кана́па, ‑ы, ж.
Прадмет мяккай мэблі для сядзення і ляжання, са спінкай і падлакотнікамі. [Георгій] апусціўся на канапу і стомлена адхінуўся да спінкі. Мележ. Пры сцяне пад вокнамі стаяла масіўная, са смольных дошак канапа. Сабаленка.
[Фр. canapé.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
здзеравяне́лы і здзервяне́лы, ‑ая, ‑ае.
Цвёрды, як дрэва. Здзеравянелы атожылак. // Здранцвелы, анямелы (пра часткі цела). [Васіль] зусім выбіўся з сіл, залез у снег па пояс і не можа ўжо мясіць яго здзеравянелымі нагамі. Колас. Яўхім стомлена павёў плячамі, перагнуўся трохі назад — хацеў разварушыць здзервянелую спіну. Мележ.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
змагчы́ся, змагуся, змошашся, зможацца; зак.
Выбіцца з сілы; аслабець. Вера доўга і адчайна вырывалася, драла пазногцямі твар, крычала, але сілы пакідалі яе, і яна хутка змаглася... Сачанка. Бегаў, ганяўся за конікам Кастусь, урэшце, змогся, стомлена паваліўся на світку і сам не заўважыў, як заснуў... Мележ.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
расшпілі́цца, ‑пілюся, ‑пілішся, ‑піліцца; зак.
1. Расшпіліць на сабе адзенне. — Не, я ненадоўга, — стрымліваючы гнеў, адказаў Пазняк, зняў кепку, расшпіліўся і стомлена сеў пры стале. Дуброўскі.
2. Раз’яднацца, расшчапіцца, вызваліцца ад засцежкі. Каўнер расшпіліўся. // Перастаць трымаць што‑н. Гузікі расшпіліліся. □ Расшпілілася і целяпалася ззаду пражка ад камізэлька. Скрыган.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
чырванасця́жны, ‑ая, ‑ае.
1. Узнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга. Чырванасцяжны полк. // Які атрымаў пераходны чырвоны сцяг. Мы разумеем, што працуе чырванасцяжная ўдарная брыгада, і мы крычым ёй калектыўнае прывітанне. Галавач.
2. Які складаецца, састаўлены з чырвоных сцягоў. Чырванасцяжнае, вольнае Зарыва ўдоўж і ўшыр... Стомлена выйшаў са Смольнага На вуліцу правадыр. Грачанікаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
страшы́дла, ‑а, н.
Разм.
1. Той, хто (або тое, што) мае страшны выгляд; страхоцце. З вады паказалася нейкае вусатае страшыдла, чорнае-чорнае. Юрэвіч. Сталёвае страшыдла развярнулася і, сеючы навокал сябе кулямёты агонь, рухалася па-над дарогай. М. Ткачоў. // Чучала, пудзіла. [Ліканор] павесіў рукі і стаяў нязграбна, як страшыдла, што курэй пужае з аўса. Бядуля.
2. перан. Той, хто (або тое, што) выклікае страх. Але ноч была ціхая. Думалася, што страшыдла вайны заснула недзе, стомлена прыпаўшы да зямлі. Сабаленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
мля́вы, ‑ая, ‑ае.
1. Пазбаўлены бадзёрасці, энергіі, жывасці; вялы. Паліна Фёдараўна разгарнула раскладушку, кінула на яе падушку, прасціну, коўдру, распранула млявую Веру і паклала спаць. Паслядовіч. Графскі ляснік ляжаў млявы, як на полцы ў лазні пад венікам. Бядуля. // перан. Слабы, невыразным імглісты (пра гукі, святло і пад.). [Максім Рыгоравіч Мароз] неяк абмяк, голас з цвёрдага, густога баска ў млявы тэнар перарабіўся. Лобан. Агледзець асобныя дэталі дапамагала млявае святло ліхтароў. Шынклер.
2. Які выклікае млявасць. Сонца над галавой, у сасонніку млявая парнасць. Навуменка. З агародчыка тугімі, густымі хвалямі ўліваўся млявы пах бэзу. Скрыган.
3. Павольны; стомлена-пяшчотны. Дзяўчына — што гэты летні дзень у лесе, млявая і чароўная. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пла́каць, плачу, плачаш, плача; незак.
1. Праліваць слёзы ад болю, гора і пад. [Зося] ўвайшла ў хату з цвёрдаю думкаю.. больш ніколі не плакаць ад крыўды. Чорны. // Бедаваць, шкадаваць, тужыць. [Фрэйда:] — Дарагі брат, дарэмна ты плачаш пра маё адзіноцтва. Наш калгас цяпер адна вялікая сям’я. Бядуля.
2. перан. Усхліпваць, завываць, скуголіць (пра вецер, буру і пад.). Галінка рабіны ўсю ноч біла ў шыбу, у коміне плакаў вецер, грукала непрывязаная аканіца. Навуменка. Навальніца плача стомлена, сціхнуць, змоўкнуць галасы. Дубоўка.
3. перан. Разм. Пакрывацца кроплямі вільгаці, пацець (пра шкло). Вокны плакалі, дождж сек па шыбах з мяккім шапатлівым шумам, хмары чарнелі. Хомчанка.
•••
Асіна плача па кім гл. асіна.
Вяроўка плача па кім гл. вяроўка.
Плакаць наўзрыд — плакаць усхліпваючы, сутаргава (пераважна моцна, уголас).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
самкну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак., што.
1. Звесці, шчыльна злучыць адно з другім. Самкнуць ножкі цыркуля.
2. перан. Злучыць у адно цэлае. Самкнулі шарэнгі Чырвонагвардзейцы. Глебка. // Акружыць, узяць у клешчы. Калі чужынцы свой самкнулі круг, Падняў з гранатаю руку мой друг, Магутны выбух страсянуў наўколле... А. Астапенка. Затое не забывалася тая цёмная ноч у сярэдзіне лета, калі вярталіся з бежанцаў: непадалёку ад Клінцоў немцы самкнулі клешчы, і ў акружэнні, разам з вайсковымі часцямі, апынуліся бежанская абозы. Чыгрынаў.
3. Заплюшчыць, стуліць (вочы, губы і пад.). А па ранку, ледзь самкнула Вочы стомлена дзяўчынка, Хтось устаў над ёй — пачула — З ціхім шэптам: — Сірацінка... Кірэенка.
•••
Не самкнуць вачэй — не спаць зусім.
Самкнуць рады — згуртавацца, аб’яднацца.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
упо́перак, прысл. і прыназ.
1. прысл. У шырыню, па шырыні чаго‑н.; проціл. удоўж. Клава шпарка перабегла ўпоперак гасцінец і апынулася дома. Чорны. Разрэваныя ўпоперак дошкі на тых жа ваганетках адвозяць да цыркульных піл, дзе яны ператвараюцца ў роўныя брускі. Рунец. Перакручаныя дзверы віселі ўпоперак на адной завесе. Пальчэўскі. // Пасярэдзіне. [Сяргей:] — Схапіў я.. [пана] ўпоперак і павалок у пакой. Машара.
2. прысл.; перан. Насуперак. [Паддубны:] — Там жа, перад народам, расстралялі сабаку. [Камлюк:] — Правільна! Караць бязлітасна такіх! Яны ж са сваім марадзёрствам упоперак нам... М. Ткачоў.
3. прыназ. з Р. Спалучэнне з прыназоўнікам «упоперак» выражае прасторавыя адносіны: ужываецца для ўказання на накіраванасць дзеяння па шырыні чаго‑н. А раніцою на Дняпры ля плёса, Упоперак вялікае ракі, Вялі выпрабаванне землясоса Славутыя балтыйцы-маракі. Астрэйка. — Дадому, Дамка! — злосна загадаў аграном і першы стомлена патупаў упоперак кусцістых радкоў руні. Даніленка.
•••
Удоўж і ўпоперак гл. удоўж.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)