пантамі́ма, ‑ы, ж.

1. Тэатральны спектакль, у якім дзеючыя асобы выражаюць свае думкі і пачуцці не словамі, а мімікай, жэстамі, пластычнымі рухамі. // Адпаведны жанр у тэатральным мастацтве. // Цыркавы паказ феерычнага характару, у якім асобныя нумары злучаны пэўным сюжэтам.

2. Сюжэтная сцэна ў балеце, оперы, драме, заснаваная на драматычна выразнай ігры без слоў.

3. Жэсты, міміка як сродак размовы (звычайна пры няведанні або слабым веданні мовы).

[Ад грэч. pantómimos — які ўсё пераймае, імітуе.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тэ́нар, ‑а, м.

1. Самы высокі мужчынскі голас. Лірычны тэнар. Драматычны тэнар. □ І набірае сілы песня, і нечы юначы тэнар ужо імкне ўгору, вядзе яе, звонкую, галасістую. Хадкевіч. І звінеў задорны тэнар, плылі ўслед за ім лагодныя мары. Ваданосаў. // Спявак, які мае такі голас. Міша сказаў, тэатральным жэстам выкінуўшы ў бок Альберта руку: — Прашу мець на ўвазе — лірычны тэнар. Ярашэвіч.

2. Духавы музычны інструмент, які ўваходзіць у склад духавога аркестра.

[Іт. tenore.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кулі́са, ‑ы, ж.

1. звычайна мн. (кулі́сы, ‑ліс). Плоскія часткі тэатральнай дэкарацыі, размешчаныя па баках сцэны адна за другой. Выйсці з-за куліс. Зайсці за кулісы. // перан.; чаго або якія. Тое, чым прыкрываюць што‑н., за чым хаваецца што‑н. Максім Танк з партыйных пазіцый глянуў за кулісы злавеснай барацьбы палітычных сіл, што разгарэлася пасля смерці Пілсудскага. У. Калеснік.

2. Рычаг або сістэма рычагоў для перамены ходу машыны.

3. Паласа, засаджаная ў 2–3 рады кукурузай, сланечнікам і інш., як сродак для захавання глебы ад высыхання і вымярзання ў засушлівых і маласнежных раёнах. // Паласа лесу паміж дзвюма дзялянкамі.

•••

За кулісамі — а) у тэатральным, акцёрскім асяроддзі. Мець знаёмых за кулісамі; б) тайна, скрытна, у неафіцыйнай абстаноўцы. Прадстаўнікам урада ЗША, відаць, давялося нямала папрацаваць за кулісамі Асамблеі. Кавалёў.

[Фр. coulisse.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сцэні́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да сцэны (у 1 знач.); з’яўляецца сцэнай. Сцэнічныя падмосткі.

2. Звязаны з тэатрам, тэатральнай дзейнасцю, тэатральным мастацтвам. Сцэнічная дзейнасць. □ Станіслаўскі лічыў, што раўнадушша акцёра да аўтарскага тэксту, якое настае раней, чым паспеў нарадзіцца спектакль, заўсёды згубнае для гэтага спектакля і яго сцэнічнага даўгалецця. «Маладосць». // Які мае адносіны да паказу на сцэне; характэрны для сцэны; прыняты на сцэне. Сцэнічны эфект. Сцэнічныя прыёмы. □ Усім сваім артыстам .. [пан Вашамірскі] прыдумваў сцэнічныя імёны. Бядуля. // Які ствараецца на сцэне, у тэатры. Сцэнічны партрэт героя. □ Сцэнічныя вобразы, створаныя Ірынай Ждановіч, сагрэты і апаэтызаваны яе выключным драматычным талентам. «Полымя». // Прызначаны для сцэны, тэатра. Сцэнічны жывапіс. Сцэнічны варыянт рамана.

3. Які мае патрэбныя для сцэны, тэатра якасці; прыгодны для сцэны, тэатра. Сцэнічная п’еса. □ [Самуйлёнак:] — Напісаць сцэнічны твор не так лёгка. Хведаровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

учапі́цца, учаплюся, учэпішся, учапіцца; зак.

1. Моцна ўзяцца, ухапіцца за каго‑, што‑н. Дзяўчаты ўчапіліся за барты, каб адкрыць [кузаў], і адразу запішчалі, завохалі. Місько. Маці пакінула мяне, хацела дагнаць.. чалавека, але хутка стамілася, учапілася за агароджу, каб не паваліцца ў снег... Мыслівец.

2. Уплесціся за што‑н., у што‑н. Дзяўчынка радасна загудзела і ўчапілася ручкамі ў маміны валасы. Шамякін. Нарэшце, падкраўшыся з-за куста, Саньку ўдалося ўчапіцца за грыву, і жарабок здаўся. Сяркоў. // перан. Упіцца рукамі ў што‑н. Далінка.. тэатральным жэстам расшпіліў каўнер кашулі, сутаргава ўчапіўся пальцамі ў горла. Асіпенка.

3. Зачапіцца за што‑н. Учапіўся кручок вуды за водарасці. □ [Мікіта:] Вой, вой, вой!.. Стой, стой, абора [за дзверы] ўчапілася! Чарот. // перан. Разм. Замацавацца, умацавацца дзе‑н. На карнізе ў расколіне, парослай зялёным мохам, учапілася карэньчыкамі тоненькая, гнуткая бярозка. Хомчанка. // перан. Разм. Пасяліцца дзе‑н. Перад вачыма роўнае, скрозь аднолькава разробленае поле, хоць бы невялічкі кавалак горшага, каб за яго можна было ўчапіцца думкамі пра сядзібу. Галавач. [Ганна Сяргееўна:] — Дайце мне ўчапіцца за горад, зжыцца з яго паветрам. Няхай. // перан. Разм. З’явіцца, укінуцца (пра хваробу). А трэба вам ведаць,.. што за вашы лёгкія, за ваш арганізм такая хвароба можа вельмі проста ўчапіцца. Арабей.

4. Закрануць што‑н. у час руху, зачапіцца чым‑н. за што‑н. Учапіцца воссю калёс за шула варот. □ — Правей! — крычаў насустрач [Яўгену] Анісь. — А то [санямі] учапіцца можна. Баранавых.

5. Узяцца за якую‑н. справу. Нібы клешч учапіўся ён за пасаду памочніка валаснога пісара, маючы на мэце зрабіцца пісарам. Колас. Думаў і многа думаў — толькі я ж кажу, завошта мне ўчапіцца дома? Гартны.

6. Далучыцца самавольна, без папярэдняй згоды да тых, хто ідзе куды‑н. Начапіў я козліку аборачку на рогі і павалок.. А малых дык цэлая чарада за намі ўчапілася. Брыль. З Пскова ў Пецярбург хацеў бацька ісці адзін, а Павэлак ізноў учапіўся. Гарэцкі.

7. перан. Праявіць асаблівую цікавасць да каго‑, чаго‑н., гатоўнасць выкарыстаць каго‑, што‑н. у якой‑н. справе. Вярнуўся ў свой Бараўлянскі Андрэй Лялюга. У рыбгасе за яго дзвюма рукамі ўчапіліся. Б. Стральцоў.

8. перан. Разм. Знайсці які‑н. повад для чаго‑н. Помню, сказаў мне Сярмяжка: — Тут галоўнае — слабінку ў чалавеку знайсці, за што ўчапіцца можна. Дадзіёмаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)