квас, ‑у, м.

1. Кіславаты напітак, прыгатаваны на вадзе з хлеба, сухароў або жытняй мукі з соладам. Хлебны квас. □ [Сынклета Лукінічна] прынесла поўны гладыш пахучага пеністага квасу. Шамякін. Прыемна пахне хлебны квас Ад рошчыны ў дзяжы. Хведаровіч. // Шыпучы напітак з вады і ягад, фруктаў або мёду.

2. Абл. Кіслая страва з буракамі, грыбамі і інш., гатаваная на гэтым напітку. [Пніцкі] прысеў да нізенькага стала, пасёрбаў з гаршка ўчарашняга квасу з грыбамі. Чорны.

•••

Перабівацца з хлеба на квас гл. перабівацца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

іскры́сты, ‑ая, ‑ае.

1. Які вылучае, мае ў сабе многа іскраў. Васіліна тым часам падкідала сушняк у маленькую печ, і чырвонае іскрыстае полымя вырывалася з чалеснікаў, нібы яму там цесна было. Сабаленка. Палае Агонь іскрысты ля карча. Ляпёшкін.

2. Які ззяе, зіхаціць іскрамі; бліскучы. Іскрысты снег. □ У вёсцы, дзе побач барок, Прабіўся, усплыў ручаёк, Празрысты, іскрысты і свежы. Бялевіч. // Пеністы, шыпучы. Іскрыстае віно. □ — Бач бо ты якое, аж свеціцца, — здзіўляліся госці, кожны падстаўляючы свой кубак, каб хоць трошкі і яму перапала гэтага іскрыстага пітва. Сабаленка. // перан. Яркі, выразны; агністы. Іскрысты смех. Іскрыстая радасць. □ І словы, што .. [Зося] вымаўляла, і іскрысты позірк, і ўся тонкая, сабраная постаць нібы ўвасаблялі энергію і волю. Хадкевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)