Ле́йцы ’вяроўка ці раменны шнур для кіравання запрэжанымі коньмі’ (ТСБМ, Янк. I, Касп., Яруш., Бес., Гарэц., Сцяшк., Шат., Сл. паўн.-зах., ТС; лаг., мін., КЭС, Раст. Да хар.), полац. лейчына́ (Янк. II), міёр. лійчына́ (Нар. словатв.), ле́йчына ’тс’ (Сцяшк.), ст.-бел. лейцъ (леецъ) (XVI ст.). Праз польск. lejce запазычана з с.-в.-ням. leit‑seil, суч. ням. Leitseil ’тс’ < leiten ’кіраваць, весці’ + Seil ’вяроўка’ (Шат., 146; Слаўскі, 4, 122; Булыка, Запазыч., 187; Бел.-польск. ізал., 46).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кро́ква1 ’два брусы, верхнімі канцамі злучаныя пад вуглом, а ніжнімі прымацаваныя да бэлек’ (ТСБМ, Сцяшк., Грыг., Шушк., Мядзв., Др.-Падб., Гарэц., Шн., Тарнацкі, Studia, В. В., Яшк., Бяльк., Бломкв., Хар., ТС, Касп., Сл. паўн.-зах.). Укр. кроква, рус. кроква ’тс’, славен. krokva ’тс’, польск. krokiew, чэш. krokev, славац. krocva ’тс’. Прасл. kroky да krokъ (гл. крок) па знешняму падабенству (Брукнер, 269). Іншыя версіі малаверагодныя. Параўн. Трубачоў, Эт. сл., 12, 184.

Кро́ква2 ’густы, малады, тонкі лес, звычайна на нізкіх вільготных месцах’ (Яшк.). Да крокаць (гл.). Магчыма, пад уплывам марфалагічна тоеснага дрыгва (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кут ’частка памяшкання, прастора паміж дзвюма сценамі’ (ТСБМ, Нас., Шат., Сл. паўн.-зах., Касп., Ян., Крачк., Нік. Очерки, Яшк., П. С., Маш., Хар., Бяльк., Сцяшк., Шушк., Мядзв., Грыг.). Укр. кут, рус. кут, балг. кът, серб.-харв. ку̑т, славен. kǫ́ty польск. kąt, чэш. kout, славац. kùt, в.-луж. kut, н.-луж. kut ’тс’. Прасл. kǫtъ ’вугал, закрытая прастора’ генетычна суадносіцца з прасл. kǫtati (гл. кутаць і хутаць) ’закрываць, хаваць’. Параўн. серб.-харв. ку̑т, ску̑т ’крысо’, чэш. kout ’полаг’, серб.-харв. ску̑т ’вантробы’, бел. кутыр ’бруха’, польск. kątnica ’сляпая кішка’. Генетычна суаднесеным з прасл. kǫtъ з’яўляецца ст.-прус. pokūnst ’закрываць, берагчы’. Магчыма, прасл. kǫtъ звязана са ст.-грэч. κοντός ’шэст’ і прасл. kǫtja ’хаціна, шалаш’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

*Кале́шня, коле́шня і кол́эшня: ’гуменца для сена, саломы’ (кам., Нар. сл.), ’мякіннік, прыбудова да хлява, гумна’ (кам., Нар. сл.), ’паветка для калёс, плуга, бараны, саней’ (кам., брэсц., малар., пін., стол., Нар. сл.; Хар.), ’прыбудоўка, дзе знаходзілася майстэрня на колы, калёсы’ (пруж., кобр., драг., усх.-палес., Нар. сл.), ’дрывотня’ (зах.-палес., Нар. сл.; малар., Харузін). Фанетычны варыянт да калесьня ў падобных значэннях. Яшчэ Харузін (263) пісаў: «Слово колешня, по-видимому, стоит в прямой связи с общеславянским словом коло — круг, колесо». Паводле семантыкі — інавацыя, з падобнай фанетыкай адзначаецца і ў іншых, відавочна, укр. або блізкіх ім гаворках. Статус інавацыі не вельмі ясны. Параўн. укр. валын. колешня ’дрывотня’, гуц. ’вазоўня; таксама і для жывёлы пад адным дахам з хатай’, колішня ’двухколавы перадок у плузе’, рус. дан. ’першая пара быкоў, якая знаходзіцца непасрэдна каля пераду плуга’. Адносна суфіксацыі гл. яшчэ Сцяцко, Афікс. наз., 165–166.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Конь1 ’буйная свойская аднакапытная жывёліна’ (ТСБМ, Нас., ТС, Сл. паўн.-зах., Яруш., Сцяшк.), ’здаровы высокі мужчына’ (Мат. Маг.). Укр. кінь, рус. конь, ст.-рус. конь ’тс’, ст.-слав. конь, балг. кон, серб.-харв. ко̏њ, славен. kònj ’тс’, польск. koń, чэш. kuň, славац. koň, в.-луж. kóń, н.-луж. koń ’тс’. Прасл. konь. Мы выводзім у адпаведнасці з этымалогіяй Левянталя (KZ, 47, 146) з прасл. komonь (ст.-рус. комонь ’баявы конь’), які адносіцца разам з ст.-прус. camnet ’тс’ да аднаго гнязда з літ. kãmanas ’аброць’, kamanuóti ’кілзаць’. Такім чынам, можна рэканструяваць *kamanas asvas ’закілзаны конь’ (= прасл. *komonъ osъ). Апошні ў выніку семантычнай кандэнсацыі даў komonь (Мартынаў, Изоглоссы, 21; Мартынаў, Язык, 71). Аналагічна тлумачыцца ст.-прус. camnet, які ад *kamnētas russis ’закілзаны конь’ (Тапароў, I–K, 193). Суфіксацыя старажытнарускага слова, яго супастаўленне з прасл. komonь даюць падставы для рэканструкцыі зыходнай формы *kamn‑, як супастаўленне komonь з літ. kãmanas для *kaman‑. Ад гэтых асноў рэгулярна ўтвараецца адыменны назоўнік якасці на ‑is *kamnis/*kamanis (як літ. júodas ’чорны’ > júodis ’вараны конь’). Форма *kamanis дала на славянскай моўнай глебе рэфлексацыю komonь, форма *kamnis*komnь > konь. Іншыя этымалагічныя версіі неверагодныя: konь < *kobnь (Фасмер, ZfSlPh, 9, 111; Брукнер, 253–254), konь < *skopnь (Машынскі, Pierw., 235), konь < кельт. *konkos ’скакун’ (Трубачоў, Эт. сл., 10, 197). Параўн. яшчэ Баль, SPKOK PAN, 20, 2, 334–335.

Конь2 ’слуп, драўляная апора’ (Хар., Нік. Очерки). Гл. конь1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Клець ’сялянскі будынак для захавання маёмасці; свіран, кладоўка’ (ТСБМ, Шат., Касп., Сл. паўн.-зах., ДАБМ, Тарнацкі, П. С., Шушк., Бломкв., Сержп. Грам., Сержп. Прымхі, Нік. Очерки, Бяльк., Яруш., Нар. словатв., Сцяшк., Грыг., Мал., Шн., Некр., Хар., Сержп., Маш., Гарэц.). Укр. кліть, рус. клеть, балг. клет, макед. клед, серб.-харв. кле̑т, славен. klét, польск. kleć, чэш. klec. У гэтых паралелях адзначаецца тры асноўныя значэнні: ’сялянскі будынак для захавання маёмасці, свіран’, ’часовае памяшканне, прыбудова’, ’хаціна, будан’. Першае значэнне адзначана практычна ва ўсіх славянскіх мовах, другое і трэцяе пераважна на сербска-харвацкай, рускай і польскай тэрыторыях. Унутраную форму зберагло толькі серб.-харв. кле̑т ’будан, сплецены з прутоў’. Аб той жа ўнутранай форме сведчаць значэнні прасл. klětъkа ’клетка для птушак і жывёл’. На гэтай аснове рэканструюецца прасл. klětь ’будан, складзены з жэрдак і аплецены прутамі’. Таму нельга пагадзіцца з рэканструкцыяй Махэка (ВЯ, 1957, I, 97), які бачыць у аснове першаснага значэння ’зруб у якасці свірана’. У сувязі з гэтым узнікае праблема адносін прасл. klětь да літ. klė́tis ’кладоўка, свіран’, лат. klēts ’тс’. Эндзелін (Мюленбах-Эндзелін, 2, 225) лічыць іх генетычна тоеснымі са славянскімі. У якасці крытэрыю ён прыводзіць архаічнасць вакалізму, але такі вакалізм вядомы і ў пазнейшых запазычаннях з усходнеславянскіх моў. Лінгвагеаграфічны крытэрый сведчыць аб другаснасці літ. klė́tis і яго запазычання з перыферыйнага польскага дыялекту. Што датычыць прасл. klětь, то яго спрадвечнасць давесці цяжка. Версія Махэка (цыт. праца) klětь < *klēu̯‑ti фанетычна і семантычна неверагодная (першаснае значэнне ’сціскаць, зачыняць’). Семантыка прасл. klětь добра адпавядае семантыцы і.-е. k̑lei̯ (’прыстаўляць, прыхіляць’, ’будан з жэрдак’, ’краты’), але фанетыка застаецца нявытлумачанай. Яшчэ Шахматаў (AfSlPh, 33, 90) выказаў гіпотэзу аб кельцкай крыніцы славянскага слова. Параўн. ст.-ірл. clíath ’пляцень, краты’, clíthar ’хаціна’, гал. *klēta ’пляцень, краты’. Кельцкія словы ў адрозненне ад славянскіх маюць надзейную індаеўрапейскую этымалогію і зыходзяць да архетыпа *k̑lei‑t (і.-е. ei > пракельц. ē): гоц. hleiþra ’будан’, ст.-грэч. κλισία (< *klitia ’тс’), літ. šlitìs ’адрына’. У аснове гэтай групы паралелей ляжыць і.-е. k̑lei са значэннем ’пакласці, прыхіліць’ (ст.-інд. śrayate, ст.-грэч. κλίνω, лац. clino і інш.). Апрача гэтага, індаеўрапейскія паралелі маюць яшчэ значэнне ’лесвіца’ (ст.-грэч. κλίμαξ, ∼ ням. Leiter, літ. šlìtė) і ’пляцень’ (ірл. clíath, лат. slits). Такім чынам, прасл. klětь адлюстроўвае кельцкую фанетыку (k < і ē < еі) і семантыку (Мартынаў, SO, 29, I/2, 161–164; Мартынаў, Язык, 38–42).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)