пу́дзіла, ‑а, н.

1. Чучала ў выглядзе чалавека, якое выстаўляецца на палях, агародах для адпужвання птушак. За плотам сярод канапель стаіць там пудзіла, стаіць, здзіўлена растапырыўшы ў бакі рукі, і цікуе за ўсімі з-пад нізка насунутай на колік шапкі. Галавач. У гародзе, за пахілым парканам матлялася на ветры пудзіла на вераб’ёў. Арочка. // перан. Пра тое, што выклікае страх, сполах у каго‑н. Царская Расія была пудзілам для нацыянальна-рэвалюцыйнага руху ў Еўропе.

2. перан. Пра неахайна, непрыгожа апранутага, брыдкага чалавека. [Гусоўскі:] — Глядзі, якім пудзілам апранулі! Цікава, для чаго такая маскіроўка? Навуменка. [Насця:] — Ну, паглядзі ты на сябе: на каго ты падобен у гэтым рызмане? Дзе ж ёсць другое такое пудзіла на свеце? Колас.

•••

Пудзіла (агароднае) гарохавае — пра смешна, безгустоўна адзетага чалавека.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Трыво́га ‘неспакой, моцнае душэўнае хваляванне, выкліканае страхам’ (ТСБМ, Гарэц., Байк. і Некр., Федар. 4, Пятк. 2, Мал., ТС, Кліх, Вруб., Сл. ПЗБ, Вушац. сл.; палес., віл., рас., талач., мсцісл., касцюк., ЛА, 5), ‘сполах, непакой’ (Некр. і Байк.), ‘замяшанне, перапалох’ (Ласт.), ‘небяспечнае становішча’, ‘сігнал, які апавяшчае аб ім’ (ТСБМ, Шат.), трыво́жыць ‘прыходзіць у стан непакою’, ‘парушаць спакой, турбаваць’, ‘раздражняць, разыгрываць’ (ТСБМ, Бяльк., Байк. і Некр., ТС, Юрч. Сін.; паўсюдна, ЛА, 3), трывожны (лоеў., ЛА, 2), трыво́жыцца (ТС), ст.-бел. трвога ‘трывога’ (1538 г.), ‘неспакой, бунт; клопат, турбота’, тривога, тревога, трывога ‘тс’ (1574 г., ГСБМ). Укр. триво́га, трево́га, рус. трево́га ‘трывога’, ст.-польск., польск. trwoga ‘стан, адчуванне неспакою’, ‘спалох, страх, боязь’, ‘спрэчка, звада’, ‘хваляванні, небяспека’, каш. trvoga ‘няшчасце, бяда, бедства’, балг. тревога ‘тс’ (відаць, з рус. тревога). Прасл. *trъvoga, а ўлічваючы рускую форму, — *trьvoga. Этымалогія няпэўная: Фасмер (4, 97) звязвае з рус. отва́га; Борысь (646) дапускае ўтварэнне польск. trwoga ад прасл. *trъvati ‘трываць, цярпець’ з дапамогай суф. *‑oga; гэтаксама раней Брукнер (578), выводзячы лексему з дзеяслова trwać (гл. трываць). Сумненні адносна названых і іншых этымалогій гл. Фасмер, 4, 97.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

страх, пострах, боязь, боязнасць, спалох, сполах, перапалох, пярэпалах, напалоханасць, жах, жуда, жудасць, жудзь, жуд / масавы: паніка; страхоцце, страхата, пуд, перапуд (разм.); пераляк (абл.)

Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў, 2-е выданне (М. Клышка, правапіс да 2008 г.)

палохаць, страшыць, пужаць, спуджваць, пагражаць, гразіць, гразіцца; пастрашаць, адстрашваць (разм.) □ наводзіць страх, наводзіць сполах, наводзіць жудасць, наводзіць жах, наводзіць паніку, наганяць страх, кідаць у жах, наганяць жах, паддаваць пуду, размахваць рукамі

Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў, 2-е выданне (М. Клышка, правапіс да 2008 г.)

павярну́ць, ‑вярну, ‑вернеш, ‑верне; зак.

1. каго-што. Варочаючы, змяніць становішча каго‑, чаго‑н. Павярнуць ключ. Павярнуць дзіця на другі бок. □ На лёгкі скрып дзвярэй .. [хворы] паволі павярнуў галаву, і ў поглядзе яго адбіліся сполах і недавер’е. Васілевіч. // чым. Зрабіць рэзкі, моцны рух. Разгарнуўся дзед Талаш, павярнуў сваімі шырокімі плячамі, крутнуўся, і жа[ў]неры паадляталі ад яго, як шчэпкі. Колас. // што. Накіраваць у процілеглым напрамку. Павярнуць зброю супроць ворага.

2. Разм. Рушыць у якім‑н. напрамку. Крушынскі саскочыў з ганка і павярнуў да чорнага ходу з боку кухні. Бядуля.

3. Змяніць свой напрамак (пра дарогу, сцежку, лінію і пад.). Ад Нёмана дарога павярнула ў лес. Брыль.

4. каго-што і без дап. Змяніць напрамак свайго або чыйго‑н. руху; пачаць або прымусіць рухацца ў іншым напрамку. Павярнуць каня назад. Павярнуць з вуліцы ў завулак. □ [Антось] павярнуў веласіпед і паімчаўся назад у мястэчка. Чарнышэвіч. Мы павернем воды Енісея З поўначы ў спякотны край пустынь. Панчанка.

5. перан.; што. Змяніць ход; даць іншы напрамак чаму‑н. Павярнуць жыццё. Павярнуць гаворку на іншы лад. □ Павінен стаць быў Леніным Ульянаў, Каб увабраць любоў і гнеў народа, Паклікаць самых дужых і адважных І павярнуць усёй планеты лёс. Грахоўскі. Таленавіты паэт Валянцін Таўлай гарэў жаданнем павярнуць усю заходнебеларускую літаратуру да жыцця, адрадзіць грамадзянскі пафас. У. Калеснік.

6. што. Разм. Скарыстаць, выкарыстаць. — Скончана, — сказаў .. [Гушка], — грошы ў кішэні. Заўтра адно трэба будзе Сурвілу іх перадаць, а ён ужо там паверне іх, куды трэба. Чорны.

•••

Павярнуць (завярнуць) аглоблі — пайсці, паехаць назад, не дасягнуўшы мэты.

Павярнуць кола гісторыі назад — прыпыніць заканамерны ход гістарычнага развіцця, вярнуцца да мінулага.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пераказа́ць, ‑кажу, ‑кажаш, ‑кажа; пр. пераказаў, ‑зала; заг. перакажы; зак., што.

1. Расказаць, выкласці сваімі словамі што‑н. прачытанае, пачутае. Пераказаць змест паэмы. □ — У атрад, скажыце, яму яшчэ рана. Там ён больш патрэбны. Запомнілі ўсё? — Здаецца, усё. — Паўтарыце. — Сокалаў амаль слова ў слова пераказаў іх гутарку. Новікаў. Я выбраў два цяжкія пераклады .. у сэнсе вяліка[й] цяжкасці пераказаць тое самае ў іх рускім тэксце тэкстам беларускім. Чорны. // Разм. Прачытаць, расказаць што‑н. вывучанае на памяць. Сарамліва, але добра пераказаў.. [Ігнась] вывучаны верш. Мурашка.

2. Паўтарыць сказанае яшчэ раз. Таццяна з смяшлівым націскам пераказала яго калішнія словы: — Нашто верыць, калі можна знаць... Зарэцкі.

3. і з дадан. сказам. Давесці да ведама, паведаміць каму‑н. пра што‑н. вусна. Сашка, Ніна і Каця дабраліся да Мінска і адтуль пераказалі, што пайшлі на вайну. Мікуліч. Радасна было, што з любым чалавекам адзін на адзін сядзіць, не баіцца яго, але сполах бярэ, як хто падгледзіць іх ды бацькам тады перакажа. Нікановіч. // Перадаць каму‑н. на словах чыю‑н. просьбу, даручэнне і пад. — Захар прасіў пераказаць табе, Васька, што ў Пашукоўскі лес паехалі немцы. Паслядовіч. — Перакажыце тату, каб у тую сераду прыехаў па мяне. Мурашка.

4. Перадаць словамі, расказаць пра ўсё, многае. Хлопец прысеў, вывучае спеў тэлеграфных слупоў. Мо перакажа калісьці гэты чароўны напеў... Машара. — На маіх вачах тут адбыліся такія змены, што і не перакажаш. Прокша. Стары пражыў такое жыццё, што аб ім і за дзень не перакажаш. Сабаленка.

5. Расказаць усё, многае. Гуляючы ў жытніх палетках, Рудольф пераказаў кампаніі шмат эпізодаў з рэвалюцыйнага жыцця. Гартны.

6. Абл. Назваць, пералічыць. — Камсамолкі, у ячэйку ідуць на заняткі! Тутэйшыя! — і я пераказаў па парадку чые яны. Нікановіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)