шы́цік, ‑а, м.

Разм. Маленькі рачны чарвячок, які жыве ў рухомым доміку-трубачцы, зробленым з пясчынак, кавалачкаў кары, дробных ракавінак. Сказаў .. [дзед] пра гэта раніцай, і я ўвесь дзень не ведаў спакою: накапаў чарвякоў, у ручаі назбіраў шыцікаў, разоў дзесяць, можа, перамотваў лёску. Хомчанка. Іх мы называлі хто як: хто сыцікі, хто шыцікі, а хто проста вадзяныя чарвячкі. Дайліда.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пратачы́ць 1, ‑тачу, ‑точыш, ‑точыць; зак., што і без дап.

1. Выканаць на такарным станку. Пратачыць паз.

2. Тачыць некаторы час. Пратачыць цэлую гадзіну.

пратачы́ць 2, ‑тачу, ‑точыш, ‑точыць; зак., што.

1. Праесці, прагрызці дзіркі, хады, канаўкі ў чым‑н. (пра чарвякоў, насякомых, грызуноў). А што як пацукі за ноч прагрызуць дзірку і праточаць грошы? Лупсякоў.

2. Прамыць дзірку ў глебе (пра цякучую ваду).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

лічы́нка 1, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Стадыя развіцця некаторых жывёльных арганізмаў (чарвякоў, насякомых, рыб і пад.), калі арганізм ужо вызваліўся ад зародкавых абалонак і вядзе самастойнае жыццё, але адрозніваецца па віду і будове ад канчаткова сфарміраванай жывёліны; жывёльны арганізм на гэтай стадыі.

лічы́нка 2, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Спец. Частка затвора вінтоўкі, якая замыкае канал ствала.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

жыллё, ‑я, н.

1. Населенае месца; месца, дзе жывуць людзі; паселішча. Азяблыя галубы ціснуліся да жылля, садзіліся на падаконнікі. Жычка. Жыллё чалавечае ён абміне Балотам, гушчарам як толькі мага. Зарыцкі.

2. Памяшканне (дом, хата, пакой і інш.), у якім хто‑н. жыве. Другі пакой, больш прасторны, служыў.. [гаспадыні] жыллём. Ракітны. // Пра гняздо, нару, логава і пад. Адны з .. [дзятлаў] заняты звычайнай работай: шукаюць у кары на абед чарвякоў: другія — больш важнай: будуюць жыллё. Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Нерх ’лёгкая неўраджайная зямля’ (ТС), нерхова́ты ’неўраджайны, лёгкі (аб зямлі)’ (ТС). Няясна; магчыма, звязана з польск. дыял. nierzch ’нераст, ікра’, што адлюстроўвае знешняе падабенства, параўн.: «Земля — нерх, бі чэ́рві ее поточылі. Вона бі чорна, але непло́тна» (ТС), тады ўсё да нераст (гл.), якое можа мець значэнне ’ікра ў рыб, жаб’ і інш. У сувязі з апошнім параўн. укр. нерость, нерість ’усё зямное (акрамя вады), што не расце і што не створана штучна: зямля, каменні, металы, г. зн. наогул мінералы’ (Грынч., да рости ’расці’), што дапускае змяшэнне з нересть ’апладненне ў рыб, змей; сварка’ (там жа). Ва ўсякім разе здзіўляе поўная ідэнтычнасць слова з рэканструкцыяй прасл. *nerьchъnerĭs‑os ’нераст, ікра’ (Шустар-Шэўц, 13, 996), магчыма, першаснае значэнне грунтуецца на ўяўленні пра ікру земнаводных ці чарвякоў. Гл. няршы́ць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жу́жаль1 ’драпежны начны жук, Carabidae’ (ТСБМ). Рус. жу́желица, укр. жу́желиця, жу́жіль ’тс’, чэш. žižala, žižalice ’род чарвякоў з сям. Lumbricidae’, палаб. zauzălaića ’чарвяк’, славен. žúžel, žužę̂lica ’насякомае’, балг. жу̀жел, макед. жужел ’тс’. Ц.-слав. жоужєль ’тс’, ст.-рус. жужель ’тс’. З суф. *‑elь ад асновы *zu‑zg‑ (< *geu), відаць, гукапераймальнага характару, як і ў жук (гл.). Фасмер, 2, 63–64; Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 297; Міклашыч, 412. Махэк₂ (729), відаць, справядліва лічыў, што першасна жужаль было зборным найменнем розных дробных стварэнняў — насякомых, чарвякоў і г. д., што тлумачыць выкарыстанне слова для абазначэння розных істот у розных слав. дыялектах (гл. жужалках).

Жу́жаль2 ’шлак; гразевая або гнаявая жыжка’ (ТСБМ), ’крохкая парода’ (глус., Янк. III), ’гразь, жабурынне, лёк’ (Сл. паўн.-зах.), жу́жаля ’бруд у вадзе’ (Яўс.). Рус. арл. жужель ’дробныя адходы ад бульбы’, укр. жу́жіль ’шлак’, польск. żużel ’тс’, чэш., славац. žúžol ’вугаль’, славен. žužel ’сасновая сажа’, балг. дыял. жу̀жел, жужель ’нешта чорнае, перагарэлае’. Па Брукнеру (668), як і жужаль1, ад гукапераймальнага і.-е. кораня *geu‑ паводле гуку, які выдае металічны шлак. Праабражэнскі (1, 236) указаў на сем. цяжкасць гэтага. Гараеў (111) супастаўляў з жгу, жечь, жижа ’агонь’, што спатыкаецца з фанетычнымі цяжкасцямі, якія далі Фасмеру (2, 64) падставу лічыць гэту прапанову непераканаўчай. Безлай (лекцыя ў БДУ 14 лістапада 1969 г.) выказваў думку пра сувязь жужаль ’шлак’ з *jьgъla (> іголка), абгрунтоўваючы семантычна колкасцю шлаку, а фанетычна пачатковым d‑ (*djugъla), паходжанне якога, аднак не тлумачылася. Калі прыняць версію Махэка₂ (729) пра першаснае значэнне жужаль1 ’сукупнасць дробных стварэнняў насякомых, мышэй, чарвей і да т. п’., можна зразумець і перанос назвы жужаль з дробных нячыстых істот на дробныя нячыстыя прадметы: шлак, жабурынне, бруд, гразь. Параўн. яшчэ жужалка1.

Жу́жаль3 ’расліна куколь, Agrostemma githagos’ (Сл. паўн.-зах.). Можа тлумачыцца як перанос ад жужаль1 ’шлак’ назву пустазелля, непатрэбнай травы. Іншыя назвы: тугаль, гугаль, куколь (гл.), зязюльчын лён (Кіс., 10). Першыя тры з іх указваюць на старажытную назву з вялікай варыянтнасцю зычных. Тады жужаль — варыянт старажытнай назвы (магчыма, праз *gougolь*geugelь > žuželь).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

перагле́дзець, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць, зак., каго што.

1. Агледзець, дагледзець усё, многае або ўсіх, многіх. Артур палез па кішэнях шукаць Наталлінага адраса. Уміг ён перагледзеў некалькі замурзаных блакнотаў, памятых .. паперак і — дарэмна. Гартны. І вось Янка ў кабінеце дырэктара. Ён пачакаў, пакуль той перагледзеў нейкія паперкі, потым кашлянуў. Прокша. // Прагледзець нанава, яшчэ раз з мэтай праверкі. Тамаш зноў хутка перагледзеў прыёмнік ... і зноў навушнікі маўчалі, нібы нямыя. Краўчанка. [Сяргей Сяргеевіч:] — У пятніцу вечарком я накапаў чарвякоў, перагледзеў снасці, а назаўтра .. мы ўжо кацілі на Змітраковым «буланчыку» па гладкай шашы на ўлюбёныя мясціны майго сябра — прыгожы высокі бераг Бярэзіны. Ляўданскі.

2. Разгледзець, абмеркаваць што‑н. нанава, яшчэ раз для ўнясення якіх‑н. змен, паправак. Перагледзець штаты устаноў. Перагледзець нормы выпрацоўкі. □ Само жыццё прымусіла пісьменніка перагледзець твор, бо рэчаіснасць дала яму новы цікавы матэрыял. Кучар. — Дзеля справядлівасці, даражэнькі, трэба перагледзець табе тваё рашэнне, — хмурачыся, казаў далей Гапоненка [Міхалу Пятровічу]. Капусцін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

се́дала, ‑а, н.

1. Жэрдка або некалькі жэрдак у куратніку, на якія садзяцца ноччу куры; курасадня. Пад павеццю на седале закудах[т]ала курыца. Рылько. Седалы і гнёзды для нясушак зрабіў Вацлаў Нехвядовіч, які аказаўся на дзіва кемлівым птушнікам. Б. Стральцоў. [Стэфка:] — Курачкі цяпер на седале, то ідзі злаві мне адну, Сымонка. Чарнышэвіч. // Месца, дзе гняздзяцца птушкі. Ужо каторы раз над намі моўчкі і паспешліва праляталі на свае седалы самыя познія вароны. Кулакоўскі. Сам арол вісеў галавою ўніз, безупынку лопаючы крыламі. Вось яму ўдалося зноў уладкавацца на сваім седале. Беразняк.

2. Гняздо ў куратніку, дзе нясуцца куры або выседжваюцца кураняты. Яечка — рэдкая прыемнасць у Ганьчыным жыцці. Ганька толькі збірае яйкі на седале і складае іх у стары зялёны макацёр. Васілевіч. У сярэдзіне мая маці пасадзіла на рэшата сапраўдную квактуху Чубатку. — А тваю, відаць, пара з седала выкідаць, — сказала яна да Мані. Якімовіч.

3. перан. Разм. Месца, дзе чалавек пражыў шмат год; абжыты куток. Было страшна, што адарвешся ад роднага седала ды і згубішся ў людзях. Асіпенка. Нейкі час Надзя глядзела засяроджана на сваё колішняе седала, і хоць усё для яе было тут звыклае і роднае, глядзела і не верыла сваім вачам. Гроднеў. // Наседжанае месца або прыдатнае для сядзення месца. Антон праверыў усе вуды, начапляў новых чарвякоў, пажыў рукі і, крыху адышоўшыся ад вады, пачаў рыхтаваць седала — стаяць над вудамі ён ужо стаміўся. Савіцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)