сакаві́ты, -ая, -ае.

1. Які змяшчае шмат соку.

Сакавітыя суніцы.

Сакавітая трава.

2. перан. Яркі, свежы, каларытны.

Сакавітыя фарбы.

3. перан. Пра гук, голас: прыемны, звонкі, гучны.

С. смех.

4. перан. Пра словы, мову: трапны, вобразны.

Сакавітае слова.

Сакавітая мова вёскі.

|| наз. сакаві́тасць, -і, ж.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

запунсаве́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

1. Зрабіцца пунсовым. Дзявочыя шчокі запунсавелі, нібы тыя ружы. Арочка.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Вылучыцца сваім пунсовым колерам, паказацца (аб чым‑н. пунсовым). У траве запунсавелі суніцы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бараві́на, ‑ы, ж.

Узвышаны ўчастак лесу ў бары. Я помню летнія часіны І вас, грыбныя баравіны! Колас. Косцік тупае ад палянкі да палянкі, ад баравіны да баравіны, збірае суніцы і ссыпае іх у свой гарлачык. Даніленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

умалаці́ць, ‑лачу, ‑лоціш, ‑лоціць; зак.

Разм.

1. чаго. Змалаціць частку чаго‑н. [Тодар:] — Папалуднаваўшы, .. яшчэ аўса ўмалоцім трохі сёння. Крапіва.

2. перан.; што і чаго. З’есці з апетытам, у вялікай колькасці. Умалаціўшы хлеб з вяндлінай, бяромся за суніцы. Сяргейчык.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чарні́цы, ‑ніц; адз. чарніца, ‑ы, ж.

1. Кустовая ягадная расліна сямейства бруснічных.

2. Саладкаватыя чорна-сінія ягады гэтай расліны. Нясуць калгаснікі на рынак Лясоў багатыя дары: Маліну, зорныя суніцы, Тугіх парэчак шрот буйны І сакавітыя чарніцы З прыемным водарам лясным. Жычка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Трэ́сні (тре́сні) ‘сорт клубніц, Fragaria viridis Duch.’ (Касп.). Няясна. У фармальным плане блізкае да рус. прыбалт. тре́сня ‘чарэшня’, тре́шня ‘прышчэпленая вішня’ (СРНГ), польск. trześnia ‘чарэшня’, што, паводле Брукнера (581), да лац. ceresea ‘тс’. Меркаванне пра запазычанне з літ. trẽšnė ‘тс’ (Лаўчутэ, Балтизмы, 133) адхіляецца Анікіным (Опыт, 289). У якасці гіпотэзы прапануецца калька з літ. trẽškė ‘клубніцы’, якое з trẽškėti ‘трэскацца, лопацца’ (пладаножкі ягад трашчаць, калі ягаду зрываюць), паралельнае да серб. пуцавица, пу̏це ‘ягадка’ < пу̏цати ‘лопацца, трэскацца’, славен. truska, truskalica ‘клубніцы, суніцы’ < truskati ‘трэскаць, грукаць’, ням. Knackbeereсуніцы’ < knack ‘трэск, хруст’ + beere ‘ягада’ (гл. Махэк, Jména, 105; Бязлай, 4, 233). Тады да трэснуць, гл. У аснове збліжэння назваў клубніц і чарэшні, відаць, адна і тая ж матывацыя.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

апаражні́ць, ‑ражню, ‑рожніш, ‑рожніць; зак., што.

Зрабіць пустым, парожнім. [Юзя:] — Апаражні конаўку ды схадзі, калі хочаш, за грэблю па суніцы. Бажко. // Вызваліць, зрабіць свабодным. Пніцкі.. апаражніў месца за сталом. Чорны. // З’есці, выпіць усё да дна. Каб не пакрыўдзіць кухараў... [Віця] узяўся за лыжку і непрыкметна для самога сябе апаражніў усю міску. Корзун.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Пазёмка1 ’замець’ (ТСБМ, Янк. 3., Інстр. I). Рус. позёмка. Суфіксальнае вытворнае ад словазлучэння па земі (параўн. корань zem‑ у словах пазём, чарназём і інш.).

Пазёмка2 звычайна толькі мн. пазёмкісуніцы’ (ТСБМ, Янк., Яруш., Гарэц., Сцяшк., Кіс., Бесс., Мат. Гом.), пазёмкі, пазю́мкі, позі́нкі ’тс’ (Сл. ПЗБ). Рус. пазе́мка, польск. poziomka ’тс’. Гл. пазёмка1, у бел., відаць, з польск.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

пазёмка, ‑і, ДМ ‑мцы; Р мн. ‑мак; ж.

Абл.

1. Замець. Халодны вецер гоніць пазёмку. Навуменка. Дзьмула, завывала шалёная пазёмка. Лынькоў. Вецер дзьме, і густая пазёмка паўзе па полі. Стаховіч.

2. толькі мн. (пазёмкі, ‑мак). Суніцы. — А мы былі ў ягадах, — адзываўся хто-небудзь з .. [дзяцей] і падаваў невялічкі кошык з пазёмкамі старому. Броўка. Прайшлі мае пазёмкі на палянах, Апалі хмелю белыя брыжы. Арабей.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пунсаве́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.

1. Вылучацца сваім пунсовым колерам; быць пунсовым. Калі ў лесе кукуе зязюля, то на палянках пунсавеюць суніцы, а ў полі красуе і наліваецца колас. Няхай. Замест каменя на .. [магіле] стаіць фанерная піраміда з чырвонай зоркай і пунсавее, нібы пляма гарачай чалавечай крыві, невялічкі вянок з апошніх восеньскіх кветак. Сяргейчык. Шчокі Аніны пунсавелі заўсёды макавым цветам. Васілевіч.

2. Рабіцца пунсовым, чырвоным. Праз некалькі хвілін госць пунсавее мацней, як у дарозе на стрэчным ветры. Карамазаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)