дзі́ўны, ‑ая, ‑ае.

1. Які выклікае здзіўленне; незвычайны. Дзіўным здавалася Лабановічу, што такое вялікае сяло, як Мікуцічы, не можа справіцца з грэбляю. Колас. Малым прысніўся дзіўны сон, Што нехта ў шынялі паходным Прыйшоў, як бацька, сеў на ўслон І стаў пытаць пра ўсё лагодна. Танк. «Чу, фыр-р-р!» — пачуўся нейкі дзіўны гук, які нават цяжка перадаць. Ляўданскі.

2. Чароўны, дзівосны. Чуецца музыка дзіўная У повесцях сонных імшараў... Цешыцца явар з калінаю, Скінуўшы зімнія чары. Купала. Косцю думалася, як было б добра, каб Валя была разам з ім у гэту дзіўную месячную ноч, што так мякка ляжала над стэпам. Адамчык.

•••

Дзіва дзіўнае гл. дзіва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

све́тач, ‑а, м.

1. Уст. Тое, што і дзед ​3. Датлела ў светачы лучына, Памалу вочы жмурыць сон. Танк. Здавалася тады, што ў хаце ля стала гарыць у светачы смаляны агарак. Пташнікаў.

2. перан. Пра тое, што з’яўляецца носьбітам праўды, свабоды, культуры і пад. Як магутная сіла сусветнай сацыялістычнай садружнасці, як несакрушальная цытадэль міжнароднай салідарнасці, як светач міру і сацыяльнага прагрэсу ўзвышаецца сёння наша вялікая Радзіма — правобраз будучага сусветнага брацтва працоўных. Машэраў. О радзіма! мой светач цудоўны, адзіны, Явар мой, мой агністы снягір на сасне. Караткевіч.

3. перан. Пра таго, хто нясе з сабою ісціну, асвету, свабоду і пад. На разняволенай зямлі Шлях асвятліў нам светач вечны: І Правадыр, і Чалавек, І мудры, і сардэчны. Пушча.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Клён1 ’дрэва клён або драўніна гэтай расліны’ (ТСБМ, Сл. паўн.-зах., Касп., Сцяшк., Бяльк.). Ст.-рус. кленъ, рус. клён, укр. клен ’тс’, балг. клен, макед. клен, серб.-харв. кле̏н, славен. klèn ’тс’, польск. klon, чэш. klen, славац. kleń, в.-луж. klen, н.-луж. klon ’тс’. Індаеўрапейскі характар гэтай назвы дрэва вельмі праблематычны, паколькі мы не маем ніводным надзейнай паралелі за межамі славянскіх моў. Балтыйскія паралелі (літ. klẽvas, лат. kļavs) трэба лічыць формамі з іншымі дэтэрмінатывамі, але паколькі каранёвая частка нам невядомая, гэта супастаўленне застаецца нявытлумачаным. Кельцкія адпаведнікі здаюцца больш блізкімі (ірл. cuilenn, уэльск. kelyn ’клён вастралісты’). Але кельцкія формы можна разглядаць толькі як магчымую крыніцу. Параўн. іншую славянскую назву клёна — явар, якая традыцыйна лічыцца пранікненнем з германскіх моў. Трэба таксама адзначыць, што германскія назвы клёна, якія разглядаюцца як паралелі да славянскіх і кельцкіх (ст.-ісл. hlynr, ст.-англ. hlyne, с.-в.-ням. līn‑), можна таксама разглядаць як кельтызмы. Параўн. Махэк, LP, 2, 154, які разглядае назву клёна як праеўрапейскую субстратную.

Клён2 ’праклён’ (Сл. паўн.-зах.). Гл. клясці.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

сысці́ся, сыдуся, сыдзешся, сыдзецца; пр. сышоўся, ‑шлася, ‑шлося; заг. сыдзіся; зак.

1. Ідучы з розных бакоў, сустрэцца, сутыкнуцца з кім‑н. [Хлопцы] і не заўважылі, як амаль усутыч сышліся з незнаёмым чалавекам. Колас. А то яшчэ сыдуцца твар у твар на шматлюднай вуліцы, [нібы] знарок падстроена кім-небудзь гэтая сустрэча. Пальчэўскі.

2. Прыйсці з розных бакоў у адно месца; сабрацца — пра ўсіх, многіх. Сход быў доўгім .. Сышлася ўся вёска — і калгаснікі, і гаспадары. Чорны. Паглядзець на студэнту сышлася радня. Васілевіч. Хаваць Леаніда Андрэевіча з блізкіх і далёкіх вёсак сышліся тысячы людзей. Грахоўскі. // Прыйшоўшы куды‑н., убачыцца, сустрэцца з кім‑н. [Старэйшы:] — На сёння хопіць работы. Трэба, каб і заўтра ў нас яшчэ была прычына сысціся тут. Машара. Развіталіся з містэрам Тэлпі і раз’ехаліся ў розныя бакі. Раз’ехаліся, каб зноў сысціся праз тыдзень, вырашыць спрэчку... Б. Стральцоў. // Аб’яднацца (у які‑н. калектыў). Але калі Старыца апынулася ў партызанскай зоне, яе жыхары зноў сышліся ў калектыў і ўвялі ў вёсцы даваенныя парадкі. Хадкевіч.

3. Сустрэцца для паядынку, спаборніцтва, бітвы. На кросе мы яшчэ з табою сыдземся. Савіцкі. У хмызняку, за гародамі, нашы танкі замаскіраваліся і ў змроку, перад світаннем сышліся з фашысцкімі браневікамі і танкеткамі. Кухараў.

4. Уступіць у блізкія, сяброўскія адносіны; пасябраваць. Гаваркі, рухавы Іван умеў сысціся з кожным, але былі тайны, у якія пасвячаўся адзін толькі Ягор. Навуменка.

5. перан. Уступіць у шлюб, у любоўную сувязь, сужыццё. [Бабка:] — Я ж у Лукерчыка жонкай была — не служанкай. Праўда,.. не першай — сышліся мы ў пяцідзесятым годзе. Вышынскі. Малодшая ж хітрэйшай, відаць, была, — махнула ў Кустанай і там сышлася з камбайнерам, па сэрцу, без вянца. Корбан.

6. перан. Аказацца адзінадушным у чым‑н., прыйсці да згоды. [Лях:] — І пасварыўся і не пасварыўся — не разбярэш. Духу майго Журавінка не зносіць, а я — яго. [Вот] так і не сышліся характарамі. Лобан. І сышліся хлопцы-верхаводы на Алесевай кандыдатуры. Шынклер. // Аказацца аднолькавым з чым‑н., падобным да чаго‑н. Так мы з сынам шчасліва У сваіх думках сышліся. Кірэенка.

7. перан. Разм. Прыйсці да пагаднення, згаварыцца. Таргаваліся, таргаваліся, ды ніяк не могуць у цане сысціся: пан, бач, скупы быў і надта даражыўся. Якімовіч. — Дам стрэліць, — сказаў Сцёпка. [Яська:] — Тры разы? — Адзін раз. — Жмінда. — Сышліся на двух стрэлах. Хомчанка.

8. Разм. Атрымацца, аказацца ў адпаведнасці адно з другім; супасці. Паказанні прыбораў сышліся. □ Вулю трэба закрыць ведамасць — і ўсё. Яшчэ — каб сышлося капейка ў капейку. Пташнікаў.

9. перан. Разм. Адбыцца адначасова (аб якіх‑н. падзеях). — Толькі што сын мой паехаў у войска служыць, — гаварыў Марцін, — а ў Перавозе дачка сабралася дзіця раджаць. Нейк усё сышлося адразу як з-пад маланкі. Чорны.

10. Наблізіцца адзін да аднаго, даткнуцца, дакрануцца. І задрамаў ён [сын] стомлены, Бы явар ля ракі, Як абцугі, над скронямі Сышліся дзве рукі. Панчанка. Калматыя бровы гаспадара сышліся над перанос[сем], папаўзлі ўгору. Асіпенка. // Разм. Аказацца па памерах дастатковым для таго, каб зашпіліць або захінуць (пра адзенне). Пояс сышоўся.

11. Прымкнуўшы шчыльна адно да аднаго, злучыцца. Высозныя горы, як сцены, Абапал. То воддаль адступяць Ад Струмы-ракі, То блізенька-блізенька Сыдуцца раптам. Гілевіч. А ён [чалавек] у траву паваліўся, У зялёных хвалях стаіўся. Сышліся над ім тыя хвалі, І вершаліны, як хвалі, Над гэтым месцам сышліся — Чалавека схавалі. Сіпакоў. У пачатку стагоддзя хаткі рабочых амаль сышліся з горадам. П. Ткачоў.

12. Аказацца, сканцэнтравацца ў адным месцы. Лініі сышліся ў адной кропцы. □ Усе сляды сышліся ля Яўхімавай пуні. Жычка. // перан. Злучыцца. Бачанае і чутае, перажытае і перадуманае — усё сышлося ў адно і разгортваецца перад вачамі, як доўгі маляўнічы скрутак. Палтаран.

•••

Свет клінам (не) сышоўся гл. свет.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)