Мыле́ц ’плывун, ілісты слой пяску’ (ТСБМ; гродз., дзярж., ганц., Сл. ПЗБ), ’суглінак’ (Бяльк.). Да мыл (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

су..., прыстаўка.

1. Ужыв. пры ўтварэнні назоўнікаў і абазначае:

1) сумеснасць, саўдзел, напр.: сунаймальнік, суадказчык, сустаршыня;

2) падабенства, напр.: суглінак, супесак, сукравіца;

3) сукупнасць, зборнасць, напр.: суквецце, суплоддзе.

2. Ужыв. пры ўтварэнні прыметнікаў і абазначае:

1) суадноснасць пэўнай якасці паміж прадметамі, напр.: суадносны, сугучны;

2) збліжэнне, супадзенне ў прасторы або ў часе, напр.: сучасны, сумежны.

3. Ужыв. пры ўтварэнні дзеясловаў і абазначае сумеснасць, суправаджэнне або ўстанаўленне суадносін паміж чым-н., напр.: сумясціць, суіснаваць, суаднесці.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

Плыву́н, плаву́н ’насычаны вадою дробны пясок, супесь ці суглінак’ (ТСБМ; Бяльк.), ’пласт цякучага, плывучага пяску ці зямлі пры капанні ямы, калодзежа’ (рэч., Яшк.; паст., в.-дзв., віл., ваўк., іўеў., ЛА, 2), ’нанос, дробны пясок’ (воран., чэрв., асіп., саліг., тамсама), ’іл’ (кобр., ЛА, 2). Рус. плыву́н ’балота, дрыгва’, ’тарфяны пласт, які плавае па вадзе’. Бел.-рус. ізалекса, утвораная ад плы‑сці і суф. *‑unъ (з гіятавым ‑в‑). Параўн. таксама плаву́н1, плаву́н5 (гл.). Аналагічна утвораны: плыву́н ’расліна, якая сцелецца па збожжы’ (Выг.), ’зыбучы мох на вадзяністай дрыгве’ (Варл.), ’трава, што расце на вадзе’ (віл., Сл. ПЗБ), а таксама плыву́н ’частка ракі, якая не замярзае зімой’ (кам., ЛА, 2), плывунок ’род травы’ (Стан.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Іл1 ’адкладанні найдрабнейшых часцінак мінеральных і арганічных рэчываў на дне вадаёмаў’ (ТСБМ). Рус. ил ’тс’, дыял. церск., уладз. ’гліна’, дан. ’топкая балотная гразь’, урал. ’вельмі мелкі наждак, падобны на рачны ці азёрны іл’, польск. ’гліна’, в.-луж. jił ’гліна, гразь’, чэш. jíl ’гліна’, славац. íl ’тс’, славен. íl ’іл, гліна’, серб.-харв. уст. il ’гліна’ (XVI ст.), балг. ил ’іл, ціна’, ст.-слав., ст.-рус. илъ ’гліна, іл’. Прасл. *jьlъ (старая ŭ‑аснова, параўн. ст.-бел. иловатыи, рус. дыял. илова́й ’мелкая і балоцістая затока’, ’балота, багна’, славен. ílovica ’гліна, суглінак’, серб.-харв. и̏ловача ’гліна’, балг. иловица ’багністая глеба’, макед. иловица ’гліна’) звязваюць з лат. īls ’вельмі цёмны’, грэч. ΐλΰς, р. скл. ‑ύος ’іл, ціна, гразь’ < і.-е. *īlu‑. Гл. Бернекер, 1, 424; Фасмер, 2, 126; Покарны, 1, 499; Безлай, 1, 209; Трубачоў, Эт. сл., 8, 221–222, дзе іншая літ-ра.

Іл2 ’крухмал’ (віц., полац., Нар. сл., 94, 198). Семантычны перанос паводле спосабу прыгатавання, калі крухмал адкладваецца падобна ілу; параўн. рус. смал. ил ’бульбяны крухмал’, калін. ’хлебны іл, хлебная гушча, якая застаецца пасля варкі піва’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Су- — прыстаўка. Пры ўтварэнні іменных часцін мовы абазначае сумеснасць, саўдзел (субясе́днік, сунайма́льнік), сукупнасць, зборнасць (сузо́р’е, сукве́цце), падабенства ці няпоўную адпаведнасць у адносінах да прадмета або з’явы, выражанай у асноўвай частцы слова (сугле́й, суглі́нак, супе́сак), суадноснасць пэўнай якасці паміж прадметамі (сугу́чны, суразме́рны), збліжэнне, супадзенне ў прасторы або ў часе (суча́сны, суме́жны), унутранае адзінства чаго-небудзь (суцэ́льны); пры ўтварэнні дзеясловаў абазначае сумеснасць, суправаджэнне або ўстанаўленне суадносін паміж чым-небудзь (суіснава́ць, сумясці́ць). Прыіменная прыстаўка; у некаторых славянскіх мовах вельмі рана пачала змешвацца з прэфіксам *sъ‑ (гл. с‑, са‑, з‑), параўн. укр., рус. су‑, со‑, польск. są‑, ст.-чэш. sú‑, чэш. sou‑, славац. su‑, в.-луж., н.-луж. su‑, славен. so‑, серб.-харв. су‑, са‑, балг. су‑, съ‑, макед. са‑, со‑, ст.-слав. сѫ‑, соу‑ (сѫпрѫгъ, сѫсѣдъ, соумракъ). Прасл. sǫ‑ этымалагічна адпавядае прыстаўцы *sъn‑ або *sъ‑ у дзеясловах (гл. з‑). Праславянскае з першаснага *som‑, роднаснае ст.-прус. san‑ — прыстаўка пры назоўніках, sen — прыназоўнік, літ. sán‑/sam‑, są‑, гоц. sama‑, ст.-інд. sam‑, sa‑, авест. ham‑, ha‑, арм. ham‑. Гл. ESSJ SG, 1, 240; 254–255; Фасмер, 3, 791 з літ-рай; Бязлай, 3, 281; Борысь, 539; Махэк₂, 534; ЕСУМ, 5, 461. Пазней су‑ з дзеясловаў, утвораных ад назоўнікаў з прыстаўкай су‑ тыпу суседзіць < сусед, распаўсюдзілася на іншыя дзеясловы і зрабілася словаўтваральнай дзеяслоўнай прыстаўкай; гл. Борысь, Prefiks., 146–148. Заўважна тэндэнцыя пашырэння прыст. су‑ ў запазычаннях з рускай мовы замест прыст. са‑ са значэннем сумеснасці, якія ўспрымаюцца як калькі-пераклады з рускай мовы (Садоўскі, Беларусіка, 19, 231).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лайно1 ’гной, памёт, асабліва свіны’ (Нас.), укр. лайно, ст.-рус. лаино ’гной, памёт’, ’цэгла’, польск. łajno ’гной, кал жывёльны’, каш. ’тс’, ’мала, нічога’, ст.-польск. ’экскрэменты’, чэш. lejno, ст.-чэш., славац. lajno ’памёт жывёл, птушак’, славен. lájno, серб.-харв. чак. ла̑јно, lanje, макед. лайно, балг. лайно, ст.-слав. лаина ’кал’, ц.-слав. ’цэгла’. Прасл. утварэнне lajьno. Непасрэдных і.-е. адпаведнікаў не мае. Роднаснае да і.-е. *(s)lei ’слізісты, коўзкі, лепкі’: ст.-інд. láyatē, líyate ’лепіцца, прыціскаецца, льне’, ст.-грэч. ἀλίνω ’намазваю, націраю’, лац. linō, linere, lēvi ’пэцкаць, брудзіць’, ст.-ірл. lenaid ’выцякаць’, лац. limus ’іл, бруд, кал’, якое з *loimos, ст.-в.-ням. leime, ням. Lehm ’гліна’, ст.-ісл. leir ’іл’, ст.-прус. layso (*laisā) ’гліна, суглінак’, алб. leth ’сырая гліна’ (Бернекер, 687; Покарны, 662; Слаўскі, 4, 438; Фасмер, 2, 451–452; Скок, 2, 262) (< *lōi̯‑ino ’тое, што зляпілася’). Махэк₂, (325) за аснову бярэ прасл. lějǫ ’ліць’, з якога спачатку lajь, пасля + ьno. Параўн. таксама асец. lyjyn: lyd/lijun: lid ’caccare’, якое адносіцца да іншага і.-е. кораня *rei, *ri‑ ’цячы’ (Абаев, 2, 54).

Лайно2, ланнё ’адзенне’ (Жд. 2), ’усё верхняе адзенне ў сукупнасці’ (Нік., Віц., Шн. 3, Касп.), ’агульная назва асобных штук вопраткі’ (Інстр. 1, Мядзв., Мат. Шкл., Янк. Мат.), ’адзежына, вопратка’ (Яўс., БНТ, Лег. і пад.), ’адна рэч бялізны’ (Бяльк., Касп.; бялын., Нар. сл.; талач., Шатал., ТСБМ, Мат. Гом.), ’адзежына, посцілка, коўдра, радно’ (Мат. Гом., Нар. сл.), ’звязка бялізны, якую можа падняць жанчына’ (Нас., Касп.), ’адна з рэчаў дзіцячай пасцелі’ (Янк. Мат., Мат. Гом.), лайніна, лъйніна́ ’адна штука адзення, адзежына’ (гарад., Хрэст. бел. дыял.; чавус., Нар. сл.; міёр., Нар. словатв.), ’кавалак палатна пакрываць што-небудзь’ (Шат.), ’ануча’ (Мат. Гом.), ’абрэзак, старое, патрапанае адзенне’ (жлоб., Нар. словатв., Мат. Маг.). Толькі беларускае — прасл. архаізм logno, які генетычна суадносіцца са ст.-прус. lagno ’штаны’. Гл. ладно.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)