прыту́пнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.
Стукнуць, ударыць нагой аб падлогу, зямлю. Мірон Якімавіч прытупнуў пару разоў, абтрасаючы валёнкі. Хадкевіч. Духавы аркестр урэзаў «Кракавяка», і Тхорык з імпэтам узмахнуў вольна рукою, прытупнуў ботамі. Кулакоўскі. // Станцаваць. Здаецца, паехаў бы дадому ды так прытупнуў на чыім-небудзь вяселлі, каб аж падэшвы ў ботах паадставалі. Дайліда. // Тупнуць нагой, выказваючы свой гнеў, абурэнне. — Няпраўда. Н-няпраўда! — аж прытупнула нагой дзяўчынка. Савіцкі. Дырэктар быў не такі. Ён і накрычыць, калі трэба, і нагой прытупне. Але варта таму ж Апанасу ці каму-небудзь іншаму папасціся яму на вочы праз некалькі хвілін, як ён на ўсё забываў. Нядзведскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пату́паць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
Разм.
1. Тупаць некаторы час; тупнуць некалькі разоў. Стары патупаў у парозе, ускінуў на плечы мяшэчак, намацаў клямку і пайшоў. Грахоўскі. Мужчыны патупалі на ганку, каб абабіць снег. Лобан.
2. Пахадзіць туды-сюды. Параўняўшыся з тым ляском, дзе калісь натрапіліся баравікі, настаўнік збочыў з дарогі, патупаў па лесе, а потым прысеў на гладка спілаваны дубовы пень. Колас. Пархвен як сам не свой патупаў па дварэ, зазірнуў ва ўсе куткі, увайшоў у хату. Чорны.
3. Пайсці, накіравацца куды‑н. Мужчыны зарагаталі. Пад рогат гэты Глушак устаў і ціха патупаў да сваёй хаты. Мележ. Усе пайшлі спаць, а маці патупала ў камору збіраць Максіму клумак у дарогу. Машара.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)