во́йска, ‑а, н.
Узброеныя сілы дзяржавы або частка іх; армія. Рэгулярнае войска. Тэрытарыяльнае войска. Сухапутныя войскі. □ [Маці:] — Смела йдзі, сынок, у войска, Барані ты волю. Чарот.
•••
Кадравае войска — пастаяннае рэгулярнае войска, якое ў мірны час мае няпоўны састаў афіцэраў і сержантаў (кадраў) для падрыхтоўкі штогодніх прызываў радавых.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
наязджа́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
1. Незак. да наехаць.
2. Час ад часу прыязджаць. Старыя яшчэ і цяпер памятаюць, як [сын] часам улетку наязджаў у Гарнастаеўку. Сабаленка.
3. Рабіць наезды, нападаць. [Цімох Будзік:] — Узброеныя польскія шайкі наязджаюць з кулямётамі. Колас. [Карнікі] звычайна наязджалі і распраўляліся ў сёлах, дзе сустракалі сабатаж або сляды партызанскай дзейнасці. Скрыган.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
грабе́жнік, ‑а, м.
Той, хто займаецца грабяжом; рабаўнік. За адну ноч узброеныя абрэзамі невядомыя грабежнікі зрабілі налёт на двух фінагентаў і адабралі ў іх каля шасці тысяч рублёў. Паслядовіч. // Разм. Вымагальнік, абірала. Вінаваты ў няведанні рабочымі законаў не столькі самі рабочыя, колькі іх эксплуататары (‑грабежнікі), якія валодаюць усёй уласнасцю, жывуць чужой працай. Ленін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
скрабо́к, ‑бка, м.
1. Вострая лапатка для саскрэбвання чаго‑н. Скрабок для снегу. □ У горадзе штодзень на тратуарах Вішчаць, скрыгочуць раніцай скрабкі. Тармола. Сотні мужчын, жанчын.., узброеныя рыдлёўкамі і спецыяльна зробленымі ў кузні скрабкамі, капалі і зграбалі вільготны іл. Паслядовіч.
2. Вялікі туфель з вострым краем для чэрпання грунту або якога‑н. сыпкага матэрыялу. Скрабок аўтапагрузчыка. □ Праз паўтары-дзве мінуты бункер напоўніўся, электраматор змоўк, і зноў нерухома застылі скрабкі, замерла саляная гурба. Чаркасаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
гва́рдыя, ‑і, ж.
Лепшыя, адборныя часці войска. Марская гвардыя. / У воінскіх званнях. Гвардыі маёр. // перан. Лепшая, выпрабаваная частка якой‑н. сацыяльнай групы, грамадскай арганізацыі; мужныя, адданыя сваёй справе барацьбіты. Старая рабочая гвардыя. □ Камсамольская гвардыя нашых дзён узбагачае героіку яе папярэднікаў. «Маладосць».
•••
Белая гвардыя — агульная назва контррэвалюцыйных войск у перыяд грамадзянскай вайны ў СССР у 1918–1920 гг.
Савецкая гвардыя — часці і злучэнні Савецкіх Узброеных Сіл, якія асабліва вызначыліся ў баях у час Вялікай Айчыннай вайны 1941–1945 гг.
Чырвоная гвардыя — узброеныя рабочыя атрады, якія былі арганізаваны ў 1917–1918 гг. для барацьбы з контррэвалюцыяй і белагвардзейшчынай і з’явіліся першапачатковым ядром Чырвонай Арміі.
[Іт. guardia.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
войска, армія, узброеныя сілы, ваенныя сілы / пераважна з добраахвотнікаў, дапаможнае, у ваенны час: апалчэнне, полчышчы; салдаты (уст.); раць (паэт.); арда (зняваж.)
Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў, 2-е выданне (М. Клышка, правапіс да 2008 г.)
рубе́ж, рубяжа, м.
1. Граніца паміж чым‑н., мяжа чаго‑н. Станьце ж вы, хмаркі, над рубяжамі Нашых палеткаў, шнуроў. Колас. Вакол вёскі акопы, дзоты, драты. Ад усходу, звыш гэтага — вадзяны рубеж — спакойная, але глыбокая рэчка Вуша. Брыль. // перан. Грань, якая аддзяляе што‑н. адно ад другога. Той памятны вечар з’явіўся як бы нейкім рубяжом у жыцці Наташы. Краўчанка. На рубяжы лета і восені кароткая яшчэ ноч. Каваль. // перан. Вышэйшая, крайняя ступень чаго‑н.; мяжа. На загрузку самазвала патрабавалася паўмінуты. Гэта добра і многія лічылі гэта рубяжом. Лукша.
2. Дзяржаўная граніца. Савецкія Узброеныя Сілы зорка ахоўваюць свяшчэнныя рубяжы нашай Радзімы, стваральную працу будаўнікоў камунізма. «Звязда».
3. У вайсковай справе — лінія абаронных збудаванняў. Абаронны рубеж. □ Да вечара было адваявана паўгорада, уступлены рубеж быў вернуты, падпалкоўнік паспакайнеў. Мележ. // Лінія размяшчэння агнявых кропак. Агнявы рубеж.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
экспеды́цыя, ‑і, ж.
1. Спец. Адпраўка, рассылка чаго‑н. (карэспандэнцыі, тавару і пад.). Экспедыцыя грузаў. Экспедыцыя карэспандэнцыі.
2. Спец. Установа ці аддзел ва ўстанове, які займаецца адпраўкай, рассылкай чаго‑н. Ганна.. атрымала месца ў экспедыцыі газеты — па перапісцы адрасоў. Гартны.
3. Аддзел канцылярыі якой‑н. дзяржаўнай установы царскай Расіі. Сергіевіч быў прыняты на працу ў Экспедыцыю па нарыхтоўцы дзяржаўных папер. Ліс.
4. Падарожжа, паездка, паход і пад. групы асоб, атрада з навуковымі, даследчымі мэтамі. Палярная экспедыцыя. □ Іншы раз.. [бацька] нават браў з сабою Максіма ў свае этнаграфічныя экспедыцыі. Майхровіч. // Ваенная аперацыя, якая праводзіцца параўнальна невялікімі ўзброенымі сіламі; узброеныя сілы, прызначаныя для такой аперацыі. Карная экспедыцыя. □ За здзек экспедыцыі карнай, За земляў крывавы падзел, За арышт партыйнай друкарні, За кожны ганебны расстрэл, .. Усё маё юнае племя Вялікую помсту нясе. Таўбін.
5. Група, атрад удзельнікаў такога падарожжа, паходу, паездкі і пад. Восенню касмічная экспедыцыя надоўга пакіне Зямлю і адправіцца ў бязмежныя глыбіні Сусвету. Шыцік.
[Лац. expeditio.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
со́тня, ‑і, ж.
1. Адзінка ліку, роўная ста (пра аднолькавыя прадметы). Сотня сшыткаў. Дзве сотні машын. □ На сход сышлася да сотні чалавек. Гартны. // Разм. Сто рублёў, сторублёўка. Даць пяцірублёўку і сотню. □ — Сотня ляснула, — не гаварыла, а шыпела жанчына на мужчыну. Трэба разявай не быць. Сачанка.
2. толькі мн. (со́тні, ‑яў). Назва трэцяй з канца лічбы шматзначнага ліку.
3. звычайна мн. (со́тні, ‑яў). Разм. Вялікая колькасць, мноства каго‑, чаго‑н. Цэлымі сотнямі з’яўляліся новыя людзі. Чорны. Сотні зорак былі рассыпаны ў сінім бяздонні неба, як залаты гарох. Бядуля. [Дзед Бадыль:] Даніла Дрыль — пра яго ж на сотні вёрст чуваць. Крапіва.
4. Гіст. Вайсковая адзінка (сто чалавек) у старажытнарускім войску.
5. Вайсковае падраздзяленне ў казацкіх часцях дарэвалюцыйнай Расіі. Казацкая сотня.
6. Ваенная і адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка на Украіне ў 16–18 стст.
•••
Чорныя сотні — існаваўшыя ў Расіі ў 1905–07 гг. узброеныя банды пагромшчыкаў для барацьбы з рэвалюцыйным рухам, забойства прагрэсіўных дзеячаў і для масавых яўрэйскіх пагромаў.
У сотні крат гл. крат.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
свяшчэ́нны, ‑ая, ‑ае.
1. Які ўспрымаецца як святасць, прызнаецца боскім. Старажытныя грэкі любілі дэльфінаў, лічылі іх свяшчэннымі жывёламі, якія знаходзяцца пад апекай марскога бога. В. Вольскі. // Які звязаны з рэлігійным абрадам, з рэлігійным культам, які мае адносіны да набажэнства. Свяшчэнны абрад. Свяшчэнныя кнігі. Свяшчэннае абмыванне. □ [Поп:] — А што я пажартаваў словам, успомніўшы свяшчэннае пісанне, дык у царкве — я свяшчэннаслужыцель, а тут — я такі самы чалавек, як і ўсе. Чорны.
2. Які ажыццяўляецца ў інтарэсах рэлігіі, апраўдваецца рэлігіяй. Свяшчэнныя войны.
3. перан. Асабліва дарагі, запаветны, высокааўтарытэтны. [Самарскі сцяг] з’яўляецца свяшчэннай рэліквіяй. «Маладосць». Прыслухоўваўся да свяшчэннага шэлесту старонак запаветных кніг. Гарбук.
4. Высакародны, чысты, узвышаны. Словы ўспомні свяшчэннай прысягі: Жыць і памерці — за родны свой край! Глебка. Наводчык загінуў смерцю храбрых, да канца выканаўшы свой свяшчэнны абавязак перад Радзімай. «Полымя». Дзе б Радзіма мяне не паставіла, Ці варштаты, ці сшыткі рабіць, Доўг свяшчэнны мой — працу любіць: Ёсць закон, залатое ёсць правіла — У жыцці не бывае драбніц! Непачаловіч. // Такі, які вядзецца з вызваленчай мэтай (пра вайну, бой і пад.). Свяшчэнны бой. Свяшчэнная вайна.
5. Недатыкальны, непарушны. Савецкія Узброеныя Сілы зорка ахоўваюць свяшчэнныя рубяжы нашай Радзімы, стваральную працу будаўнікоў камунізма. «Звязда».
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)