Сло́ва ‘адзінка мовы, маўлення’, ‘фраза, выказванне’, ‘мова’ (ТСБМ, Нас., Шат., Бяльк., Байк. і Некр., Др.-Падб.), сло́во ‘тс’ (ТС, Федар. 4), слові́на ж. р., экспр. ‘тс’ (ТС), сюды ж слове́чно ‘вусна’ (мазыр., Нар. Гом.), ст.-бел. слово ‘адзінка маўлення’, ‘выказванне’, ‘выражэнне волі, загад’, ‘павучэнне’ (Сташайтэне, Абстр. лекс., 75). Укр., рус. сло́во, польск. słowo, в.-луж., н.-луж. słowo ‘слова’, чэш. slovo ‘слова’, sloveso ‘дзеяслоў’, славац. slovo, серб.-харв. сло̏во ‘літара’, славен. slovọ̑ ‘развітанне’, slóvọ ‘літара; слова’, балг. сло́во, макед. слово ‘літара’, ст.-слав. слово, Р. скл. словесе. Прасл. *slovo ‘слова’ (аснова на ‑es). Роднасныя ўсх.-літ. šlavė ‘пашана; ушанаванне, слава’, šlȧvinti ‘славіць, шанаваць’, лат. slava, slave ‘пагалоска; рэпутацыя; пахвала; слава’, авест. srávah‑ ‘слава, павага; кліч’, грэч. κλέος ‘слава’, ст.-ірл. clù ‘слава’; гл. Траўтман, 368; Мюленбах-Эндзелін, 3, 920; Фрэнкель, 1008; Майргофер, 3, 389; Мее, Études, 356–357; Покарны, 606–607. Узводзяць да і.-е. кораня *kʼleu̯os < *kʼleu̯‑ ‘чуць, слухаць’ (Сной₁, 583). У славянскіх мовах звязана чаргаваннем галосных з слава, слыць (гл.). Гл. Фасмер, 3, 673; Глухак, 563; Махэк₂, 557 (падкрэслівае, што ў склад прасл. *slovo уваходзіў семантычны кампанент ‘пашана, слава’, прадстаўлены ў *slověti, *sloviti, ст.-слав. благословити ‘гаварыць, прапаведваць, велічаць, славіць’). Гл. яшчэ Скок, 3, 288–289; Трубачоў, Этимология–1968, 58; Шустар-Шэўц, 1308; Сной₁, 583; Борысь, 559; ЕСУМ, 5, 306.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

разра́д 1, ‑у, М ‑дзе, м.

1. Група, катэгорыя асоб, прадметаў або з’яў, якія адрозніваюцца ад іншых падобных якімі‑н. агульнымі прыкметамі. Граматычны разрад слоў. □ Аднак самы вялікі разрад лацінізмаў старабеларускай мовы ўтвараюць словы абстрактнага значэння. Жураўскі.

2. (з парадк. ліч. і прым.). Ступень кваліфікацыі ў якой‑н. спецыяльнасці, у спорце і пад. Рэстаран першага разраду. □ Паслаў .. [Заслонаў] Жэню ў дэпо вучыцца на слесара, а праз два месяцы яму прысвоілі трэці разрад. Шчарбатаў. Вучняў запрашаюць на такія заводскія мерапрыемствы, як прысваенне кваліфікацыйных разрадаў, ушанаванне пераможцам сацыялістычнага спаборніцтва. «Звязда». Красуцкі — высокага росту, прыгажун, здаравяк, мае спартыўны разрад і піша дысертацыі. Навуменка.

3. У арыфметыцы — месца, якое займае лічба пры пісьмовым абазначэнні ліку. Лічба другога разраду.

4. Гіст. Цэнтральная ўрадавая ўстанова ў Рускай дзяржаве 16–17 стст., якая ведала служылымі людзьмі, вайсковымі справамі і кіраўніцтвам паўдневых гарадоў і паветаў.

разра́д 2, ‑у, М ‑дзе, м.

1. Дзеянне паводле дзеясл. разраджаць — разрадзіць (у 1 знач.).

2. Страта электрычнасці якім‑н. целам, якое мае электрычны зарад; з’ява, якая суправаджае гэтую страту. Электрычны разрад. Атмасферны разрад.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)