*Насу́гавата, насу́говато ’пахмурна, змрочна, туманна’ (ТС). Несумненна, звязана з укр. осу́га ’слой тлушчу на паверхні вадкасці, налёт на вадзе, іржа на вадзе’, восу́га ’пара на шыбах, тлушчавыя пляміў на вадзе’; чэш. osuhly ’пахмурны, хмарны, імглісты’, славац. osuhel ’густая імжа зімой; галалёд на дрэве; сухі мароз < *o‑sęg‑tъ ад прасл. *sęgti, гл. сягаць (Зубаты, Studie, 167–170). Сюды ж рус. дыял. осягиться, осяжить(ся) Асядаць’, гл. Варбат, Этимология–1970, 380. Інакш з польск. osęgly < osędly ад szady ’сівы, пакрыты шэранню’ выводзіць чэшскае і славацкае словы Махэк₂ (421), што здаецца малапераканальным.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

задво́рак, ‑рка, м.

1. Задняя частка двара. Юрка падняў лямпу і ўбачыў, што ў адзіным акенцы, якое выходзіла на задворак, няма шыбін. Курто.

2. толькі мн. (задво́ркі, ‑аў). Месца за дварамі, ззаду двароў. У садах, што пачыналіся з задворкаў і спускаліся аж да паплавоў, было змрочна і туманна. Сіўцоў. Задворкамі, каб не кідацца людзям у вочы, як злодзей, [Лабановіч] накіраваўся на дарогу ў бок станцыі. Колас. // перан. Пра глухую, закінутую мясцовасць, ускраіну чаго‑н. і пад. З адсталага аграрнага прыдатка імперыялістычных дзяржаў, з задворкаў Еўропы Латвія ператварылася ў высакаразвітую індустрыяльную .. рэспубліку. «Звязда».

•••

На задворках чаго — на заднім плане, убаку. Апынуцца на задворках гісторыі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ту́мны ‘мутны, няясны, матавы, без бляску’ (ТС), ‘млявы, вялы’: ена ужэ тумная пасля работы (маз., ГЧ), ту́мно ‘змрочна, няясна, мутна, туманна, цьмяна’ (ТС, ПСл; жытк., Жыв. НС), ‘хмурна’, ‘млосна’ (ЛМТ). Відаць, звязана з цьмяны (гл.), параўн. укр. дыял. тмя́ний ‘зацемнены, матавы’; ‘сумны, нудны’, што да тма ‘цемра’ (ЕСУМ, 5, 691), ст.-бел. тьма, тма ‘тс’, якія, паводле Бузука (ЗІФВ УАН, 13–14, 278), могуць чаргавацца з коранем тум‑, параўн. укр. тума́ ‘хмуры, маўклівы чалавек’, а таксама рус. дыял. ту́мный ‘сумны, журботны’, польск. дыял. tumny ‘поўны, тлусты’ < і.-е. *tou̯m‑/*teu̯m‑, гл. роднаснае літ. tumà ‘мутнасць’, tumė́ti ‘мутнець’, лат. tumêt ‘гусцець’, ‘збірацца (пра дажджавыя аблокі)’, tumuļat ‘(пра неба) паволі пакрывацца хмарамі’ і інш., паводле Смачыньскага (694), узыходзяць да і.-е. *tu̯em‑ ‘набрыняць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

імкне́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле дзеясл. імкнуцца (у 1 знач.). Не ўстоіць на месцы Пятрок, Яму трэба рух і імкненне. Колас. Зноў вясна адрадзіла імкненні Да бурлівых і радасных сноў. Багун.

2. Настойлівая цяга, парыў, рашучая мэтанакіраванасць да чаго‑н. Імкненне к подзвігу жыло ў душы Савы, і таму ён так высока ацаніў Андрэя за яго ўчынак з дзедам. Пестрак. А сэнс жыцця якраз і заключаецца ў яго няспыннасці, у поступу да лепшага, найдасканалейшага, у яго нястомным імкненні да хараства. Карпаў. // звычайна мн. (імкне́нні, ‑яў). Намеры, жаданні. [Аленка] уся была поўна няясных імкненняў, яшчэ невядомага ёй адчування і радасці за парогам яе роднай ваколіцы. Колас. [Бондар] усё роўна не патрапіў бы выказаць словамі сваіх пачуццяў і сам толькі туманна разумеў прычыны сваіх імкненняў. Бядуля.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перабі́ць, ‑б’ю, ‑б’еш, ‑б’е; ‑б’ём, ‑б’яце; зак.

1. каго. Забіць усіх, многіх; знішчыць. Перабіць ваўкоў. □ [Чалавек:] — А мы, вось.. толькі што ўцяклі з Пярэжырскага лагеру... Варту перабілі і ўцяклі... Лынькоў.

2. што. Разбіць усё, многае. — Асцярожней, Саша, асцярожней! — камандавала .. [Люся] шафёру. — У гэтай скрынцы посуд! Хоць бы не перабіць нам яго. Шашкоў.

3. што. Ударыўшы, зламаць, пераламаць. Учора, калі адыходзілі ад чыгункі, асколкі міны перабілі .. [Пецю] абедзве нагі. Шашкоў. / у безас. ужыв. Аскабалкам жалеза .. [Васілю] перабіла плячо, моцна ўдарыла ў грудзі. Лынькоў.

4. што. Разм. Раздзяліць памяшканне сцяной, перагародкаю на часткі, пакоі. [Тарэнта:] — Я з разлікам раблю: можа, калі разбагацею, дык тады пераб’ю .. [хату] на дзве палавіны. Галавач.

5. што. Парушыць натуральны ход, развіццё якіх‑н. падзей, з’яў і пад. Перабіць сон. □ [Лабановіч] .., стараючыся не думаць зусім аб смерці, закурыў, каб перабіць прыкрыя думкі. Колас. Належныя словы не прыходзілі, і грэх было перабіць тое маўчанне, з якім пакідалі плошчу трое. Янкоўскі.

6. каго-што. Не даўшы дагаварыць, перарваць. Перабіць прамоўцу рэплікай. □ — Туманна, доктар, тлумачыце, — жуючы ў зубах патухшую папяросу, перабіў Анішчанку Громаў-Дар’яльскі. Васілевіч.

7. што. Перашкодзіць каму‑н. ажыццявіць, здзейсніць што‑н. Перабіць куплю.

8. што. Заглушыць, перасіліць што‑н. Дым перабіў пах смалы. □ Калі гарачае сонца высушыць абшары, густыя травы зноў набудуць сваю тонкую пахучасць. Так і трымаецца яна аж да тае пары, пакуль пабялелая збажына не пераб’е яе своеасаблівым водарам спелага жыта. Асіпенка. Міканор адрэваў скібу хлеба, сам дастаў гуркоў і тым перабіў голад. Мележ. Потым, калі зразумеў, што немагчымае адбылося, [Каваль] пераключыў хуткасць і зарагатаў, закрычаў, намагаючыся крыкам перабіць боль у нагах. Савіцкі.

9. што. Узбіць нанава, зрабіць больш мяккім, пульхным. Я, заскочыў на воз, разгарнуў там салому, перабіў, ператрос, ды і лёг. Дубоўка.

10. што. Прыбіць іначай або ў іншым месцы. Перабіць кручок. Перабіць вешалку ў другі кут.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)