Трашчу́ха ‘блізна, памылка ў палатне, калі ніткі асновы ідуць без ператыкання з-за адсутнасці адной трысцінкі альбо парваных шнурочкаў (ці нітак) у ніце’; шчуха́, шу́ха, ташчу́ха (Сцяшк. Сл.; Жыд. 1; Сл. ПЗБ; АБ, 9). Параўн. польск. szczuczka ‘тс’, taszczucha ‘тс’ (Фалінская, Sł. tkac., 1, 316). Звязана з тшчы (гл.), параўн. укр., рус. то́щий, стараж.-рус. тъщь, ст.-слав. тъшть ‘пусты’, ‘парожні’, ‘галодны’, серб. та̏шт, славен. təšč, ст.-чэш. tští, ст.-польск. tszczy, czczy ‘пусты’, ‘худы’. Першапачатковай формай можна лічыць ташчу́ха, з яе — скарочаны варыянт шчу́ха з прычыны спалучэння глухіх т‑ і тч‑. Пачатак слова, магчыма, пад уплывам лексемы траста́, трысці́на, гл. Аднак не выключана непасрэднае ўтварэнне ад трашчы́ць ‘трасціць (ніткі)’, гл. Сюды ж, відаць, і трашчу́ха ‘шчыліна паміж дзвюма трысцінкамі ў бёрдзе’ (АБ, 9). Меркаванні пра сувязь з літ. šukė ‘шчарбіна, зазубрына’ (Трухан, БЛ, 48, 59) не пераконваюць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тросць1 ‘зараснік рагозу, Typha latifolia L.’ (лёзн., Яшк.), ‘чарот, Scirpius L.’ (докш., Гіл.), ст.-бел. тростьтрысціна’ (ГСБМ). Сюды ж трось ‘трыснёг, Phragmites communis Trin.’ (в.-дзв., брасл., гарад., ЛА, 1). Параўн. укр. трость, трість ‘трыснёг, чарот’, рус. трость, тресть ‘тс’ , стараж.-рус. тръсть ‘сцябло трыснягу’, ст.-польск. treść, trześć ‘трыснёг, рагоз’, ст.-чэш. trest, tresť, мар. і славац. trst’ ‘траснічына’, славен. tȓst ‘трыснёг’, серб. тр̑ст ‘тс’, харв. tȓst ‘тс’, балг. тръстика ‘тс’, макед. трска, трстика ‘трыснёг’, ст.-слав. тръсть, тьрсть ‘тс’. Прасл. *trъstь, роднаснае літ. triušìs ‘чарацінка, дубец’, strustis ‘трысцінка ў бёрдзе’, лат. trusis ‘трыснёг’, ням. Strauch ‘куст’, ст.-грэч. θρύον ‘сіт, чарот’ (Скок, 3, 510; Фасмер, 4, 106; Сной₂, 188; Махэк₂, 657; Махэк, Jména, 290; Борысь, 642; Мяркулава, Очерки, 46; ЕСУМ, 5, 651).

Тросць2, трось ‘трысцінка ў бёрдзе’ (трак., вільн., калінк., Сл. ПЗБ, Бяльк., Сцяшк., Мат. Гом., Мат., ПСл; мёрск., Ск. нар. мовы), тро́стка ‘падоўжаныя дошчачкі ў бёрдзе’ (мсцісл., Жыв. сл.); сюды ж зборн. тро́сце ‘тс’ (Мат. Гом.), тро́сця (астрав., Сл. ПЗБ), трысцё (мёрск., Ск. нар. мовы). Да папярэдняга слова (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)