. Адзінка вымярэння. Меры даўжыні. Мера часу.

2. Народная назва адзінкі ёмістасці для чаго‑н. сыпучага, якая раўнялася прыблізна пуду збожжа; пасудзіна, якой мералася што‑н. сыпучае. Мера мукі.

3. Тое, чым вымяраюць што‑н.; мерка, крытэрый. Вымяраць кожны свой крок высокай мерай ідэалаў камунізма — такое патрабаванне ленінскай навукі кіравання будаўніцтвам новага грамадства. «Звязда».

4. Велічыня, ступень. Аканом меў дачыненні да Сімонавых спраў у такой жа меры, як Сімон да спраў Дгебуадзе. Самуйлёнак. // перан. Вызначаны рубеж, граніца. Мера цярплівасці.

5. Дзеянне або сукупнасць дзеянняў, сродкаў для ажыццяўлення чаго‑н. Прыняць меры. Вышэйшая мера пакарання. □ Папярэджанне, вымова, штраф на некалькі працадзён былі частымі мерамі ўплыву на нядбайнікаў. Дуброўскі.

•••

Квадратныя меры — меры плошчы.

Кубічныя меры — меры аб’ёму.

Лінейныя меры — меры даўжыні.

Метрычная сістэма мер гл. сістэма.

Без меры — а) у вялікай колькасці, вельмі многа; б) у вялікай ступені, бязмерна.

Ведаць (знаць) меру гл. ведаць.

Канца-меры няма гл. няма.

Мера і вера — дакладна. — А колькі табе, Андрэй, [за малатарню] плаціць? — запытаўся Юзік у Пошты. — У мяне мера і вера: пуд у дзень давай. Крапіва.

Не ў меру — больш, чым трэба.

Ні ў якой меры — ніяк, ніякім чынам.

Па меншай меры — не менш чым. [Галчанаў:] — Цяпер я быў бы па меншай меры дырэктарам завода. Васілёнак.

Па меры сіл (магчымасцей) — адпаведна з сіламі, з магчымасцямі.

Перабраць меру гл. перабраць.

Поўнаю мераю (плаціць) — столькі ж, колькі было атрымана.

У адной меры — без змен.

У меру — дастаткова. [Цімафей Міронавіч] убачыў жанчыну пакору і звярнуўся да яе тонам у меру строгім, але такім, які даваў зразумець, што .. усё ідзе па-ранейшаму. Зарэцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

па́ртыя, ‑і, ж.

1. Палітычная арганізацыя, якая выражае інтарэсы грамадскага класа або яго слоя, аб’ядноўвае найбольш актыўных прадстаўнікоў гэтага класа і кіруе імі ў дасягненні пэўных мэт і ідэалаў. Самым цэльным, поўным і аформленым выражэннем палітычнай барацьбы класаў з’яўляецца барацьба партый. Ленін.

2. Дабравольны баявы саюз аднадумцаў камуністаў, арганізаваны з прадстаўнікоў рабочага класа, працоўных сялян і інтэлігенцыі Савецкага Саюза; Камуністычная партыя Савецкага Саюза. На чале са сваім Цэнтральным Камітэтам наша партыя ўпэўнена вядзе краіну да новых перамог у барацьбе за камунізм. «Звязда».

3. Група людзей, аб’яднаных агульнасцю інтарэсаў, ідэй, поглядаў.

4. Група людзей, аб’яднаных для якой‑н. мэты; атрад. Партыя геолагаў. □ Будавалі перш за ўсё інтэрнаты для рабочых, новыя і новыя партыі якіх прыбывалі штодзень. Хадкевіч. На другі дзень на рабоце іх разлучылі. — Ніна засталася ў партыі жанчын, якая працавала ў горадзе, а Веру накіравалі на лесакамбінат. Мікуліч.

5. Пэўная колькасць якіх‑н. прадметаў, тавараў. Партыя летняга адзення. □ Ленінградскія рабочыя выпусцілі для сяла новую партыю трактароў. Курто.

6. Састаўная частка шматгалосага музычнага твора, якая выконваецца адным спеваком або на адным інструменце. Бабіньскі выконвае ў гданьскай оперы рад вядучых партый у операх заходніх і рускіх кампазітараў. «Звязда». Але вось чамусьці змоўклі вядучыя цымбалы, хоць партыя іх іменна ў гэтым месцы павінна была загучаць па ўсю моц. Мехаў. // Ноты для такой часткі. // Сольная роля ў оперы, балеце і пад. — З вялікай радасцю даведаўся я, што кіраўніцтва нашага тэатра даручае мне спяваць партыю Сяргея ў оперы Я. Цікоцкага «Дзяўчына з Палесся». «Маладосць».

7. Гульня (у шахматы, карты і пад.) з пачатку да канца.

8. Выгадны кандыдат для жаніцьбы, замужжа. Валодзя — вельмі харошая партыя для любой дзяўчыны. Арабей.

[Ад лац. partio — дзялю, падзялю]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)