поп, папа, м.
Разм. Свяшчэннік. Заборцаўскі поп накіраваўся на цвінтар, каб пачаць раннюю службу. Колас. Поп саграшыў, а дзяка вешаюць. Прыказка.
•••
На папа (ставіць, паставіць і пад.) — стаўма, вертыкальна.
Шалёны поп хрысціў каго — пра неўраўнаважанага, схільнага да неабдуманых учынкаў чалавека.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
старчако́м, прысл.
Стаўма, вертыкальна, старчма. Падняўшы гарачы прэнт .. і трымаючы яго старчаком, як свечку, каваль падышоў бліжэй да хлапца. Кулакоўскі. // Тарчма (пра валасы, шчаціну і пад.). Валасы стаяць старчаком, як іголкі ў вожыка, мне іх ніколі не ўдавалася прычасаць. Навуменка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
тарчма́, прысл.
Стаўма, старчаком, у вертыкальным становішчы (звычайна ў спалучэнні: стаяць тарчма). Калі галава плыта спаўзала са шлюза, яна тарчма спускалася ў букту, выбітую плынню, і тады плытнік па самыя грудзі апускаўся ў ваду. Колас. // Не прылягаючы, не прыстаючы. Кажух стаіць тарчма.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
по́тырч, прысл.
1. Стаўма, старчаком, у вертыкальным становішчы. [Апейка] зноў убачыў, як зрушыла, нахілілася, коса папаўзла сцяна; стала потырч, упала ў цемру. Мележ.
2. Тварам уніз; тарчма. Мацвей з разгону насціг яго і так штурхануў у плечы, што той паляцеў потырч і носам зарыў. Лобан. Чачык спатыкнуўся, узмахнуў рукамі і паляцеў потырч з хаты цераз парог. Пташнікаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Стамаўка́ ‘вертыкальна’ (лід., Сл. ПЗБ). Параўн. укр. дыял. ста́млять ‘вертыкальна’, паўн.-рус. стамико́м ‘строма, стаўма’, стами́к ‘вертыкаль; апорны брус’, ‘стромая гара’, першапачаткова *stamъ, роднаснае літ. stomuõ ‘постаць, рост’, лат. stãmenis ‘тулава’, ц.-слав. устаменити ‘паставіць’, лац. stāmen ‘аснова ставаў’, гоц. stōma ‘фундамент; падножжа’; далей звязана з стаць, стаяць; гл. Траўтман, 282; Фасмер, 3, 745.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Папы́ 1, папкі ’расліна нівянік звычайны, Leucanthenum Dc vulgare Lam.’ (Кіс.). Ад поп. Матывацыю гл. папаўка.
Папы 2, папакі ’скабіёза жоўтая, Scabiosa ochroleuca L.’ (Кіс.). Гл. папы 1.
Папы́ 3 ’апорныя слупы’ (Сл. ПЗБ). Этымалагічна тое ж, што і поп (гл.). Параўн. рус. поп ’цурка, чушка, выбітая з кона, якая зноў паўстае тарчма (пры гульні ў гарадкі)’, поставить на попа (напр., бочку) ’стаўма’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Тырча́ць, тырчэ́ць ‘тарчаць’ (ТСБМ., Нас., Бяльк., Ласт.; ашм., Стан., ТС; паст., рагач., в.-дзв., Сл. ПЗБ), ‘быць навідавоку’, ‘жыць абы-як’ (Нас.), тырча́ць, стырча́ць ‘вытыркацца’ (Некр. і Байк.): пусты колас у гору тырчыць (Сержп. Прык.). Параўн. укр. тирча́ти ‘тс’, рус. дыял. тырча́ть ‘грукаць, тарахцець’. Фанетычны варыянт да тарча́ць (гл.), мажліва, экспрэсіўна маркіраваны. Карскі (1, 258) дапускае змену першапачатковага *tъrk‑ па недастаткова ясных прычынах у сувязі з націскам і даўжынёй складу, звязаўшы з т. зв. «трэцім поўнагалоссем» у Шахматава. Узводзіцца да прасл. *tъrčati/*stъrčati ‘тс’ і, магчыма, звязанага генетична з чэш. tyčiti se ‘ўзвышацца’ (Махэк₂, 650). Гл. таксама Фасмер, 4, 88; ЕСУМ, 5, 573; Арол, 4, 88. Сюды ж тырчако́м ‘тарчма’ (Адм.), тырчко́м ‘тс’, ‘стаўма, у вертыкальным становішчы’ (ТСБМ, Нар. Гом.), тырчко́м, тырчма́, тыршма́ ‘тс’ (Сцяшк. Сл.), трышма́, тырьчма́ ‘тс’ (Бяльк.), тырчма́ ‘стаўма, старчаком’, ‘не прылягаючы, не прыстаючы’ (ТСБМ), тырчмако́м ‘тарчма’ (Бяльк.); тырча́нка жарт. ‘чарга’ (Мат. Маг. 2). Гл. таксама тарчма, торчма.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Слуп ‘бервяно або тоўсты брус, умацаваны вертыкальна, стаўма’ (ТСБМ, Нас., Шат., Байк., Касп., Бяльк., Сл. ПЗБ), памянш. слупо́к (ТСБМ, Сл. ПЗБ), слу́пак (Сл. ПЗБ); слупо́к ‘грубка’ (Сцяшк.), слупе́ц ‘папярочная планка ў граблях, у якую набіваюць зубы’ (Шатал., ЛА, 4). З польск. słup, słupek ‘тс’ (Карскі 1, 356; Цвяткоў, Запіскі 2, 1, 59; Кюнэ, Poln., 98), якое да прасл. *stъlpъ (гл. стоўп), параўн. кантамінаваную форму стлуп (стлупъ) ‘тс’ (Шымк. Собр.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Тарчма́ ’стаўма, старчаком’ (ТСБМ, Нас., Шымк. Собр.), ’строма, вертыкальна’ (Касп.), тарчмака́ ’тырчма’ (Бяльк.), тарчмако́м ’старчаком, уніз галавой’ (Нас., Байк. і Некр.), ’потырч’ (Касп.), тарчмя́ ’тырчма’ (Растарг.), таршма́ ’тс’ (Сцяшк. Сл.), тыршмака́ ’ніц, на жываце’ (чашн., ЛА, 5), то́рчма ’стрымгалоў’ (Нас., Некр. і Байк., Мат. Маг.). Параўн. укр. торчма́ ’старчаком’. Прыслоўі на ‑ма (‑мя) ад тарчаць (гл.), аналагічныя да бегма (бегчы), крычма (крычаць), ускладнення часціцамі і адвербіялізаванымі склонавымі формамі назоўнікаў (Шуба, Прыслоўе, 57–58).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Таўма́к 1 ’старчковы (галоўны) корань дрэва’ (воран., чэрв., ЛА, 1), ’галоўны корань дрэва, старчак’ (слуц., Расл. св.). З *стаўма́к ’тс’, якое з стаўмава́ты (корань) (асіп., ЛА, 1) < стаўма́ ’вертыкальна’ (ад стаяць, ставіць, гл.), як тарча́к, тарчма́к ’тс’ (там жа) з тарчма́, торчма, гл.
*Таўма́к 2, тоўма́к ’кулак; кухталь’ (Мат. Гом.). Фармальна блізкае польск. tłumok ’клунак, цюк’, дыял. tłomok ’валляк’, чэш. tlumok ’ранец’, для якіх Борысь (636) выводзіць першаснае значэнне ’нешта сціснутае ці набітае нечым’; суфіксальныя ўтварэнні ад tłumić ’сціскаць, здушваць’, роднаснага укр. то́вмити ’хаваць у сабе’, чэш. tlumiti ’прыглушаць’ (з польскай, Махэк₂, 646), славац. tlmiť ’тс’, што ўзыходзіць да прасл. *tъlmiti/*tl̥miti, магчыма, роднасных літ. stel̃bti ’зацяняць, душыць, гнясці’ (Махэк₂, там жа). Гл. яшчэ ЕСУМ, 5, 588.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)