цуд, -у, М -дзе, мн. -ы, -аў, м.
1. У рэлігійных уяўленнях: штосьці невытлумачальнае, звышнатуральнае, выкліканае ўздзеяннем Боскай сілы.
Спадзявацца на ц.
2. Пра тое, што здзіўляе сваёй незвычайнасцю, прыгажосцю, выклікае захапленне.
З цудаў ц.!
Цуды гераізму.
3. у знач. прысл. цу́дам. Незвычайным, неверагодным чынам; выпадкова (разм.).
Дом ц. уцалеў пасля бамбёжкі.
Ц. не спазніўся.
4. у знач. вык. Надзвычайна добры, непараўнальны.
Надвор’е сёння — ц.!
Не кулеш, а ц.!
◊
Цуда ў рэшаце (разм., жарт.) — пра што-н. незвычайнае або незразумелае.
Цуда-юда — у казках: пачвара, страшыдла.
 Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс) 
Про́дзіў ’цуда з цудаў’ (Нас.): нейкий продзіў тут случыўся. З польск. przedziw(y) ’тс’, якое, магчыма, ад прым. przedziwny ’дзіўны; вычварны’, дзе prze‑ — прыстаўка са значэннем найвышэйшай ступені; dziwny, гл. дзіва. Гл. таксама прыдзіў.
 Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017) 
цуд, ‑у, М ‑дзе, м.
1. Паводле рэлігійных уяўленняў — невытлумачальная з’ява, якая выклікаецца чарадзействам. [Селянін:] — Заўсёды перад кірмашом штогод.. бывае яшчэ адзін цуд: за год святыя сляды абрастаюць мохам. Бядуля.
2. Што‑н. нечаканае, незвычайнае. І тады стаўся цуд: Капейка ўстаў і пачаў гаварыць. Брыль. Можа стане цуд і з’явіцца Якім, як бы нічога не бывала! Машара. // у знач. прысл. цу́дам. Разм. Незвычайным, неверагодным чынам; выпадкова. На Ленінградскай вуліцы Тумаш павёў іх [варшаўцаў] у чатырохпавярховы дом, які цудам уцалеў у час бамбёжак. Новікаў.
3. Пра тое, што выклікае захапленне, здзіўленне сваімі выдатнымі якасцямі, прыгажосцю і пад. У саснячку густым, смалістым — Загледзішся на цуд такі — У беленькіх манішках чыстых Стаяць фарсіста маслякі. Цвірка. Ну не кулеш, а — цуд! Духмяны, залацісты, смакавіты. Валасевіч. // чаго. Пра тое, што з’яўляецца ўзорам дасканаласці ў якой‑н. галіне. Задаволеная, што так добра выканала даручэнне, Муза Сымонаўна хутка везла цуд мастацтва. Арабей. Крок за крокам прасочвае паэт ператварэнне дрэва ў цуд музыкі і весялосці. Бярозкін.
4. у знач. вык. Дзіўна, незвычайна. Наогул жа, калі салавей пяе — гэта цуд. Лужанін.
•••
Цуда ў рэшаце — пра што‑н. незвычайнае.
 Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.) 
усё 1,
гл. увесь.
усё 2, прысл.
1. Увесь час, заўсёды, пастаянна. Ён усё ў раз’ездах. Ён усё заняты. Ява ўсё злуецца. □ Іду, іду Па маёвым лесе, І ўсё мне здаецца: Вось-вось распукнецца Сэрца Мільёнамі ландышаў. Кірэенка.
2. Да гэтага часу, яшчэ і цяпер. Ён усё яшчэ вучыцца. □ Андрэя ўсё не было, і маці яшчэ больш занепакоілася аб сыне. Дуброўскі.
3. Толькі, выключна. Усё ты вінаваты. Справа расстроілася, і ўсё з-за вас.
4. У спалучэнні са словамі, якія абазначаюць змену прыметы або нарастанне прыметы. Вецер усё мацнее. Тэмпература паветра, усё павялічваецца. Усё больш і больш змяркалася. □ Сурова слухала бажніца модлы, А шум банкету ліўся ўсё гучней. З. Астапенка.
5. У спалучэнні з вышэйшай ступенню і злучнікам «чым» служыць для ўзмацнення проціпастаўлення. Занятак не вельмі што, але ўсё лепш, чым сядзець склаўшы рукі.
6. Аднак, тым не менш. Як ён ні стараецца, а ўсё не атрымліваецца добра.
•••
Усё ж; і ўсё ж — усё-такі, тым не менш. [Маці:] — Прырасла ты, Наташа, да свайго гэтага агароду моцна, а парваць з ім усё ж давядзецца. Асіпенка. І ўсё ж цуда адбылося. Капсуль разарваўся тады, калі дасталі яго з міны. Гроднеў.
Усё ж такі — тое, што і усё ж. І ўсё ж такі па нечым другім, невядомым і не распазнаным, было відаць, што.. [К. Чорны] слухае. Скрыган.
 Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.) 
чу́до ср. (мн. чудеса́)
1. цуд, род. цу́ду м.; (диво) дзі́ва, -ва ср.;
соверши́ть чу́до зрабі́ць цуд;
чу́дом спасти́сь от сме́рти цу́дам вы́ратавацца ад сме́рці;
каки́м-то чу́дом не́йкім дзі́вам (цу́дам);
чудеса́ герои́зма цу́ды гераі́зму;
чу́до иску́сства, те́хники цуд маста́цтва, тэ́хнікі;
2. в знач. сказ. дзі́ва, дзі́ўна;
э́то про́сто чу́до! гэ́та про́ста дзі́ва!;
чу́до, что дзі́ва (дзі́ўна), што;
◊
чу́до-богаты́рь цу́да-во́лат;
чудеса́ в решете́ цу́ды ў рэ́шаце.
 Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)