Тача́нка ’лёгкая павозка з адкрытым кузавам’ (ТСБМ, Вруб.): павозкі даўней былі… тачанкі (Маладосць, 1992, 2, 115), перан. ’павозка такога тыпу, забяспечаная кулямётам’ (ТСБМ), ’тачка’ (Ян., ПСл). Укр. тача́нка ’лёгкая павозка’, рус. тача́нка ’тс’. Відаць, арэальнае ўтварэнне на базе прасл. *tačati ’гнаць, паганяць, каціць’, параўн. стараж.-рус. тача́ти ’гнаць, паганяць’, польск. taczać ’каціць’, чэш. táčeti ’круціць, качаць’ (ЕСУМ, 5, 529). Не выключана другаснае збліжэнне з польск. najtyczanka ’від лёгкай павозкі’ (з нямецкай), адкуль Фасмер (3, 49), Трубачоў (Дополн., 4, 29) выводзяць рус. натыча́нка ’лёгкая плённая польская брычка’, тача́нка ’лёгкая павозка’. Гл. і тачаць, тачка.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

шыццё ср.

1. шитьё; стёжка ж.; тача́ние, та́чка ж.; см. шыць 1;

2. (то, что шьётся, сшито) шитьё;

здаць ш. зака́зчыку — сдать шитьё зака́зчику

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

Турля́цца ‘штурхацца, піхацца’ (Жд. 3, ТС). Параўн. укр. турля́ці ‘піхаць, ганяць’, рус. турля́ться ‘кідацца, піхацца’, польск. turlać sie ‘куляцца’, мажліва, сюды і славен. turláti ‘праколваць, пранізваць’, адносна якога Сной (Бязлай, 4, 250) сцвярджае: «вакалізм славянскага кораня няясны, мажліва, экспрэсіўны». Вытворнае ад гукапераймальнага па паходжанні турліць, гл. Польск. turlać разглядаюць як варыянт tulać ‘каціць, куляць’ (Варш. сл.). Сюды ж турля́жкатачка, вазок на двух колах вазіць зямлю’ (Ласт.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Калама́жка1 ’лёгкая выязная павозка на рысорах’ (БРС, ТСБМ; гродз., З нар. сл.; Касп., Нас., Серж. Грам., Чач., Шат., Янк. 3.), ’сялянскі воз’ (карэліц., Сцяш.), ’беларускі воз’ (Шпіл.), ’воз’ (дрыс., КЭС), коломажка ’малыя выязныя сані’ (ТС), каламажкатачка’ (Жд. 3), кылымажка ’прыгожая павозка’ (Нік., Оч., апісанне рэаліі, с. 373). Укр. усх.-палес. каламашка ’воз прымітыўнай канструкцыі’, рус. дыял. каламажка, каламашка, коламажка, колымажка і колымашка ’двух- або трохколавыя тачкі, вазкі; павозкі і да т. п.’ Махэк (2, 269) без асобых падстаў лічыць, што бел. каламажка ўзыходзіць да ст.-польск. kolimaga (хутчэй ужо ад формы kolomaga). Магчыма, усх.-слав. дэрыват ад колымага ’воз, павозка’ з наступнай асіміляцыяй галоснага. Апошняе слова вядома шэрагу слав. моў: бел. калымага, укр. колимага, рус. колымага, польск. kolimaga і kolomaga (XV–XVI стст.), ст.-чэш. kolimah, чэш. дыял. kolmaha, славац. kolimaha ў значэннях, падобных да вышэй прыведзеных ’воз; тачка і інш.’ Серб.-харв. kolimog ’шацёр’ у кнізе, напісанай ц.-слав. мовай XIII ст. У рус. ц.-слав. колимогъ, колимагъ ’шацёр і інш.’, колымагъ, коъмагъ ’tentorium стан’. RHSJ (5, 205) мяркуе аб тым, што слова, або па меншай меры аснова, яшчэ праславянская, аднак памылкова далучае сюды літ. kalmogas (параўн. у Фрэнкеля, 207: kalmõgai ’від павозкі’, з бел.). Слаўскі (2, 34) больш асцярожна дапускае магчымасць даўняга (яшчэ прасл. дыял.) запазычання. Мяркуюць аб запазычанні з усходу, найбольш абгрунтаваным лічыцца распрацаваная Менгесам, ZfslPh, 23, 327–334, версія (якая ўзыходзіць да выказанай Кортам у рускім акадэмічным слоўніку думкі) аб суаднясенні слав. лексемы з племянной назвай калмыкаў Xalʼmag (*gali‑mag), пры гэтым мяркуецца, што значэнне ’высокія вазы-шатры’ было запазычана. Гэта верагодна з культурна-гістарычнага погляду і пацвярджаецца рус. мажара ’воз’ ад назвы венграў — мадзьяр, гл. Трубачоў, Дополн., 2, 291. Іншыя этымалогіі не пераконваюць на шэрагу прычын, параўн. агляд версій у Фасмера, 2, 291; Слаўскага, 2, 34–35.

Калама́жка2 ’чарнільніца’ (шчуч., Сцяшк.). Рэгіянальны дэрыват ад каламаж ’тс’, якое з польск. kałamarz. Адносна этымалогіі апошняга гл. каламар.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)