Сту́па ‘драўляная або металічная пасудзіна, у якой таўкуць што-небудзь таўкачом’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Шат., Касп., Бяльк., Бес., Сцяшк., Сл. ПЗБ, Уладз., ТС; панёс., З нар. сл.), ‘прэс для выціскання алею’, ‘калода каля кузні для акоўвання колаў’, ‘прылада для збівання сукна’, ‘тоўстая жанчына’ (ТС), ‘пастка’ (ТС, Пятк. 1), ‘ход у гульні ў каменьчыкі’ (ТС, Рам. 8), ‘міска’ (гом., Рам. 8), сту́пка, памянш. да ступа (Сл. ПЗБ, Мат. Гом., Федар. 6), ‘кубак, кружка’ (Жд. 1; слуп., староб., люб., ДАБМ, камент., 815), ‘сальніца’, ‘адтуліна ў жорнах’ (Мат. Гом.), сюды ж сту́піца ‘пастка на ласёў’ (Пятк. 1). Параўн. укр., рус. сту́па, стараж.-рус. ступа, ц.-слав. (XIV ст.) стѫпа, польск. stępa, в.-луж., н.-луж. stupa, чэш. stoupa, серб.-харв. сту̏па, славен. stọ́pa, балг. стъ́па, макед. стапица ‘пастка’. Прасл. *stǫpa запазычанне з германскіх моў, параўн. с.-н.-ням. stampe ‘ступа, трамбоўка’, англасакс. stampe, ст.-в.-ням. stampf (Кіпарскі, Gemeinslav., 266; Фасмер, 3, 788; тая ж крыніца паходжання ў Брукнера, 515; Бязлая, 3, 321; Трубачова, Ремесл. терм., 68–69). Мартынаў (Лекс. взаим., 75–76) лічыць запазычаннем сярэдняй ступені надзейнасці. Спрадвечнаславянскае паходжанне слова дапускаюць Праабражэнскі (2, 408), Младэнаў (616), Махэк₂ (580), ад ступаць. Гл. таксама агляд версій: Шустар-Шэўц, 1371; ЕСУМ, 5, 458–459.

Ступа́ ‘тэмп руху пры хадзьбе, яздзе на кані; крок’ (ТСБМ, Гарэц., Некр., Сл. ПЗБ, Сцяшк.), ‘раўнавага ў руху ў часе’ (Ласт.), ‘ступня’ (Сцяшк., ТС), (ісці, ехаць) ступо́й і ступо́ю ‘павольным крокам; самым павольным алюрам’ (ТСБМ, ТС, Бяльк.). Аддзеяслоўны дэрыват з суф. ‑а ад ступаць (гл.); у прыслоўе перайшоў Тв. скл. гэтага назоўніка. Да значэння ‘крок’ параўн. укр. ступ, балг. стъ́пка, макед. стапка.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пе́ста1 ’дзіцё, якое песціцца’ (ТСБМ, Мядзв., Касп., Мат. Гом.; пух., лаг., Сл. ПЗБ; зэльв., Жыв. сл.), ’свавольніца’ (Сцяшк. МГ), ’выпеставаны хлапчук, дзяўчынка’ (навагр., Нар. словатв.), пе́сты ’пяшчотныя, ласкавыя адносіны’ (ТСБМ), пе́стун ’пястун’ (Бяльк.), ’збалаванае дзіцё’ (Мядзв.), пе́стак ’малады воўк’ (глыб., Сл. ПЗБ); пе́стаць ’пеставаць’ (брасл., Сл. ПЗБ), чач. пе́стацца ’песціцца’ (Жыв. сл.), пе́ставаць, пе́стываць ’песціць’ (ТСБМ, Касп., Бяльк.), пе́стовацца ’няньчыцца’ (ТС), пе́сціць, пэсьтіті ’любоўна даглядаць, гадаваць; праяўляць ласку; пялегаваць’ (ТСБМ, Яруш., Бес., Бяльк.; парыц., Янк. Мат.), песціцца ’тс’ (Касп.), ’патакаць у прыхацях дзіцяці’ (Бір. Дзярж.). Укр. пести́ти, пе́стувати і пістовати (Фасмер, 3, 251), рус. пе́стать, пе́статься, польск. pieścić, piastować, в.-луж. pěsćić, чэш. pěstovati, pěstiti, славац. pestovať, славен. pẹ́stovati, старое харв. дуброўн. pjȅstovati, балг. пестя̀ ’ашчаджваць’, ц.-слав. пѣстовати. Прасл. *pěstati і *pěstiti, *pestovati. Шэраг этымолагаў (Міклашыч, 245; Мацэнаўэр, LF, 12, 344; Мее, MSL, 14, 353; Фасмер, 3, 251; БЕР, 5, 190) генетычна адносяць слова да *pitati ’карміць, выжываць’ (Бязлай, 3, 29) — гл. пітава́цца; Махэк₂ (446) разам з Міхалкам (LF, 84, 29) адмаўляе такую роднаснасць, мяркуючы, што трэба выходзіць з асновы *kep‑, якая ў выніку перастаноўкі дала *pek‑ (параўн. ст.-чэш. péči se čim ’клапаціцца аб кім’), і пасля далучыўся пашыральнік асновы суфікс ‑st‑ інтэнсіўнага характару.

Пе́ста2 ’ступа’ (гродз., Нар. сл.; Скарбы), рус. пест ’палка з патаўшчэннем на канцы; калатоўка для замешвання цеста’, ст.-рус. пест ’стрыжань з патоўшчаным круглым канцом’ (XIII ст.), польск. piasta, piazda, piauzda ’калодка кола, якая ахоплівае вось’, н.- і в.-луж. pešta ’тс’, ’песцік’, ’трамбоўка’, чэш. píst, písta ’поршань’, славац. piest ’пранік’, ’поршань’, славен. pẹ́šta, pẹ́sto, pẹ́st ’калодка кола’, харв. кайк. pešča, pešče. Прасл. *pěstъ ’прыстасаванне, якім таўкліся розныя рэчы, зерне, крупы, выбіваўся бруд з бялізны’, роднаснае літ. piestà ’ступа’, piestas ’пест’, лат. pìesta ’ступа’ (< і.-е. *poi̯s‑t‑o‑s), а таксама з літ. paisýti ’ачышчаць зерне ад мякіны’ > бел. пойсаваць (гл.). Дэрыватамі з’яўляюцца словы са значэннем ’абнімаць вакол’ — *pěstovati, *pěstiti > пе́сціць (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)