змяшча́льны, ‑ая, ‑ае.

Здольны ўмясціць вялікую колькасць каго‑, чаго‑н.; ёмісты. Змяшчальны бак. Змяшчальнае памяшканне.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пако́ўны, ‑ая, ‑ае.

Здольны змясціць у сабе многа чаго‑н.; ёмісты, умяшчальны. Побач з палком, каля сцяны стаяў з гарбатым пакатым вечкам пакоўны куфар. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ёмкі1 ’зграбны, спрытны, зручны’ (БРС, ТСБМ, Нас., Касп., Шат., Бяльк., СБГ, Мат. Гом., Мядзв., Жд. I, Марц., Янк. III). Рус. ёмкий ’тс’, укр. емкий ’тс’ — усходнеславянская інавацыя з семантычным пераходам ’ёмісты, вялікі, сільны’, ’зграбны, спрытны, зручны’. Не выключай, аднак, балтыйскі ўплыў. Параўн. літ. imlùs, jamlùs, jamùs ’спрытны’ (Фрэнкель, 185). Балтыйскія прыметнікі маюць аснову на ‑й‑, да якой на славянскай моўнай глебе заканамерна дадаваўся фармант ‑ъкъ. Параўн. ёмкі2.

Ёмкі2ёмісты, вялікі, ладны’ (ТСБМ, Шат., Мат. Гом., Яруш.). Рус. ёмкий ’тс’. Беларуска-руская інавацыя з ‑ъкъ‑ суфіксацыяй ад прасл. ęti, jьtmǫ ’браць’. Параўн. літ. imù, im̃ti ’тс’, лац. ēmō, emere ’прымаць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

умяшча́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Здольны ўмясціць вялікую колькасць каго‑, чаго‑н.; ёмісты. Умяшчальны зал. Умяшчальны чамадан. □ Запасяць .. [лясныя мышы] таксама арэхі, насенне клёна, вяза, ягады, але асабліва любяць арэшкі ліпы, набіваючы імі даверху даволі ўмяшчальныя дуплы. Самусенка.

2. Які можа ўмясціцца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ёмкі, ‑ая, ‑ае.

1. Якім добра і лёгка карыстацца; зручны. Ёмкі кій. □ Пасля працоўнага дня гэтак прыемна бывае праехаць у ёмкіх санках, на добрым кані! Шамякін.

2. Зграбны, спрытны. На пні прымасціўся Гарвада, Сярэдняга росту, худы, Касцісты і ёмкага складу І з віду яшчэ малады. Колас. Зінчанка — ёмкі хлопец і ўмее даглядаць машыну. Шынклер. // Моцны; лоўкі, меткі. Ёмкі ўдар. □ Ёмкі стрэл, ад якога шумела ў ельніку рэха, агонь, што вырываўся з гільзы, прадавалі нам смеласці. Пташнікаў.

3. Вялікі, ладны. — Папраўляйся, галубок, — разгладжваючы вусы, гаварыў дзед Мікалай. Ён любаваўся, як апетытна Сашка ўплятаў ёмкую лусту хлеба. Даніленка. То была рэчка Вітлянка, з якой я, прыязджаючы сюды ўлетку, не раз цягаў гарбатых ёмкіх акунёў. Хадкевіч. // Моцнага целаскладу; дзябёлы. Андрэй выглядаў ёмкім, прысадзістым, якраз да танка, а мінамётчык — цыбаты, няскладны. Грамовіч. За салдатам у дзвярах паказаліся яшчэ двое, адзін рослы, худы, другі нізкарослы, ёмкі. Дуброўскі.

4. Тое, што і ёмісты; умяшчальны. — Даць больш ёмкія на груз вагоны і мацнейшыя паравозы! Шынклер. — Я вельмі рада, што маю чым падлячыць вас. — [Вольга Віктараўна] налівае ёмкую чарку. — Піце, Андрэй Пятровіч: гэта першы спосаб усцерагчыся ад прастуды. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)