сумяшча́цца, ‑аецца; незак.

1. Непарыўна спалучацца, злучацца. Пры дапамозе гэтага суфікса [-ін-а] ўтвараюцца неадушаўлёныя назоўнікі мужчынскага роду з павелічальна-ўзмацняльным адценнем, якое сумяшчаецца з адценнем адзінкавасці. Граматыка. // Выконвацца адначасова. У прафтэхшколе вучоба сумяшчаецца з працай на заводзе. // у кім-чым. Аб’ядноўвацца, існаваць адначасова ў адной асобе, з’яве, прадмеце. У гэтым чалавеку сумяшчаюцца тэарэтычныя веды і практычны вопыт.

2. Супадаць усімі пунктамі пры накладанні (пра фігуры, лініі). Сіметрычныя фігуры сумяшчаюцца.

3. Зал. да сумяшчаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ро́зніцца ’мець рысы, асаблівасці, якія адрозніваюць адно ад аднаго’ (ТСБМ, Гарэц., Др.-Падб.), ’аддзяляцца’ (Нас.), ’адрознівацца’ (Байк. і Некр.), ’разрастацца з аднаго кораня парасткам’ (слуц., Жыв. НС). Укр. різни́тися ’адрознівацца’, ’аддзяляцца, разлучацца’, ст.-рус. рознитися ’адрознівацца’, ’разыходзіцца ў чым-небудзь’ (XVI ст.), польск. różnic się ’тс’, ’сварыцца’, чэш. různiti se ’адрознівацца’. Паўночна-славянскае. Утворана ад розны (гл.) < прасл. *orz‑ьnъ альбо ад *orzьnь (параўн. рознь ’адрозненне’, ’сварка’, рус. рознь ’розніца’). Сюды ж розніць ’быць асаблівасцю, якая адрознівае’ (ТСБМ, Касп., Стан.), ’аддзяляць адно ад парнага’ (Нас.), вы́разніцца ’вылучыцца’ (з польск. wyróżnić się ’тс’, ’адрознівацца’), паро́зніцца ’аддзяліцца’, ’адрознівацца, не супадаць’, ’пасварыцца’ (Стан.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

адпавядаць, супадаць, падыходзіць, вязацца, стасавацца, пасаваць, ісці □ ісці да твару, быць да твару (разм.); гарманіраваць (кніжн.)

Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў, 2-е выданне (М. Клышка, правапіс да 2008 г.)

адпавяда́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., чаму.

1. Быць у суладнасці, стасавацца з чым‑н.; гарманіраваць. Пейзаж тут новы, і ён на дзіва адпавядае душэўнаму стану галоўнага героя. Кучар. У годзе ёсць адзіная пара, што сталаму адпавядае ўзросту. Русецкі.

2. Быць вартым чаго‑н., падыходзячым для якіх‑н. мэт; задавальняць. [У.І. Ленін] звяртаў асаблівую ўвагу на тое, наколькі светапогляд пісьменніка, яго бачанне рэчаіснасці адпавядаюць думкам і пачуццям народных мас. Івашын.

3. Супадаць, быць роўным, аднолькавым з чым‑н. Цана павінна адпавядаць вартасці тавару. Копія адпавядае арыгіналу. □ Тое.. [ўяўленне] аб рабфаку, што склалася ў Сцёпкі дома, зусім не адпавядала таму рабфаку, які Сцёпка бачыў цяпер перад сабою. Колас.

4. Быць у пэўных суадносінах, сувязі з чым‑н. Большасці цвёрдых адпавядаюць мяккія зычныя, у выніку чаго ўтвараюцца суадносіны зычных у беларускай мове па цвёрдасці і мяккасці. Юргелевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)