ла́стаўка, -і, ДМ -таўцы, мн. -і, -тавак, ж.
1. Пералётная птушка атрада вераб’іных з вузкімі вострымі крыламі, вёрткая і хуткая ў палёце.
Берагавая л.
Белагрудая л.
2. Гімнастычная фігура, пры якой пастава цела нагадвае птушку ў палёце.
3. Ласкавы зварот да асоб жаночага полу.
◊
Першая ластаўка — пра першыя прыкметы з’яўлення чаго-н.
|| прым. ла́стаўчын, -а (да 1 знач.).
Ластаўчына гняздо.
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)
дапамо́га, -і, ДМ -мо́зе, ж.
1. Садзейнічанне, падтрымка каму-н. у чым-н.
Д. бацькам.
2. Матэрыяльная падтрымка.
Грашовая д.
Выхадная д.
3. Садзейнічанне ў лячэнні, у палягчэнні пакут.
Медыцынская д.
○
Карэта хуткай дапамогі — спецыяльная аўтамашына для аказання неадкладнай медыцынскай дапамогі.
Першая дапамога — дапамога хвораму ці пацярпеламу да прыбыцця доктара.
Хуткая дапамога —
1) сістэма медыцынскай дапамогі пры небяспечных для жыцця і здароўя чалавека выпадках, якая аказваецца дома або на месцы здарэння;
2) спецыяльна абсталяваная аўтамашына, якая аказвае такую дапамогу.
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)
ска́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.
1. Хуткая язда на кані; хуткі бег каня. На Міхаліне былі нагавіцы і дзве паласы з шатландкі, што ўтваралі нібы сукенку. Сапраўдны строй для скачкі не на жыццё, а на смерць, на злом галавы. Караткевіч.
2. звычайна мн. (ска́чкі, ‑чак). Спаборніцтвы на верхавых конях. Скачкі з перашкодамі. □ Ці помніце вы, як апісаны ў рамане [«Анна Карэніна»] скачкі? Асіпенка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Турэ́ц ‘звужанае рэчышча са шпаркім цячэннем вады’ (дзісн., Ластоўскі, Выбр. тв., 421), ‘быстрыня, струміна, хуткая плынь у рацэ’ (Ласт.), ‘прыспешаная плынь вады, сціснутая з двух бакоў каменнымі стромкімі лехамі’ (У. Дубоўка). Суфіксальнае ўтварэнне ад турыць ‘гнаць, імчаць’ (Пацюпа, Arche, 2007, 3, 195). Санько (Бел. гіст. агляд, 2007, 14, 1–2, 335) бачыць паралель у назве рэчкі Тур або Тураўлянка, якая, па паданні на Тураўшчыне, раней называлася Струмень, параўн. санскр. turá ‘хуткі’ і фрак. strumá, strumón ‘плынь, рака’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
ско́рый
1. (быстрый) ху́ткі;
ско́рый по́езд ху́ткі цягні́к;
ско́рая по́мощь ху́ткая дапамо́га;
2. (недалёкий по времени) ху́ткі;
в ско́ром вре́мени у ху́ткім ча́се, неўзаба́ве;
◊
на ско́рую ру́ку спе́хам.
Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)
Вярцёлка 1 ’мінога рачная, Lampetra fluviatilis’ (Бяльк.); ’шчыпаўка, Cobitis taenia’ (слаўг., З жыцця). Назва паходзіць ад таго, што, ратуючыся ад небяспекі, рыба імгненна зарываецца ў зямлю (Яшкін, З жыцця, 124). Утвораны ад вярцець (гл.) і суф. Nomina instrumenti ‑лька (< lъ‑jь + k‑a).
Вярцёлка 2 ’зашчапка, засаўка ў весніцах’ (КТС). Да вярце́ць (гл.).
Вярцёлка 3 ’ямка ў рацэ’ (КТС). Да вярцець (гл.).
Вярцёлка 4 ’жанчына, якая шукае лёгкіх уцех’ (КТС). Рус. пск., цвяр. вертёлка ’шалахвостка’; ’баявая і хуткая ў рухах жанчына ці дзяўчына’. Да вярце́ць (гл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Перыя, ст.-бел. перыя, перея ’бок вуліцы’ (1597 г.). Са ст.-польск. pierzeja, pierzaja ’паласа, шэраг дамоў уздоўж вуліцы’, параўн. таксама чэш. perej ’хуткая плынь’, ’парогі ў рацэ’, апошняе ўзводзяць да *per‑ ’ляцець’ (метафара!) — аб вадзе, якая “прэцца” паміж скаламі (Махэк₂, 445). Польскае pierzeja Банькоўскі (2, 562) выводзіць ад *pero, гл. пяро, паколькі першапачатковае значэнне — ’адзін з бакоў (“сцяжкоў”) пяра’, перанесенае пасля на палавінкі дзвярэй, варот, бакоў забудаванай вуліцы і г. д.: не мае нічога супольнага, па яго думку, з літ. pėreja ’праход’ (там жа) і, відаць, з названым чэшскім словам.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
ху́ткі, ‑ая, ‑ае.
1. Які адбываецца з вялікай хуткасцю. Хуткі бег. Хуткая хада. □ Коні, узмакрэлыя ад далёкай дарогі і хуткай язды, як толькі ім зноў дазволілі перайсці на ступу, пачалі задаволена фыркаць. Брыль. // Які імкліва перамяшчаецца ў прасторы, які вызначаецца вялікай хуткасцю. Прабягалі хуткія кур’еры За кароткім часам наўздагон. Глебка.
2. Быстры ў сваіх рухах, дзеяннях, рашэннях і пад. Арэшкін хоць і быў вышэйшы ростам, але крочыў паважна, не спяшаючыся, і імкліваму, хуткаму ў рухах Лемяшэвічу прыйшлося запаволіць сваю хаду, а калі ён парушыў рытм, рэчы пачалі замінаць. Шамякін. [Сяргей:] — Надта ж марудна кнот тлеецца... [Таня:] — Ах, які ты хуткі на ўсё. Машара. // Паспешлівы. [Андрэй] падаў паперку старэйшаму. Той узяў яе, кінуў хуткі погляд на напісанае. Самуйлёнак. Крушынскі аглядваецца па баках, хуткімі крокамі выходзіць з лесу. Бядуля.
3. Які адбываецца ў кароткі адрэзак часу. Хуткі рост прамысловасць Хуткі рост народнай асветы ў рэспубліцы. // Які павінен адбыцца праз невялікі адрэзак часу. Вер нам цвёрда, Зямля! І чакай нас, Зямля! Да спаткання, да хуткай сустрэчы. Гілевіч.
•••
Карэта хуткай дапамогі гл. карэта.
Хуткая дапамога гл. дапамога.
У хуткім часе гл. час.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ла́стаўка, ‑і, ДМ ‑таўцы; Р мн. ‑тавак; ж.
1. Пералётная птушка атрада вераб’іных з вузкімі вострымі крыламі, вёрткая і хуткая ў палёце. Вясковая ластаўка. Ластаўка беражанка. □ Мы, трое жэўжыкаў, стаім каля плота і назіраем, як над гразкай вуліцай вывіваюцца белагрудыя ластаўкі. Пальчэўскі.
2. (звычайна пры звароце). Разм. Ласкавая назва жанчыны, дзяўчыны, дзяўчынкі. [Дзюмон:] — А ну, адгадай, ластаўка, што я сёння прынёс табе? Шамякін.
3. Гімнастычная фігура, пры якой пастава цела нагадвае птушку ў палёце.
•••
Першая ластаўка — пра першыя прыкметы з’яўлення чаго‑н.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
стро́кат, ‑у, М ‑каце, м.
Рэзкія кароткія і частыя, падобныя на трэск гукі, якія ўтвараюць насякомыя і некаторыя птушкі. [Восы] ціха звінелі, і іх звон зліваўся з сухім строкатам конікаў. Лынькоў. Вось з яго, гэтага строкату конікаў, пчалінага звону і шапацення траў складалася песня лета. Грамовіч. / Пра гукі, якія ўтвараюцца маторам, кулямётам і пад. Зранку строкатам касілак Абудзіў лугі народ. Бялевіч. Цішыню ўскалыхнуў дружны строкат кулямётаў. Сіняўскі. // перан. Хуткая несціханая гутарка, балбатня. Быў спалоханы строкат — і охі, і ахі, калі вярнулася з бульбай кухарка; было вялікае здзіўленне на аднолькава поўных і разгубленых тварах стандартных братоў, — нага палоннага распухла яшчэ больш. Брыль.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)