спіра́ль, ‑і, ж.

1. Незамкнутая крывая лінія, якая ўтварае шэраг абаротаў вакол пункта на плоскасці або вакол восі. Апісаць спіраль. // Лінія, кірунак такога выгляду, формы. Частку лескі абкруціце па спіралі вакол вудзільна і прапусціце пад гумавую трубку на вяршыні. Матрунёнак. // Прадмет, рэч і пад., звітыя, скручаныя па такой лініі. Спіралі плюшчу. □ Спіраль важкага каната са свістам развінулася. Самуйлёнак. // у знач. прысл. спіра́ллю. У выглядзе такой лініі. Дарога спіраллю віецца. Вялюгін.

2. Дрот ці спружына спецыяльнага прызначэння, якія маюць вінтавую форму. Паспяшаўся на палубу, а прас не выключыў. Спіраль перагарэла. Мыслівец.

3. Фігура вышэйшага пілатажу. Самалёт задрыжаў, увайшоў у крутую спіраль. Алешка.

[Ад лац. spira — выгіб.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

што́пар, ‑а, м.

1. Тонкі завостраны з аднаго канца шрубападобны металічны стрыжань з ручкай, які служыць для адкаркоўвання бутэлек. У траве пад акном .. [дзед] знайшоў складаны ножык на два лязы са штопарам і шылам. Курто.

2. У авіяцыі — адна з фігур вышэйшага пілатажу, сутнасць якой у зніжэнні самалёта па крутой спіралі. // Імклівае падзенне самалёта з вярчэннем яго вакол сваёй восі ў выніку няспраўнасці сістэмы кіравання. Вораг адсек хваставую апору.. Самалёт Аляксея ўвайшоў у штопар. «Звязда». // у знач. прысл. што́парам. Па спіралі (уніз), шрубападобна. Не паспеў .. [цецеравятнік] адляцець і дзесяці метраў, як пачуўся другі стрэл, пасля якога ястраб здрыгануўся, потым перакруціўся і штопарам пайшоў уніз. Ляўданскі.

[Ням. Stopper.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перакруці́ць, ‑кручу, ‑круціш, ‑круціць; зак., каго-што.

1. Павярнуць кругом, процілеглым бокам, канцом. Перакруціць педалі. □ З канца ў канец залы .. [піянерважатая] павявала тоўстую чорную нітку.. Вучням па чарзе завязвала вочы, давалі ў рукі нажніцы і, перакруціўшы некалькі разоў, пасылалі да ніткі. Арабей. // Закруціць, скруціць што‑н. у выглядзе спіралі. Перакруціць гужы.

2. Круцячы, раздзяліць напалам, на часткі. Перакруціць дрот.

3. Скруціць, звіць вельмі туга, крута; сапсаваць празмерным закручваннем. Перакруціць вужышча. Перакруціць шрубу. Перакруціць спружыну гадзінніка. Перакруціць кран.

4. Наматаць на што‑н. другое. Перакруціць магнітафонпую стужку з адной касеты на другую. // Наматаць, абматаць іначай. [Ракуцька] скінуў боты, перакруціў на нагах анучы і зноў абуўся. Чорны.

5. перан. Разм. Рэзка змяніць, парушыць папярэдні парадак, хаатычна перайначыць. Вайна многае перакруціла, перайначыла. Новікаў. // Змяніць у горшы бок. — Працавалі мы дагэтуль нядрэнна, усё ў нас ішло добра, а вы ўсё хочаце перакруціць. Скрыган. // Зрабіць на свой лад. О, як ім [нікчэмным людзям] хочацца законы Перакруціць на ўласны лад І праўду лёгенька з сядла Маною выбіць... Скарпіёны!.. Бачыла.

6. перан. Разм. Сказіць, змяніць сэнс, змест, форму чаго‑н. Той факт.. падхапілі ўжо кулацкія языкі, перакруцілі, прылажылі яшчэ ў дзесяць столак. Крапіва. Па тым, як Карніцкі наўмысля перакруціў слова кадры і вымавіў яго з асаблівым націскам, Каліта зразумеў, што гутарка.. будзе не вельмі лагодная. Паслядовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)