перака́з, ‑у, м.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. пераказаць.

2. Пісьмовая або вусная перадача сваімі словамі чаго‑н. прачытанага, пачутага. Канчалася дыктоўка, давалася другая работа — пераказ. За пераказам ішла пісьмовая задача. Колас. Фельетон удаўся таму, што сам па сабе факт, нават у простым пераказе, смешны. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

фігурава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; незак.

Прысутнічаць, знаходзіцца дзе‑н., прымаючы ўдзел у чым‑н. Фігураваць на судзе ў якасці сведкі. // Называцца, упамінацца. Бобчынскі і Добчынскі фігуруюць у класічнай рабоце У.І. Леніна «Матэрыялізм і эмпірыякрытыцызм» у якасці прадстаўнікоў «новых філасофскіх школак». «Полымя». А цераз год У лесе зноў сабраўся сход, Зноў фельетон Янотаў разбіралі, Але цяпер фігураваў там... Крот. Корбан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ме́ткі, ‑ая, ‑ае.

1. Здольны беспамылкова пападаць у цэль. Сярод дваровай чэлядзі быў зухаваты хлапец Максім, майстра на ўсе рукі, надзвычай меткі стралок. Машара. // Дакладна накіраваны ў цэль. Меткі выстрал. Меткі ўдар. □ Група маладых партызан.. навучалася меткай стральбе з вінтовак і аўтаматаў. Шамякін. // Якім без промаху пападаюць у цэль. Меткая вінтоўка. □ Не было таго дня і ночы, каб пад адкос не ляцелі воінскія эшалоны ворага, каб не знішчаліся забітыя меткай партызанскай куляй нямецкія захопнікі. «Беларусь».

2. перан. Тое, што і трапны (у 2 знач.). Меткі фельетон.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уе́сці, уем, уясі, уесць; уядзім, уясце, уядуць; пр. уеў, уела; заг. уеш; зак.

1. што і без дап. (пераважна з адмоўем «не»). Узяць у рот, пражаваць, з’есці. Не ўесці мяса. Сала салёнае, што не ўесці.

2. (з адмоўем «не»). Разм. Паесці. [Гвардыян:] — А гаспадарка — ёй трэба догляд. І не ўясі, не адпачнеш ніколі як людзі. Зарэцкі.

3. перан.; каго. З’едліва паддзець, укалоць. Такі ўеў Мікола скептычна настроенага да яго гістарычных вышукаў Цішку. Навуменка. Пайшлі ў разведку боем — далі фельетон у газеце. За жывое, як кажуць, уелі. Мыслівец.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пашко́дзіць, ‑шкоджу, ‑шкодзіш, ‑шкодзіць; зак.

1. каму-чаму. Зрабіць шкоду. З-за сваёй радасці за дачку яны [бацькі] не хацелі заўважаць ні яе дробных капрызаў, ні тых рысаў характару, якія ў далейшым маглі пашкодзіць ёй у жыцці. Хадкевіч. Паклёпніцкі фельетон, які з’явіўся ў газеце, не толькі не пашкодзіў Лемяшэвічу, але яшчэ вышэй узняў яго аўтарытэт. Кучар. / у безас. ужыв. — Табе, маці, адпачыць бы перад вечарам не пашкодзіла... — сказаў Міхал. Карпаў.

2. што. Зрабіць няспраўным, сапсаваць. Выбух пашкодзіў два іншыя «юнкерсы». Шамякін. / у безас. ужыв. Нават радыё перастала гаварыць — дзесьці пашкодзіла сець. Гроднеў. // безас. каго-што. Параніць; панесці шкоду здароўю. Рана была не вельмі сур’ёзная — пашкодзіла трохі левую руку, — так што ў шпіталі прыйшлося паляжаць нядоўга. Шахавец. «А як жа вы самі? — пачала непакоіцца жанчына. — Вас хоць нічога, не пашкодзіла?» Кулакоўскі.

3. Перашкодзіць. — Лепшага месца я і не чакаў: ціхае, глухое. Нішто не пашкодзіць весці працу, — прамовіў Лабановіч. Колас. Хоць і прыйшоў Пеця ў школу з вялікім спазненнем, гэта ўсё ж не пашкодзіла яму хутка выбіцца ў першыя вучні. Ракітны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)