жыву́чы, ‑ая, ‑ае.
1. Жыццяздольны, вынослівы. Хвошч — чалавек жывучы, сухі, жылісты, учэпісты, як і тая трава, праз якую атрымаў ён сваё трапнае прозвішча. Лупсякоў.
2. перан. Устойлівы, здольны доўга існаваць, захоўвацца. Дужа жывучымі былі традыцыі савецкага калектывізму ва ўсім вясковым побыце Загальшчыны. Залескі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Лі́пкі ’які лёгка прыліпае’, ’клейкі’ (ТСБМ, Сл. паўн.-зах.), ’ліпучы’ (Яруш.), ’падкі, ахвочы’ (Нас., Касп.), ’прыхільны’ (пух., Жд. 2), укр. липки́й ’ліпкі’, ліпки́й ’учэпісты’, ’клеісты’, рус. ли́пкий ’ліпкі’, ’заразны’, ’востры (аб сякеры)’, польск. lipki, чэш. і славац. lipký, балг. липък ’клейкі’. Прасл. lip‑ъкъ < lipati звычайна выступае ў слав. мовах у пары з lep‑ъкъ < lěpiti. Да ляпіць (гл.). Больш падрабязна гл. Варбот, Слав. языкозн., 1973, 88.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
уе́длівы, ‑ая, ‑ае.
1. Здольны глыбока пранікаць, упівацца ў што‑н.; едкі. Уедлівы пах. □ Дробны ўедлівы пыл залазіць у горла і нос, і няма ад яго збавення. Асіпенка. Полымя пачало скакаць ад куста к кусту, хапаць .. сухія, зляжалыя галінкі, буралом, і неўзабаве ўсё навокал завалакло горкім, уедлівым дымам. Сачанка. Спазнаць мне хочацца І важкасць цэглы І як шурпаціць пальцы ўедлівы раствор. Арочка. // Пільны, напружаны, пранізлівы (пра позірк, вочы). Фактычна спрачаліся двое: Халіма і яшчэ адзін заўсёды дагэтуль ціхі, нявідны хлопец .. з поглядам глыбокім, уедлівым, якім ён нібы стараўся працяць усё, што трапляла на вочы. Зарэцкі. // Пранізлівы, рэзкі (пра гукі, голас і пад.). Хутка, імкліва расце ўедлівы свіст. Мележ. І ў духмянай начной цішыні, відаць, далёка чуліся ўсхлёсты пугі і ўедлівае хрыплівае выгукванне. Пестрак. // перан. Які запамінаецца надоўга. Вельмі ўедлівымі і даўкімі былі ўражанні апошніх дзён, каб іх можна было лёгка забыць. Мележ.
2. Які ўзнікае, умешваецца ва ўсе дробязі, прыдзірлівы. Уедлівы характар. □ З Тамарай стаў праседжваць вечары над кнігамі і бацька,.. учэпісты, уедлівы. Ермаловіч.
3. Разм. З’едлівы. Уедлівы жарт. □ Гаварыў [Мікульскі] ціха, павольна, але злосна, падбіраючы самыя пякучыя, уедлівыя словы. Марціновіч. — А што я нарабіў? — Быццам і не ведаеш? — з уедлівай іроніяй спытаў Мятлюг. Сабаленка.
4. Які вельмі надакучыў; надаедны. На дварэ вісела кіслая пахмурнасць, дзьмуў вецер — сеяў уедлівы дождж. Кудравец.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)