ро́лік, -а, мн. -і, -аў, м.

1. Невялікае металічнае колца на ножцы стала, крэсла, ложка, раяля для зручнасці перасоўвання.

2. Фарфоравы ізалятар у выглядзе шпулькі для замацавання на ім шнура электраправодкі.

3. Вярчальная частка механізма ў выглядзе невялікага цыліндра, шпулькі (спец.).

4. Тое, што і рол (у 2 знач.).

5. мн. Род канькоў на колцах для катання на гладкай паверхні.

Катацца на роліках.

|| прым. ро́лікавы, -ая, -ае.

Р. падшыпнік.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

ро́лік, ‑а, м.

1. Памянш. да рол.

2. Невялікае металічнае кольца (на ножках мэблі, раяля для зручнасці перасоўвання). На падлозе стаяла каляска на чатырох роліках. Асіпенка.

3. Фарфоравы ізалятар для замацавання электрычных правадоў на сцяне, столі і пад.

4. толькі мн. (ро́лікі, ‑аў). Канькі на калёсках.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ізаля́тар, ‑а, м.

1. Рэчыва, якое не праводзіць электрычнага току, цеплыні або не прапускае гукаў.

2. Дэталь для замацавання і ізаляцыі праваднікоў. Фарфоравы ізалятар.

3. Асобнае, спецыяльна прыстасаванае памяшканне (у бальніцах, санаторыях і пад.) для хворых з нераспазнанымі або заразнымі хваробамі. Перавесці ў ізалятар. Пакласці ў ізалятар.

4. Камера для аднаго чалавека ў турме. Перадалі, каб і тыя, што сядзяць у ізалятарах, выходзячы на прагулку, таксама мелі чырвоныя банцікі. Машара.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Рол ’цыліндр, вал, каток, які круціцца’, ро́лік ’невялікае металічнае колца (на ножках мэблі, раяля)’, ’фарфоравы ізалятар для замацавання электрычных правадоў’, рол ’машына для размолу валакністых матэрыялаў, якія служаць для вырабу паперы, кардону’, ’скрутак цыліндрычнай формы з лістоў або суцэльнай паласы якога-небудзь матэрыялу’, (ТСБМ), — усе з ням. Rolle ’тс’, rollen ’качаць’, якія з франц. rôle ’ролік, скрутак, катушка’, а апошняе — з лац. rotula ’колца’ (< rota ’кола’), а таксама раманск. rotulus ’папяровы скрутак з тэкстам для аднаго акцёра)’ > франц. role ’роля (акцёра)’ (Клюге, 604; Праабражэнскі, 2, 212; Фасмер, 3, 498; Сной₂, 628; Махэк₂, 515; Рэйзак, 543).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

каляро́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Афарбаваны ў які‑н. колер, не чорны і не белы. Каляровае шкло. Каляровыя алоўкі. □ Каляровыя палосы перасякалі неба з захаду на ўсход. На поўдні яны былі яскрава-чырвонымі, над галавою — нейкія жоўтыя. Шамякін. // Рознакаляровы. Каляровы фільм. Каляровая лінагравюра. □ Пярэстая панарама горада, раскінута, як каляровы бухарскі халат. Бядуля. То незвычайную медную гайку прывязе бацька, то фарфоравы ізалятар, .. а то проста, каменьчыкаў розных, каляровых. Лынькоў.

2. Не белы, з чорнай або жоўтай скурай (пра людзей). Каляровае насельніцтва. Каляровыя народы.

3. Які мае адносіны да вытворчасці ўсіх металаў, акрамя жалеза. Каляровая металургія.

•••

Каляровыя металы гл. метал.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разе́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

1. Сабраныя ў пучок стужка, тасьма, шнур і пад., якія служаць упрыгожаннем чаго‑н. Намітку накладвалі такім чынам, што распраўлены канец з вышытай разеткай спускаўся па левым плячы, а разетка была на ўзроўні пляча. «Помнікі». // Ордэнскі бант, які носяць у пятліцы.

2. Маленькі сподачак для варэння, мёду, цукру і пад. Седзячы ў качалцы, Кашына ўзяла лыжачку, разетку з варэннем і, пасмоктваючы агрэст, пачала расказваць навіны. Карпаў.

3. Элемент арнаменту ў выглядзе кветкі з аднолькавымі пялёсткамі (у мастацтве, архітэктуры). Цяжка было адвесці вочы ад высокага будынка, складзенага з тоўстых, амаль мядзяных, бярвенняў, якія месцамі былі прыкрыты белымі драўлянымі карункамі розных карнізаў, падаконнікаў, разетак і іншых разбярскіх цудаў. Рамановіч. Дошка [на акне] упрыгожваецца выразаным малюнкам, звычайна накладнога характару, у выглядзе ромбаў, разетак, віньетак, стылізаваных звяроў, птушак, кветак і лісця. «Беларусь».

4. Прыстасаванне для ўключэння асвятляльных, награвальных і іншых прыбораў у электрычны ланцуг. [Толя] стаяў каля сцяны і падключаў да электрычнае, разеткі трансфарматар. Шыловіч.

5. Спец. Група лістоў, якія скучана размешчаны пры самай зямлі па вертыкальным парастку.

6. Шкляны або папяровы абажур для электрычнай лямпы ў выглядзе раструба.

7. Шкляны, фарфоравы або металічны кружок з адтулінай у сярэдзіне, які засцерагае падсвечнік ад капель стэарыну, воску і пад.

[Фр. rosette.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)